Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.) Том. 1 Ягор Новікаў

Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.)

Том. 1
Ягор Новікаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 208с.
Мінск 2007
50.01 МБ
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.)
Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.)
Том. 2
1 Клаузевнц К. 0 войне. Москва, 1997. С. 35.
2 Aron, Raymon, Peace and War: A Theory of International Relations (Malabar, Fla.: Krieger, 1981), 340.
3 Morgenthau. Hans J., Scientific Man vs. Power Politics (Chicago: University of Chicago Press, 1946), 205.
суб’ектам і аб’ектам да адкрытай варожасці паміж імі, якая і можа прывесці да гвалту.
Гэтая ўласціваснь гвалту прама вядзе да адкрыцця другога асноўнага элементу вайны: наяўнасці супрацьстаяння двух ці больш суб’ектаў. Імкненне да гвалту ніколі не ўзнікае ў чалавеку само па сабе, але з’яўляецца ў адказ на супрацьстаянне з другім чалавекам ці іншым аб’ектам існуючага свету. Па словах Арона, чалавек «не адчувае патрэбнасці да змагання гэткім чынам, як ён адчувае патрэбнасць у ежы ці сексуальным задавальненні. Ланцуг прычын, які вядзе да эмоцый ці актаў агрэсіўнасці, заўсёды можа быць прасочаны да знешняй з’явы. He існуе фізіялагічнага доказу спантаннага імкнення да змагання, якое б паходзіла з самога цела»4.
Але ні адрозненне сябе чалавекам ад навакольнага свету, ні нават наяўнасць супрацьстаяння з іншымі аб’ектамі гэтага свету яшчэ не з’яўляюцца самадастатковымі прычынамі для ажыццяўлення чыну гвалту. Чалавек, які збіраецца яго ажыццявіць, мусіць разумець, што ў большасці выпадкаў ён сустрэне адпаведны адказ і мусіць быць падрыхтаваны да пэўных страт і нават магчымасці паражэння ў змаганні. Такім чынам, ягоны намер да гвалту павінен быць матываваны пэўным інтарэсам, выгады ад дасягнення якога будуць пераважаць над магчымай рызыкай страт і паражэння. Пры гэтым супрацьлеглы бок будзе перашкаджаць дасягненню гэтага інтарэсу, пераследуючы свой уласны інтарэс. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што разам з актам гвалту і супрацьстаяннем двух ці болып суб’ектаў канфлікт інтарэсаў гэтых суб’ектаў складае трэці асноўны элемент вайны. Як адзначае Клаўзевіц, «нельга ўявіць нават самага першабытнага, блізкага да інстынкту пачуцця нянавісці без якогасьці варожага намеру... У дзікіх народаў пануюць намеры, якія ўзнікаюць з эмоцый, а ў цывілізаваных народаў намеры, абумоўленыя розумам»5. Вайна ў гэтым выпадку з’яўляецца праявай канфлікту інтарэсаў і сродкам яго вырашэння.
4 Aron, Raymon, Peace and War: A Theory of International Relations, 344.
5 Клаузевнц K. 0 войне. C. 36.
Пры гэтым вайна не можа аосалютным чынам адпавядаць толькі рацыянальнаму матыву вырашэння канфлікту інтарэсаў. Яна можа перарастаць рацыянальныя матывы, станавіцца самадастатковай і знаходзіць паліва для свайго полымя ў ірацыянальных матывах помсты і ярасці. У гэтым выпадку хаатычная і ірацыянальная самадастатковасць вайны блытае ход падзей, разбурае намеры яе завадатараў і прыводзіць да вынікаў, далёкіх ад меркаваных.
Але не кожны гвалтоўны чын, з дапамогай якога вырашаецца канфлікт паміж супрацьлеглымі бакамі, можа лічыцца вайной. Паводле Клаўзевіца, вайной можна назваць пашыранае адзінаборства6. Безумоўна, у гісторыі вядомыя выпадкі, калі вынік вайны вырашаўся адзінаборствам. Але, з іншага боку, канфлікт паміж суседнімі паселішчамі, напрыклад, з-за ворнай зямлі, не можа лічыцца сапраўднай вайной, нягледзячы на тое, што ён уцягвае шмат людзей і дасягае вялікай ступені жорсткасці. Ключавой умовай тут можна лічыць не столькі колькасць уцягнутых людзей і рэсурсаў, колькі іх арганізацыю.
Па словах таго самага Клаўзевіца, вайна — гэта «крайняя ступень выкарыстання гвалту»7. Лагічна будзе зрабіць выснову, што крайняй ступені выкарыстання гвалту адпавядае найвышэйшая ступень арганізацыі людзей, якія гэты гвалт чыняць. Такой ступенню арганізацыі з’яўляецца палітычная, ці дзяржаўная арганізацыя. Гэта можа быць як дзяржава цалкам. так і яе тэрытарыяльная частка альбо сацыяльная група, якія змагаюцца за ўладу ў гэтай дзяржаве. Таксама гэта можа быць народ, які наблізіўся да стварэння сваёй дзяржавы ці змагаецца за незалежнасць. Такім чынам, вайна вядзецца паміж супольнасцямі, якія валодаюць дзяржаўнай уладай альбо дамагаюцца яе. Пры гэтым, паводле сцверджання Маргентау, «палітыка, як і грамадства ў цэлым, кіруецца аб’ектыўнымі законамі, якія маюць свае карані ў чалавечай прыродзе»*. Адпаведна, дзяржавы і іншыя палітычныя супольнасці непазбежна ўжываюнь неад’емную частку чалавечай прыроды —
6 Клаузевйц К. О воііне. С. 34.
7 Тамсама. С. 35.
s Morgenthau, HansJ., Politics Among Nations (New York: McGrawHill, Inc., 1992), 4.
гвалт — пры вырашэнні канфліктаў. Апошні элемент вайны — палітыка — злучаецца з першым — гвалтам. Уся чацвярыца элементаў замыкаецца.
Падсумоўваючы ўсё сказанае, вайна — гэта чын гвалту, ужыты для вырашэння канфлікту інтарэсаў паміж дзвюма ці больш дзяржавамі ці іншымі палітычнымі супольнасцямі. Таму вайну мы будзем разглядаць як складную частку палітыкі і на працягу ўсяго даследавання прасочваць іх непарыўную сувязь.
4.	Тыпалогія войнаў
Зыходзячы з гэтай сувязі, мы вылучым некалькі тыпаў вайны. Паводле важнасці першае месца будуць займаць войны, выкліканыя менавіта палітычнымі прычынамі — войны магутнасці. Вызначыўшы вайну як адзін са спосабаў вырашэння канфлікту інтарэсаў, мы мусім вызначыць магутнасць як універсальны інтарэс, уласцівы менавіта дзяржаве як асноўнай адзінцы палітычнай сферы. Магутнасць як магчымасць ці прамы намер навязаць сваю волю з’яўляецца асноўнай мерай інтарэсу ў палітычнай сферы, таксама як прыбытак у сферы эканамічнай. У хаатычным і кепска рэгуляваным свеце, дзе роўныя паводле свайго статусу дзяржавы адстойваюць толькі ўласную выгаду, магутнасць з’яўляецца асноўным спосабам дзяржавы дасягнуць дабрабыту і росквіту або проста захавацца і выжыць.
Следам за Марцінам Уайтам мы можам вылучыць з палітычных войнаў, выкліканых імкненнем да магутнасці, войны выгады і страху’. Войны выгады звычайна пачынаюцца з мэтай дасягнення абсалютнай магутнасці і знішчэння сваіх праціўнікаў, тады як войны страху пачынаюцца з-за намеру здабыць адносную магутнасць і пазбегнуць варожага нападу. У такім выпадку дзяржава імкнецца супрацьдзейнічаць росту магутнасці праціўніка з дапамогай прэвентыўнага ўдару ад страху, што вайна, якая можа быць выйграная сёння, будзе непазбежна прайграная заўтра. Такім чынам, дзяржава падтрымлівае сваю адносную магутнасць прыніжэннем магутнасці іншых дзяржаў.
9	Wight, Martin, Wars of Gain, Fear and Doctrine, in Lawrence Freed­man ed.. War (Oxford: Oxford University Press, 1994), 90—94.
Паколькі войны вядуцца дзяржавамі ці іншымі палітычнымі супольнасцямі, палітычны матыў магутнасці непазбежна з’яўляецца універсальным, самадастатковым і абавязкова прысутнічае ў любой вайне. Дзяржава можа весці вайну магутнасці нават у выпадках, калі гэта не адпавядае яе эканамічным альбо іншым інтарэсам. Калі асноўнай прычынай вайны становіцца барацьба за эканамічны прыбытак ці ідэю, матыў магутнасці будзе ўсё роўна адыгрываць пэўную ролю. Ніводны іншы матыў ці прычына не могуць прэтэндаваць на падобную універсальнасць, хоць і набываючы ў асобных выпадках першаступеннае значэнне.
Пры гэтым неабходна сказаць, што вайна — гэта з’ява не толькі палітычная. Як любая палітычная супольнасць засноўваецца на шматлікіх эканамічных, грамадзянскіх, роднасных і духоўных сувязях паміж яе ўдзельнікамі ў дадатак да непасрэдна палітычных сувязяў, гэтак жа сама вайна можа браць пачатак у самых розных прычынах.
Наступны паводле свайго значэння і месца ў гісторыі від войнаў, выкліканых эканамічнымі прычынамі, — войны прыбытку. Такія войны могуць прымаць самыя разнастайныя формы. Вайна можа весціся: з мэтай самага звычайнага рабаўніцтва (адна з найпрасцейшых і найстаражытнейшых формаў вайны), дзеля захопу новых тэрыторый з мэтай іх засялення альбо атрымання дадатковых падаткаў, дзеля валодання багатымі прыроднымі рэсурсамі, нарэшце, дзеля кантролю над важнымі гандлёвымі шляхамі, якія можна перанакіраваць у сваіх інтарэсах альбо абкласці падаткамі на сваю карысць.
Нягледзячы на сваю ўяўную рацыянальнасць і пралічанасць, матыў прыбытку на самой справе ўтрымлівае ў сабе прыхаваную небяспеку і можа прынесці шмат шкоды таму, хто распачынае вайну з гэтай прычыны. Па-першае, нават самы цвярозы разлік прыбытку, запланаванага ў выніку перамогі ў вайне, не можа ўлічыць знішчальнай прыроды вайны, якая вельмі лёгка выходзіць з-пад кантролю яе завадатараў. Такая вайна можа прынесці незлічоныя страты, якія нашмат пераўзыдуць любы запланаваны прыбытак. Па-другое, побач з цалкам рацыянальным разлікам, які лёгка выражаецца ў пэўных колькасных адзін-
ках, матыў прыбытку таксама ўключае такі цёмны і ірацыянальны бок чалавечай прыроды, як хцівасць. Хцівасць злой сілай можа ўмяшацца ва ўсе разлікі і прымусіць падзеі і іх удзельнікаў у пагоні за прыбыткам зайсці далей за дазволеную мяжу. Хцівасць можа пераважыць нават матыў магутнасці, паставіўшы пад пагрозу выжыванне цэлай дзяржавы. Па-трэцяе, калі войны магутнасці вядуцца, прынамсі фармальна, у інтарэсах усёй дзяржавы, войны прыбытку звычайна вядуцца ўсёй дзяржавай, але ў інтарэсах асобных сацыяльных груп. У большасці выпадкаў гэта вярхі грамадства, якія і атрымліваюць асноўную выгаду, тады як прыкладаць намаганні і ахвяраваць сабой вымушанае ўсё насельніцтва. Гэта вядзе да ўнутранага разладу і нязгоды ў дзяржаве. У выніку гэтых прычын многія войны прыбытку пры знешняй рацыянальнасці і шанцах на поспех канчаюцца сумна.
Апошнім значным відам вайны з’яўляюцца войны, выкліканыя намерам прывесці сябе і навакольны свет у адпаведнасць са сваімі ўяўленнямі і ідэаламі — войны ідэі. Звычайна пад такімі войнамі разумеюцца войны з намерам распаўсюдзіць і навязаць сваю дактрыну, ідэалогію альбо рэлігію. Марцін Уайт называе іх войнамі дактрыны і вызначае іх як «місіянерскую, альбо крыжовую вайну, вайну для зацверджання прынцыпу ці прасоўвання справы»10. Мы можам пагадзіцца з гэтым вызначэннем, зазначыўшы толькі, што дактрына можа быць завузкім паняццем у гэтым выпадку. Яна прадугледжвае больш ці менш развітую сістэму поглядаў, якая можа быць навязаная асобным людзям ці цэлым супольнасцям. Але войны могуць весціся і ў імя ідэі, якая выразна адрозніваецца ад іншых матываў вайны, вядзе да змянення навакольнага свету ў адпаведнасці з ёй, але не выражае развітай сістэмы поглядаў і не імкнецца быць навязанай каму-небудзь. Такой ідэяй можа быць, напрыклад, помста. Вайна з мэтай помсты вядзецца з намерам прычыніць шкоду альбо знішчыць людзей ці дзяржаву ў адказ на варожы ці абразлівы ўчынак з іх боку. Помста далёка адстаіць ад матываў магутнасці і прыбытку. Яна можа прама ім супярэчыць і як ідэя не можа быць навязаная таму, супраць каго яна накіраваная.