Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Фрыдрых Ніцшэ. Вясёлая навука.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Nietzsche, Е Die frohliche Wissenschaft («1а gaya scienza»). Leipzig, 1990. S. 95.
ЗІГМУНД ФРОЙД
.. .Слова «культура» азначае суму дасягненняў і інстытуцый, што адрозніваюць наша жыццё ад жыцця нашых жывёльных продкаў і служаць дзвюм мэтам абароне чалавека ад прыроды і ўпарадкаванню дачыненняў паміж людзьмі. Каб лепш гэта зразумець, разгледзім асобныя рысы культуры і прасочым, як чынам яны праяўляюцца ў чалавечых грамадствах. Пры гэтым мы, не баючыся, можам даверыцца звычайнай мове, альбо, як яшчэ кажуць, пачуццю мовы, верачы ў тое, што тады, дзякуючы інтуіцыі, мы здолеем выявіць тое, што дагэтуль супраціўлялася выяўленню ў абстрактных словах.
Пачаць можна проста: культурнымі мы называем усялякую дзейнасць і ўсялякія каштоўнасці, якія нясуць карысць чалавеку, ставячы яму на службу зямлю, абараняючы яго ад прыроды і да т. п. Гэты бок культуры найменш ставіцца пад сумненне. Азірнуўшыся ў далёкую гісторыю, мы ўбачым, што першымі культурнымі дзеяннямі былі: выкарыстанне інструментаў, прыручэнне агню, пабудова жытла. Сярод іх асабліва вылучаецца прыручэнне агню; што да іншых дасягненняў, дык з імі чалавек выйшаў на шлях, якім ідзе і дагэтуль. Пра матывы, якія штурхнулі яго да таго, здагадацца няцяжка. 3 дапамогаю інструментаў чалавек удасканальвае свае органы як маторныя, так і сэнсорныя альбо, дзякуючы сваёй фантазіі, расшырае рамкі іх эфектыўнасці...
Прыгажосць, ахайнасць і парадак, здаецца, займаюць асаблівае месца сярод патрабаванняў культуры. Ніхто не будзе сцвярджаць, што яны гэтаксама важ-
ныя для жыцця, як падпарадкаванне сіл прыроды і пэўныя іншыя моманты, пра якія мы яшчэ будзем весці гаворку. Але ж іх не адкінеш убок як нешта малазначнае. Культура мае на ўвазе не толькі карысць, пра што сведчыць хоць бы адзін ужо прыклад з прыгажосцю, якую нам зусім не хацелася б страціць з пераліку складнікаў культуры...
Але ж ніводная іншая рыса культуры не дазваляе нам характарызаваць яе лепш, чым шанаванне і культ вышэйшай псіхічнай дзейнасці, інтэлектуальных, навуковых і мастацкіх дасягненняў, наданне ідэям вядучай ролі ў жыцці чалавека. Непасрэдна пад гэтымі ідэямі знаходзяцца рэлігійныя сістэмы; ...побач з імі месцяцца філасофскія развагі, а таксама тое, што можна назваць ідэаламі чалавека, яго ўяўленнямі аб дасканаласці (дасягальнай асобным індывідам, народам, усім чалавецтвам), і патрабаванні, якія з іх вынікаюць. Усе гэтыя вытворныя настолькі ўзаемазалежныя і так цесна пераплеценыя адна з адною, што нагляднае іх выяўленне і вывядзенне іх псіхалагічнай матывацыі робяцца вельмі цяжкімі. Калі мы прымаем агульнае дапушчэнне, што прывадною спружынай любой чалавечай дзейнасці ёсць яго імкненне да дзвюх зведзеных у адно мэтаў карысці і атрымання задавальнення, то мы павінны прымаць яго і датычна згаданых вышэй з’яваў культуры, хоць гэта ўяўляецца відавочным толькі для навуковай і мастацкай дзейнасці. Аднак не падлягае сумненню, што і іншыя культурныя формы, можа, нават тыя, што атрымалі развіццё толькі ў нязначнай меншасці, таксама адпавядаюць моцным чалавечым патрэбам. Ацэнкі тых ці іншых асобных філасофскіх ці рэлігійных сістэм і іх ідэалаў таксама не павінны ўводзіць нас у зман; усё роўна лічым мы іх за найвышэйшыя дасягненні чалавечага духу ці за найпрыкрэйшыя ягоныя аблуды трэба прызнаць, што іх прысутнасць і нават іх панаванне сведчаць пра высокі ўзровень культуры.
Зыгмунд Фройд. Дыскамфорт ад культуры.
Пераклад Я. Бяласіна пад рэдакцыяй Зм. Коласа. Мінск, 2001. С. 34-35, 39-40.
ГЕНРЫХРЫКЕРТ
Прырода і культура
Выразна сістэматычнае даследаванне, якое ставіць на першы план лагічныя праблемы, павінна было б зыходзіць з разважання пра фармальныя адрозненні метадаў, г. зн. паспрабаваць зразумець паняцце навукі аб культуры грунтуючыся на паняцці гістарычнай навукі. Але паколькі для прыватных навук зыходным момантам ёсць прадметныя адрозненні і паколькі падзел працы ў навуках у яе далейшым развіцці вызначаецца перш за ўсё матэрыяльнай процілегласцю прыроды і культуры, то я пачну, каб не аддаліцца яшчэ больш, чым гэта пакуль што было неабходна, ад інтарэсаў спецыяльнага даследавання, з прадметнай процілегласці, а потым перайду ўжо да высвятлення фармальных метадалагічных адрозненняў, пасля чаго толькі паспрабую паказаць дачыненні паміж фармальным і матэрыяльным прынцыпам падзелу.
Словы «прырода» і «культура» далёка не адназначныя, асабліва ж паняцце прыроды можа быць дакладней вызначана толькі праз паняцце, якому яго ў дадзеным выпадку проціпастаўляюць. Мы лепш за ўсё пазбегнем уяўнай адвольнасці ва ўжыванні слова «прырода», калі будзем адразу прытрымлівацца першапачатковага яго значэння. Прадукты прыроды гэта тое, што свабодна вырастае з зямлі. Прадукты ж культуры вырабляе поле, якое чалавек перад тым узараў і засеяў. Такім чынам, прырода ёсць сукупнасцю ўсяго таго, што паўстала само сабою, само нарадзілася і само расце. Процілегласцю прыродзе ў гэтым сэнсе ёсць культура як тое, што або непасрэдна створана чалавекам, які дзейнічае ў адпаведнасці з ацэненымі ім мэтамі, або, калі яно ўжо існавала раней, па меншай меры, свядома выпешчанае ім дзеля звязанай з ім каштоўнасці.
Як бы мы шырока ні разумелі гэтую процілегласць, сутнасць застанецца нязменнаю: ва ўсіх з’явах культуры мы заўсёды знойдзем увасабленне якой-небудзь прызнанай чалавекам каштоўнасці, дзеля якой гэтыя з’явы ці створаны, ці, калі яны ўжо існавалі раней, выпеставаныя чалавекам; і наадварот, усё, што паўстала і вырасла само па сабе, можа разглядацца па-за ўсякімі адносінамі да каштоўнасцяў, а калі яно і праўда не што іншае, як прырода, то і павінна разглядацца гэткім чынам.
У аб’ектах культуры, такім чынам, закладзены каштоўнасці. Мы назавём іх у гэтай сувязі дабротамі, дзеля таго каб такім чынам адрозніць іх як каштоўныя часткі рэчаіснасці ад саміх уласна каштоўнасцяў, якія не ўяўляюць сабою рэчаіснасці і ад якіх мы тут можам адмовіцца. З’явы прыроды мысляцца не як даброты, а па-за сувяззю з каштоўнасцямі, і таму, калі ад аб’екта культуры адняць усялякую каштоўнасць, то ён сапраўды гэтак жа стане часткаю простай прыроды. Дзякуючы такому або існаму, або адсутнаму аднясенню да каштоўнасцяў, мы можам з упэўненасцю адрозніваць два віды аб’ектаў, і ўжо таму мы з метадалагічнага гледзішча маем права рабіць гэта, што ўсялякая з’ява культуры, калі абстрагавацца ад закладзенай у ёй каштоўнасці, павінна разглядацца як нешта вартае таксама ў сувязі з прыродаю і, значыць, як тое, што складае частку прыроды. У якой меры суаднясенне з каштоўнасцю ёсць вырашальным момантам для гістарычных навук пра культуру, выявіцца пазней...
Што ж да роду каштоўнасці, якая ператварае часткі рэчаіснасці ў аб’екты культуры і якая вылучае іх гэтым самым з прыроды, то мы павінны сказаць наступнае. Пра каштоўнасці нельга казаць, што яны існуюць ці не існуюць, але толькі што яны маюць або не маюць значнасць. Культурная каштоўнасць або фактычна прызнаецца агульназначнаю, або яе значнасць і тым самым больш чым чыста індывідуальнае значэнне аб’ектаў, з якімі яна звязана, пастулюецца, прынамсі, хоць бы адным культурным чалавекам. Пры гэтым, калі мець на ўвазе культуру ў найвышэйшым сэнсе гэтага слова, гаворка тут павінна ісці не пра аб’екты простага жадання, але пра даброты, да ацэнкі якіх або да працы над якімі мы адчуваем сябе больш-менш маральна абавязанымі ў інтарэсах таго грамадскага цэлага, у якім мы жывём, або на якой-небудзь іншай падставе. Гэтым самым мы адлучаем аб’екты культуры як ад таго, што ацэньваецца і жадаецца толькі інстынктыўна, так і ад таго, што мае каштоўнасць даброты, калі і не на падставе аднаго толькі інстынкту, то дзякуючы прыхамацям настрою.
Лёгка засведчыць, што гэтая процілегласць прыроды і культуры, паколькі справа датычыць адрознення абедзвюх груп аб’ектаў, сапраўды ляжыць у падмурку падзелу навук.
Рэлігія, царква, права, дзяржава, маральнасць, навука, мова, літаратура, мастацтва, эканоміка, а таксама неабходныя для яе функцыянавання тэхнічныя сродкі ёсць, ва ўсялякім выпадку на пэўнай ступені свайго развіцця, аб’ектамі культуры ці культурнымі дабротамі ўтым сэнсе, што звязаная з імі каштоўнасць або прызнаецца значнаю ўсімі чальцамі грамадства, або яе прызнанне маецца на ўвазе-, таму, пашырыўшы наша паняцце культуры настолькі, каб у яго маглі ўвайсці таксама і пачатковыя прыступкі культуры і стадыі яе заняпаду, а акрамя таго, таксама і з’явы, якія спрыяюць або перашкаджаюць культуры, мы ўбачым, што яно ахоплівае сабою ўсе аб’екты навукі аб рэлігіі, юрыспрудэнцыі, гісторыі, філалогіі, палітычнай эканоміі і т. д„ гэта значыць усіх «навук аб духу», з выняткам псіхалогіі, і што ў сувязі з гэтым паняцце «навука аб культуры» зусім прыдатнае для абазначэння непрыродазнаўчых дысцыплін.
Тая акалічнасць, што мы адносім да культуры таксама прылады вытворчасці сельскай гаспадаркі, а таксама хімічныя дапаможныя сродкі, не можа, вядома, служыць аргументам супраць нашага паняцця навукі пра культуру, як гэта меў на ўвазе Вунт («Уводзіны ў філасофію», 1901), але, наадварот, яно паказвае, што гэты выраз нашмат лепш падыходзіць да непрыродазнаўчых дысцыплін, чым тэрмін «навукі аб духу». Хоць тэхнічныя вынаходніцтвы звычайна і здзяйсняюцца пры дапамозе натуральных навук, але самі яны не адносяцца да аб’ектаў прыродазнаўча-навуковага даследавання; іх таксама нельга змясціць у шэрагу навук пра дух. Толькі ў навуцы пра культуру развіццё іх можа знайсці сваё месца, і якое значэнне яны могуць мець для «духоўнай», г. зн. для асэнсаванай у душы, культуры, не патрабуе дадатковых тлумачэнняў.
Можна, вядома, сумнявацца, куды аднесці некаторыя дысцыпліны, напрыклад, геаграфію і этнаграфію. Аднак вырашэнне гэтага пытання залежыць толькі ад таго, з якога пункту погляду яны разглядаюць свае прадметы, г. зн. або яны глядзяць на іх як на чыстую прыроду, або ставяць іх у пэўныя дачыненні да культурнага жыцця. Зямная паверхня, сама па сабе чысты прадукт прыроды, прыцягвае, як арэна ўсялякага культурнага развіцця, яшчэ і іншы, акрамя чыста натуральнанавуковага, інтарэс; і дзікія народы могуць, з аднаго боку, разглядацца як «натуральныя народы», з другога ж боку, іх можна вывучаць таксама з гледзішча таго, наколькі ў іх ужо маюцца «зародкі» культуры. Гэтая дваістасць разгляду толькі пацвярджае наш погляд, што праблема палягае зусім не ў адрозненні прыроды і духу, і таму мы маем права бязбоязна называць прыватныя непрыродазнаўчыя дысцыпліны навукамі аб культуры ў паказаным вышэй значэнні гэтага слова.