Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Ідэальныя аб’екты, якія ўтвараюць карціну свету, і абстрактныя аб’екты, якія
ўтвараюць у сваіх дачыненнях тэарэтычную схему, маюць розны статус. Апошнія ўяўляюць сабою ідэалізацыі, і іх нятоеснасць рэальным аб’ектам відавочная. Любы фізік разумее, што «матэрыяльнага пункта» не існуе ў самой прыродзе, бо ў прыродзе няма цел, пазбаўленых памераў. Але паслядоўнік Ньютана, які прыняў механічную карціну свету, лічыў непадзельныя атамы рэальна існуючымі «першацаглінкамі» матэрыі. Ён атаесамляў з прыродаю абстракцыі, якія спрашчаюць яе ды схематызуюць і ў сістэме якіх ствараецца фізічная карціна свету. У якіх менавіта прыкметах гэтыя абстракцыі не адпавядаюць рэальнасці гэта даследчык усведамляе часцей за ўсё толькі тады, калі яго навука ўступае ў паласу знішчэння старой карціны свету і замены яе новай.
Адрозныя ад карціны свету, тэарэтычныя схемы заўсёды звязаны з ёю. Усталяванне гэтай сувязі ёсць адною з абавязковых умоў пабудовы тэорыі.
Дзякуючы сувязі з карцінаю свету адбываецца аб’ектывацыя тэарэтычных схем. Сістэма абстрактных аб’ектаў, што іх складае, паўстае як выраз сутнасці тых працэсаў, што даследуюцца, «у чыстым выглядзе». Важнасць гэтай працэдуры можна праілюстраваць на канкрэтным прыкладзе. Калі ў механіцы Герца ўводзіццатэарэтычная схемамеханічныхпрацэсаў.умежахякойянывыяўляюцца толькі як змяненне ў часе канфігурацыі матэрыяльных пунктаў, а сіла пададзена як дапаможнае паняцце, якое характарызуе тып такой канфігурацыі, то ўсё гэта ўспрымаецца спачатку як вельмі штучны вобраз механічнага руху. Але ў механіцы Герца змяшчаецца тлумачэнне, што ўсе целы прыроды ўзаемадзейнічаюць праз сусветны эфір, а перадача сіл уяўляе сабою змяненне прасторавых адносінаў паміж часцінкамі эфіру. У выніку тэарэтычная схема, якая ляжыць у падставе механікі Герца, паўстае ўжо як выраз глыбіннай сутнасці прыродных працэсаў.
Працэдура праецыравання тэарэтычных схем на карціну свету забяспечвае разнавіднасць інтэрпрэтацыі раўнанняў, што выражаюць тэарэтычныя законы: яе ў логіцы называюць канцэптуальнаю (або семантычнаю) інтэрпрэтацыяй, і яна абавязковая для пабудовы тэорыі. Такім чынам, па-за карцінаю свету тэорыя не можа быць пабудаваная ў завершанай форме.
Карціны рэальнасці, што развіваюцца ў асобных навуковых дысцыплінах, не ізаляваныя адна ад адной. Яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабою. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці існуюць больш шырокія гарызонты сістэматызацыі ведаў, формы іх сістэматызацыі, інтэгратыўныя ў дачыненні да спецыяльных карцін рэальнасці (дысцыплінарных онталогій)? У метадалагічных даследаваннях такія формы ўжо зафіксаваныя і апісаныя. Да іх адносіцца агульная навуковая карціна свету, якая выступае асабліваю формаю тэарэтычных ведаў. Яна інтэгруе найбольш важныя дасягненні натуральных, гуманітарных і тэхнічных навук гэта дасягненні кшталту ўяўленняў аб нестацыянарным Сусвеце і Вялікім выбуху, аб кварках і сінэргетычных працэсах; пра гены, экасістэмы і біясферу, пра грамадства як цэласную сістэму, пра фармацыі ды цывілізацыі і гэтак далей. Спачатку яны развіваюцца як фундаментальныя ідэі ды ўяўленні адпаведных дысцыплінарных онталогій, а пасля ўключаюцца ў агульную навуковую карціну свету.
I калі дысцыплінарныя онталогіі (спецыяльныя навуковыя карціны свету) рэпрэзентуюць прадметы кожнай асобнай навукі (фізікі, біялогіі, сацыяльных
навук і г. д.), то ў агульнай навуковай карціне свету рэпрэзентаваны найбольш важныя сістэмна-структурныя характарыстыкі прадметнай галіны навуковага пазнання як цэлага, узятага на пэўнай стадыі яго гістарычнага развіцця.
Рэвалюцыі ў асобных навуках (фізіцы, хіміі, біялогіі і да т. п.), змяняючы бачанне прадметнай галіны адпаведнай навукі, пастаянна нараджаюць мутацыі прыродазнаўчай і агульнанавуковай карцін свету, прыводзяць да перагляду ўяўленняў аб рэчаіснасці, якія раней склаліся ў навуцы. Аднак сувязь паміж зменамі ў карцінах рэальнасці і кардынальнай перабудоваю прыродазнаўчай і агульнанавуковай карцін свету не адназначная. Трэба браць пад увагу, што новыя карціны рэальнасці спачатку вылучаюцца як гіпотэзы. Гіпатэтычная карціна праходзіць этап абгрунтавання і можа вельмі доўгі час суіснаваць побач з ранейшаю карцінай рэальнасці. Часцей за ўсё яна сцвярджаецца не толькі ў выніку працяглай праверкі доследам яе прынцыпаў, але і дзякуючы таму што гэтыя прынцыпы служаць базаю для новых фундаментальных тэорый. Уваходжанне новых уяўленняў аб свеце, выпрацаваных у той ці іншай галіны ведаў, у агульнанавуковую карціну свету не выключае, а якраз мае на ўвазе канкурэнцыю розных уяўленняў пра рэальнасць, якая даследуецца.
Карціна свету будуецца карэляцыйна са схемаю метаду, які выяўляецца ў ідэалах і нормах навукі. У найбольшай меры гэта стасуецца да ідэалаў і нормаў тлумачэння, у адпаведнасці з якімі ўводзяцца онталагічныя пастулаты навукі. Спосаб тлумачэння і апісання, што выяўляецца ў іх, уключае ў знятым выглядзе ўсе тыя сацыяльныя дэтэрмінацыі, якія вызначаюць узнікненне ды функцыянаванне адпаведных ідэалаў і нормаў навуковасці. Разам з тым пастулаты навуковай карціны свету адчуваюць і непасрэдны ўплыў светапоглядных установак, што дамінуюць у культуры канкрэтнай эпохі.
Вячаслаў Сцёпін. Філасофія навукі.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Стёпян, В. С. Фнлософмя наукм. Обіцне проблемы.
Москва, 2006. П Электронная публнкацмя:
Центр гуманятарных технологмй. 18.03.2012.
URL: https://gtmarket.ru/laboratory/basis/532 l/5325#t34
IX.	ФІЛАСОФІЯ КУЛЬТУРЫ
Месца культуры ў сучасным грамадстве. Цікавасць да культуры ў нашы дні вызначаецца шматлікімі акалічнасцямі. Сучасная цывілізацыя імкліва пераўтварае навакольнае асяроддзе, сацыяльныя інстытуты, сферу побыту. У гэтым выпадку культура паўстае як чыннік творчага ўладкавання жыцця, крыніца сацыяльных навацый. Адсюль імкненне выявіць патэнцыял культуры, яе ўнутраныя рэзервы, знайсці магчымасці яе актывізацыі. Ставячыся да культуры як да сродку самарэалізацыі чалавека, можна выявіць новыя імпульсы, здольныя зрабіць уплыў на гістарычны працэс, на самога чалавека. Таму сучасная філасофія ставіцца да культуры як да чынніка сацыяльнага развіцця. Яна прыходзіць да высновы, што сацыяльна-гістарычная дынаміка вызначаецца духоўнымі рысамі грамадства.
Цікавасць філасофіі да культуры абумоўлена таксама тым разрывам, які ўзнікае паміж самаадчуваннем індывіда і безасабоваю культурнаю плынню. Як узнікае традыцыя, чаму непрадказальнымі з’яўляюцца наступствы культурных акцый, які вынік развіцця цывілізацыі? Гэтыя пытанні на сучасным этапе маюць не толькі тэарэтычнае, але і вялікае практычнае значэнне.
Звяртанне да культуры інспіравана таксама і сучаснай экалагічнай сітуацыяй. Разбурэнне асноўных сфер існавання чалавека з непазбежнасцю вядзе да пытання: «А ці не супярэчыць культура «натуры»? Ці ёсць спосаб гарманізацыі стасункаў паміж культурай і прыродаю?»
Актуальны і яшчэ адзін аспект філасофскага аналізу культура і грамадства. Якім чынам культурны працэс уплывае на сацыяльную дынаміку? Што нясе культурны рух гісторыі? У мінулым сацыяльны цыкл быў значна карацейшы за культурны. Культура не мянялася на працягу стагоддзяў, паўставала перад кожным індывідам і генерацыяй як штосьці вечнае і нязменнае і надавала адзінства гістарычнаму працэсу. У XX ст. на працягу жыцця аднаго пакалення змяняецца некалькі культурных эпох. I вельмі важна ведаць, ці здолее чалавек адаптавацца да гэтых радыкальных перамен, ці зможа ён прыстасавацца да новых культурных імператываў.
У паняцці культуры знаходзіць адлюстраванне ўсведамленне чалавекам сваёй самастойнай ролі ў рэальным свеце, толькі яму ўласцівай актыўнасці, якая не зводзіцца да дзеяння ні прыродных, ні боскіх сіл. Культура, такім чынам, гэта культ чалавека. Культура падпарадкоўвае аўтарытэт прыроды і ўлады аўтарытэту чалавека, падначальвае ўласную думку, уласную творчасць праву чалавека на ўласны лёс. У культуры чалавек упершыню дасягае сваёй сапраўднай існасці чалавечнасці: пераадольваючы сваю абмежаваную прадметнасць, ён узвышаецца да духоўнай неўміручасці.
Галоўны прынцып культуры, якую стварае і кантралюе чалавек, заключаны ў формуле: «Чалавек творца культуры». Дзякуючы сваёй здольнасці паляпшаць,
удасканальваць дадзенае прыродаю, надаваць яму высакароднасць, чалавек узвышаецца над абмежаванасцю фізічнага існавання. Ад прыроды істота фізічна канечная, чалавек, дзякуючы сваёй дзейнасці, стварае тое, чаго няма ў прыродзе, і гэтым як бы пераадольвае сваю канечнасць, далучаецца да гармоніі цэлага. Узнікненне паняцця культура фіксавала факт эмансіпацыі чалавека ад прыроднага свету. У першым сваім значэнні слова культура з лаціны азначала «узараную зямлю», вынік першаснага ўздзеяння чалавека на прыроду, яе «паляпшэнне» для дасягнення ўласных мэтаў, потым метафарычна яно пачало ўвасабляць дзейнасць па стварэнню чалавекам уласнага асяроддзя жыцця, вынік ягонай свабоднай творчасці. Свет культуры гэта свет чалавека, ад пачатку і да канца створаны ім самім. Культура ў класічным разуменні гэта адмыслова чалавечая дзейнасць, яе прадметная і інстытуцыянальная аб’ектывацыя. Такі падыход дазваляў зразумець: 1) чаму практычная дзейнасць ёсць субстанцыяй культуры; 2) як у культуры і праз культуру адбываецца фарміраванне чалавечых якасцяў; 3) як прыродныя схільнасці і патрэбнасці робяцца патрэбнасцямі і схільнасцямі чалавечымі.
Асноўныя канцэпцыі культуры. Тэрмін «культура» ўзнікае ў XVIII ст. для абазначэння працэсу і вынікаў пераўтварэння прыроды ў штучнае асяроддзе існавання чалавека. Паняцце культура, па-першае, фіксуе агульнае адрозненне чалавечай жыццядзейнасці ад біялагічных формаў жыцця. У гэтым сэнсе культура ёсць сфераю спецыфічна чалавечай жыццядзейнасці ў розных формах яе выяўлення. Па-другое, культура гэта аб’ектывізаваны змест разнастайнай чалавечай дзейнасці, зафіксаваны ў адпаведных сацыяльных каштоўнасцях, ад звычаяў, традыцый, міфаў да філасофскіх тэорый. Праз гэтыя аб’ектывацыі ажыццяўляецца сацыялізацыя чалавека, уключэнне кожнага ў сацыяльна-культурную творчасць.
Але ж формы жыццядзейнасці чалавека вельмі разнастайныя, яшчэ большаю разнастайнасцю характарызуюцца вынікі гэтай дзейнасці. I ў залежнасці ад таго, якім формам дзейнасці і якім яе вынікам надаецца больш значнасці ў культуратворчым працэсе, розныя даследчыкі прапануюць розныя канцэпцыі культуры. Асноўнымі сярод іх з’яўляюцца натуралістычная, класічная, некласічная і постмадэрнісцкая.