Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
— Страшна, — сумелася Ядзя, яна, відавочна, какетнічала. — А ці можна так, каб не фатаграфавацца? Мне брыдка, а што будзе, як пазнаюць?
— Галоўнае, каб на фотцы добра атрымаўся кліент, а твае толькі асобныя часткі цела. Без фотаздымкаў абысціся можна, але непажадана, бо гэта доказ, і таму адразу ўзрастае цана.
— Выходзіць, шантаж?! — не то пытаючыся, не то сцвярджаючы, прагаварыла Ядзя.
— Называй як хочаш, толькі кліент сам прапаноўвае грошы, а значыць, і скардзіцца не будзе.
Ядзя надзіва хутка ўцягнулася ў "работу". Яна пачала нават атрымоўваць асалоду, назіраючы за п'янаватымі кліентамі, якія, убачыўшы яе, кідкапрыгожую, вабную, падцягваліся, іх твары расплываліся дурнаватымі ўсмешкамі, вочы быццам прыліпалі да яе гнуткага стану, да высокіх грудзей... У гэтыя хвіліны Ядзя адчувала сваю перавагу, была казачнай феяй, ёй імпанавала і цешыла самалюбства мужчынская пажадлівасць. Яна артыстычна выконвала ролю разбэшчанай, капрызнай кабеты, якая не супраць пацешыцца, прыняць заляцанні стомленага камандзірованага.
Калеснік і сапраўды прыдзірліва выбіраў будучага кліента. Ён некалькі дзён аціраўся ў калідорах якой-небудзь высокай дзяржаўнай установы, бо будучая ахвяра, "кліент", павінен быць начальнікам, хай сабе і невялікім, але абавязкова каб пры пасадзе. Калеснік лёгка сыходзіўся з чалавекам, завязваў размову, а там і планы на вечар. Ён не навязваўся, а, быццам між іншым, узгадваў добрую знаёмую, якая пакутуе ад адзіноты. Кліент згаджаўся павячэраць у добрай кампаніі, а далей, пасля некалькіх кілішкаў гарэлкі, усё ішло як па масле...
Потым Калеснік заўсёды зласліва кпіў з гэтых чыноўнікаў, напачатку ганарліва-пыхлівых, а потым прыніжаных і плаксівых, гатовых заплаціць любыя грошы, абы толькі ўсё засталося шыта-крыта.
3 пэўнага часу Ядзя пачала адчуваць крыўду, лічачы, што саўдзельнікі робяць менш, а атрымоўваюць усе роўна. Асноўную работу выконвала яна, таму мець павінна больш. Праўда, выказаць нязгоду Калесніку пабойвалася, але выйсце знайшла: з пэўнага часу, перш чым міргануць святлом, падаць знак Сержу і Івану, употайкі шастала па кішэнях спячых кліентаў і забірала частку грошай.
Аднойчы Ядзя паспяшалася, не дачакалася, пакуль кліент засне. Толькі яе рука слізганула ў кішэню пінжака, што вісеў на спінцы крэсла, як кліент уз-
бычыў галаву і вылупіў чырвоныя вочы, куды толькі і сон падзеўся.
— Значыць, краля, чысціш кішэні? — ухапіў ён Ядзю за рукі. — Я ў міліцыю зараз пазваню.
Ядзя перапужалася толькі на нейкую хвіліну. Напамін пра міліцыю надаў рашучасці, яна з усёй сілы штурханула кліента, кінулася да дзвярэй, але чалавек, хоць і быў на добрым падпітку, аказаўся спрытнейшы за яе.
— Не-е, краля, — перахапіўшы Ядзю ў дзвярах, зарагатаў ён, — міліцыю выклікаць не буду, разлічышся іншым...
Ядзя супраціўлялася моўчкі, крычаць баялася, каб і сапраўды хто з суседзяў не выклікаў міліцыю. Кліент паваліў яе ў ложак, ірвануў на грудзях сукенку. Матэрыя неяк жаласліва заскавытала, Ядзя ўскрыкнула і раз'ятрана ўчапілася кіпцюрамі ў твар гвалтаўніка. Ён дзіка рыкнуў і бесцырымонна, наводмаш стукнуў кулаком Ядзі ў лоб... На нейкі момант Ядзя страціла прытомнасць, а калі ачомалася, зразумела ўсю безвыходнасць свайго становішча. Яна ляжала ў ложку, а кліент, дамогшыся свайго, цяжка соп. Цяпер ён быў уладаром яе паралізаванага непрытомнасцю і страхам цела. Нязведаны дагэтуль пякучы боль з кожным рухам гвалтаўніка ўладарна ўрываўся ў яе,а ніз жывата, здавалася, палыхаў агнём. Ёй стала прыкра і гідка, з вачэй пырснулі слёзы горычы. Крыўда і боль ірвалі душу. Ядзя ў гэты момант жадала толькі аднаго: каб гэты вялікі, цяжкі чалавек з лысай галавой хутчэй здаволіўся і пакінуў яе ў спакоі. Ёй не хапала паветра, Ядзя задыхалася, але зрабіць нічога не магла, рукі з апошніх сіл, больш па інерцыі, адштурхоўвалі таўстуна, пакуль раптам пальцы выпадкова не зачапіліся за шнур вісячага над ложкам бра.
Рашэнне прыйшло адразу, яна намацала выключальнік, заміргала святлом. Лысы не звярнуў на мірганне аніякай увагі, а Ядзі было ўсё роўна, што станецца з ёй, што зробіць Калеснік, калі ўбачыць яе ў гэткім стане, толькі аднаго нясцерпна жадала — скінуць гэтую брыдкую, потную тушу і вызваліцца ад пякучага болю ў жываце...
Ядзя не чула, як Калеснік адмыкаў дзверы, не бачыла, як хаўруснікі ўвайшлі, толькі ў нейкі момант
усім целам адчула, як гвалтаўнік раптам сутаргава затузаўся, ва ўсе бакі пырснула кроў, лысая галава безжыццёва звалілася на яе плячо. Першы спахапіўся Іван. Ён перакуліў лысага і, не зважаючы на расхрыстаную, голую Ядзю, істэрычна закалаціў яго далонямі па шчоках. Галава кліента безжыццёва хісталася з боку ў бок, застылыя абыякавыя вочы глядзелі ў столь, па твары, шыі, грудзях ручайкамі сцякала кроў.
— Ён не дыхае! — роспачна крыкнуў Іван і адвярнуўся. Яго званітавала.
Калеснік агледзеўусіх злым, нерухомым позіркам, кінуў на падлогу бутэльку з-пад шампанскага, з якой Ядзя колькі часу таму частавала лысага, сеў у крэсла, цяжка ўздыхнуў:
— Што тут здарылася, чаму ён не спаў?
Ядзя, яшчэ не асэнсаваўшы ўсяго, надрыўна галасіла і таропка, дрыготкімі рукамі спрабавала нацягнуць на сябе разарваную сукенку, але гэта ёй ніяк не ўдавалася.
— Выкінь гэтую анучу! — нервова крыкнуў Калеснік і працягнуў жанчыне прасціну. — Прыкрыйся і расказвай. А ты, — кінуў ён Івану, — пакінь у спакоі мерцвяка, аплявухамі не падымеш.
— Ён узяў мяне сілай, я нічога не магла зрабіць, — наўзрыд галасіла Ядзя.
— He скуголь! — узвіўся Калеснік. — Навошта цябе гвалціць, калі ён ведаў, дзеля чаго сюды ішоў? Кліент не сумняваўся, што атрымае сваё. Кажы праўду, ён мёртвы, і я павінен ведаць сапраўдную прычыну.
Ядзя закрыла далонямі твар, галасіла:
— Я думала, ён спіць, і хацела забраць з кішэні грошы...
Ядзя не дагаварыла. Калеснік моцна ўдарыў кулаком у твар, і яна другі раз за апошнія паўгадзіны страціла прытомнасць. Калі расплюшчыла вочы, Серж пырскаў на яе вадой, Івана не было, мярцвяк ляжаў побач папярок ложка і ўсё глядзеў у столь нежывымі, мутнымі вачыма. Яна падхапілася, замітусілася, шукаючы сваё адзенне, і толькі адна думка нясцерпным болем разломвала скроні: "... Хутчэй уцякаць з гэтай жудаснай кватэры, каб не бачыць ні Калесніка, ні мерцвяка, ні запэцканых крывёй прасцін і падушак".
— He тузайся, — паклаў Калеснік руку на плячо, прымусіў сесці, — і слухай уважліва. — Ён на хвіліну прымоўк, задумаўся. — Я выклікаў міліцыю, раскажам усё, як было, акрамя сапраўднай прычыны, па якой ён тут апынуўся, — Калеснік паглядзеў на мерцвяка і гідліва зморшчыўся. — Памятай: ты, я і ён былі ў рэстаране, там і пазнаёміліся. Прыйшлі ў кватэру, выпілі шампанскага і, як часцяком бывае, не хапіла. Цяпер галоўнае: я, твой жаніх, пайшоў купіць яшчэ гарэлкі, а лысы, скарыстаўшы маю адсутнасць, згвалціў цябе. Ты не чула, калі я вярнуўся, і астатняе, як было. Пра Івана не ўзгадвай. Мы былі з лысым у рэстаране, нас бачылі, так што ўсё будзе выглядаць праўдзіва і натуралыза. Галоўнае, стаяць на сваім: ён гвалтаўнік. Думаю, доказаў хопіць, і памятай: плявузгнеш лішняе — сядзем утраіх, і не менш як па дзесятцы нам забяспечана. А так мне дадуць па нашых законах два, ад сілы тры гады. Пэўна, не знойдзеш такога жаніха, які, убачыўшы, як гвалцяць нявесту, будзе круціць тэлефон і зваць на дапамогу міліцыю. Я паводзіў сябе натуральна, і гэта ні ў каго не выкліча сумненняў. Канечне, мяне прыцягнуць да адказнасці, але тэрмін атрымаю мінімальны.
Калеснік казаў праўду. Калі прыехала міліцыя, усё выглядала натуральна і праўдзіва. Ядзю біла дрыготка, нервовая ўбуджанасць саступіла месца страху, які ўсё болей агортваў дзяўчыну. Яна нічога не магла сказаць следчаму, толькі плакала і паўтарала, што лысы яе згвалціў. Калесніка адразу забралі, і Ядзя сустрэлася з ім толькі праз некалькі тыдняў, на вочнай стаўцы. Яна была ўдзячна лёсу, што Калесніка гэтымі днямі не было побач. У яе быў час супакоіцца, вызначыцца ў паводзінах і, галоўнае, прывыкнуцьда ўгатаванай ролі згвалчанай нявесты. Да сустрэчы з Калеснікам Ядзя дакладна ведала, што каханак падпадае пад дзеянне артыкула, па якім яго могуць асудзіць не болей як на пяць гадоў. Лічылася, што Калеснік забіў лысага ў стане душэўнай нераўнавагі, і гэтая акалічнасць значна змяншала віну.
Потым быў суд. Калеснік добра выканаў ролю зняважанага жаніха і атрымаў тры гады агульнага рэжыму. Ядзя была ўдзячная яму, што не цягнуў яе і Івана за сабой, а ўсю віну ўзяў на сябе. Менавіта
апошняе больш за ўсё хвалявала, у гэтым учынку быў увесь Калеснік. Толькі Ядзя трошкі пачала разбірацца ў ягоных учынках і ведала, што Серж за "проста так", задарма нічога нікому не зробіць...
Па сваёй наіўнасці яна, калі ішла на суд, спадзявалася, што ў іх яшчэ можа ўсё наладзіцца, тры гады — не такі вялікі тэрмін, яна пачакае. Толькі ілюзіі адразу зніклі, разбіліся аб халодны, калючы позірк Калеснікавых вачэй, аб зласлівую, пагардлівую ўсмешку, якой ён сустрэў каханку. Хто-хто, а Ядзя ведала цану гэтай нядобрай ухмылцы і адразу зразумела, што прабачэння ёй ніколі не будзе.
Нейкі час пасля суду яна лічыла, што ўсё добрае ў яе жыцці ўжо прайшло, шчасце скончылася, але праўду кажуць, што час — лепшы лекар. Яшчэ і года не прайшло пасля той жудаснай ночы, калі Калеснік забіў лысага кліента, а Ядзя ўжо клалася ў ложак з мужам — Віталікам Шаўцовым, і толькі зрэдку, як недарэчнасць, узгадвала той выпадак.
Пасля інстытута яе па размеркаванні накіравалі на панчошную фабрыку, у аддзел збыту гатовай прадукцыі. Парабіла яна мала, усяго тры месяцы, і пайшла ў дэкрэтны водпуск. Роды былі цяжкія. На свет з'явіўся хлопчык, але такі кволы, што пражыў усяго некалькі гадзін. Ядзя яго нават не бачыла. Праз год нарадзілася дачка, і цяпер у Ядзі была сапраўдная сям’я. Толькі яна не адчувала радасці, хацелася нечага большага. Яе стомленая душа, прагнае да кахання цела добра памяталі тое радаснае, узнёслае пачуццё любасці, што шчыміла сэрца, калі была з Калеснікам. Яна прагна жадала знайсці ў адносінах з мужам паўтор гэтым пачуццям і не знаходзіла, хацела пакахаць мужа — і не магла.
За гэты час Шаўцоў зрабіў неблагую кар'еру і цяпер быў дырэктарам вялікага універсама. Калі дачцэ споўніўся год, Ядзя настаяла, каб муж узяў яе да сябе на работу і прызначыў загадчыцай аддзела садавіны і гародніны. Але спадзяванне на тое, што праца дасць душэўны спакой,. не спраўдзілася, незадаволенасць не знікла, наадварот, сум і адчай часцей і часцей агортвалі душу. Цяпер Ядзю непакоіла і тое, што міма яе "праплывалі" вялікія грошы, трэба толькі крышачку смеласці. Хто, напрыклад, заўважыць, калі яна ў накладных прыпіша нулік ці два?..