Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— Сядзі, Алесь, у нас размова доўгая, — Астроўскі схаваў партманет, фотаздымак застаўся ў Крывіцкага. — Мяне цікавяць хлопцы, якіх ты ў рапартах называеш рэкецірамі. Відавочна, яны верхаводзяць на кірмашы і, мабыць, прамышляюць не толькі вымагальніцтвам. Думаю, арыштаваны Князь — адзін з іх.
— Калі я правільна зразумеў, мне трэба больш прыгледзецца да рэкеціраў?
— Наша задача — укараніць цябе ў злачынную групу, ты павінен стаць для іх сваім.
— Стаць членам банды?!
— Так.
— А закон?! — не верачы пачутаму, разгубіўся Крывіцкі. — Мне ж прыйдзецца яго парушаць...
— Закон я ведаю не горш, — спахмурнеў Астроўскі. — Канечне, без нейкіх парушэнняў не абысціся, але ж, па вялікім рахунку, ісці на гэта трэба. Інакш можа стацца, што Кузаўкоў і Бусел — не апошнія ахвяры. А можа, ты па нейкіх іншых прычынах сумняваешся ў правядзенні такой аперацыі?
Крывіцкі спадылба зірнуў на маёра і, натыкнуўшыся на адкрыты, далікатны позірк, сумеўся.
— He падумайце нічога кепскага, — таропка пачаў апраўдвацца лейтэнант, — я не баюся, але раптам прыйдзецца разам з бандай учыняць цяжкія злачынствы? Адмовіцца нельга і зрабіць таксама. Як тады быць? '
— У кожным канкрэтным выпадку будзем разважаць пра ўсё і вырашаць разам, — супакоіў лейтэнанта Астроўскі. — Адзін на адзін з імі не застанешся, буду асабіста падстрахоўваць. Цяпер давай пакумекаем, як правесці аперацыю па ўкараненні ў злачынную групу. У мяне ёсць задумка...
Маёр устаў і нейкі час, засяроджана разважаючы, хадзіў па пакоі, потым зноў сеў у крэсла, пацягнуўся па цыгарэты. Крывіцкі таксама закурыў.
Шызы дым паволі пацягнуўся пад столь і адтуль палоскай да адчыненай форткі.
— Скажы, Алесь, ці не было выпадку, каб рэкеціры зводзілі з кім рахункі?
— Было такое, — не разумеючы, куды хіліць Астроўскі, сказаў Крывіцкі. — Дні чатыры таму гуртам наляцелі на мужчыну, быццам знарок. Біць — не білі, а тавар ягоны: мяса, сала, каўбасы — усё імгненна апынулася пад нагамі. Стаўклі ў гразь і нават палілі нечым смярдзючым, ацэтонам, ці што.
— Чаму яны так зрабілі?
— Думаю, чалавек адмовіўся плаціць ці мала даў. А яшчэ раней бачыў не кірмашных рэкеціраў. Яны ў аўтааматараў забіралі запчасткі, каму што трэба, a нашыя толькі насміхаліся, брывом не павялі, што хтосьці іншы гаспадарыць на іхняй тэрыторыі. Канечне ж, дамоўленасць паміж імі была. I яшчэ, — Крывіцкі нейкім вінаватым позіркам паглядзеў на Астроўскага, — у мяне склалася ўражанне, што і з мясцовай міліцыяй у іх сяброўскія адносіны, і з падатковымі інспектарамі. А пра кірмашнае начальства нават гаварыць не прыходзіцца, рэкеціры перад імі — сама дабрачыннасць. Бачыў некалькі разоў, як яны размаўляюць з дырэктарам, быццам салдаты з генералам.
— Няма сумненняў, — задуменна зазначыў Астроўскі, — мы сутыкнуліся з добра арганізаванай злачыннай групай, а калі так, то нехта ж ёй кіруе. Людзі ў скуранках, што збіраюць грошы, як даніну, — выканаўцы.
— Неяк бачыў з імі чалавека, больш падобнага на артыста, чым на рэкеціра.
— Ну-ну, цікава, а больш дакладна, чым ён запомніўся?
— Па-першае, слухаліся яго хлопцы ў скуранках, па-другое, апрануты быў, як кажуць, з іголачкі. Гарнітур цёмна-сіняга колеру, белая кашуля, замест гальштука — матылёк, на вачах прыцемненыя акуляры ў залатой аправе.
— Цяпер не лета, каб хадзіць у касцюмчыку? — засумняваўся Астроўскі.
— Зусім вылецела з галавы, — усміхнуўся Крывіцкі, — галоўнае, чым прыцягнуў увагу "артыст", — гэта белы "мерседэс". Ён нахабна заруліў прама
на кірмаш, у мяне дзесьці і нумарок пазначаны на ўсялякі выпадак.
— Малайчына! — прасвятлеў маёраў твар. — Твой "артыст" на белым "мерседэсе" нам спатрэбіцца.
Астроўскаму з кожнай хвілінай усё больш і больш падабаўся лейтэнант. Крывіцкі валодаў інтуіцыяй, пачуццём, якое прымушае быць у патрэбны час у патрэбным месцы і запомніць падзеі, якія, з першага погляду, быццам бы нязначныя і не маюць аніякага дачынення да крымінальнай справы. За гады службы маёр навучыўся адрозніваць сапраўдных сышчыкаў ад людзей часовых, якім аператыўная работа патрэбна толькі як чарговая прыступка ў кар'ерыстычнай лесвіцы. Тут сакрэту аніякага не было: работнік, які не быў на аператыўнай рабоце, з цяжкасцю рабіў кар'еру. Праўда, гэтае, як лічыў Астроўскі. правільнае патрабаванне тычылася не ўсіх, на таго-сяго яно не распаўсюджвалася.
— Нешта не так? — насцярожыўся Крывіцкі.
— Усё нармальна, — бадзёра азваўся маёр. — Я гэтую паперу з нумарам машыны забяру, праверым "артыста" на белым "мерседэсе". А цяпер галоўнае: пакумекаем над тваёй легендай, як лепш укараніцца ў банду. Спадзяюся, ты справішся...
...Астроўскі прачнуўся, як заўсёды, а шостай гадзіне. Адразу прыгадаў жонку, якая паехала ў Віцебск да сына, і настрой крыху сапсаваўся. Ён быў рашуча супраць гэтай паездкі, але ж пераканаць Надзею было немагчыма. Прайшло паўгода, як сына прызвалі ў войска, а маці ўжо які раз пакаціла з візітам, быццам не служыць хлопец, а ў турме сядзіць. Канечне, Сяргей мог больш напісаць пра службу, не абмяжоўвацца адным словам, бо менавіта ягонае "нармальна" і гоніць Надзею ў дарогу.
"Служба праходзіць нармальна", — у кожнай паштоўцы паведамляе сын, а Надзея, прачытаўшы гэта, нервуецца, некалькі дзён усё дапытваецца: "Што значыць "нармальна"? Што гэта за войска такое, калі пра яго можна сказаць адным словам? Усё, што там робіцца, — таямніца?"
"Канечне, таямніца", — іншым разам жартаваў Астроўскі, а Надзея абуралася ягонай "бессардэчнас-
I
. I цю" i абыякавасцю да лёсу сына і, не доўга думаю-
чы, збірала гасцінцы і кіравала на вакзал. Так было і ўчора.
Апошні тыдзень працоўны дзень маёра Астроўскага пачынаўся з сустрэчы з палкоўнікам Качаном. Гутарка ішла пра раскрыццё забойства капітана Бусла. Сённяшні дзень таксама не быў выключэннем. Напрыканцы размовы Астроўскі паведаміў пра здарэнне з агентамі на фармацэўтычнай фабрыцы і выказаў меркаванне, што гэта не выпадковасць. Палкоўнік незадаволена, спадылба зірнуў на маёра і нервова забарабаніў алоўкам па стале. Потым перавёў цяжкі позірк на свайго намесніка, падпалкоўніка Макрыцкага:
— Што будзем дакладваць наверх?
— Ляпсус, канечне, недаравальны, — не падымаючы вачэй ад нейкіх папер, што ляжалі перад ім на стале, разважліва зазначыў Макрыцкі. — Толькі, слухаючы даклад Анатоля Пятровіча, у мяне склалася ўражанне, што ён нсшта замоўчвае, недагаворвае, магчыма, распрацоўваюцца іншыя версіі? He можа быць, каб спецыяліст ягонага ўзроўню два тыдні займаўся толькі фармацэўтычнай фабрыкай.
Палкоўнік Качан быў даўнім сябрам Астроўскага, добра ведаў маёра і ніколі не рабіў паспешлівых высноў. Слухаючы Астроўскага, ён таксама адчуў, што той гаворыць не ўсё, але намесніка не падтрымаў, не стаў настойваць на ўдакладненні дэталей. Калі Астроўскі нешта замоўчвае, значыць, ёсць прычына.
— Анатоль Пятровіч, вы ўпэўнены, што на фабрыцы нашыя людзі праваліліся? — спытаўся Качан.
— Усё, што здарылася з агентамі, выглядае як выпадковая недарэчнасць, але гэта афіцыйная версія.
— Значыць, пракол?
— Так.
— А прычына?
— Іх можа быць некалькі, — Астроўскі крыху памаўчаў і шматзначна ўсміхнуўся, зірнуў на задаволенага Макрыцкага. — Мой недагляд, але дазвольце далажыць пісьмова.
Рэзка зазваніў тэлефон, на якім ганарліва пузаціўся дзяржаўны герб, і Качан паспешліва падняў слухаўку:
— Палкоўнік Качан слухае.
Макрыцкі з Астроўскім ведалі, што гэта прамая сувязь з міністрам. Макрыцкі напружана ўтаропіўся ў палкоўнікаў твар, нават прыўзняўся са свайго Meena. Ён быў худы, невысокага росту, а выцягнуты твар у гэты момант нагадваў дыню. Чыста паголеныя шчокі раптам паружавелі, востры падбародак адвіс, халаднаватыя, сталёвага колеру вочы неспакойна блішчэлі. Астроўскі непрыязна зірнуў на падпалкоўніка і раптам падумаў, што вочы ў Макрыцкага заўсёды халодныя і калючыя, нават калі ён смяецца. Яны не ладзілі. Маёр недалюбліваў Макрыцкага праз ягоную беспрынцыпнасць, ліслівасць перад вышэйшым начальствам і ганарлівую напышлівасць, нават грубіянства ў паводзінах з падначаленымі.
Качан падчас размовы больш маўчаў, толькі зрэдку згодна падтакваў, і, калі, нарэшце, паклаў трубку, у кабінеце надоўга запанавала цішыня. Першы не вытрымаў Макрыцкі. Ён вінавата зірнуў на палкоўніка, аблізнуў сасмяглыя вусны і, не тоячы хвалявання, выдыхнуў:
— Ну што, Аляксей Фёдаравіч, зацвердзілі?
Астроўскі зразумеў, пра што пытаецца Макрыцкі. Hi для каго не было сакрэтам, што кандыдатура Качана разглядалася на пасаду начальніка крымінальнага вышуку рэспублікі. Маёр таксама заклапочана чакаў, што скажа Качан.
— He, — думаючы пра штосьці сваё, адказаў палкоўнік і вымушана ўсміхнуўся: — Яшчэ папрацуем...
Твар Макрыцкага адразу змяніўся, ён стаў суровы, яшчэ больш запунсавеўся, вусны, падбародак уздрыгвалі.
— Я ведаю ўсіх прэтэндэнтаў, ніхто з іх не цягне супроць вас! — голас Макрыцкага зазвінеў, ледзь не сарваўся на крык.
Астроўскі зразумеў, што ён тут лішні.
— Дазвольце ісці, — устаў ён з-за стала, тое, што Качан застаецца, яго больш чым задавальняла.
— Што вы, таварыш падпалкоўнік, так расхваляваліся? — не зважаючы на прысутнасць Астроўскага, з адценнем пагарды ў голасе прагаварыў Качан. — Вы перабольшваеце мае здольнасці, і
наогул хопіць турбавацца за маю кар'еру. У любым выпадку, вам ад гэтага лягчэй не будзе.
— Ды я ж нічога, — сумеўся Макрыцкі і заліслівіў: — Я да таго, што толькі такі чалавек, як вы...
— Хоніць! — рэзка перапыніў намесніка Качан.
У гэты момант Астроўскаму кінулася ў вочы, як пастарэў палкоўнік. Хваравіты, шэра-земляністы твар быў пасечаны зморшчынамі, сівыя, непаслухмяныя валасы рэдкай пасмай спадалі на высокі, выпуклы лоб, падкрэсліваючы жаўцізну скуры, і толькі вочы пазіралі па-ранейшаму шчыра і прыхільна. У іх не было начальніцкай зняважлівасці да субяседніка, ніколі ў іх Астроўскі не бачыў ні хітрасці, ні ліслівасці, ні страху. Ён не мог нават у думках дапусціць, што палкоўнік пры начальстве мог паводзіць сябе, як Макрыцкі: кінуў начальнік аловак на стол — і душа ў пятках.
— Я хачу сказаць, што міністр занепакоены забойствам капітана Бусла, — больш спакойна працягваў Качан, — нагадаў, што выкрыць забойцу — справа гонару міліцыі.
У акно палахліва зазірнула восеньскае сонца. Промні прабеглі па сцяне, слізганулі на вялікі стол, бліснулі на дзяржаўным гербе, на тэлефоне і, спатыкнуўшыся аб крышталёвую вазу, з якой тырчалі, быццам пікі, вострыя алоўкі, заіскрыліся, замітусіліся зайчыкамі па тварах сышчыкаў і быццам знялі нейкую напругу.