Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
46 Па вызначэнні (франц.).
даступнай для новага мастацтва ад фундацый і грантаў для музеяў да іншых формаў патранату. Архітэктура, аднак, адносіцца да тых мастацтваў, што паводле свайго характару найбольш блізкія да эканомікі, з якою ў выглядзе камісій і ацэнкі коштаў зямлі яна мае практычна неапасродкаваныя дачыненні таму не дзіўна, што яна выяўляе надзвычайны росквіт новага постмадэрну. Архітэктура заснавана на апецы шматнацыянальнага бізнэсу, чыё пашырэнне і развіццё дакладна супала з яе ростам. Вось жа, гэтыя дзве новыя з’явы маюць яшчэ глыбейшую дыялектычную ўзамасувязь, чым проста індывідуальнае фінансаванне таго ці іншага індывідуальнага праекта... Тым не менш, якраз у гэты момант мы павінны нагадаць чытачу пра відавочнае: менавіта пра тое, што ўся гэтая глабальная, але амерыканская, постмадэрная культура ёсць унутраным і панадструктурным выразам цалкам новае хвалі амерыканскага ваеннага і эканамічнага дамінавання ва ўсім свеце: у гэтым і палягае сэнс: як і на працягу ўсёй гісторыі класаў, адваротным бокам культуры ёсць кроў, катаванні, смерць і жах. Таму першае, што трэба зрабіць у дачыненні да канцэпцыі перыдызацыі паводле прынцыпу даміавання, гэта тое, што, калі нават усе падставовыя прыкметы постмадэрнізму былі ідэнтычныя і неадрыўныя ад тых, што меў старэйшы мадэрнізм пазіцыя, якую я лічу відавочна памылковаю, але якую мог бы падважыць толькі больш працяглы аналіз самога мадэрнізму, гэтыя дзве з’явы па-ранейшаму будуць цалкам адрознівацца адна ад адной паводле свайго значэння і сацыяльнай функцыі праз вельмі рознае становішча постмадэрнізму ў эканамічнай сістэме позняга капіталу і, больш за тое, у дачыненні да трансфармацыі самой сферы культуры ў сучасным грамадстве...
...Паколькі тэарэтык перамагае, ствараючы ўсё больш замкнёную і жахлівую для іншых машыну, ён у той жа ступені прайграе, бо гэткім чынам блакуюцца крытычная здольнасць яго працы ды імпульсы адмаўлення і бунту, не кажучы ўжо пра імпульсы сацыяльнай трансфармацыі, што ўспрымаюцца як празмерна амбіцыйныя ітрывіяльныя перад абліччам самой мадэлі... Постмадэрн ёсць, аднак, сілавым полем, у якім павінны прабівацца самыя розныя віды культурніцкіх імпульсаў тое, што Рэйманд Уільямс47 з карысцю назваў «рэшткавымі» і «тымі, што ўзнікаюць», формамі культурнай вытворчасці. Калі мы не дасягнем пэўнага агульнага адчування культурніцкай дамінанты, то мы вернемся да ўяўлення пра цяперашнюю гісторыю як пра відавочную гетэрагеннасць, пра выпадковую розніцу, пра суіснаванне мноства сіл, эфектыўнасць якіх невырашальная. У кожным разе, тут назіраўся палітычны дух спраектаваць пэўную канцэпцыю новай сістэмнай культурнай нормы і яе ўзнаўлення, каб больш адэкватна разважаць пра найбольш эфектыўныя формы любой радыкальнай культурніцкай працы сёння.
.. .Тут я спрабую закрануць наступныя падставовыя рысы постмадэрну: новую бяздоннасць, якая знаходзіць свій працяг як у сучаснай «тэорыі», гэтак і ў цалкам новай культуры вобраза або сімулякра; наступнае аслабленне гістарычнасці, як
47 Валійскі літаратар і мысляр XX ст„ марксіст, прадстаўнік плыні «новых левых».
у нашых дачыненнях з публічнаю гісторыяй, так і ў новых формах нашай прыватнай тэмпаральнасці, чыя «шызафрэнічная» структура (паводле Жака Лакана48) будзе вызначаць новыя тыпы сінтаксісу або сінтагматычных адносінаў у мастацтвах больш тэмпаральнага кшталту; цалкам новы тып эмацыянальнага падставовага тону тое, што я назаву «інтэнсіўнасцямі», які лепш за ўсё можна зразумець, вярнуўшыся да даўнейшых тэорый узвышанага; глыбокія асноватворныя дачыненні ўсяго гэтага да цалкам новай тэхналогіі, якая сама ў сабе ёсць фігураю для ўсёй сусветнай эканамічнай сістэмы...
Фрэдрык Джэймісан. Постмадэрнізм, або Культурніцкая логіка позняга капіталізму.
Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: (Jameson, F. Postmodernism, or The Cultural Logic of Late Capitalism) https://pdfs.semanticscholar.org/40d6/b702fa
28fddl 802abfb 121 Oe lOfl fa36de42.pdf
ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ
Архіпелаг Беларусь замест прадмовы
На палітычнай мапе Еўропы Беларусь, як і ўсе іншыя краіны, выдзелена не толькі дзяржаўнай мяжой, але яшчэ і нейкім апрычоным колерам. Аднастайная фарба на мапе ўвогуле не супярэчыць дзяржаўнай цэласнасці фігуры Рэспублікі Беларусь. Аднак калі б нехта, дасціпны і дасведчаны, паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя месцы, дзе Беларусь насамрэч беларуская, гэта значыць тыя месцы, дзе актыўна ці хаця б заўважна прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да Беларусі, як да непазбежна тваёй Бацькаўшчыны, то мы мелі б зусім іншы малюнак. Тады мы ўбачылі б нешта накшталт Архіпелагу унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданы астравы і астраўкі беларушчыны, а між імі неабсяжнае мора расейшчыны: расейскай культуры, расейскай свядомасці, расейскай мовы... I хаця гэтая расейшчына грунтоўна скажоная намі, наўсцяж дэфармаваная і ад таго трохі фарсавая, але тым не менш сёння менавіта яна пануе на Беларусі, калі не ў якасці вартасці, то ў якасці колькасці.
Сваю даўнюю метафару Беларусі як Архіпелагу я згадаў тут адно дзеля таго, каб выразніць, што «Уся Беларусь» і «Уласна Беларусь» гэта дзве канцэптуальна розныя кампазіцыі на прасторы аднаго топасу. На жаль, мы вельмі рэдка звяртаем увагу на гэты надзвычай істотны момант і ўпарта намагаемся зразумець і развязаць праблемы «Усёй Беларусі» праз «Уласна Беларусь» ці наадварот.
Але амбівалентнасць беларускай сітуацыі, калі мы на яе не зважаем, адноль-
48 Французскі псіхіятр і псіхааналітык сярэдзіны XX ст., заснавальнік нацыянальнай школы псіхааналізу.
кава замінае і аналітыцы кожнага лакальнага фрагмента нашага існавання. Вось чаму, займеўшы жаданне трохі паразважаць пра беларускі тэкст, я вымушаны наперад удакладніць, што тут будуць мецца на ўвазе толькі ўласнабеларускія тэксты, гэта значыць тыя, якімі пераважна карыстаюцца насельнікі Архіпелагу Беларусь.
Тэкст гэта бадай адзінае, што рэальна звязвае між сабою ўсіх жыхароў Архіпелагу Беларусь. Толькі на прасторы Беларускага Тэксту мы, насельнікі гэтых, далёка параскіданых адна ад адной выспаў, можам сустрэцца разам і, такім архаічным чынам, натуральным хутчэй для канца XIX стагоддзя, чым для канца XX, пераадольваем усё, што нас раз’ядноўвае, ад каланіяльнай гісторыі да зрусіфікаванай дзяржавы.
Натуральна, напярэдадні трэцяга тысячагоддзя, калі ў кожнай кватэры ёсць і радыёпрымач, і тэлевізар, карыстацца малаэфектыўным (параўнальна з аўдыёвідэасродкамі) Тэкстам як асноўным начыннем нацыянальнага задзіночання відавочны архаізм. Але тут ужо нічога не паробіш: і радыё, і тэлебачанне, калі не па форме, то па сутнасці антыбеларускія, і яны не лучаць між сабою насельнікаў аддаленых выспаў, а ўсё больш раз’ядноўваюць.
3 усяго гэтага мы на Беларусі маем досыць парадаксальную сітуацыю: калі ў нацыянальна і дэмакратычна сфармаваных постіндустрыяльных краінах Тэкст губляе сваё цэнтрапалеглае месца ў функцыянаванні грамадства, якое ён займаў на працягу многіх стагоддзяў, то ў недэмакратычнай і нацыянальна знямоглай Беларусі ён па-ранейшаму дамінуе, хоць вынікі гэтага дамінавання досыць сціплыя, бо і на астравах сёння эпоха камунікатыўна адкрытага грамадства, а гэта азначае, што хаця Тэкст знаходзіцца ў цэнтры культурнага жыцця Архіпелагу, але знаходзіцца ён там усяго як цэнтрапалеглая маргіналія.
Цэнтральнапалеглым месцам Тэксту ў беларускай сітуацыі вызначаецца і роля беларускіх грамадска-культурных выданняў і кніг. Незалежна ад сваёй ідэалагічнай, эстэтычнай, інтэлектуальнай і тэматычнай скіраванасці, беларускія па форме і сутнасці выданні, нават паўз сваю волю, толькі таму, што яны прэзэнтуюць Беларускі Тэкст, выконваюць сёння і палітычную, і асветніцкую, і адукацыйную функцыі... Менавіта так, нават адукацыйную, бо беларускай мове сёння не вучаць дзяцей ні бацькі, ні школа (у належнай меры), ні вуліца. Вось чаму на Беларусі літаратура ўсё яшчэ больш чым літаратура, а часопіс больш чым часопіс.
Іншая рэч, ці добра гэта? Я з глыбокім скепсісам стаўлюся да таго меркавання, што літаратурны твор сам па сабе можа нейкім чынам уплываць на сацыяльнае жыццё, нават калі ён ствараўся з мэтаю такога ўплыву. Шматлікія прыклады з гісторыі літаратуры, якія быццам пярэчаць гэтаму скепсісу, як мне здаецца, сведчаць адно пра тое, што ў розныя эпохі літаратуры даводзілася браць на сябе і іншыя, акрамя ўласналітаратурных, функцыі, бо грамадскія інстытуты, якія мусілі рэалізоўваць гэтыя іншыя функцыі, былі на тую пару альбо яшчэ не сфармаваныя, альбо знаходзіліся пад забаронаю. У такія моманты грамадства само нагружала літаратурны твор той сацыяльна-палітычнай семантыкай, у якой яно адчувала патрэбу, але якую на той час ні праз што яшчэ, акрамя як праз літаратуру, немагчыма было выявіць.
Пачынаючы з «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага і віленскай «Нашай Нівы» пачатку стагоддзя, усе беларускія выданні ўскосна, свядома ці неўсвядомлена, выконвалі ролю адсутных грамадскіх і сацыяльна-палітычных інстытутаў. Больш за тое, менавіта на прасторы грамадска-культурных выданняў і кніг беларусы сфармаваліся як нацыя. I сёння мы застаемся нацыяй не дзякуючы палітычным рухам і фармальна незалежнай дзяржаве, а зноў жа дзякуючы таму, што існуе Беларускі Тэкст. Магчыма, знешне гэтая тэза выглядае залішне радыкальнай, але, я думаю, яна такой не падасца кожнаму, хто заглыбіўся ў яе сутнасць.
Вось чаму адказнасць за лёс Беларусі шмат у чым ляжыць на Беларускім Тэксце, а значыць і на кожным персанальна, хто гэты тэкст фармуе.
Падобна, нам ужо стаецца амаль невыносным цяжар адказнасці за існаванне мовы, нацыі, дзяржавы, які ўжо больш за стагоддзе ніхто не здымае ні з літаратараў, ні з рэдактараў, ні з выдаўцоў.
Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што мы стаміліся, што мы ўжо страшэнна стаміліся ад трагічнага цяжару апошняга беларускага стагоддзя. А разам з намі стаміўся і наш чытач. Уласна кажучы, ён зусім і не чытач у звыклым разуменні. Гэта хутчэй наш хаўруснік. Мы з ім не пішам і не чытаем літаратурныя тэксты, а праз пісанне і чытанне літаратурных тэкстаў удзельнічаем у сакралізаванай містэрыі, галоўнай мэтай якой ёсць нарошчванне астральнага цела нацыі.