• Газеты, часопісы і г.д.
  • Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

    Уводзіны ў філасофію

    нарысы, тэксты

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 332с.
    Мінск 2019
    148.63 МБ
    Гэта наводзіць на думку, што метафізічнае пытанне павінна ставіцца ў цэласці і зыходзіць з сутнаснай сітуацыі запытальнага тут-быцця. Мы пытаемся, тут і цяпер, дзеля сябе. Наша тут-быццё у таварыстве даследнікаў, настаўнікаў і студэнтаў вызначана праз навуку. Што сутнаснае дзеецца з намі на аснове тутбыцця, так што навука сталася нашай жарсцю?
    Абсягі навукі ляжаць далёка адзін ад аднаго. Спосабы падыходаў да іх аб’ектаў розныя ў сваёй аснове. Гэтая разлучаная шматстайнасць дысцыплін сёння спалучаецца толькі праз тэхнічную арганізацыю ўніверсітэтаў і факультэтаў ды захоўваецца адно ў выніку прызнання практычных значэнняў яе галін. Насуперак гэтаму, роднаснасць навук у іх існаснай аснове знікла.
    I ўсё-такі ва ўсіх навуках, ідучы ўслед за закладзеным у іх намерам, мы дакранаемся да самога існага. Акурат з гледзішча навук ніводзін абсяг не мае перавагі перад іншым: ні прырода над гісторыяй, ні наадварот. Няма такога спосабу падыходаў да аб’ектаў, што б перасягаў іншыя. Матэматычнае пазнанне не стражэйшае за філалагічна гістарычнае; яно толькі мае характар «дакладнасці», што не супадае са «строгасцю». Вымагаць ад гісторыі дакладнасці азначае выступаць супраць ідэі спецыфічнае строгасці гуманістычных навук. Стаўленне да свету, што агарнула ўсе навукі як такія, прывяло да пошуку імі самога існага, каб паводле свайго вобразу і падабенства зрабіць яго аб’ектам даследавання і ўгрунтаванага вызначэння. У навуках адбываецца паводле ідэі падыход ушчыльную да існасціўсіх рэчаў.
    Адзначанае стаўленне да свету, скіраванае на само існае, ствараецца і ажыццяўляецца вольна абранаю ўстаноўкаю чалавечай экзістэнцыі. Што праўда, да існага маюць дачыненне таксама пераді пазанавуковыя заняткі чалавека. Але навука вызначаецца тым, што ёю грунтоўна, выразна і адзіна датычна самой рэчы надаецца першае і апошняе найменне. Пры гэткім стане рэчаў каб дасягнуць іх самавыяўлення пытанне, вызначэнне і абгрунтаванне даводзіцца даручаць самому існаму. Гэтае службовае становішча даследавання і навучання разгортваецца ў падваліны магчымасці іх уласнага, хоць і абмежаванага правадырства ў цэласнасці чалавечай экзістэнцыі. Адмысловасць стаўлення да свету навукі і ўстаноўкі чалавека, што праводзіцца ёю, будуць, вядома, напоўніцу спасцігнутыя толькі тады, калі мы ўбачым і засвоім тое, што дзеецца падчас такім чынам вызначанага стаўлення да свету. Чалавек існае сярод іншага «займаецца навукаю» Падчас гэтага дзеецца не што іншае, як уварванне разнавіднасці існага, званае чалавекам, у цэласць існага, прычым такім чынам, што ў і праз гэтае ўварванне размыкаецца ў тым, чым і як яно ёсць. Размыкальнае ўварванне сваім чынам спрыяе самому існаму прыйсці найперш да самога сябе.
    Гэтая трохзначнасць стаўленне да свету, устаноўка, уварванне у сваім укарэненым адзінстве прыўносіць захапляльную простасць ды вастрыню тутбыцця ў навуковую экзістэнцыю...
    Марцін Гайдэгер. Чым ёсць метафізіка?
    Пераклад В. Булгакава II Фрагмэнты-1. 1996.	1. С. 95-96. (Новая рэдакцыя).
    РУДОЛЬФ КАРНАП
    Эксперыментальны метад
    Адна з найбольш важных адметных рысаў сучаснай навукі ў параўнанні з навукай ранняга перыяду палягае ў акцэнтаванні таго, што называюць «эксперыментальным метадам». Як мы ўжо бачылі, усё эмпірычнае пазнанне ў канчатковым рахунку грунтуецца на назіраннях, але гэтыя назіранні могуць быць атрыманы двума істотна рознымі спосабамі. У неэксперыментальных сітуацыях мы адыгрываем пасіўную ролю. Мы проста глядзім на зоркі або на пэўныя кветкі, заўважаем падабенствы ды адрозненні і спрабуем выявіць рэгулярнасці, якія могуць быць сфармуляваныя ў выглядзе законаў. У эксперыментальных даследаваннях мы выконваем актыўную ролю. Замест таго, каб быць выпадковымі гледачамі, мы нешта робім дзеля атрымання вынікаў, лепшых за тыя, што мы атрымліваем з дапамогаю простага назірання з’яваў прыроды. Замест таго, каб чакаць, калі прырода забяспечыць нам сітуацыю для назірання, мы спрабуем стварыць такую сітуацыю. Карацей кажучы, мы робім эксперыменты.
    Эксперыментальны метад прадэманстраваў сваю надзвычайную плённасць. Велізарны прагрэс, дасягнуты ў фізіцы цягам апошніх двух стагоддзяў і асабліва ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, быў бы немагчымы без эксперыментальнага метаду. У такім выпадку можна спытаць, чаму эксперыментальны метад не выкарыстоўваецца ва ўсіх галінах навукі? У некаторых сферах яго не так лёгка выкарыстоўваць, як у фізіцы. У астраноміі, напрыклад, мы не можам даць планеце штуршок у пэўным іншым кірунку і паглядзець, што з ёю здарыцца. Астранамічныя аб’екты знаходзяцца па-за межамі дасягальнасці. Мы можам толькі назіраць і апісваць іх. Часам астраномы могуць у лабараторыі ствараць умовы, падобныя, скажам, да ўмоў на паверхні Сонца або Месяца, а потым назіраць, што здарыцца пры гэтых умовах. Але ў сапраўднасці гэта не астранамічны эксперымент. Гэта фізічны эксперымент, які мае толькі адноснае дачыненне да астранамічнага пазнання.
    Зусім іншыя прычыны перашкаджаюць навукоўцам у галіне грамадскіх навук ставіць эксперыменты з вялікімі групамі людзей. Гэтыя навукоўцы робяць эксперыменты з групамі, але звычайна гэта малыя групы людзей...
    Эксперыментальны метад асабліва плённы ў тых галінах, дзе існуюць колькасныя паняцці, якія могуць быць сапраўды вымераныя. Якім чынам навуковец плануе эксперымент? Цяжка апісаць агульную прыроду эксперыменту, бо існуе гэтак шмат яго разнавіднасцяў, што можна паказаць толькі нешматлікія іх агульныя рысы.
    Перш за ўсё мы спрабуем вызначыць істотныя чыннікі, якія адносяцца да з’явы, якую мы хочам даследаваць. Некаторыя чыннікі але не занадта шматлікія павінны быць пакінутыя ўбаку як неістотныя. Напрыклад, у эксперыментах у галіне механікі, дзе сустракаюцца колы, вагары і да т. п., мы можам вырашыць не браць пад увагу трэнне. Мы ведаем, што трэнне існуе, але мяркуем, што яго ўплыў занадта малы, каб апраўдаць ускладнены эксперымент, які б яго ўлічваў.
    Падобным жа чынам у эксперыментах з павольна рухомымі целамі мы можам ігнараваць супраціўленне паветра. Калі мы маем дачыненне з вельмі высокімі хуткасцямі такімі, як звышгукавая хуткасць снарада, то мы не можам больш ігнараваць супраціўленне паветра. Карацей кажучы, навуковец не бярэ пад увагу толькі тыя чыннікі, уплыў якіх на яго эксперымент, як ён мяркуе, будзе нязначным. Часам, каб пазбегнуць занадта складанага эксперыменту, ён нават можа ігнараваць чыннікі, якія, як ён мяркуе, могуць мець важныя вынікі...
    Мы можам выкарыстоўваць наша веданне прыроды, каб выключыць шмат якія іншыя чыннікі. Астролаг можа ўвайсці ў лабараторыю і спытаць: «Вы праверылі, як сёння размешчаны планеты? Іх становішча можа мець пэўны ўплыў на ваш эксперымент». Мы разглядаем гэта як неістотны чыннік, бо лічым, што планеты знаходзяцца надта далёка, каб аказаць гэткі ўплыў.
    Наша здагадка пра неістотны характар уплыву планет слушная, але было б памылкаю думаць, што мы можам аўтаматычна выключыць розныя чыннікі проста таму, што яны, як мы мяркуем, не аказваюць ніякага ўплыву на працэс. He існуе аніякага спосабу пераканацца ў гэтым, аж пакуль не будуць праведзены эксперыментальныя выпрабаванні...
    У большасці выпадкаў, калі галіна, у якой адбываюцца даследаванні, дастаткова вядомая, навуковец будзе лічыць само сабой зразумелым тое, што іншыя чыннікі неістотныя. Ён можа цалкам мець рацыю, але ў новых галінах ведаў варта быць вельмі асцярожным. Вядома, ніхто не будзе лічыць, што на лабараторны эксперымент можа паўплываць тая акалічнасць, ці глядзім мы на прыборы з адлегласці ў дзесяць цаляў або дзесяць футаў, або ці знаходзімся мы ў добрым або дрэнным гуморы. Гэтыя чыннікі, бадай, неістотныя, але быць абсалютна ўпэўненымі ў гэтым мы не можам. Калі нехта мае падазрэнне, што гэтыя чыннікі істотныя, то павінен быць праведзены эксперымент, які выключае іх.
    Практычныя меркаванні будуць утрымліваць нас, вядома, ад выпрабавання кожнага чынніка, які можа быць істотным. Могуць быць выпрабаваныя тысячы малаверагодных магчымасцяў, але проста не будзе часу, каб даследаваць іх усе. Мы павінны кіравацца здаровым сэнсам і ўдакладняць свае здагадкі, толькі калі здарыцца нешта нечаканае, якое прымусіць нас разглядаць у якасці істотнага чыннік, які мы перад тым ігнаравалі.
    Рудольф Карнап. Філасофскія пачаткі фізікі. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле:
    Carnap, R. Philosophical Foundations of Physics. N. Y„ London, 1966. P. 40-42, 44-45.
    ГАНС-ГЕАРГ ГАДАМЕР
    У метадалогіі, на якую апіраецца сучасная навука, пра такія рэчы кажуць рэдка, і гэта не здзіўляе: сутнасць навуковай метадалогіі якраз і палягае ў тым, што навуковыя выказванні як бы скарбонка бясспрэчных праўдаў. Навуковая скарбонка, як і любая іншая, уяўляе сабою нейкі тэзаўрус, прыдатны да самога адвольнага ўжывання. У сапраўднасці, сутнасць сучаснае навукі палягае ў бес-
    перапынным памнажэнні ведаў, прыдатных да адвольнага ўжывання. Усе праблемы, звязаныя з грамадскаю і гуманітарнаю адказнасцю навукі, якія вярэдзяць наша сумленне Хірасімаю, таму і стаяць гэтак хваравіта востра, што метадычна паслядоўная навука, якая гэтак добра кантралюе свае даследчыя працэдуры, не здольная стварыць такі кантроль за мэтамі, у якіх выкарыстоўваюцца яе вынікі. Метадалагічнае абстрагаванне ад сучаснае навукі, якое забяспечвае паспяховасць яе практычнага ўжытку, мы называем тэхнікай. Сама тэхніка ўжо з тае прычыны, што яна ўяўляе з сябе навуку ў дзеянні, кантролю не паддаецца. Мне б не хацелася, каб праз маё нявер’е ў здольнасць навукі да самаабмежавання мяне палічылі фаталістам або прарокам заняпаду. Я толькі мяркую, што гарантаваць разумнае ажыццяўленне нашых магчымасцяў ці, прынамсі, дамагчыся, каб яно не мела катастрафічных наступстваў, гэта ў канчатковым рахунку пытанне ўсяго нашага чалавечага і палітычнага патэнцыялу, а не ўласна навукі. Разам з тым я прызнаю, што ізаляваны разгляд праблемы праўдзівасці выказвання і логіка, пабудаваная на выказванні, рэчы ў сучаснай навуцы цалкам законныя; хіба што мы плацім за іх вялікі кошт, які сучасная навука ў прынцыпе не здольная кампенсаваць. Я маю на ўвазе тую акалічнасць, што здольнасці да маніпуляцыі, якою надзяляе нас навука, не ствараюць межаў ані тэарэтычны розум, ані пазнаваўчыя сродкі самое навукі. Ніхто не спрачаецца: «чыстыя» выказванні ў навуцы ў наяўнасці, але гэта значыць, што веданне, якое ў іх змяшчаецца, можа служыць любым мэтам.