Уводзіны ў філасофію нарысы, тэксты

Уводзіны ў філасофію

нарысы, тэксты
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 332с.
Мінск 2019
148.63 МБ
Пасля таго, як гэта вызначана, мы павінны далей звярнуцца да разгляду пытання колькасці і ўласцівасцяў дзяржаўных ладаў, і перш за ўсё, якія з іх правільныя, бо з іх вызначэння адразу зразумелымі стануць і адхіленні ад іх.
V 1. Выразы «дзяржаўны лад» і «дзяржаўнае кіраванне» азначаюць адно і тое самае, апошняе ж увасабляецца праз найвышэйшую ўладу ў дзяржаве, якая мусіць абавязкова знаходзіцца ў руках каго-небудзь аднаго або нешматлікіх асоб, або шматлікіх. Натуральна, што правільныя такія разнавіднасці дзяржаўнага ладу, калі адзін чалавек, або няшмат асоб, або большасць кіруюць у адпаведнасці з грамадскаю карысцю, а адхіленні гэта тыя, пры якіх маюцца на ўвазе выгоды якой-небудзь аднае асобы або нешматлікіх, або болыпасці. Бо прыналежныя да дзяржавы, калі яны сапраўды грамадзяне, павінны мець сваю долю ў яе карысці.
2.	Сярод формаў кіравання там, дзе валадарыць адна асоба, мы разглядаем тую, якая мае на ўвазе агульную карысць, і звычайна называем яе царскаю ўладай; уладу нешматлікіх, але больш чым адной асобы арыстакратыяй (ці таму, што там кіруюць лепшыя, ці таму, што маецца на ўвазе найвышэйшая карысць дзяр-
31 Частка гімнасія, прызначаная для гімнастычных практыкаванняў.
жавы і тых, хто ў яе ўваходзіць); а калі дзеля агульнай карысці кіруе большасць, тады мы ўжываем абазначэнне, агульнае для ўсіх разнавіднасцяў дзяржаўнага ладу рэспубліканскі лад (палітыя).
3.	I гэткае размежаванне аказваецца лагічна слушным: адзін чалавек ці нешматлікія асобы могуць вылучацца сваёю дабрадзейнасцю, але атрымаць поспех ва ўсякай дабрадзейнасці дзеля большасці рэч ужо няпростая, хоць лягчэй за ўсё займець гэта ў ваеннай доблесці, бо апошняя сустракаецца менавіта ў народнай масе. Вось чаму ў такой палітыі найвышэйшая ўлада засяроджваецца ў руках ваяроў, якія зброю рыхтуюць на ўласны кошт.
4.	Адхіленні ад названых ладаў наступныя: ад царскае ўлады тыранія, ад арыстакратыі алігархія, ад палітыі дэмакратыя. Тыранія манархічная ўлада, якая мае на ўвазе выгоды аднаго кіраўніка; алігархія ахоўвае выгоды заможных грамадзян; дэмакратыя выгоды немаёмных; але ніводная з іх не ёсць супольным дабром для ўсіх...
7.	...Тая прыкмета, што найвышэйшая ўлада знаходзіцца або ў руках меншасці, або ў руках большасці, ёсць прыкметаю выпадковаю і пры вызначэнні таго, што такое алігархія, і пры вызначэнні таго, што такое дэмакратыя, бо паўсюдна заможных бывае меншасць, а немаёмных большасць; значыць гэтая прыкмета не можа служыць асноваю названых вышэй адрозненняў. Тое, чым адрозніваюцца дэмакратыя і алігархія, гэта беднасць і багацце; вось чаму там, дзе ўлада заснаваная няважна, у меншасці ці большасці на багацці, мы маем справу з алігархіяй, а дзе кіруюць немаёмныя, там перад намі дэмакратыя. А тая прыкмета, што ў першым выпадку мы маем справу з меншасцю, а ў другім з большасцю, паўтараю, ёсць прыкметай выпадковаю. Заможнымі ёсць нешматлікія, а свабодаю карыстаюцца ўсе грамадзяне; гэтым жа і іншыя абгрунтоўваюць свае прэтэнзіі на ўладу ў дзяржаве...
10.	...Дзяржава ствараецца не дзеля таго толькі, каб жыць, але пераважна дзеля таго, каб жыць шчасліва...
12.	...Калі б хто-небудзь злучыў розныя месцы разам гэтак, каб, напрыклад, гарадскія муры Мёгары і Карынфа судакраналіся паміж сабою, усё-ткі адной дзяржавы не атрымалася б; не было б гэтага і ў тым выпадку, калі б яны ўступілі паміж сабою ў адмысловы шлюб, эпігамію, хоць апошняя і ёсць адною з адмысловых разнавіднасцяў сувязі паміж дзяржавамі. He ўтварылася б дзяржава і ў тым выпадку, калі б людзі, якія жывуць асобна адно ад аднаго, але не на гэтак далёка, каб выключаная была магчымасць зносінаў паміж імі, усталявалі законы, якія б забаранялі ім крыўдзіць адно аднаго пры абмене; калі б, напрыклад, адзін быў цесляром, другі земляробам, трэці шаўцом, чацвёрты чым-небудзь іншым гэткага кшталту, і хоць бы іх лік даходзіў да дзесяці тысяч, зносіны іх усё-ткі распаўсюджвалася б выключна толькі на гандлёвы абмен ды ваенны хаўрус.
13.	3 якой жа прычыны? Відавочна, што не праз адсутнасць блізкасці зносінаў. Папраўдзе, калі б нават пры такіх зносінах яны аб’ядналіся, прычым кожны глядзеў бы на свой уласны дом як на дзяржаву, і калі б яны абаранялі адно аднаго, як пры абарончым хаўрусе, толькі ў выпадку прычынення кім-небудзь крыўдаў, то і ў такім выпадку, калі ўважліва зірнуць, усё-ткі, відаць, дзяржавы не
атрымалася б, калі ўжо яны і пасля аб’яднання ставіліся б адно да аднаго гэтак жа, як і тады, калі жылі асобна. Гэткім чынам, зразумела, што дзяржава не ёсць проста агульным месцажыхарствам, яна не ствараецца ў мэтах прадухілення ўзаемных крыўдаў ці дзеля выгодаў абмену. Вядома, усе гэтыя ўмовы павінны быць у наяўнасці для існавання дзяржавы, але нават і пры наяўнасці іх усіх, разам узятых, яшчэ не будзе дзяржавы; яна з’яўляецца толькі тады, калі ўтворацца зносіны паміж сем’ямі і родамі дзеля добрага жыцця (eu (qv), у мэтах дасканалага і самадастатковага існавання.
14.	Гэткага кшталту зносіны, аднак, могуць здзейсніцца толькі ў тым выпадку, калі людзі жывуць у адной і той жа мясцовасці і калі яны знаходзяцца паміж сабою ў стане эпігаміі. 3 гэтай прычыны ў дзяржавах і ўзніклі роднасныя хаўрусы і фратрыі, і ахвярапрынашэнні, і забавы дзеля супольнага жыцця. Усё гэта заснавана на ўзаемным сяброўстве, бо менавіта сяброўства ёсць неабходнай умоваю супольнага жыцця. Вось жа, мэтаю дзяржавы ёсць добрае жыццё, і ўсё згаданае ствараецца дзеля гэтай мэты; сама ж дзяржава ўяўляе сабою зносіны родаў і паселішчаў дзеля дасягнення дасканалага і самадастатковага існавання, якое, як мы сцвярджаем, палягае ў шчаслівым і цудоўным жыцці. Так што і дзяржаўныя зносіны трэба меркаваць існуюць дзеля выбітнае дзейнасці, а не проста дзеля супольнага жыхарства.
Арыстотэль. Палітыка. Пераклад
Л. Баршчэўскага паводле:
https://el.wikis0urce.0rg/wiki/II0XiTiKa/r
НІКАЛО МАК’ЯВЭЛІ
Пра грамадзянскую дзяржаву
...Перайду да іншага выпадку, калі прыватная асоба робіцца ў сваёй айчыне ўладаром не праз нейкае зладзейства ці іншы нясцерпны гвалт, а з ласкі сваіх суграмадзянаў, у сувязі з чым такую дзяржаву можна назваць грамадзянскай. Каб прыйсці ў ёй да ўлады, патрэбны не толькі высокія вартасці і не столькі ўдача, колькі ўдалая хітрасць. Зазначу таксама, што ўлада ў такой дзяржаве надаецца або з ласкі народа, або з ласкі вяльможаў. Паколькі ж два гэтыя адрозна настроеныя складнікі сустракаюцца ў кожным горадзе, то і выходзіць, што народ не хоча быць кіраваным і прыгнятаным вяльможамі, якія якраз-такі хочуць кіраваць народам і яго прыгнятаць; і два гэтыя супрацьскіраваныя памкненні ў гарадах вядуць да аднаго з трох вынікаў: або да адзінаўладдзя, або да самакіравання, або да анархіі.
Адзінаўладдзе можа ўстанаўляцца як вяльможамі, так і народам, у залежнасці ад збегу абставінаў: калі вяльможы бачаць, што не могуць супрацьстаяць народу, яны пачынаюць гуртавацца, канцэнтраваць свой аўтарытэт у аднаго са сваіх і робяць яго ўладаром, каб мець магчымасць пад яго прыкрыццём задавольваць свае памкненні; гэтак сама і народ, калі бачыць, што не можа супрацьстаяць вяльможам, гуртуецца, узвышаючы аўтарытэт аднаго, і робіць яго ўладаром, каб яго
сіла служыла ім абаронай. Таму, хто прыходзіць да ўлады з дапамогай вяльможаў, утрымаць яе бывае цяжэй, чым таму, каго прыводзіць да ўлады народ, бо вылучэнец вяльможаў, стаўшы ўладаром, апынаецца ў шматлікім атачэнні, якое лічыць сябе за яго роўню, і ён не можа ні загадваць, ні кіраваць на свой одум. А вось той, хто ўзносіцца да ўлады з ласкі народа, апынаецца на вяршыні адзін і ў яго атачэнні няма нікога ці вельмі мала такіх, хто не гатовы яму падпарадкавацца. Апроч таго, задаволіць вяльможаў, захоўваючы прыстойнасць і не чынячы шкоды іншым, ніяк не магчыма, а задаволіць народ магчыма, бо мэта ў народа больш сумленная, чым у вяльможаў: жаданне якіх прыгнятаць, тым часам як народ адно толькі не хоча быць прыгнечаным. Пры гэтым засцерагчыся ад варожа настроенага народа ўладару немагчыма, а вось ад вяльможаў магчыма, бо іх няшмат. Затое найгоршае, што ўладар можа чакаць ад варожа настроенага народа, гэта што народ ад яго адвернецца, а калі варожа настроеныя вяльможы, то ён мусіць апасацца не толькі, што яны адвернуцца, але і што пойдуць супраць, бо, як больш абачлівыя і спрытныя, яны заўсёды рыхтуюць сродкі свайго ратунку загадзя і шукаюць прыхільнасці ў таго, хто, як яны разлічваюць, пераможа. Разам з тым, уладар вымушаны ўвесь час жыць з адным і тым самым народам, можа лёгка абыходзіцца без адных і тых самых вяльможаў, у любы дзень набліжаючы або аддаляючы іх, сваёю воляй памяншаючы і павялічваючы іх уплывовасць.
Каб патлумачыць гэта ясней, скажу, што ў стаўленні да вяльможаў трэба мець на ўвазе два галоўныя аспекты: відаць ці не відаць з іх паводзінаў, што яны ва ўсім звязваюць свой лёс з вашым...
Такім чынам таму, хто стаў уладаром з ласкі народа, трэба падтрымліваць яго дружалюбнасць, і зрабіць гэта лёгка, бо народ не просіць нічога, апроч як не быць прыгнечаным. А таму, хто стаў уладаром праз ласку вяльможаў, насуперак волі народа, трэба перадусім пастарацца заваяваць народную прыхільнасць, што таксама няцяжка, бо дзеля гэтага дастаткова ўзяць народ пад сваю апеку. Паколькі ж людзі, атрымаўшы дабро ад таго, ад каго чакалі аднаго толькі ліха, адчуваюць сябе яшчэ больш абавязанымі свайму дабрадзею, то народ хутка пачне ставіцца да такога ўладара з яшчэ большай прыхільнасцю, чым калі б сам прывёў яго да ўлады. Заваяваць народную прыхільнасць уладар можа разнастайнымі метадамі, але я тут не буду пра іх гаварыць, бо яны мяняюцца ў залежнасці ад абставінаў, і вывесці нейкае надзейнае правіла немагчыма. Падсумоўваючы, скажу толькі, што ўладар павінен дружыць з народам, іначай у ліхую гадзіну ў яго не будзе сродкаў ратунку.
Нікало Мак’явэлі. Уладар. Пераклад Зм. Коласа. Мінск, 2008. С. 40-42.
АНДРЭЙВОЛЯН
Прырода надзяліла чалавечы род найвялікшымі каштоўнасцямі. Але думаю, найбольшай каштоўнасцю, бадай, ёсць свабода. Хоць чалавек і атрымаў ад маці прыроды добрыя разумовыя і фізічныя задаткі, якія, здаецца, і складаюць
сапраўднае шчасце, аднак ва ўмовах адсутнасці свабоды гэтыя задаткі не могуць належным чынам выканаць сваё прызначэнне і ашчаслівіць чалавека. У рабстве няма месца дабрачыннасці, у няволі немагчыма мець добрае здароўе, так неабходнае для жыцця і карысных справаў. Мусіш заўсёды рабіць не тое, што хочаш сам, а што падабаецца нягоднікам, і дзейнічаеш паводле іх прыхамаці. I нездарма ўсе людзі высокага розуму і ўсе добра ўладкаваныя грамадствы надавалі свабодзе выключную і неаслабную ўвагу. Вучоныя мужы адзначаюць, што рабства падрывае або зусім нішчыць усё добрае ў чалавечым грамадстве. Тут варта прыгадаць цудоўныя, мудрыя словы Цыцэрона: «Рабства ёсць найгоршым з усіх бедаў. Супроць яго трэба змагацца не на жыццё, а на смерць». Дый сама рэчаіснасць сведчыць, якім злом аказваецца рабства...