Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Пры канцы XIX на пачатку XX стст. навука перажывала свой залаты век. Яе адкрыцці ашаламлялі, яе арганізаванасць здзіўляла, яе практычная эфектыўнасць нараджала аптымізм, які палягаў на веры ў здольнасць навукі вырашыць любую праблему, адказаць на ўсе пытанні чалавечага розуму, забяспечыць умовы для здароўя і дабрабыту людзей. Але шэраг даследаванняў сучасных вучоных (электрадынаміка Дж. Максвэла, спецыяльная і агульная рэлятывісцкая тэорыя А. Эйнштэйна, квантавая механіка Н. Бора і В. Гайзенберга і інш.) падарвалі класічную навуку, абверглі яе галоўныя пастулаты, паставілі пад сумненне самую яе прэтэнзію на аб’ектыўнасць і вычарпальнасць веды пра свет. Абвергнуты аказаўся ньютанаўскі непадзельны атам; цвёрдае рэчыва як прыродная субстанцыя губляе сваю відавочнасць, бо адкрыты такія аб’екты, адносна якіх нельга сцвярджаць, што яны маюць дыскрэтна-рэчавую прыроду. Абсалютныя прастора і час класічнай механікі рашуча замяняюцца чатырохмерным прастора-часавым кантынуумам. Эўклідава геаметрыя аказалася зусім не абавязковым прынцыпам будовы Сусвету. На субатамным узроўні адносіны паміж аб’ектамі супярэчылі класічнаму прынцыпу дэтэрмінізму. Губляла сваё значэнне паняцце субстанцыі. Навуковыя веды, якія ў ньютанаўскім разуменні былі ўніверсальнымі і абсалютнымі, цяпер выяўляюць сваю абмежаванасць і адноснасць. Гэта не нейкія гнасеалагічныя абсалюты, а толькі нашыя інтэрпрэтацыі, у якіх неабавязковым чынам адлюстраваны пэўныя прыродныя працэсы. Прырода, якую апісвае новая фізіка, гэта не «прырода-сама-па-сабе», а толькі наша стаўленне да яе, і навуковыя веды не маюць ні абсалютнага, ні адназначна аб’ектыўнага характару.
Р. Грудніцкі
Асаблівасці філасофіі навукі. Рашэнне пытання аб межах філасофіі навукі з’яўляецца перадумоваю напісання яе гісторыі. На жаль, паміж філосафамі і вучонымі няма згоды адносна прыроды філасофіі навукі. Нават прафесійныя філосафы навукі часта разыходзяцца ў поглядах на прадмет сваёй дысцыпліны...
Адзін з поглядаў заключаецца ў тым, што філасофія навукі гэта фармуляванне светапоглядаў, якія адпавядаюць і, у пэўным сэнсе, грунтуюцца на важных навуковых тэорыях. Згодна з гэтым поглядам, задачаю філосафа навукі з’яўляецца распрацоўка пытання аб тым, чым ёсць навука ў шырокім сэнсе слова. Гэтая задача можа быць рэалізаваная ў форме разважанняў над онталагічнымі катэгорыямі, якія неабходна ўжываць, калі гаворка ідзе аб «быцці як такім»... Або гэтая задача можа быць рэалізаваная ў форме меркаванняў аб ролі навуковых тэорый у эвалюцыі паводзінаў чалавека, як гэта мае месца ў сацыяльным дарвінізме ці ў тэорыі этычнага рэлятывізму...
Другі погляд заключаецца ў тым, што філасофія навукі з’яўляецца выяўленнем меркаванняў і схільнасцяў вучоных. Філосаф навукі можа паказаць, што, на дум-
ку вучонага, прырода не капрызная істота і што ў ёй існуюць заканамернасці, якія з прычыны іх адноснай прастаты з’яўляюцца спасцігальнымі для даследчыка. Акрамя таго, філосаф навукі можа прадэманстраваць схільнасць вучоных да дэтэрміністычных, а не статычных законаў, або да механістычных, а не тэлеалагічных тлумачэнняў. Пры такім падыходзе існуе небяспека растварыць філасофію навукі ў сацыялогіі.
Трэці погляд трактуе філасофію навукі як дысцыпліну, якая аналізуе і праясняе навуковыя паняцці і тэорыі, пры гэтым гаворка ідзе не пра тое, каб у напалову папулярнай форме выкласці найноўшыя тэорыі, а пра тое, каб высветліць значэнне такіх навуковых тэрмінаў, як «часціна», «хваля», «патэнцыяльны», «комплексны».
Чацвёрты погляд, які з’яўляецца поглядам, прынятым у нашай працы, заснаваны на тым, што філасофія навукі гэта крытэрыялогія другога парадку. Філосаф навукі шукае адказаў на наступныя пытанні:
Якія характарыстыкі адрозніваюць навуковы пошук ад іншых тыпаў даследавання?
Якія працэдуры належыць выконваць вучоным пры даследаванні прыроды?
Якія ўмовы павінны быць задаволеныя, каб навуковае тлумачэнне было правільным?
Які кагнітыўны статус навуковых законаў і прынцыпаў?
Джон Лоўзі. 3 кнігі «Гістарычныяўводзіны ў філасофію навукі»42.
тэксты
АЛФРЭДНОРТ ЎАЙТХЕД
Наша скаардынаванае пазнанне, якое ўвогуле і называецца навукаю, фарміруецца дзякуючы злучэнню двух парадкаў досведу. Адзін парадак складаецца з непасрэдных звестак, атрыманых з дапамогаю канкрэтных назіранняў. Іншы парадак рэпрэзентаваны нашым агульным спосабам спасціжэння свету. Іх можна назваць Парадкам Назірання і Канцэптуальным Парадкам. Найперш варта памятаць пра тое, што парадак назірання заўсёды інтэрпрэтуецца з дапамогаю паняццяў, якія дастаўляюцца канцэптуальным парадкам. Пытанне аб прыярытэце таго ці іншага парадку ў гэтым выпадку ўяўляе толькі чыста акадэмічны інтарэс. Мы запазычваем са спадчыны мінулага як парадак назірання г. зн. тыпы рэчаў, якія мы фактычна адрозніваем, гэтак і канцэптуальны парадак г. зн. пэўную прыблізную сістэму ідэй, з дапамогаю якіх мы ажыццяўляем інтэрпрэтацыю. Мы не можам сказаць, калі менавіта ў гісторыі чалавецтва або нават у гісторыі жывёльнага свету пачалося гэтае ўзаемадзеянне. Дакладна так-
42 Дж. Лоўзі. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі. Пераклад А. Карцеля. Мінск, 1995. С. 9-10.
сама і тое, што новыя назіранні змяняюць канцэптуальны парадак, але гэтаксама і новыя паняцці ствараюць новыя магчымасці вылучэння адрозненняў, што назіраюцца.
Немагчыма зразумець гісторыю мыслення, калі не браць пад увагу сур’ёзнага недахопу парадку назірання. Характарыстыкі-аб’екты назірання не дэтэрмінаваныя бесстароннімі фактамі. Адны з іх вылучаюцца, іншыя адкідаюцца, а тое, што захоўваецца, сістэматызуецца на аснове суб’ектыўных пераваг. Перавагі, што ўносяцца ў назіранне, прыводзяць да скажэння фактаў. Таму варта адрозніваць факты самі па сабе ад таго, якімі яны нам прэзентуюцца. Сапраўдныя факты нельга адкідаць, але трэба адмовіцца ад парадку, абумоўленага суб’ектыўнымі перавагамі, які сам уяўляе сабою факт назірання.
Алфрэд Норт Ўайтхед. Прыгоды ідэй.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Whitehead, A. N. Adventures of Ideas.
N. Y„ 1969. P. 198-199.
МАКСВЕБЕР
Ці ёсць y некага навуковае натхненне, гэта залежыць ад схаваных ад нас лёсаў, а акрамя таго, ад «дару». Гэтая несумненная праўда адыграла не апошнюю ролю ва ўзнікненні менавіта ў моладзі што цалкам зразумела вельмі папулярнай устаноўкі служыць некаторым ідалам; культ гэтых ідалаў, як мы бачым, шырока практыкуецца сёння на ўсіх скрыжаваннях і ва ўсіх часопісах. Гэтыя ідалы «асоба» і «перажыванне». Абодва шчыльна звязаныя: пануе ўяўленне, што апошняе стварае першую і складае яе прыналежнасць. Пакутліва прымушаюць сябе «перажываць», бо «перажыванне» неад’емнае ад ладу жыцця, адпаведнага маштабу асобы, а ў выпадку няўдачы трэба, прынамсі, рабіць выгляд, што ты маеш гэты нябесны дар. Раней такое перажыванне называлася «пачуццём» (sensation). Дый пра тое, што такое «асоба», тады мелі, я мяркую, дакладнае ўяўленне...
«Асоба» ў навуковай сферы ёсць толькі ў таго, хто служыць адной толькі справе. I гэта так не толькі ў галіне навукі. Мы не ведаем ніводнага вялікага мастака, які рабіў бы што-небудзь іншае, акрамя як служыў справе і толькі ёй...
Аднак, хоць папярэднія ўмовы навуковай працы характэрныя і для мастацтва, лёс яе глыбока адрозніваецца ад лёсу мастацкай творчасці. Навуковая праца ўплеценая ў рух прагрэсу. Наадварот, у галіне мастацтва ў гэтым сэнсе не існуе ніякага прагрэсу. Няслушна было б меркаваць, што твор мастацтва якой-небудзь эпохі, які распрацаваў новыя тэхнічныя сродкі або, напрыклад, законы перспектывы, дзякуючы гэтаму з чыста мастацкага гледзішча стаіць вышэй за твор мастацтва, абсалютна пазбаўлены ўсіх гэтых сродкаў і законаў, калі толькі ён быў створаны ў адпаведнасці з матэрыялам і з формаю: г. зн. калі яго прадмет быў абраны і аформлены паводле ўсіх правілаў мастацтва без ужывання сродкаў і ўмоў, што з’явіліся пазней. Здзейснены твор мастацтва ніколі не будзе пераўзыдзены і ніколі не састарэе; асобны індывід асабіста для сябе
можа па-рознаму ацэньваць яго значэнне, але ніхто ніколі не зможа сказаць пра дасканалы з мастацкага гледзішча твор, што яго «перасягнуў» іншы твор, у роўнай ступені здзейснены.
Наадварот, кожны з нас ведае, што зробленае ім у галіне навукі састарэе праз 10, 20, 40 гадоў. Такім ёсць лёс, больш за тое, такім ёсць сэнс навуковае працы, якому яна падпарадкавана і якому служыць, і гэта якраз утварае яе спецыфічнае адрозненне ад усіх астатніх элементаў культуры; любое здзейсненае выкананне задумы ў навуцы азначае новыя «пытанні»; яно паводле сваёй сутнасці жадае быць пераўзыдзеным, і з гэтым павінен змірыцца кожны, хто хоча служыць навуцы. Навуковыя працы могуць, вядома, доўга захоўваць сваё значэнне, даючы «асалоду» сваімі мастацкімі якасцямі або застаючыся сродкам навучання навуковай працы. Але быць пераўзыдзеным з навуковага гледзішча гэта, паўтараю, не толькі наш агульны лёс, але і наша агульная мэта. Мы не можам працаваць, і не мець спадзеву на тое, што іншыя пойдуць далей за нас. У прынцыпе гэты прагрэс сыходзіць у бясконцасць.
I тым самым мы прыходзім да праблемы сэнсу навукі. Бо зусім не разўмеецца само сабою, што нешта, падпарадкаванае такога кшталту закону, само па сабе асэнсаванае і разумнае. Чаму людзі займаюцца тым, што ў сапраўднасці ніколі не сканчваецца і не можа скончыцца? Перш за ўсё ўзнікае адказ: дзеля чыста практычных, у больш шырокім сэнсе слова тэхнічных мэтаў, каб арыентаваць наша практычнае дзеянне ў адпаведнасці с тымі чаканнямі, якія падказвае нам навуковы досвед. Добра. Але гэта мае нейкі сэнс толькі для практыка. А якая ж унутраная пазіцыя самога чалавека навукі ў дачыненні да сваёй прафесіі, калі ён наогул імкнецца стаць навукоўцам? Ён сцвярджае, што займаецца навукаю «дзеля яе самой», а не толькі дзеля тых практычных і тэхнічных дасягненняў, якія могуць палепшыць харчаванне, адзенне, асвятленне, кіраванне. Але што ж асэнсаванае спадзяецца ён ажыццявіць сваімі творамі, якім загадзя наканавана састарэць? Які сэнс угледжвае ён, гэткім чынам, у тым, каб уключыцца ў гэтую спецыялізаваную вытворчасць, што сыходзіць у бясконцасць? Дзеля адказу на гэтае пытанне трэба прыняць да ўвагі некалькі агульных меркаванняў.