Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Ганс-Геарг Гадамер. Мова і разуменне.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Gadamer, H.-G. Sprache und Verstehen II Ibidem. Kleine Schriften. Bd. 4. Tubingen,
1977. S. 106.
КАРЛПОПЕР
Гэта праўда, што сацыяльныя навукі не набылі яшчэ ў поўнай меры грамадскага характару для свайго метаду. Гэтым яны часткова абавязаны разбуральнаму інтэлектуальнаму ўплыву Арыстотэля і Гегеля, а часткова, магчыма, і сваёй няздольнасці выкарыстоўваць сацыяльныя інструменты навуковай аб’ектыўнасці. Таму яны ёсць сапраўды «татальнымі ідэалогіямі»; інакш кажучы, у сацыяльных навуках пэўныя навукоўцы няздольныя, а нават і не жадаюць гаварыць агульнай моваю. Аднак прычына гэтага не класавы інтэрас, а сродак выйсця з гэтай сітуацыі не гегелеўскі дыялектычны сінтэз і не самааналіз. Адзіны шлях, адкрыты перад сацыяльнымі навукамі, палягае ў тым, каб забыцца на слоўныя сваркі і энергічна ўзяцца за практычныя праблемы нашага часу з дапамогаю тэарэтычных метадаў, якія збольшага адны і тыя ж для ўсіх навук. Я маю на ўвазе метад спроб і памылак, а таксама метад вынаходніцтва гіпотэз, якія могуць быць спраўджаныя на практыцы, і ўласна практычную праверку такіх гіпотэз. Неабходная сацыяльная тэхналогія, вынікі якой могуць быць правераны шляхам паступовага ўжывання сацыяльнай інжынерыі. Лекаванне, якое тут прапануецца для сацыяльных навук, дыяметральна процілеглае прапанаванаму сацыялогіяй ведаў.
Сацыялагізм лічыць, што не іх непрактычны характар, а хутчэй той факт, што практычныя і тэарэтычныя праблемы занадта шчыльна пераплятаюцца ў галіне сацыяльных і палітычных ведаў, стварае метадалагічныя цяжкасці гэтых навук. Вось жа, мы можам прачытаць у значнай працы па сацыялогіі ведаў: «Асаблівасць палітычных ведаў, у адрозненне ад «дакладных» ведаў, палягае ў тым, што веды і воля, або рацыянальны элемент і дыяпазон ірацыянальнага, непарыўна і істотным чынам пераплеценыя. На гэта мы можам адказаць, што «веды» і «воля» ў пэўным сэнсе заўсёды непадзельныя і што гэты факт не павінен прыводзіць да якой-небудзь небяспечнай блытаніны. Ніякі навуковец не здольны пазнаваць без намаганняў і без цікаўнасці. I ў гэтых намаганнях заўсёды прысутнічае пэўная доля асабістага інтэрасу. Інжынер даследуе рэчы пераважна з практычнага гледзішча, гэтак жа, як і фермер. Практыка не вораг тэарэтычных ведаў, а найбольш істотны стымул да іх. Хоць пэўная доля абыякавасці да практыкі, магчыма, належыць навукоўцу, усё ж існуе мноства прыкладаў, якія паказваюць, што для навукоўца падобная абыякавасць не заўсёды плённая. Аднак для апошняга важна захаваць кантакт з рэальнасцю і практыкай, паколькі той, хто ёю пагарджае, расплачваецца за гэта тым, што непазбежна звальваецца ў схаластыку. Практычны ўжытак нашых адкрыццяў ёсць, такім чынам, сродкам, з дапамогаю якога мы можам прыбраць ірацыяналізм з сацыяльнае навукі, а ні ў якім разе не спробаю аддзяліць веды ад «волі».
Карл Раймунд Попер. Адкрытае грамадства і яго ворагі. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Popper, К. R.
The Open Society And Its Enemies. Vol. II. London and Henley, 1966. P. 417-418.
...Метады прыродазнаўчых i сацыяльных навук, па сутнасці, тоесныя (хоць я магу разумець гэтыя метады зусім інакш, чым яны). Метады заўсёды складаюцца з прапаноў дэдукцыйных прычынных тлумачэнняў і з іх праверкі (у якасці прадказанняў). Гэта часам называюць гіпатэтычна-дэдукцыйным або, часцей, гіпатэтычным метадам, паколькі ён не дазваляе дасягнуць абсалютнай дакладнасці для навуковых меркаванняў, якія з яго дапамогаю правяраюцца; хутчэй, гэтыя меркаванні заўсёды захоўваюць характар пробных гіпотэз, хоць часам, пасля мноства пройдзеных строгіх праверак іх гіпатэтычнасць і перастае быць відавочнаю.
Карл Р. Попер. Мізэрнасць гістарыцызму.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Popper, К. R. Poverty of Historicism.
London and N. Y„ 1957. P. 129-130.
ЮЗАФ БАХЭНСКІ
Як вынікі навук, так i гістарычны досвед з вялікай сілай спрыяюць разрыву з вераю ў прагрэс. У кожным разе, сярод таго, што нам цяпер вядома, мы не знаходзім аргументаў, якія б прамаўлялі за касмічны прагрэс. Калі прыняць тэорыю вялікага выбуху (bingbang), як гэта робіць большасць астраномаў, трэба
разумець гісторыю сусвету як працэс несупыннай дэградацыі што можна было б, зрэшты, вывесці з другога закона тэрмадынамікі. Але нават згодна з тэорыяй несупыннага тварэння (continuous creation) у сусвеце няма прагрэсу. Сучасная навука не дае падставы для веры ў касмічны прагрэс.
3 зусім іншай прычыны сучаснаму чалавеку, бадай, яшчэ цяжэй верыць у касмічны прагрэс чалавецтва. Праўда, існуе галіна, у якой такі прагрэс ужо некалькі стагоддзяў відавочны, а менавіта галіна жыцця, а таксама прыродазнаўчых навук, звязаная з тэхнікай. Гэтаму прагрэсу, якога Сярэднявечча не знала, немагчыма сёння запярэчыць.
Але новая духоўная сітуацыя ўключае не толькі ўсведамленне гэтага факту. Яе істотным складнікам ёсць таксама досвед чалавечай лютасці, перажытай папярэднім пакаленнем у такой ступені, што сёння не выпадае сур’ёзна гаварыць аб маральным прагрэсе чалавецтва. Адначасна страх перад наступствамі ядзернай вайны і засмечванне прыроды прывялі да таго, што прагрэс навукі і тэхнікі не толькі не атаесамляецца з прагрэсам чалавецтва, але і пачынае пагражаць яго існаванню. Досвед чалавечай лютасці і боязь наступстваў развіцця тэхнікі робяць немагчымай у сучасны момант веру ў гістарычны прагрэс у якой-кольвечы істотна важнай галіне.
У выніку гэтай новай сітуацыі мы ёсць сведкамі радыкальнага ў гэтым сэнсе разрыву з ідэяй Асветніцтва, але адначасова (у адваротнасць ад палажэння ў справе антрапацэнтрызму) набліжэння да сярэднявечнай ідэі.
Юзаф Бахэнскі. Духоўная сітуацыя часу.
Пераклад В. Булгакава // Быць (або ня быць) сярэднеэўрапейцам. Сучаснае польскае мысьленьне. Менск, 2000. С. 41-42. (Новая рэдакцыя).
ГЕАРГХЕНРЫК ФОН ВРЫГТ
Адной з догмаў пазітывізму ёсць метадалагічны манізм, г. зн. ідэя аднастайнасці навуковага метаду незалежна ад адрознення галін навуковага даследавання. Другая догма выяўляецца ў тым, што дакладныя прыродазнаўчыя навукі у прыватнасці, матэматычная фізіка даюць метадалагічны ідэал, або стандарт, якім вымяраюць ступень развіцця і дасканаласці ўсіх іншых навук, у тым ліку гуманітарных. Нарэшце, трэцяя догма звязана з асаблівым разуменнем навуковага тлумачэння. Навуковае тлумачэнне ёсць, у шырокім сэнсе, «каўзальным». Больш дакладна, яно палягае ў падвядзенні індывідуальных выпадкаў пад гіпатэтычныя агульныя законы прыроды, уключна з «прыродаю чалавека». Фіналісцкія тлумачэнні г. зн. спробы трактаваць факты ў тэрмінах намераў, мэтаў, памкненняў або адкідаюцца як ненавуковыя, або робіцца спроба паказаць, што іх можна пераўтварыць у каўзальныя, калі належным чынам ачысціць ад «анімісцкіх» ды «віталісцкіх» элементаў.
Падкрэсліваючы ўніфікаванасць метадаў, матэматычны ідэал навукі ды важнасць агульных законаў дзеля вытлумачэння рэчаіснасці, пазітывізм прымыкае да той працяглай і разгалінаванай традыцыі ў гісторыі думкі, якую я называю галілееўскай.
Як рэакцыя на пазітывізм узнікла іншая пазіцыя ў пытанні пра ўзаемадачыненні навук аб прыродзе і навук аб чалавеку. Антыпазітывісцкая філасофія навукі, якая атрымала развіццё да канца XIX стагоддзя, значна больш разнастайная і гетэрагенная, чым пазітывізм. Часам яе акрэсліваюць тэрмінам «ідэалізм», аднак гэта справядліва толькі ў дачыненні да некаторых бакоў гэтага напрамку. 3 майго пункту погляду, болып удалая назва «герменеўтыка»... Гэты напрамак рэпрэзентуюць выдатныя нямецкія філосафы, гісторыкі і сацыёлагі. Найбольш вядомыя, відаць, Дройзен, Дыльтай, Зімель і Макс Вебер. 3 гэтым жа напрамкам звязаны Віндэльбанд і Рыкерт неакантыянцы Бадэнскае школы. Да ідэалістычнай галіны гэтага антыпазітывісцкага напрамку ў метадалогіі можна аднесці італьянца Крочэ і выбітнага брытанскага філосафа гісторыі і мастацтва Колінгвуда.
Усе гэтыя мысляры адпрэчваюць метадалагічны манізм пазітывізму і меркаванне пра тое, што адзіны і найвышэйшы ідэал рацыянальнага спасціжэння рэчаіснасці даецца дакладным прыродазнаўствам. Шмат хто падкрэслівае процілегласць паміж навукамі, якія, гэтаксама, як фізіка, хімія або фізіялогія, імкнуцца да абагульненняў узнаўляльных і прадказальных з’яваў, і такімі, якія як гісторыя ставяць сабе за мэту зразумець індывідуальныя і непаўторныя асаблівасці аб’ектаў вывучэння. Навукі, занятыя пошукамі законаў, Віндэльбанд прапанаваў называць «номатэтычнымі», а дэскрыптыўнае вывучэнне індывідуальнага «ідэаграфічным».
Геарг Хенрык фон Врыгт. Тлумачэнне і разуменне. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: von Wright, G. Н. Explanation and Understanding. Ithaca, N. Y„ 2004. P. 4-5.
СТЫВЕН ТУЛМІН
Задача навукі палягае ў тым, каб паступова, крок за крокам удасканаліць нашы ўяўленні аб прыродзе, ідэнтыфікуючы праблемныя зоны, дзе ёсць мажлівасць скараціць разрыў паміж магчымасцямі ўжываных паняццяў ды нашымі рэфлексійнымі інтэлектуальнымі ідэаламі.
Доўгатэрміновыя буйнамаштабныя змены ў навуцы, як і ўсюды, адбываюцца не ў выніку раптоўных «скачкоў», а дзякуючы назапашванню дробных зменаў, кожная з якіх захавалася ў працэсе адбору ў якой-небудзь лакальнай і непасрэднай праблемнай сітуацыі. Такім чынам, у сваіх спробах зразумець канцэптуальныя змены ў навуцы мы павінны быць асабліва ўважлівымі да лакальных і непасрэдных вымогаў кожнай інтэлектуальнай сітуацыі, да пераваг, звязаных з рознымі канцэптуальнымі наватворамі. Гэтыя патрабаванні рэдка бываюць простымі, але яны заўсёды вельмі спецыфічныя. Вось жа, выразная пераемнасць праблем, якія стаяць перад навукаю, адлюстроўвае не вонкавы вечны дыктат логікі, але часовыя гістарычныя факты ў кожнай паасобнай праблемнай сітуацыі.
Стывен Тулмін. Чалавечае разуменне. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Toulmin, S. Human Understanding. Princeton, 1972. P. 212.
Навука ды філасофія перасякаюцца ў бясконцай колькасці пунктаў і суадносяцца паміж сабою незлічонай колькасцю спосабаў. Адпаведным чынам, філасофія навукі стваралася дзеля таго, каб ахапіць вялікую разнастайнасць рэчаў, дыяпазон якіх сягае ад сімвалічнай логікі да пашырэння секулярысцкіх евангелляў...
У сапраўднасці, законы прыроды з цяжкасцю ўпісваюцца ў традыцыйны шэраг катэгорый логікі, і іх абмеркаванне патрабуе больш рафінаванай лагічнай класіфікацыі. Падобным чынам, нехта можа надалей пісаць пра «каўзальнасць і яе месца ў сучаснай навуцы», не зважаючы на тую акалічнасць, як рэдка слова «прычына» наогул з’яўляецца ў працах навукоўцаў адпаведных галін. Але ж ёсць рэальныя падставы гэткай рэдкасці ўжывання, і іх ігнараванне зноў-такі скіроўвае філасофскую дыскусію пра навуковыя аргументы ў бок ад рэальнасці...