Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Першая, натуралістычная, канцэпцыя звязана са спробаю вывядзення культуры з нязменнай натуральнай прыроды чалавека. Культура тут разглядаецца як сістэма механізмаў ды інстытутаў, якія забяспечваюць жыццё людзей у адпаведнасці з патрабаваннямі і патрэбамі іх «натуральнай» прыроды.
Класічная канцэпцыя атаесамляе культуру з формамі духоўнага і палітычнага развіцця грамадства, заснаванымі на розуме. Культура паўстае тут як духоўнае багацце грамадства і ўнутраны здабытак чалавека, у падмурку якога ляжыць імкненне да праўды, дабра і прыгажосці.
Некласічная канцэпцыя тлумачыць культуру як сістэму каштоўнасцяў і ідэй, якія з’яўляюцца арганічнаю часткаю сацыяльнай сістэмы, надаюць ёй уладкаванасць і забяспечваюць кіраванне ёю.
Постмадэрнісцкая канцэпцыя ўяўляе сабе культуру як сістэму знакаў, пазбаў-
леную ўсеагульнасці і цэнтру, што забяспечвае больш-менш надзейную арыентацыю чалавека ў навакольным, найперш сацыяльным, асяроддзі.
У межах гэтых канцэптуальных мадэляў культуры сфарміраваліся розныя падыходы ў даследаванні культуры: аксіялагічны, сацыялагічны, семантычны, дзейнасны ды інш.
Аксіялагічны падыход разглядае культуру як адзінства матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, што забяспечваюць годны лад жыцця чалавеку. Адпаведна сацыялагічнаму падыходу культура гэта сістэма сацыяльных інстытутаў, якія забяспечваюць трансляцыю нормаў і правілаў чалавечай жыццядзейнасці. Семантычны падыход звязаны з разуменнем культуры як сукупнасці знакаў (сацыякодаў), якія служаць арыенцірамі ў жыцці чалавека і яго дзейнасці.
Найбольш распрацаваным з’яўляецца дзейнасны падыход да тлумачэння культуры, дзе культура разглядаецца як вынік практычнай дзейнасці людзей. Гэтыя вынікі матэрыялізуюцца, ці дакладней аб’ектывізуюцца ў тых ці іншых прадметах або духоўных каштоўнасцях. Толькі ў працэсе светапераўтваральнай творчай дзейнасці чалавек уваходзіць у сферу сацыяльнасці, сацыяльнага бытавання, у сферу культуры. У гэтай дзейнасці ствараецца спецыфічна чалавечы свет, які паўстае як сацыльная рэальнасць. Толькі ў працэсе аб’яднання прыродных якасцяў і творчай дзейнасці чалавек стварае свой чалавечы свет і самога сябе як чалавека. 3 гэтага пункту погляду культура ёсць: 1) дзейнасцю грамадскага чалавека, якая ажыццяўляецца ў пэўных гістарычных умовах і скіравана на стварэнне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў; 2) сукупнасцю гэтых каштоўнасцяў як вынікаў дзейнасці; 3) працэсам узнаўлення гэтых каштоўнасцяў. Адсюль вынікае, што культура гэта створаны людзьмі свет спецыфічна чалавечай жыццядзейнасці, а таксама сродкі і спосабы яе здзяйснення, дзеўвасабляюцца мэты, ідэалы, нормы і каштоўнасці грамадства.
Культура азначае: 1) сферу жыццядзейнасці чалавека; 2) спосабы і сродкі ажыццяўлення дзейнасці ды яе вынікі; 3) спосабы наследавання сацыяльнага цела і сацыяльнай памяці; 4) якасны стан чалавечай супольнасці; 5) сродак сацыялізацыі індывіда; 6) выяўленне актыўнасці чалавека; 7) спосаб пераўтварэння індывідуальнага ў агульназначнае.
Культура вельмі часта разглядаецца ў сувязі з паняццем цывілізацыі. Часам цывілізацыю разумеюць як вышэйшую форму культуры, яе найбольш дасканалую і вытанчаную форму, адсюль кажуць пра, прыкладам, цывілізаванага чалавека насуперак «дзікунам», «дзікай культуры». 3 іншага боку, цывілізацыя можа таксама разглядацца як вылегчаная, пазбаўленая свайго імпэту культура (О. Шпенглер), як форма бытавання чалавечых грамадстваў, якія страцілі свой творчы патэнцыял і засяроджаныя на ўзнаўленні і захаванні старых формаў жыцця. Культура, як і цывілізацыя, пры гэтым могуць быць зразуметыя і як універсальная, уласцівая ўсяму чалавецтву форма жыцця, расцягнутая ў прасторы і часе так, што розныя грамадствы знаходзяцца на розных ступенях яе засваення, гэтак і як цалкам лакальныя існасці, уласцівыя таму ці іншаму арганізаванаму грамадству, унікальныя і непаўторныя ў сваёй аснове.
Структура культуры. Чалавек, як вядома, істота біясацыяльная. Працэс яго
жыццядзейнасці гэта працэс задавальнення разнастайных матэрыяльных і духоўных патрэбнасцяў. На гэтай падставе і ўсе вынікі чалавечай дзейнасці, альбо культуру, можна раздзяліць на матэрыяльную і духоўную.
Матэрыяльная культура ўключае ў сябе сферу вытворчасці і засваення прадметнага свету: будынкі і збудаванні, тэхналогіі вытворчасці ды маніпулявання матэрыяльнымі аб’ектамі, устойлівыя сувязі паміж людзьмі і формы, спосабы ды сродкі рэгулявання адносінаў паміж імі (сям’я, працоўны калектыў, дзяржава). Гэта азначае, што пад матэрыяльнаю культурай разумеюць дзейнасць, скіраваную на вытворчасць і ўзнаўленне каштоўнасцяў, здольных задавальняць матэрыяльныя патрэбы людзей, а таксама вынікі, спосабы ажыццяўлення і рэгуляцыі гэтай дзейнасці.
Духоўная культура складаецца з ідэалаў і ідэй, стратэгій зносінаў і паводзінаў людзей, працэсаў духоўнай вытворчасці, маральна-эстэтычных, навуковых і рэлігійных каштоўнасцяў. Базіснымі элементамі духоўнай культуры з’яўляюцца традыцыі, звычаі, норавы, законы, каштоўнасці, якія разам утвараюць нарматыўную сістэму культуры. Гэтая сістэма і ажыццяўляе рэгуляцыю паводзінаў чалавека, яна паказвае, штб, як і ў якіх сітуацыях яму належыць рабіць. Каштоўнасці і нормы гэта эфектыўныя сродкі фарміравання культурнага асяроддзя. Духоўная культура, выконваючы функцыю сацыялізацыі індывіда, фарміруе светапоглядныя ўяўленні, стыль мыслення і спосаб паводзінаў. Культура выконвае задачу злучэння індывідаў у супольнасць і забяспечвае лучнасць пакаленняў.
Вядома, падзел культуры на матэрыяльную і духоўную вельмі ўмоўны. Ён заснаваны на дзвюх асноўных формах дзейнасці чалавека: матэрыяльна-практычнай і духоўна-мастацкай. Але калі ўсё ж улічыць, што канчатковай мэтай гэтай дзейнасці ёсць ачалавечванне нечалавечага свету, то культура гэта адзіны працэс пераводу рэчаіснасці са стану натуры ў стан роднаснай чалавеку духоўнасці.
Кожнае грамадства стварае складаную сістэму культурных каштоўнасцяў, якія адрозніваюцца як паводле спосабу іх вытворчасці, так і паводле формаў функцыянавання, сферы распаўсюджання і ўтвараюць сферы культуры: эканамічную, палітычную, мастацкую, маральную ды іншыя. Сферы культуры выступаюць элементамі тыпаў культуры канкрэтна-гістарычных сукупнасцяў нормаў і каштоўнасцяў, якія ўтвараюць цэласныя і адносна замкнёныя сістэмы. 3 гэтага пункту погляду вылучаюць культуры дамінантную і маргінальную, элітарную і масавую, высокую і народную, культуру і субкультуру.
У першай пары закладаецца адрозненне паміж сацыяльным статусам культуры ці пашырае яна сваё дзеянне на большасць грамадства або закранае адносна невялікі яго сегмент. Другая пара апісвае адрозненне паміж спосабамі спажывання культуры: элітарная разлічаная на аматараў і знаўцаў, у той час як масавая найбольш дэмакратычная і непатрабавальная да сваіх носьбітаў. Трэцяя пара паказвае хутчэй на носьбітаў культурнай традыцыі адукаваныя (вышэйшыя) пласты грамадства ці асноўныя народныя масы, не надта абазнаныя ў вытанчаных формах культурнай вытворчасці. Нарэшце, апошняя пара паказвае розніцу паміж паноўнай культурай як агульнай сістэмай каштоўнасцяў і падначаленымі ёй формамі культурнай вытворчасці, якую ствараюць адносна малыя сацыяльныя групы: субкультура гіпі, моладзевая, крымінальная і да т. п.
Дынаміка культуры гэта складаны працэс вытворчасці, назапашвання і трансляцыі культурных каштоўнасцяў, які характарызуецца спалучэннем разнастайных механізмаў, формаў і спосабаў культуратворчасці. 3 аднаго боку, гэты працэс звязаны з напрацоўкаю, захаваннем і перадачаю новым пакаленням культурных каштоўнасцяў і «тэхналогій» іх вытворчасці, а з другога вынаходніцтвам новых творчых тэхналогій і стварэннем новых культурных аб’ектаў.
Першая тэндэнцыя ўвасабляецца ў пераемнасці, якая ўказвае на сувязь паміж культурнымі эпохамі і стылямі, успадкаванне і захаванне ідэй, творчых прынцыпаў і прыёмаў. Пераемнасць у культуры існуе як традыцыя і як захаванне. Культурная традыцыя звязана з засваеннем і наследаваннем ідэй, гіпотэз, прыёмаў культуратворчасці, што вядзе да назапашвання і памнажэння культурных каштоўнасцяў і забяспечвае сувязь культур розных часоў і народаў. Захаванне ж гэта ўспадкаванне не асобных кампанентаў культуратворчасці альбо актуальных ідэй, а духоўна-культурных каштоўнасцяў як цэлага. Пераемнасць гэта не проста паўтор, кананізацыя, а творчы адбор і трансляцыя самага лепшага ў супольным культурным досведзе чалавецтва.
Другая тэндэнцыя ажыццяўляецца ў інавацыйных працэсах, у наватарстве, якое звязана са стварэннем новых культурных узораў, памнажэннем культурных каштоўнасцяў. Дзякуючы наватарству ў культуры з’яўляюцца новыя жанры і стылі, новыя навуковыя тэорыі, новыя ідэалы ды каштоўнасці. Гісторыя культуры, такім чынам, паўстае як гісторыя захавання, узбагачэння і развіцця культурных каштоўнасцяў.
Як элемент грамадства, культура выконвае шэраг надзвычай важных сацыяльных функцый. Аксіялагічная функцыя выяўляе здольнасць культуры напрацоўваць і прапаноўваць чалавеку сістэму каштоўнасцяў і каштоўнасных арыентацый, якія, калі яны засвоеныя чалавекам, напаўняюць яго жыццё значэннем і сэнсам, гарманізуюць і гуманізуюць яго. Адаптацыйная функцыя выяўляецца ў тым, што культура праз разнастайныя нормы ды ўзоры паводзінаў дапамагае чалавеку прыстасавацца да зменлівага прыроднага і сацыяльнага асяроддзя і прыстасаваць гэтае асяроддзе да сваіх патрэб і інтарэсаў. Нарматыўная функцыя адлюстроўвае здольнасць культуры ствараць ідэалы і нормы, а таксама культурныя праграмы, якія фарміруюць стандарты паводзінаў, вызначаюць каштоўнасныя арыентацыі людзей і ўплываюць на лад жыцця і спосабы дзейнасці. Функцыя сацыялізацыі выяўляецца ў тым, што засваенне культурных каштоўнасцяў у працэсе навучання і выхавання фарміруе ў індывіда сацыяльныя рысы, якія злучаюць яго з грамадствам і надаюць асобе здольнасць да адказнай і сацыяльна значнай дзейнасці. Інтэгратыўная функцыя выяўляецца ў здольнасці культуры аб’ядноўваць людзей на падставе адзіных каштоўнасцяў і нормаў, якія адначасова і адрозніваюць адны супольнасці ад другіх, надаючы ім культурную адметнасць. Знакава-сімвалічная (сігніфікатыўная) функцыя звязана са здольнасцю культуры выступаць у якасці знакаў, у якіх захоўваецца сэнс і значэнне культурных каштоўнасцяў. Спасціжэнне культуры гэта, па сутнасці, расшыфроўка і засваенне яе знакаў ды сімвалаў і спасціжэнне на гэтай аснове сэнсу жыцця і гісторыі. Важнае значэнне мае камунікатыўная функ-