Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Трэба адназначна падкрэсліць, што гэтая другая разнавіднасць уласнасці ў менш строгім сэнсе фундаментальная, калі яе параўнаць з першаю. Гэта, з аднаго гледзішча, пэўнага кшталту ўзурпацыя. Яна ўскладае на мяне задачу захавання і ажыццяўлення таго, што ў пункце поўнага і абсалютнага права належыць вам.
Трэцяя ступень уласнасці ёсць тым, што прыцягвае самую пільную ўвагу ў цывілізаваных краінах Еўропы. Гэта сістэма (няважна, якім чынам усталяваная), з дапамогаю якой адзін чалавек набывае здольнасць завалодаць прадукцыяй вытворчасці іншага чалавека. Наўрад ці ёсць хоць якія-небудзь віды багацця, раскошы або бляску, якія існуюць у любой цывілізаванай краіне, што не былі б, у пэўным сэнсе, створаны экспрэса-ручною працай і фізічным промыслам жыхарамі гэтае краіны. Спантанныя пастаўкі плёнаў зямлі небагатыя, і мала спрыяюць багаццю, раскошы або бляску. Кожны чалавек можа вылічыць у кожным келіху віна, якое ён п’е, у кожнай аздобе, дададзенай да сваёй персоны, колькі чалавек было асуджана на рабства, на цяжкую нудную працу, нездаровае харчаванне, пастаянныя нягоды, сумнае невуцтва і жорсткую нячуласць, каб ён быў забяспечаны гэтымі прадметамі раскошы. Гэта грубае махляванне, калі людзі прывыклі падманваць сябе, кажучы аб уласнасці, завяшчанай ім іхнімі продкамі. Уласнасць вырабляецца штодзённаю працай людзей, якія існуюць цяпер. Усё, што іх продкі завяшчалі ім, было замусоленаю паперкай, якую яны паказваюць, у якасці абгрунтавання, каб вымантачваць у сваіх суседзяў, тое, што было выраблена працаю гэтых суседзяў.
Адсюль зразумела, што трэцяя разнавіднасць уласнасці знаходзіцца ў простай супярэчнасці да другой.
Ўільям Годвін. Даследаванне наконт палітычнай справядлівасці. Пераклад Л. Баршчэўскага паводле: Godwin, W. Enquiry concerning Political Justice...
London, 1842. Vol. 1. P. 68-70.
Vol. 2. P. 202-204, 207-208.
АЛЕКСІСДЭ ТАКВІЛЬ
Аб прынцыпе народаўдаддзя ў Амерыцы
...Калі разважаць пра палітычныя законы Злучаных Штатаў, варта абавязкова пачаць з канцэпцыі народаўладдзя.
Прынцып народаўладдзя, які ў той ці іншай ступені заўсёды пакладзены ў падмурак любых грамадскіх інстытутаў, звычайна застаецца прыхаваным. Яму падпарадкоўваюцца, хоць яго і не прызнаюць, а калі ўсё ж часам здараецца выцягнуць яго на белы свет, то адразу ж людзі спяшаюцца зноў схаваць яго ў змроку святыні.
Воля народа ёсць, бадай, адным з тых лозунгаў, якім інтрыганы і дэспаты ўсіх часоў і народаў найбольш злоўжывалі. Адны лічылі, што яна выяўляецца праз усхваленне, якое зыходзіць ад асобных прадажных паслугачоў улады; іншыя бачылі яе ў галасах зацікаўленае або палахлівае меншасці; сёй-той нават рабіў адкрыццё, што воля народа найбольш поўна выяўляецца ў яго маўчанні і што з самога факту яго падпарадкавання нараджаецца іх права загадваць.
У Амерыцы, у адрозненне ад іншых краін, ажыццяўленне прынцыпу народаўладдзя не ёсць прыхаваным або бясплённым. Ён прызнаецца звычаямі краіны, абвяшчаецца ў яе законах, ён свабодна эвалюцыянуе і бесперашкодна дасягае сваіх канчатковых мэтаў.
Калі на свеце існуе такая краіна, у якой можна ацаніць вартасць прынцыпу народаўладдзя, дзе можна вывучыць яго ў дачыненні да грамадскай дзейнасці і меркаваць як пра яго перавагі, так і пра яго недахопы, то гэтай краінаю, бясспрэчна, ёсць Амерыка...
Якія рэальныя перавагі дае дэмакратычная форма кіравання для амерыканскага грамадства?
У пачатку гэтага раздзела я лічу неабходным нагадаць чытачу тое, пра што я ўжо неаднаразова казаў у гэтай кнізе.
Палітычны лад Злучаных Штатаў уяўляе сабою дэмакратычную форму кіравання; аднак, на маю думку, амерыканскія ўстановы не ёсць ані самымі лепшымі, ані адзіна магчымымі для народа, які жыве ў дэмакратычным грамадстве.
Знаёмячы чытача з перавагамі амерыканскай дэмакратыі, я далёкі ад думкі пра тое, што падобныя перавагі могуць паўстаць толькі ў выніку дзеяння нейкіх адных пэўных законаў.
Агульная скіраванасць законаў дэмакратычнай улады ў Амерыцы і ўласцівасці тых, хто праводзіць іх у жыццё
...Заганы ды слабасці дэмакратычнай формы кіравання ляжаць на паверхні: каб іх давесці, можна падаць відавочныя факты; у той самы час дабратворнае ўздзеянне такой формы кіравання ажыццяўляецца незаўважна, можна нават ска-
заць, прыхавана. Яе недахопы бянтэжаць з першага погляду, а вартасці адкрываюцца толькі з часам.
Законы амерыканскае дэмакратыі часта бываюць нядбайна сфармуляваныя і няпоўныя. Здараецца, што яны не ўлічваюць існуючых правоў або заахвочваюць тых, хто можа ўяўляць з сябе небяспеку. Калі яны добрыя самі па сабе, іх вялікім недахопам ёсць іх частая змена. Усё гэта відаць няўзброеным вокам.
Чаму ж у такім выпадку амерыканскія рэспублікі жывуць і квітнеюць?
Кажучы пра законы, трэба выразна адрозніваць, з аднаго боку, мэту, якую яны пераследуюць, а з другога сродкі дасягнення гэтае мэты, г. зн. іх абсалютную і адносную дабраякаснасць.
Я дапускаю, што заканадаўца імкнецца ўзвысіць інтарэсы невялікае колькасці людзей на шкоду большасці; складае артыкулы закона так, каб дасягнуць выніку, які шукаецца ў максімальна сціслыя тэрміны і з найменшымі намаганнямі. Закон атрымаецца добрым, але яго мэта дрэнная. Пры гэтым чым лепш яго атрымаецца ўвасобіць у жыццё, тым большую небяспеку ён будзе ўяўляць сабою.
Дэмакратычныя законы звычайна імкнуцца забяспечыць дабро большасці, бо яны зыходзяць ад большасці грамадзян, якія могуць памыляцца, але не могуць выяўляць інтарэсы, процілеглыя сваім уласным.
Законы арыстакратычныя, наадварот, імкнуцца да канцэнтрацыі ўлады і багацця ў руках невялікай групы людзей, бо арыстакратыя паводле сваёй прыроды заўсёды ёсць меншасцю.
У цэлым можна сказаць, што дэмакратычная заканатворчасць нясе болын выгоды чалавецтву, чым арыстакратычная.
Аднак гэта яе адзіная перавага.
Арыстакратыя значна больш умела карыстаецца заканадаўствам, чым дэмакратыя. Гаспадыня сабе самой, яна не ведае мімалётных захапленняў, яна старанна выношвае свае задумы і ўмее дачакацца спрыяльнага выпадку дзеля іх рэалізацыі. Яна дзейнічае з веданнем справы і здольная ў пэўны момант памайстэрску накіраваць усю сілу сваіх законаў на адзіную мэту.
Пра дэмакратыю гэтага не скажаш: яе законы амаль заўсёды недасканалыя або нясвоечасовыя.
Такім чынам, сродкі, якія выкарыстоўваюцца дэмакратыяй, менш дасканалыя, чым тыя, якія выкарыстоўвае арыстакратыя, і яна часта насуперак сваёй волі дзейнічае сабе на шкоду, аднак яе мэты болып карысныя.
Уявіце сабе грамадства, прырода і структура якога гэткія, што дазваляюць яму мімаходзь пераадольваць дзеянне няўдалых законаў; грамадства, якое можа без небяспекі для сябе чакаць спрыяльных вынікаў агульнай скіраванасці законаў, і вы пагодзіцеся, што росквіту такога грамадства ў найбольшай ступені спрыяе дэмакратычная форма кіравання, нягледзячы на ўсе яе заганы.
Менавіта гэта мае месца ў Злучаных Штатах; я паўтару тут тое, што ўжо казаў вышэй: велізарная перавага амерыканцаў палягае ў тым, што яны могуць сабе дазволіць здзяйсняць папраўныя памылкі.
Амаль тое ж самае можна сказаць і пра дзяржаўных службоўцаў.
Лёгка заўважыць, што амерыканская дэмакратыя часта памыляецца ў выбары
людзей, якім яна давярае ўладу. Аднак зусім не проста адказаць на пытанне, чаму кіраваная гэтымі людзьмі дзяржава квітнее.
Варта адзначыць, што, хоць кіраўнікі дэмакратычнай дзяржавы не заўсёды дастаткова сумленныя і разумныя, яе грамадзяне асвечаныя і больш руплівыя.
Народы ў дэмакратычных дзяржавах пастаянна занятыя сваімі справамі і раўніва сцерагуць свае правы, не дазваляюць сваім прадстаўнікам адхіляцца ад пэўнай агульнай лініі, што дыктуецца іх інтарэсамі.
Трэба таксама мець на ўвазе, што ў дэмакратычных дзяржавах службоўцы, якія выконваюць свае абавязкі горш, чым службоўцы ў іншых дзяржавах, не застаюцца пры ўладзе занадта доўга.
Але ёсць і яшчэ адна прычына, больш агульнага характару і больш глыбокая.
Несумненна, народнае дабро патрабуе ад кіраўнікоў цнотаў і талентаў. Але яшчэ ў большай ступені яно патрабуе агульнасці інтарэсаў грамадзян і кіраўнікоў. У адваротным выпадку цноты могуць зрабіцца бескарыснымі, а таленты небяспечнымі.
Важна, каб кіраўнікі не мелі процілеглых або розных інтарэсаў з масаю грамадзян; аднак я не сцвярджаю, што інтарэсы ўсіх павінны супадаць цалкам: гэткае з’явы я не сустракаў.
Яшчэ не вынайдзены палітычны лад, які б у аднолькавай ступені спрыяў развіццю ды росквіту ўсіх класаў, што складаюць грамадства. Гэтыя класы фарміраваліся як нешта накшталт асобных нацый унутры аднаго народа, і досвед паказвае, што аддаваць які-небудзь з іх у рукі іншага гэтак сама небяспечна, як і дазваляць аднаму народу распараджацца лёсам іншага. Калі ва ўладзе знаходзяцца адны багатыя, інтарэсы бедных заўсёды ў небяспецы. Калі бедныя дыктуюць сваю волю, пад удар ставяцца інтарэсы багатых. У чым жа тады палягаюць перавагі дэмакратыі? Рэальна яны не ў тым, што дэмакратыя, як кажуць некаторыя, гарантуе росквіт усім, а ў тым, што яна спрыяе дабрабыту як мага большай колькасці людзей.
Тыя людзі, якія ў Злучаных Штатах кіруюць справамі грамадства, часта не валодаюць такімі самымі талентамі ды маральнымі якасцямі, як тыя, каго да ўлады прыводзіць арыстакратыя. Але іх інтарэсы пераплятаюцца і зліваюцца з інтарэсамі большай часткі іх суграмадзян. Яны могуць здзяйсняць несумленныя ўчынкі або рабіць сур’ёзныя памылкі, але яны ніколі не будуць сістэматычна праводзіць палітыку, варожую большасці; іх кіраванне ніколі не ператворыцца ў небяспечны і эксклюзіўны рэжым.
Кепская праца службоўца ў дэмакратычным грамадстве гэта адно толькі асобны факт, які мае ўплыў толькі падчас выканання ім сваіх абавязкаў. Карупцыя і некампетэнтнасць не ёсць тымі агульнымі інтарэсамі, якія б маглі на пастаяннай аснове аб’яднаць людзей.
Карумпаваны або няздатны службовец не будзе дзейнічаць разам з іншым службоўцам толькі таму, што той таксама няздатны і карумпаваны. Яны не будуць супольна працаваць дзеля росквіту карупцыі ды некампетэнтнасці. Бо амбіцыі і махінацыі аднаго могуць прывесці, наадварот, да выкрыцця другога. У дэмакратычных дзяржавах заганы службоўцаў звычайна індывідуальныя...
He ведаю, ці ёсць на свеце іншая такая самая ліберальная арыстакратыя, як англійская, якая б увесь час стварала такую колькасць і годных, і асвечаных людзей у імя справы кіравання краінай.