Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Навуковы прагрэс ёсць часткаю, і прытым найважнейшай часткаю, таго працэсу інтэлектуалізацыі, які адбываецца з намі на працягу тысячагоддзяў і ў дачыненні да якога ў цяперашні час звычайна выказваецца надзвычай негатыўная пазіцыя...
Сёння часта кажуць пра навуку «без перадумоў». Ці існуе такая навука? Усё залежыць ад таго, штб пад гэтым разумець. Ва ўсялякай навуковай працы заўсёды як перадумова разумеецца пэўная значнасць правілаў логікі і методыкі гэтых усеагульных пачаткаў нашай арыентацыі ў свеце. Што да гэтых перадумоў, то яны, сама меней з гледзішча нашага спецыяльнага пытання, найменш праблематычныя. Але існуе і яшчэ адна перадумова: важнасць вынікаў навуковай працы, іх навуковая вартасць. Відавочна, якраз у гэтым і палягаюць усе нашы праблемы. Бо гэтая перадумова сама ўжо не даказальная сродкамі навукі. Можна толькі адзначыць яе канчатковы сэнс, які пасля або адхіляюць, або прымаюць у залежнасці ад уласнай фінальнай жыццёвай устаноўкі.
Рознаю бывае таксама сувязь навуковай працы з гэтымі яе перадумовамі: яна залежыць ад структуры навукі. Натуральныя навукі -напрыклад, фізіка, хімія, астраномія лічаць само сабою зразумелым, што канструяваныя навукаю вышэйшыя законы касмічных з’яваў вартыя таго, каб іх ведаць. He толькі таму, што з дапамогай гэтых ведаў можна дасягнуць тэхнічных поспехаў, але і «дзеля іх саміх» калі навука ёсць «пакліканнем». Сама гэтая перадумова не можа быць даказана. I сапраўды, гэтак жа сама не можа быць даказана, ці варты існавання свет, які апісваюць натуральныя навукі, ці мае ён які-небудзь «сэнс» і ці ёсць сэнс існаваць у гэткім свеце. Пра гэта пытанне не ставіцца...
...Што ж пазітыўнае дае, уласна, навука для практычнага і асабістага «жыцця»? Вось жа, мы зноў стаім перад праблемаю яе «занятку». Перш за ўсё навука, вядома, распрацоўвае тэхніку авалодання жыццём як знешнімі рэчамі, так і ўчынкамі людзей шляхам разліку; «але ж гэта на ўзроўні гандляркі гароднінай», скажаце вы. I я цалкам з вамі згодны. Па-другое і гэтага ўжо звычайна не робіць гандлярка гароднінай, навука распрацоўвае метады мыслення, працоўныя прылады і выпрацоўвае навыкі абыходжання з імі. Вы, мажліва, скажаце: «Ну, гэта не гародніна, але гэта таксама не больш як сродак набыцця гародніны». Добра, пакінем сёння гэтае пытанне адкрытым. Але на гэтым справа навукі, на шчасце, яшчэ не сканчваецца: мы здольныя спрыяць вам у чымсьці трэцім, а менавіта, у здабыцці яснасці. Зразумела, пры ўмове, што яна ёсць у нас саміх.
Наколькі гэта так, мы можам вам растлумачыць. У дачыненні да праблемы каштоўнасці, пра якую кожны раз ідзе гаворка, можна заняць практычна розныя пазіцыі; але дзеля прастаты я прапаную вам узяць у якасці прыкладу сацыяльныя з’явы. Калі займаць пэўную пазіцыю, то ў адпаведнасці з досведам навукі варта ўжыць належныя сродкі, каб гэтую пазіцыю ажыццявіць на практыцы. Гэтыя сродкі, магчыма, ужо самі па сабе такія, што вы лічыце неабходным іх адпрэчыць. У гэткім выпадку трэба выбіраць паміж мэтаю і непазбежнымі сродкамі яе дасягнення. «Асвячае» мэта гэтыя сродкі або не? Настаўнік павінен паказаць вам неабходнасць гэткага выбару. Большага ён не можа пакуль застаецца настаўнікам, а не робіцца дэмагогам. Ён можа вам, вядома, сказаць: калі вы хочаце дасягнуць такой мэты, то вы павінны прыняць таксама і адпаведныя наступствы, якія, як гэта паказвае досвед, цягне за сабой дзейнасць, скіраваная на дасягненне гэтае мэты...
Тое, што сёння занятак, які ажыццяўляецца прафесійна, знаходзіцца на службе самапазнання і пазнання фактычных дачыненняў, а не ўяўляе сабою лекі і адкрыцці як міласцівы дар празорцаў і прарокаў, што ён не ёсць складнікам роздуму мудрацоў і філосафаў пра сэнс свету, усё тое непазбежная дадзенасць, з якой мы, пакуль застаемся вернымі самі сабе, не можам выйсці.
Макс Вебер. Навука як прафесія.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Weber, М. Geistige Arbeit als Beruf. Vier Vortrage vor dem Freistudentischen Bund. Erster Vortrag. Wissenschaft als Beruf. Munchen und Leipzig, 1919.
S. 485-487, 494-495, 504-507.
ГАСТОН БАШЛЯР
Ад самага пачатку дваццатага стагоддзя ўсё часцей пачалі з’яўляцца філосафы, якія, здаецца, узялі сабе за мэту абвінавачваць навуку ва ўсім што заўгодна. Усё гэта нагадвае вядомыя анекдоты пра чараўніка, які выпусціў джына з бутэлькі. Сам факт, што мы мяркуем пра адказнасць навукі, апіраючыся на гэты звыклы я б сказаў, фальшывы вобраз нейкіх абуджаных і неўтаймоўных сіл, сведчыць хутчэй пра тое, што мы кепска ўяўляем сабе сапраўднае становішча чалавека перад абліччам навукі. Ці напраўду навука адказная за ўзмацненне драмы чалавечага існавання? Пры гэтым цягам усіх апошніх стагоддзяў прагрэс навукі заўсёды даваў аргументы дзеля таго, каб верыць у гуманнасць чалавека. Дык якой магутнасці трэба было дасягнуць, каб змянілася гэткая філасофія? Магчыма, існуе ў гісторыі нейкі момант, нейкі пункт, у якім пачынаецца скажэнне чалавечых каштоўнасцяў?
Каб выразна адказаць на гэтыя пытанні, я мяркую, нам трэба найперш раза• брацца ў дэталях складанай іерархіі чалавечых каштоўнасцяў, якая з навуковага паклікання робіць пакліканне неадольнае пакліканне, якое цягам новага часу ўсё мацней і мацней перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Пакуль мы не прызнаем, што ў глыбінях чалавечае душы існуе імкненне да пазнання, да абавязку пазнаваць, мы заўсёды будзем схільныя апускаць гэтае імкненне да пазнання ў ніцшэанскую волю да ўлады... I гэткім чынам, мы па-ранейшаму будзем вінаваціць навуку ва ўсіх грахах, вытокі якіх, вядома ж, не ў імкненні да пазнання як такім, але ў імкненні да ліха і ў жаданні звярнуцца да зброі. Ускладаць на навуку адказнасць за брутальнасць сучаснага чалавека значыць пераносіць цяжар адказнасці за злачынства з забойцы на прыладу злачынства. Усё гэта не мае дачынення да навукі. Аналіз чалавечае свядомасці не павінен прыводзіць нас да абвінавачання навуковых метадаў, а мусіць быць засяроджаны на вывучэнні імкнення да магутнасці. Мы толькі сыдзем убок ад сутнасці праблемы, калі будзем перакладаць на навуку адказнасць за скажэнні чалавечых каштоўнасцяў...
Навуковае веданне сёння гэтак уражвае, яно гэткае развітае, што любы чалавек, які адчувае навуковае пакліканне, непазбежна здабывае свайго лідара, свайго настаўніка. Без сумневу, існуюць і іншыя магчымасці, так бы мовіць, бацькоўскае апекі, адрозныя ад тых, што рэалізаваны сучасным навуковым духам. У прыватнасці, кожны мастацкі геній стварае дынаміку настаўлення сілаю асабістага прыкладу. Але ў сферы ведаў менавіта ў тым самым аспекце культуры, які мы можам успрыняць, мы павінны ўсвядоміць моц лідара, якую навука ўжо ўсвядоміла. Час анархічнай навуковай працы незваротна мінуў. I мы сутыкаемся з дзіўнай рэччу: навука валодае духам, не панявольваючы яго. Сучасны навуковы дух у прынцыпе вольны ад усялякага дагматызму ўжо з прычыны самога факта, што ён увесь час абнаўляецца. Прычым гэта няспыннае абнаўленне закранае ўвесь будынак навукі, уключна з яго падмуркам. Навука не толькі перабудоўваецца, але і як бы пастаянна пачынаецца зноў. I ад гэтай яе пастаяннай перабудовы, пастаяннага абнаўлення сапраўды вее інтэлектуальнай маладосцю... Як не прызнаць і не падкрэсліць гэтае вартасці ўжо створаных ведаў, сканструяваных ведаў!
Напраўду, навука гэта рух. Гэта адна з самых яскравых праяў жыццёвай сілы чалавека, і нават, магчыма, яго найвышэйшае сілы.
Такім чынам, калі не быць наіўным і не ставіцца бяздумна да міфа бясконцага прагрэсу, мы можам, мабыць, сказаць, што сфера навуковае дзейнасці з гэтага часу паўстае перад намі як адкрытая сфера. Мы знаходзімся ў такой стадыі, калі абвяшчаецца адкрытая навука. Любы чалавек, які мае сёння пакліканне да навукі, можа быць упэўнены, што існуючая навука заўсёды падкіне яму нейкую праблему або нейкія праблемы. У яе няма сёння недахопу ў праблемах... Бацькоўская апека сучаснага навуковага духу ўмее размяркоўваць задачы. Мы ведаем, што яна ставіць, зыходзячы з досведу мінулага, менш складаныя задачы перад навічкамі, а па-сапраўднаму цяжкія задачы размяркоўвае паміж тымі, хто з імі можа даць рады г. зн. паміж геніямі. Так развіваецца сучаснае навуковае веданне, калі кожная душа, якая валодае навуковым пакліканнем, мае сваю праблему і знаходзіць свой шлях яе вырашэння. Штосьці кшталту дынамічнай індукцыі ажыўляе навуковую культуру. Сучаснае навуковае пакліканне характарызуецца асабліваю прагрэсіўнай адметнасцю, паколькі душа знаходзіць філасофскую ўпэўненасць, на якую я хацеў бы звярнуць адмысловую ўвагу...
Калі ў філасофскім свеце ўсё яшчэ існуюць памылковыя ўяўленні датычна навуковай спецыялізацыі, то, я мяркую, гэта звязана з тым, што мы не звяртаем увагі на інтэгравальную здольнасць ды сілу навуковае думкі. Мы не заўважаем, што нават нязначная дэталь досведу і тонкасць думкі ўжо сведчаць аб своеасаблівай глыбіні ды грунтоўнасці падыходу да з’явы, што даследуецца. Мы блытаем назапашаныя веды і каардынаваныя веды. Мы паважаем, хутчэй, эрудыцыю ў галіне натуральных з’яваў і не жадаем зразумець, што сучасную навуку цікавіць канструяванне феноменаў.
Гастон Башляр. Навуковае пакліканне і чалавечая душа. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: http://palimpsestes.fr/textes_philo/rig/ bachelard.pdf. (Р. 9-10,19-20, 22-23).
МАРЦІН ГАЙДЭГЕР
Чым ёсць метафізіка?
«Чым ёсць метафізіка?» тут можна падумаць, што гаворка пойдзе аб метафізіцы. Мы паступім інакш. Разгледзім замест гэтага азначанае метафізічнае запытанне. Гэта дазволіць нам беспасярэдне залучыць сябе ў метафізіку. Адно так мы створым ёй сапраўдную магчымасць выявіцца. Нашу размову пачнём ад разгортвання пэўнага метафізічнага пытання...
Філасофія з гледзішча здаровае чалавечае развагі уяўляе сабою, паводле Гегеля, «перагорнуты свет». Таму своеасаблівасць нашага пачынання патрабуе ўступнае характарыстыкі. Апошняе выводзіцца з дваістай існасці метафізічнага пытання.
Найперш, кожнае метафізічнае запытанне заўсёды ахоплівае цэласць праблематыкі метафізікі. Яно ў вядомым сэнсе і выступае самой цэласцю. Далей,
кожнае метафізічнае запытанне можа быць пастаўлена толькі гэтак, каб той, хто пытаецца, сам па сабе быў улучаны ў запытанне, г. зн. стаяў пад запытаннем.