Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.)
Том. 1
Ягор Новікаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 208с.
Мінск 2007
значыць эпоху, якая папярэднічала ўзнікненню Вялікага Княства Літоўскага і яго дамінаванню ў палітычным жыцці рэгіёна. Мы засяроджваемся менавіта на гэтай эпосе па дзвюх прычынах. Па-першае, разгляд любой з’явы ў гістарычнай перспектыве вымагае прасачыць яе развіццё ў часовым вымярэнні. Натуральна, што найбольш поўна і дакладна гэтую з'яву можна зразумець, адсачыўшы яе развіццё ад самага зараджэння і адкрыўшы тыя прычыны, якія прывялі да яе ўзнікнення і існавання. Даследаваная намі эпоха і ёсць той час, які даў пачатак ваеннай і палітычнай гісторыі беларускіх земляў і прадвызначыў далейшыя яе кірункі. Па-другое, простая палітычная, эканамічная і вайсковая арганізацыя грамадства таго часу дае нашмат больш яснае і чыстае ўяўленне аб агульных заканамернасцях ваеннай гісторыі, чым пазнейшыя часы, дзе заканамернасці хаваюцца пад нагрувашчанне.м вялізнай колькасці важных і другасных падзей, дзеючых асоб і іншых фактараў.
Традыцыйна гэты перыяд вывучаецца ў рэчышчы гісторыі Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў. Яго заканчэннем прынята лічыць сярэдзіну XIII ст., калі экспансія крыжакоў ва Усходняй Прыбалтыцы і заняпад астатніх земляў Русі, разгромленых манголамі, прывялі да аслаблення гэтых княстваў. Адпаведна, цэнтр палітычнага жыцця перамясціўся ў Панямонне, дзе былы полацкі васал Літва і мясцовыя рускія княствы ўтварылі Вялікае Княства Літоўскае, якое з цягам часу ўключыла ў сябе ўсе сучасныя беларускія землі.
3 нашага пункту гледжання, змены, якія адбыліся ў палітычным ландшафце ў першай палове XIII ст., больш шчыльна злучаюць гэты час з наступнымі. як і з папярэднімі падзеямі. У XII, як і ў XI ст., Полацкае княства цвёрда трымала пад сваёй уладай літоўскія землі і Ніжняе Падзвінне і засяроджвала сваю палітыку на барацьбе з іншымі княствамі і землямі Русі. У XIII ст. Полацк ужо не мае былой улады над літоўскімі плямёнамі. Больш за тое. яны самі набываюць усё большую вагу ў палітычным жыцці як Панямоння, так і Падзвіння і нават скарыстоўваюць полацкую тэрыторыю для нападаў на пскоўскія, наўгародскія і смаленскія землі. Полацк таксама страчвае Ніжняе Падзвінне на карысць крыжакоў, далейшае змаганне з якімі
стане адным з вызначальных чыннікаў у стварэнні Вялікага Княства Літоўскага і асноўным кірункам ягонай знешняй палітыкі ў першыя стагоддзі існавання. Цяжка сказаць аб гэтым лепей за Мітрафана Доўнар-Запольскага, які таксама абраў верхняй мяжой свайго капітальнага даследавання па гісторыі Крывіцкай і Дрыгавіцкай земляў канец XII ст. «Мы сканчаем гісторыю Крывічоў і Дрыгавічоў якраз на тым перыядзе, калі ў ім заўважаецца пералом. Незалежнасць Смаленскага княжання зусім усталявалася, і яно імкнецца стварыць з сябе цэнтр на захадзе, падобны да Уладзімірскага княства на ўсходзе; інтарэсы Полацкага княства звяртаюцца на захад, да Немцаў і Літоўцаў; апошні элемент, відавочна, пачынае займаць тут заўважнае месца, уваходзіць у больш цесныя стасункі з Палачанамі, пачынаецна ў ім абуджэнне, заўважнае ў апошняй чвэрці XII стагоддзя, якое цяжка прасачыць па наяўных крыніцах, але сляды якога рэльефна сказаліся толькі да паловы наступнага стагоддзя. Нарэшце, Турава-Пінская вобласць атрымлівае пэўную самастойнасць, сваю лінію князёў, яе інтарэсы таксама звяртаюцца, з-за падзення Кіева, на захадзе, да Галіча, цэнтр зямлі са старажытнага Турава пераходзіць у Пінск»22. Па гэтых прычынах канец XII ст. і стане верхнім рубяжом нашага даследавання.
Ніжні храналагічны рубеж нашага даследавання вызначыць нашмат больш складана. Па-першае, вызначыўшы вайну як з’яву палітычную і непасрэдна звязаную з дзяржаўным жыццём, мы мусім пакінуць па-за межамі ваеннай гісторыі хаатычныя ўзброеныя сутыкненні першабытных плямёнаў. Мы можам вывучаць ваенныя канфлікты дадзяржаўнага перыяду толькі як ледадгісторыю, толькі ў той ступені, у якой яны зрабілі ўнёсак у працэс дзяржаватварэння, і толькі ў перыяд, які непасрэдна папярэднічаў гэтаму працэсу. Такой перадгісторыяй мы можам лічыць рассяленне славянскіх плямёнаў на беларускіх землях і іх узаемадзеянне з аўтахтоннымі балцкімі плямёнамі. Менавіта масавыя перамяшчэнні народаў прывялі да ўздыму ўзброеных сутыкненняў, павелічэння колькасці ўцягнутых у іх людзей і выкліканага гэтымі факта-
22 Довнар-Запольскнй М. Очерк ucmopuu Крйвйчской й Дреговйчской земель do конца XII столетйя. Кнев, 1891. С. VI.
рамі закладання перадумоў дзяржаўнасці.
Па-другое, нават вызначыўшыся з сутнасцю таго моманту, ад якога пачынаецца адлік ваеннай гісторыі, мы непазбежна сутыкаемся з цяжкасцямі, калі спрабуем храналагічна прывязаць яго да пэўных дат. Дакладных пісьмовых крыніц па дадзяржаўным перыядзе гісторыі беларускіх земляў амаль не існуе, а беларуская эпічная традыцыя захавала пра той час мала звестак. Таму даводзіцца ў асноўным спадзявацца на археалагічныя крыніны і ўскосныя дадзеныя пісьмовых, што дазваляе нам рабіць вельмі прыкладныя датоўкі. На гэтых падставах ніжні рубеж гэтага даследавання можна аднесці да канца V ст., калі пачалася міграцыя славянскіх плямёнаў на асноўную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Ваенная гісторыя беларускіх земляў у вызначаных часовых рубяжах будзе падзеленая на чатыры драбнейшыя перыяды.
Першы перыяд ахоплівае час ад V да пачатку IX стст. і можа быць названы дадзяржаўным. Як мы ўжо зазначалі, сутнасць гэтага перыяду заключаецца ў рассяленні славянскіх плямёнаў на беларускіх землях, іх узаемадзеянні з мясцовымі балцкімі плямёнамі і паступовым выспяванні перадумоў для пераўтварэння грамадскага ладу гэтых плямёнаў з ваеннай дэмакратыі ў раннюю дзяржаву.
Другі перыяд закранае час з 820-х да 970-х гг. Ён звязаны з уваходжаннем большасці беларускіх земляў у склад Кіеўскай дзяржавы, а таксама ўзнікненнем і развіццём самастойных дзяржаў у Полацку і Тураве. Гэты перыяд можа быць умоўна названы нарманскім, паколькі названыя дзяржавы. захоўваючы свой мясцовы характар, кіраваліся, аднак, прышлымі нарманскімі валадарамі. Перыяд завяршаецца захопам Полацка наўгародскім (пазней кіеўскім) князем Уладзімірам і гібеллю апошняга нарманскага гаспадара Полацка Рагвалода.
Трэці перыяд, альбо перыяд магутнасці, характарызуецца паступовым выхадам Полацка з-пад улады Кіева, росквітам яго палітычнай сілы, войнамі з Кіеўскай дзяржавай і падпарадкаваннем Літвы і Ніжняга Падзвіння. Ён працягваецца ад 970-х гг. да 1101 г., году смерці Усяслава Чарадзея.
Чацвёрты і апошні перыяд даследаванага часу, перыяд міжусобных войнаў, працягваецца ад 1102 г. да канца XII ст. Ён уключае такія з’явы, як: распад Полацкай зямлі на асобныя княствы і ўнутраную барацьбу ў ёй, працяг барацьбы з Кіеўскай дзяржавай і яе асобнымі княствамі, значны ўплыў Смаленскага княства на падзеі ў краі, узрастаючую ролю Літвы ў палітычным жыцці беларускіх земляў.
Дадзеная перыядызацыя з’яўляецца ўмоўнай, як і любая перыядызацыя, якая адвольна падзяляе бесперапынную плынь гісторыі на асобныя часткі. Але мы думаем, што яна да пэўнай ступені адлюстроўвае тыя змены, якія адбываліся цягам часу з роляй вайны ў жыцці грамадства, развіццём вайсковай арганізацыі, зброі і спосабаў бою. Гэта мы і паспрабуем паказаць у нашым даследаванні.
9. Кампазіцыя
Цяпер, прайшоўшы ўвесь шлях распрацоўкі тэарэтычных асноў нашага даследавання, мы мусім сказаць некалькі слоў пра тое, якім чынам яны будуць упісвацца ў наш аповед. Асновай яго стане храналагічная плынь гісторыі, у адпаведнасці з нашай перыядызацыяй падзеленая на чатыры перыяды. Кожная з іх будзе ўтрымліваць тры раздзелы: гісторыі непасрэдна войнаў, уплыву вайны на развіццё грамадства і гісторыі ваеннага майстэрства. Першыя два раздзелы будуць адпавядаць двум узроўням асэнсавання ваеннай гісторыі. Першы ўзровень мае збольшага факталагічны характар і датычыцца аналізу і збору фактаў, якія дапамагаюць аднавіць агульную плынь гісторыі23. Другі ўзровень вядзе нас да тэарэтычнага абагульнсння фактаў. Да пэўнай ступені ён замяняе канкрэтныя гістарычныя рэаліі абстрактнымі катэгорыямі. Ён тлумачыць сутнасць гэтых катэгорый і агульныя правілы і заканамернасці, якім гэтыя катэгорыі падпарадкоўваюцца, a таксама вызначае ўзоры іх паводзін24. Таму першы раздзел будзе падаваць агульную інфармацыю па гісторыі войнаў на беларускіх землях у адпаведны перыяд часу, характэрныя асаблівасці войнаў таго перыяду, іх прычы-
23 Aron, Raymon, Peace and War: A Theory of International Relations, 2.
24 Ibid. 14, 17.
ны, хаду і вынікі. Другі раздзел засяродзіцца на сувязі вайны з палітычнай гісторыяй, эканамічным і культурным развіццём беларускіх земляў і яе агульным значэнні для гісторыі краю. Трэці раздзел будзе прысвечаны больш вузкаспеныяльнай тэме гісторыі ваеннага майстэрства ў ходзе войнаў, а менавіта: развіццю вайсковай арганізацыі, развіццю зброі і ваеннай тэхнікі, аблозе і абароне крэпасцяў і развіццю стратэгічных і тактычных спосабаў вядзення вайны. Магчыма, такая кампазіцыя даследавання будзе не самай захапляльнай для чытача. Аднак, на наш погляд, яна дазволіць даць найбольш яснае і лагічнае ўяўленне аб прадмеце даследавання: вайне ў гісторыі беларускіх земляў.
На заканчэнне гэтых працяглых уводзін хацелася б сказаць некалькі слоў у апалогію нашага даследавання. Яно не ёсць і не можа быць дасканалым. Можна ўпэўнена прадказаць, што яно непазбежна выкліча крытыку з розных бакоў. Па-першае, яно прыцягне ўвагу знаўцаў пэўных перыядаў гісторыі і спецыялістаў у асобных адгалінаваннях навукі, якія могуць слушна заўважыць, што не ўсе падыходы распрацаваныя аднолькава добра, не ўсе крыніцы ўзятыя пад увагу, не ўсе факты згаданыя ці асветленыя належным чынам. Па-другое, камусьці абавязкова кінуцца ў вочы канцэптуальныя недахопы. У адказ на гэта можна зазначыць, што недакладнасці ў асвятленні «вузкіх» момантаў амаль што запраграмаваныя для даследаванняў такога кшталту, якія стаяць на раздарожжы некалькіх галін навукі і закранаюць вялікія перыяды часу. У такіх выпадках дэталі з’яўляюцца верагоднай ахвярай спробы ўбачыць агульную карціну падзей. Тым не менш, мы будзем імкнуцца ставіцца да асобных дэталяў як можна больш уважліва. Што ж датычыцца канцэптуальных недахопаў, то наша даследаванне з’яўляецца толькі адной з першых спроб закласці тэарэтычныя асновы ваеннай гісторыі Беларусі і вывучыць, прынамсі, яе першы перыяд. Калі ж нехта возьмецца дапоўніць гэтае даследаванне, паправіць ці абвергнуць яго, то аўтар будзе толькі вітаць гэта як яшчэ адзін крок па дарозе ведаў у кірунку ісціны.