Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца XII ст.)
Том. 1
Ягор Новікаў
Выдавец: Логвінаў
Памер: 208с.
Мінск 2007
159 Лаврентьевская летопнсь. Ст. 74—75.
160 Арбман X. Вйкйнгй. С. 39.
161 Лаврентьевская лстопнсь. Ст. 75—76.
162 Рябцевнч В. Н. Нумйзматйка Беларусй. С. 110—111.
163 Археалогія Беларусі. Т. 3. С. 457.
лодаў выхадам у Балтыйскае мора па Дзвіне, нашмат зручнейшым за маршрут праз Ноўгарад па Волхаву. Таму Поланк у тыя часы стаў прамым гандлёвым канкурэнтам Ноўгарада і не быў зацікаўлены ў саюзе з ім. Зваротна, і Ноўгарад, не заключыўшы палітычны саюз з Полацкам, быў зацікаўлены ў прыніжэнні апошняга164. Заключным штуршком да сутыкнення стала пажаданне полацкай князёўны ажаніцца з Яраполкам165.
У адказ «Володнмерь же собра вон многн, Варягн н Словеннн, Чюдь н Крнвмчн, н понде на Рогьволода»166. Пад сценамі Полайка сышліся аселыя на Дзвіне нарманы Рагвалода з прышлымі нарманамі Уладзіміра, полацкія крывічы з ізборскімі і пскоўскімі крывічамі. Уладзімір «оубм Рогьволода, н сына его два, н дьчерь его поя жене»167. Першае самастойнае дзяржаўнае ўтварэнне на беларускіх землях спыніла сваё існаванне вельмі трагічным чынам. Аднак зерні самастойнай палітычнай арганізацыі ўжо былі пасеяныя. Перыяд 930-970-х гадоў паказаў, што з племяннога княжання, узначаленага дзейнымі палітычнымі вярхамі, здольнымі праводзіць самастойную палітыку, і размешчанага на важным гандлёвым шляху, можа развіцца самадастатковы палітычны арганізм. Гэта давялі пазнейшыя падзеі.
Пакуль жа, перамогшы Поланк, Уладзімір рушыў далей на поўдзень. Магчыма, падчас гэтага паходу страціла самастойнасць і княства дрыгавічоў са сталіцай у Тураве. Падобна, што за часы кіравання Святаслава, увага якога была скіраваная на паўднёвую частку Дняпроўскага шляху і на Балканы, дрыгавічы таксама вярнулі сабе самастойнасць ад Кіева. Гэта пацвярджаенна паведамленнем летапісу, паводле якога пад тым самым 980 г. у Тураве княжыў яшчэ адзін нарман Туры, «от негоже н Туровцн прозвашася»168. Ю. В. Канавалаў спрабуе атаясаміць Туры з Тругві, сынам Олафа Альва Гейрстадзіра, братам Рагнвальда Славутага
164 Котлярчук А. Швэды ў гісторыі і кулыпуры беларусаў. Менск, 2002. С. 8.
165 Лаврснтьевская летопнсь. Ст. 76.
166 Та.мсама.
167 Тамсама.
Тамсама.
(г. зн. Рагвалода) і бацькам славутага нарвежскага караля Олава Тругвасана (OlofrTryggvason)169. Але як і ў выпадку з Рагвалодам, гэтая цікавая гіпотэза з’яўляецца пабудаванай рачэй на дапушчэннях і здагадках, чым на доказах. Паколькі ніводная крыніца не згадвае ваенных дзеянняў вакол Турава ў той час, можна меркаваць, што Туры без барацьбы саступіў сваю ўладу Уладзіміру.
3 падпарадкаваннем Уладзіміру Турава ў цэлай Русі больш не заставалася самастойных нарманскіх князёў. Калі Рагвалод і Туры прайгралі палітычную барацьбу і зніклі з палітычнай арэны, то нашчадкі Рурыка асіміляваліся са славянамі. Мяркуючы па анамастыконе кіеўскіх князёў, ужо Святаслаў быў рачэй славянінам, чым нарманам. Уладзімір ужо цалкам успрыняў славянскую культуру. Заснаваны ім пантэон паганскіх багоў не мае ў сабе нарманскіх запазычанняў170. Але мы не можам сказаць, што нарманы растварыліся ў славянска-балцка-фінскім моры. Рачэй мы можам сказаць, што, зрабіўшы свой унёсак у развіццё мясцовай палітычнай арганізацыі, эканомікі і культуры, яны і іх нашчадкі сталі адной з неад’емных складных частак рэгіёну, які і атрымаў назву з нарманскім коранем: Русь.
Пры далейшым развіцці наступлення Уладзімір наблізіўся да Кіева, дзе аблажыў Яраполка. Паслухаўшы парады набліжаных да сябе людзей, Яраполк не стаў абараняць горад і перабег у крэпасць Родзень. Там ён быў здрадліва забіты, калі спрабаваў дамовіцца з Уладзімірам аб міры171. Уладзімір стаў адзіным валадаром Русі. Але заставалася яшчэ адна прычына для непакою: ягоныя пераможныя варажскія атрады. Гордыя сваім поспехам, яны пачуваліся ў Кіеве гаспадарамі і запрасілі ва Уладзіміра выкуп за горад. Той папрасіў месяц, каб сабраць патрэбную суму. Але і праз месяц нарманы не дачакаліся нічога. Верагодна, што вялікая колькасць астатняга сабранага Уладзімірам войска, якое складалася з крывічоў, чудзі і славен, была занадта вялікай, каб нарманы маглі разлічваць
164 Коновалов Ю. В. Русско-скандйнавскйе связй середйны IX — середнны XI вв. С. 50—51.
170 Лаврентьевская летопнсь. Ст. 79.
171 Тамсама. Ст. 76-78.
на поспех у адкрытым сутыкненні. Таму ім нічога не заставалася, апроч як горка сказаць князю: «сольстмль есн намн» ды папрасіць указаць ім шлях у Візантыю172. Найбольш выдатных з іх Уладзімір пакінуў у сябе на службе, іншых жа накіраваў у Візантыю, папярэдзіўшы пры гэтым імператара: «семо не пушай нн еднного»173.
Калі ветразі нарманскіх лоддзяў прапалі з вачэй кіяўлян, знікла яшчэ адна з прыкмет нарманскага перыяду гісторыі: нарманскія дружыны. Вядома, нарманскія кантынгенты і надалей бралі чынны ўдзел у войнах на Русі, але змянілася сама прырода іхняй прысутнасці. Нарманскія дружыннікі ужо не маглі навязваць сваю волю князю як першаму з роўных. Яны не маглі падштурхоўваць яго да рабаўніцкіх паходаў у інтарэсах дружыны, але насуперак інтарэсам дзяржавы. Усё, што ім дасталося, — служыць ураднікамі ці наймітамі, паважанымі і ўплывовымі, але несамастойнымі. Князь Уладзімір, ужо больш гаспадар, чым вікінг, надзвычай сімвалічным жэстам адпусціў іншых вікінгаў у Візантыю, у ваенныя планы якой яны ўпісваліся нашмат лепей, чым у дзяржаўную структуру Русі.
Новы час нёс новыя ўмовы, і нарманы ўжо не мелі ранейшай прасторы для дзейнасці на Русі. Зрэшты, іх патрэба ў заморскай экспансіі моцна знізілася. У другой палове X ст. у Даніі, Швецыі і Нарвегіі ішоў працэс развіцця і кансалідацыі дзяржаўнай арганізацыі, які вёў да больш устойлівай структуры грамадства. Прага да багацця і славы ўжо не гнала нарманаў так непераадольна на войны і гандаль у чужых, у тым ліку беларускіх землях. Але іх уплыў аказаўся надзвычай трывалым у прамых і ўскосных формах. Ён выяўляўся і выяўляецца пад разнастайнымі напластаваннямі гэтак жа сама, як пад археалагічнымі слаямі многіх вякоў часам знаходзіцца нарманскі меч вытанчанай работы.
172 Лаврентьевская летопнсь. Ст. 78—79.
173 Тамсама. Ст. 79.
Раздзел 2.
Уплыў вайны на развіццё грамадства
А) Ваенны фактар у палітычным развіцці грамадства
Разглядаючы ролю вайны ў жыцці грамадства ў нарманскі перыяд, мы найперш мусім звярнуць уваіу на тое, якія працэсы былі ў той час вызначальнымі для палітычнага, эканамічнага і духоўнага развіцця грамадства ў розных народаў на беларускіх землях. У палітычных адносінах найважнейшым працэсам было разлажэнне ваеннай дэмакратыі і нараджэнне дзяржавы як новага спосабу ўладкавання грамадства з уладай як галоўным элементам дзяржаўнай структуры. Прычым у гэтым працэсе на ролю найбольш верагоднага носьбіта ўлады прэтэндавала вайсковая знаць: князі з іх дружынамі. Невайсковая земская знаць, чыя сіла засноўвалася на традыцыйным аўтарытэце і асабістых сувязях з супляменнікамі, наадварот, прайгравала барацьбу за ўплыў на грамадства. Раней мы ўжо вызначыліся з тым, што пры ўсёй легендарнай афарбоўцы будзем лічыць сімвалічным момантам выдзялення ўлады як асобнай з’явы, адрознай ад ранейшых метадаў кіравання, уласцівых ваеннай дэмакратыі, закліканне крывічамі, славенамі і чуддзю Рурыка і яго дружыны на кіраванне ў 862 г. Цяпер мы мусім дань больш разгорнутыя тлумачэнні аб тым, чаму выдзяленне ўлады мы звязваем менавіта з нарманамі і што дало ім перавагу перад мясцовай дружыннай знаццю, чаму можам пачынаць адлік дзяржаўнасці на беларускіх землях з гэтай даты і якую ролю ў гэтых падзеях адыгрываў ваенны чыннік гістарычнага працэсу.
Нам нашмат лягчэй будзе адказаць на гэтае пытанне, калі мы яшчэ раз зірнем на самую сутнасць улады і фун-
кцыі, якія яна выконвае спрадвечна і выконвала ў той час. Асноўнымі функцыямі ўлады былі абарона грамадства ад знешняй пагрозы і падтрыманне ўнутранага парадку. У абодвух выпадках улада непазбежна сустракалася з нейкім супрацівам сваім намерам звонку ці знутры і мусіла яго пераадольваць. Такім чынам, сама сутнасць уладнага працэсу, як і вайны, заключалася амаль у славутым клаўзевіцаўскім «прымусіць непрыяцеля выканаць нашу волю», з той толькі розніцай, што пры забеспячэнні ўнутранага парадку прымус накіроўваўся не на знешняга непрыяцеля, а на ўнутраныя грамадска небяспечныя ці проста дысідэннкія элементы. Барацьба з апошнімі вынікала з таго, што, як і любы іншы інстытут, улада не абмяжоўвалася выкананнем грамадска карысных функцый, a набывала пэўную самадастатковасць і прадпрымала многія дзеянні дзеля захавання і развіцця сябе самой, хаця гэта часта ішло насуперак інтарэсам грамадства.
Побач з падобнай сутнасцю ўладнага працэсу, уладу з вайной радніла яшчэ і падабенства сродкаў дасягнення мэты. Неабходнасць пераадольваць знешняе ці ўнутранае супраціўленне рабіла асноўным незаменным і неабходным элементам улады магугнасць, што засноўвалася на моцы, якую забяспечынь магла толькі збройная сіла. Збройная сіла выкарыстоўвалася, каб адбінь варожы напад ці ў сваю чаргу напасці на суседнія народы і краіны, а таксама каб змусіць да падпарадкавання тых сяброў грамадства, дзеянні якіх уяўляюнь сабой патэнцыйную небяспеку для іншых ці сваёй нязгодай выяўляюць пагрозу для існавання ўлады.
Зважаючы на гэта, цалкам зразумела, чаму зародкам дзяржаўнай улады стаў прафесійны вайсковы слой племяннога грамадства: дружына з князем. Дружына валодала збройнай сілай, якая забяспечвала магутнасць і магла прымусіць выканаць сваю волю. У гэтай пазіцыі дружыны быў толькі адзін слабы бок той, чыя ўлада будавалася на збройнай сіле, непазбежна губляў яе на карысць таго, хто валодаў большай збройнай сілай і мог лепей выконвань вышэйзгаданыя функцыі. Для славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх дружын такім пагрозлівы.м канкурэнтам сталі нарманы.
Нарманы, якія ўжо ў Vі11 ст. увайшлі ў кантакт са славенамі і чуддзю, а ў IX ст. з крывічамі і іншымі славянскімі, а таксама балцкімі плямёнамі, прынеслі з сабой вялікую перавагу ў ваеннай справе. Яны мелі лепшае ўзбраенне, карысталіся эфектыўнейшай тактыкай бою і ў індывідуальнай баявой вывучцы значна пераўзыходзілі славян, балтаў і фіна-уграў. А іх досвед сутыкненняў з войскамі англійскіх і ірландскіх каралеўстваў, імперыі Каралінгаў і розных арабскіх дзяржаў быў проста непараўнальным у адносінах да мясцовых славянскіх, балцкіх і фіна-угорскіх дружын. Такі патэнцыял даваў нарманам цудоўную магчымасць узяць на сябе ўладныя функцыі сярод плямёнаў паміж Балтыкай і Чорным морам.