Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
Бусел ледзь дачакаўся вечара. Прыехаў крыху раней і на ўваходзе ў парк адразу заўважыў чалавека ў белай плашчоўцы, які стаяў ля газетнага кіёска і гартаў часопіс. Капітан, стоячы зводдаль, некалькі хвілін сачыў за незнаёмцам, і той, быццам адчуўшы ягоны позірк, азірнуўся, вочы сустрэліся. Чалавек ледзь прыкметна кіўнуў, нацягнуў на самыя бровы капялюш і пасунуўся ў парк. Бусел паспяшаўся ўслед, нагнаў і, у думках падсмейваючыся з такой канспірацыі, сцішана спытаў: "Як прайсці да вучылішча металістаў?" Мужчына, не прыпыняючыся, кінуўу адказ: "Трымайся мяне", — і нервова паскроб шчаку, скрозь пабітую чырвонымі плямамі. Голас чалавека быў зусім не падобны да таго, які Бусел чуў па тэлефоне. У душы варухнулася сумненне, нават трывога, але адступаць было позна ды і не ў ягоных правілах. Капітан машынальна дакрануўся да кабуры з пісталетам, гэта надало рашучасці. Чалавек у плашчоўцы сышоў з алеі і напрасткі, па роснай траве, амаль подбегам пашкандыбаў да напалову разабранай драўлянай будыніны, якая раней была піўным павільёнам. Андрэй крыху памарудзіў. Чалавек скасавурыў на яго насцярожлівы позірк і, не прыпыняючыся. глуха прагаварыў: "За мной могуцьсачыць, там схаваемся і пагаворым..." Перадтым як джгануць у дзвярны праём, Бусел азірнуўся, сілячыся заўважыць што-небудзь падазронае, але
наўкол было ціха і спакойна. Ён зрабіў некалькі крокаў у зацемненым, смярдзючым будынку, палез у кішэню па запалкі, і ў гэты момант нешта цяжкое звалілася на галаву...
Машына нарэшце спынілася, пачуліся галасы. Гаварылі двое. Спярша Бусел не мог разабраць, пра што гамоняць злачынцы, але праз хвіліну галасы наблізіліся, і ён пазнаў хрыплы барытон, які належаў чалавеку з парку.
— Філін, а мо цяперака пазбавімся ад лягавага?
"Адзін з іх — Філін", — засяроджана ўслухоўваўся ў размову Бусел. Ён сіліўся прыгадаць, ці сустракаўся раней з чалавекам, які меў гэтую мянушку, але на памяць нічога не прыйшло.
— Ты вось што, — рыкнуў у адказ прастуджаны бас, — зрабі засечку на сваім прышчастым носе, бо незнарок адкручу разам з пляшывай галавой: мент павінен жыць! I, пакуль іншага рашэння не прыму, ніводзін волас не зваліцца з ягонай галавы. Уцяміў?!
— Ды я што? — лісліва прагундосіў чалавек з парку і, перасільваючы палахлівасць, прамармытаў: — Я да таго, каб не ўцёк!..
— Вось тады точна адарву галаву, — пагрозліва прабасіў голас, які хутчэй за ўсё належаў Філіну. — Паглядзі, ці жывы ён, мо мерцвяка вязём.
Чалавек даўгавата корпаўся ля дзвярэй, не мог адамкнуць замок, мацюкаўся і бурчэў нешта невыразнае. Нарэшце дзверы адчыніліся, чыстае паветра ўварвалася ў будку. Бусел адчуў прыемны пах сасны, мяты, свежаскошанага сена. Ад ляснога водару закружылася галава, прыемна было ўдыхаць пах лесу, чуць шамаценне дрэў, хацелася жыць...
— Лягавы, ты жывы? — пачуўся голас з цемры, і адразу па вачах разанула калючае, халоднае святло ліхтарыка. — Жывы, — убачыўшы капітана, памякчэў голас, але праз хвіліну перайшоў на крык: — Ён, падла, аббляваў усю машыну...
— Калі цябе садану, як яго, у штаны накладзеш, а мо праміком сплануеш у "Магілёўскую губерню", — весела прабасіў з цемры Філін. — Цягні, панясём у склеп.
— Аббляванага не панясу! Няхай валяецца ў будцы, раніцай усё роўна ў распыл!
— Прышч, рабі, што сказана! — зласліва прасіпеў Філін, пачуўся глухі ўдар, стогн, ліхтарык зваліўся на зямлю і патух.
"Мянушка другога — Прышч", — толькі падумаў Бусел, як яго ўхапілі за абедзве нагі і, быццам мех з бульбай, скінулі з машыны ў высокую, росную траву. Ён балюча стукнуўся спінай, у галаве адразу загуло, скроні сціснула неймаверным болем, і капітан зноў званітаваў.
— Як мы гэткага панясём? — з нянавісцю, істэрычна пераходзячы на крык, мацюкнуўся Прышч і, відавочна, спаганяючы на Буслу злосць за атрыманы ад Філіна кухталь, цяжка пацягнуў капітана далей ад машыны, шматлянуў у самую крапіву. — Няхай там рыгае! — I, спахапіўшыся, прапанаваў: — Можа, хоць ногі развяжам, западло насіць лягавага!
— Развяжам у склепе, — не зважаючы на Прышчова скавытанне, камандаваў Філін, — ды глядзі пад ногі, каб на лесвіцы мент шыю не зламаў.
— Дапаможам, калі сам не скруціць, — агрызнуўся Прышч. — Ты з ім цацкаешся, быццам з братам, а я іх ненавіджу...	-
Бандыты падхапілі Бусла пад пахі і волакам пацягнулі ў хату. У склепе, куды спусцілі капітана,было нёмна, сыра і халодна. На слізкай, парослай цвіллю цаглянай сцяне, якую выхапіла святло ліхтарыка, праступалі буйныя кроплі вады і павольна сцякалі на зямлю. Гэта гаварыла за тое, што дом стаіць у нізіне, магчыма, ля балота. Дыхалася цяжка. Прышч пасвяціў ліхтарыкам у твар і, сапучы, зласліва прабурчаў:
— Была б мая воля, даўно кішкі выпусціў.
— А ты выпусці, — з выклікам, пракаўтнуўшы даўкі камяк, прахрыпеў Бусел.
— 3 задавальненнем прышыю мента, — цвыркнуў слінай Прышч, — толькі не цяпер, крыху пазней. — Ён дастаў фінку, перарэзаў вяроўку на нагах. — Жыві, падла, ноч у цябе яшчэ ёсць, — злачынец па-блазенску зарагатаў і балюча ўдарыў рукаяткай нажа ў жывот.
Ноччу Буслу заснуць не ўдалося, холад працінаў да касцей. Каб сагрэцца, спрабаваў прысядаць са звязанымі рукамі, але кожны рух болем аддаваўся ў скронях, кружылася галава.
"Прафесійна накаўтавалі, — падумаў Бусел, — такія ўдары мне знаёмыя яшчэ з дэсантуры. Адно незразумела, навошта я ім спатрэбіўся? Калі хтосьці зводзіць нейкія рахункі, зрабіў бы прасцей, навошта ўскладняць сітуацыю, цягнуць невядома куды? Паздзекавацца?.. He, пэўна, я патрэбны гэтаму Філіну для нечага іншага".
Бусел намацаў драбіну, паціху падняўся пад самае вечка, упёрся спярша галавой, потым плячамі, спрабуючы адчыніць склеп. He атрымалася. Знясілены, ён апусціўся, сеў на вільготную зямлю, прытуліўся спінай да драбіны, калені падцягнуў да грудзей — так было крыху цяплей...
Колькі прайшло часу, Бусел не ведаў, але нарэшце над галавой пачуліся таропкія крокі, нешта цяжкое і вялікае доўга кантавалі па падлозе, пакуль ссунулі з вечка. Зарыпелі ржавыя завесы, і ў склеп разам з бляклай палоскай свету ўварвалася чыстае паветра.
— Вылазь, — сцішана прагаварыў нябачны Буслу чалавек і спачувальна дадаў: — Асцярожна, драбіна гнілая.
Узбіраючыся наверх, Бусел злавіў сябе на тым, што калісьці даўно ўжо чуў гэты прыглушаны бас. Перадапошняя прыступка і сапраўды пад нагой трэснула, капітан хістануўся і, пэўна, бразнуўся б з усёй вышыні назад, у вільготнае, заплеснелае чэрава падполля, але моцныя рукі падхапілі пад пахі, і ў адно імгненне ён апынуўся ў пакоі. Бусел не спяшаўся ўставаць з падлогі, чакаў, пакуль вочы прызвычаяцца да святла.
У адзіным на ўсю хату пакоі было чатыры акны, у два з якіх, што выходзілі на панадворак, праз бруднае шкло нясмела прабівалася залаціста-жоўтымі пыльнымі промнямі сонца. Справа ад капітана да сцяны, калісьці паклеенай прама па бярвеннях зялёнымі шпалерамі, цяпер абшарпанымі і ледзь не напалову абгрызенымі мышамі ды пацукамі, была прытулена вялікая трохдзверная са.маробная шафа са зжаўцелым люстэркам. Непадалёк высілася зялёнага колеру драўляная скрыня, абабітая жалезам.
"Відаць, ёй прыціскалі крышку склепа", — падумаў капітан і перавёў позірк на круглую печ, металічны ложак, стол, каля якога спінай да яго стаяў крыху ссутулены чалавек і наліваў у шклянку гарэл-
ку. Бусла ад холаду біла дрыготка і нудзіла. Якраз праз гэта яму не хацелася ўставаць, каб бандыт не бачыў ягоную слабасць.
— Выпі, палягчэе, — прагаварыў чалавек і сам зрабіў некалькі глыткоў з рыльца бутэлькі.
Бусел зразумеў, што перад ім Філін. Рызыкоўныя паводзіны бандыта выклікалі недавер і насцярожанасць. Як-ніяк, а ў пакоі яны былі ўдвух, рукі, ногі ў Бусла вольныя, і Філін, выкраўшы капітана, павінен быў ведаць, што ён валодае баявымі прыёмамі самба і каратэ.
— Завязваць бойку не раю. — быццам прачытаўшы Буславы думкі, прабасіў Філін і, закусваючы, захрабусцеў агурком.
— Пакуль што вып'ю, — цяжка ўзняўся на ногі капітан, — толькі за што?
— За сустрэчу, — здрыгануўся голас у Філіна, ён павярнуўся да Бусла.
— Ты?! — ашалела вылупіўшы вочы, ускрыкнуў аслупянелы капітан.
— Я, — абыякава адказаў Філін.
У пакоі надоўга запанавала цішыня.
Бусел і Філін знешне былі падобныя: аднолькава высокія, шырокія ў плячах, не абдзеленыя прыродай фізічнай сілай і спрытам, толькі капітан бялёсы, а Філін чарнявы. Яны глядзелі адзін аднаму ў вочы: Філін спакойна, з адценнем абыякавасці, Бусел разгублена-вінаватым позіркам, здавалася, праглынаў злачынцу.
— Фантастыка! — напружана варухнуліся вусны капітана, ён зрабіў крок уперад, быццам збіраючыся абняць злачынцу. — Вось гэта сустрэча!..
— Ты выпі, — працягнуў Філін шклянку Буслу, — нічога неверагоднага ў нашай сустрэчы няма.
— Ну, не скажы! — капітан узяў прапанаваны двухсотграмовік. — За гэта і сапраўды варта выпіць, — ён каўтануў гарэлку адным глытком, панюхаў хлебную скарынку і, цяжка ўздыхнуўшы, роспачна выдыхнуў: — Мой аднапалчанін, сябрук Васіль Мароз — кілер... наёмны забойца! Ці, можа, я памыляюся?
— Лічы, што табе пашэнціла, — прабасіў Філін і зноў прыклаўся да бутэлькі. — Нанялі б іншага — не сустрэліся б.
— Ды ўжо ж дзякуй табе, — з'едліва і п'янавата адказаў Бусел, — удружыў, дык удружыў!..
У Бусла ад выпітай гарэлкі закружылася галава, але адчуў ён сябе і сапраўды лепей, куды падзелася ламота ў касцях, сціх боль у патыліцы, прыемнае цяпло хвалямі расцякалася па стомленым целе, мышцы зноў наліліся сілай. I толькі душу рвала на часткі крыўда, не праходзіла злосць на самога сябе, што так проста даўся ў рукі злачйнцам, як малое дзіця, дазволіў абвесці сябе вакол пальца. Ён выліў рэшткі з бутэлькі ў сваю шклянку.
— Колькі ж табе заплацілі? — Бусел узняў на Філіна калючыя, халодныя ў сваёй рашучасці вочы.
— Добра, — незласліва кінуў Філін і, адкаркаваўшы новую бутэльку, таксама вьгпіў.
— А дзе памагаты, Прышч, здаецца? — п'янавата дапытваўся Бусел.
Філін не адказаў, ён тупаватым, асалавелым позіркам утаропіўся ў акно і, не зважаючы на Бусла, павольна соўгаў сківіцамі, жуючы хлеб з салам.
— Ці, можа, яму адправіў капаць? Ён з задавальненнем мяне жывога зямлёй закідае.
— Прышч паехаў у Мінск, — не паварочваючы галавы і не мяняючы паставы, буркнуў Філін. — A ты не кіпяціся, лепш закусвай і слухай, што скажу.