Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— Калісьці тут жыў ляснік, — парушыў нечаканы ўспамін Філін. — Стары памёр, а сын у турме, ён і даў адрасок. Месца надзейнае, бліжні шлях — трынаццаць кіламетраў лясной дарогі, калі прыцісне — сігануў у кусты, і шукай ветру ў полі. Цябе наўмысна сюды прывёз, пажывеш пару тыдняў, лічы, што адпачываеш у санаторыі.
Пачуўшы пра два тыдні, Бусел не вытрымаў:
— Паўмесяца — гэта занадта!
— Я разлічваю, што праз тыдзень цябе пахаваюць, — не зважаючы на капітанаву нервознасць, вёў сваё Філін, — а яшчэ праз тыдзень, трошкі змяніўшы знешнасць, аб'явішся ў Мінску. Ці табе абавязкова трэба быць на асабістым пахаванні?
— Добра было б, — незадаволена буркнуў Бусел, — са мной развітацца прыйдуць не толькі сябры. Дарэчы, хто заказаў маё забойства?
— Я кліентаў адразу выкрэсліваю з памяці, але ў тваім выпадку можна зрабіць выключэнне. Жанчына пажадала бачыць цябе мерцвяком. Шэршэ ля фам, як кажуць французы.
— Ты з ёй сустракаўся? Што за яна, як выглядае?
— Перамовы вёў пасрэднік, я толькі аднойчы гаварыў па тэлефоне.
— А пасрэднік?
— Пра яго не пытайся, да тваёй гісторыі чалавек не мае аніякага дачынення, ні пры чым ён.
— Нічога сабе, ні пры чым! — узбуджана ўскрыкнуў Бусел. — Дапамагаў у забойстве і ні пры чым!
— Мы па-рознаму глядзім на адно і тое. Сказаў, яго не здам, значыць, не здам. — Філін рэзка павярнуўся і, нацягваючы кашулю, пайшоў да расчыненых дзвярэй хлява. Праз хвіліну вярнуўся, уваткнуў каля ног Бусла ржавую рыдлёўку. — Пайшлі капаць.
— Што капаць? — Бусел здзіўлена паглядзеў на Філіна.
— Яму...
— Нам што, няма чаго больш рабіць?
— Трэба пакінуць магілу, каб упэўніць Прышча, што ты... — Філін зацяўся, шукаючы патрэбнае слова.
— Цяпер зразумела, — засмяяўся Бусел. — Да гэтай магілы ты будзеш прыносіць кветкі... Але вернемся да жанчыны, яна, пэўна, не такая засакрэчаная, як пасрэднік? Пра што ты з ёй гаварыў?
— Яна толькі паведаміла месца сустрэчы з Гнілым і пароль.
Бусел задумаўся. Ніхто не ведаў, што ён ідзе на сустрэчу ў парк, тым больш пра пароль, значыць, інфармацыя пайшла ад чалавека, з якім ён дамовіўся
пра спатканне. Калі гаварылі апошні раз, той быў нечым усхваляваны, нават напалоханы. Як ён сказаў? "... Мяне хтосьці здаў!.." Цяпер зразумелы ягоныя нервознасць і трывога: "добраахвотнік" выклікаў яго, каб знайсці абарону, а выйшла наадварот. Калі гэта і сапраўды так, то вестка пра ранейшыя гутаркі з "добраахвотнікам" магла прасачыцца і ад нас, ад таго, хто меў дачыненне да справы... і ўсё ж, што хацеў паведаміць Гнілы, як яго заве Філін, што не даверыў тэлефону?
— А што за чалавек Гнілы? — Бусел разлічваў выцягнуць з Філіна як мага больш інфармацыі.
— Ніколі не бачыў і не чуў, — неахвотна азваўся Філін і, збочыўшы да густога ельніку, спыніўся, утыкнуў рыдлёўку ў зямлю. — Я называю так усіх, на каго атрымліваю заказ. Будзем капаць тут...
— Мне ўсё роўна, дзе магілу капаць, абы ў ёй не ляжаць, — паспрабаваў пажартаваць Бусел.
— Ёсць фотаздымак Гнілога, усучылі праз пасрэдніка, — не падтрымаў капітанаў жарт Філін, — ён у Прышча, вернецца — забяру, хаця малаверагодна, што ён пакінуў фота нябожчыка, калекцыяніраваннем мы не займаемся...
Філін папляваў на далоні і, уваткнуўшы рыдлёўку ў зямлю, заклапочана спытаў:
— Выходзіць, ты не сустракаўся з Гнілым?
— Учора ўпершыню ішоў на сустрэчу, — адказаў Бусел, — да гэтага звязваліся толькі па тэлефоне, a калі дакладней, ён некалькі разоў тэлефанаваў мне на кватэру.
— Цяпер зразумела паспешлівасць заказчыка, вы не павінны былі сустрэцца...
— Хутчэй за ўсё, — пагадзіўся Бусел. — Гнілы, мяркую, хацеў перадаць нешта вельмі важнае.
— Ужо не перадасць і не скажа, — прабурчэў Філін і, адкідваючы спарахнелае бервяно, цяжка выдыхнуў: — Я так зразумеў, што ты сам будзеш шукаць адказы?
Бусел прамаўчаў. Ён засяроджана лупіў рыдлёўкай, сілячыся перасячы таўставаты корань.
Капалі доўга, зямля, перавітая вялікімі і малымі пакручастымі карэннямі, не хацела паддавацца. Праз паўгадзіны Філін не вытрымаў, зласліва кінуў рыдлёўку на зямлю, выцер рукавом кашулі спатнелы лоб:
— Адпачні, пайду пашукаю ў хаце сякеру, a то да вечара правалэндаемся.
— Мне і сапраўды няма куды спяшацца, — сеў на свежы пясок Бусел. — Пакуль барада ды вусы вырастуць, яма будзе што трэба.
— Лепш думай, як вылузнуць з лункі, куды цябе загналі, бы більярдны шар, а не строй жарцікі, — з непрыхаваным асуджэннем прагаварыў Філін і праз хвіліну знік у ельніку.
Бусел лёг на халаднаваты пясок, паклаў рукі за галаву і ўпершыню за ўсё жыццё падзякаваў лёсу, што ён дзетдомаўскі, не мае радні. Заплюшчыўшы вочы, ён слухаў лес і ў нейкі момант з радасцю адчуў, што засынае. Лясное шматгалоссе закалыхвала, і перасільваць сябе не хацелася. Сасновы водар навяваў спакой і ціхамірнасць, сонца, якое, нібыта гуляючы ў вершалінах стогадовых дрэў, танюсенькімі зайчыкамі прарывалася праз галінкі, мітусліва асвятляла твар, сляпіла вочы і зноўку гублялася, рассейвалася ў шатах. Бусел заснуў спакойным, як кажуць, дзіцячым сном і нават не прачнуўся, калі вярнуўся Філін. Той не стаў будзіць капітана, а таксама лёг на пясок і невідушчым позіркам утаропіўся ў неба. Філін рагітам злавіў сябе на думцы, што было б лепш, каб Бусел не выратаваў яго, няхай бы ляснуўся аб зямлю, і на тым усё скончылася...
Праз гадзіну Бусел прачнуўся, і яны моўчкі дакапалі яму, Філін накідаў у яе ламачча, і гэтак жа моўчкі пачалі закідваць пяском.
— А як жа аркестранты? — выскаляючыся, смяяўся Бусел. — I слова трэба сказаць. Так што, Васіль, гавары, а я паслухаю, нячаста такое здараецца.
Бусел упершыню назваў Філіна сапраўдным імем, і Філіна ажно страсянула. Ён з удзячнасцю, пацяплелым, нават расчуленым позіркам паглядзеў на Бусла, халадок і трывога, што поўнілі душу, раптам расталі, у гэтую хвіліну яму захацелася стаць ранейшым, не запэцканым крывёй і злачынствамі, захацелася на ўвесь свет крыкнуць, што ён ніякі не Філін, а Васіль Мароз і хоча, каб людзі ведалі гэта.
— Я не non, — унікаючы Буславых вачэй, сілячыся перамагчы хвілінную слабасць, панурыўся Філін. Ён адвярнуўся і таропка пачаў закідваць зямлёй яму.
Калі справа была скончана, Бусел абапёрся на
рыдлёўку i тэатральна, ca скрухай y голасе, усклікнуў:
— Вось і ўсё, быў капітан міліцыі Андрэй Бусел і няма.
— Так будзе лепш, — стомлена ўздыхнуў Філін і сцішана дадаў: — Лепш для ўсіх нас.
— Паслухай, Васіль, мне ўвесь час карціць спытаць... — Бусел прымоўк, шукаючы патрэбныя словы. — Што з табой здарылася? Мы ж разам збіраліся паступаць вучыцца ў школу міліцыі. Памятаеш, пра што марылі?
— Чалавек мяркуе, Бог дае... — ухіліўся ад прамога адказу Філін і, не жадаючы дзяліцца асабістым, дадаў: — Маёй цяперашняй "прафесіі" адвакат не патрэбны.
Больш былыя сябры-дэсантнікі не размаўлялі, a дакладней, ад гаворкі ўхіляўся Філін. Як толькі прыйшлі ў хату, ён, апрануты, у абутку, распластаўся на жалезным ложку і праляжаў, не мяняючы паставы, да самага вечара. Бусел некалькі разоў спрабаваў з ім загаварыць, але Філін рабіў выгляд, што спіць.
Вечарэла. Апошнія сонечныя промні яшчэ слізгалі па вершалінах дрэў, а з лесу пачаў ужо выпаўзаць восеньскі халаднаваты, няўтульны змрок. Філін нарэшце ўстаў, засмаліў цыгарку і, заклаўшы рукі за спіну, затупаў туды-сюды па хаце, думаючы пра нешта сваё. У хаце было цемнавата, шэрань, што прабівалася ў вокны, асвятляла толькі два сталы з гарой непрыбраных бляшанак з-пад кансерваў і пустыя бутэлькі. Філін кінуў недакурак на падлогу і з нейкай незразумелай злосцю абцасам чаравіка расцёр яго ў пыл. Потым рэзка адсунуў ложак, адкінуў некалькі дошак — там была схованка.
— Пад гэтымі дошкамі ёсць усё, што трэба для жыцця, — прасіпеў ён і закашляўся.
— Ты мяне хочаш справадзіць? — спытаў Бусел.
— Прышч у любы момант можа аб'явіцца, а цяпер і для яго ты — нябожчык. Вазьмі харчу на некалькі дзён і перабірайся ў хлеў, на сена. Калі мы з'едзем, вернешся, — Філін выцягнуў са схованкі кансервы, хлеб у цэлафанавых пакетах, яшчэ Hernia, закручанае ў паперу. — Дакументы таксама вазьмі, знойдзеш, дзе схаваць.
— Бачу, ты не надта давяраеш Прышчу.
— У маім лексіконе такога слова няма. За Прышча не турбуюся, не адну справу правярнулі, і ён без мяне мала на што варты, думае не тым месцам...
Бусел узяў дзве бляшанкі з тушанай ялавічынай, цвердаваты бохан хлеба, некалькі вялікіх, з кулак, цыбулін.
— Бяры болей, ад'ядайся, на пусты жывот з мафіяй не паваюеш.
— Якая там мафія?! — задзірліва зас.мяяўся Бусел. — Хіба ты і Прышч — мафія?
Філін моўчкі, няспешна паклаў дошкі на месца, падсунуў ложак і шматзначна ўздыхнуў:
— Ты і сапраўды такі наіўны ці толькі прыкідваешся?
У хаце зусім сцямнела. Філін згроб са стала ў кошык, які невядома адкуль з'явіўся, пустыя бутэлькі і недаедзены харч, падмёў падлогу.
— Час перамяніўся, — стомлена, быццам між іншым, прагаварыў Бусел і, цяжка ўздыхнуўшы, дадаў: — Але ўсё засталося па-ранейшаму, нават горш.
— Калмыкова, нашага нампаліта, памятаеш? — пагардліва, разумеючы, што трывожыць Бусла, прабасіў Філін.
— Такое не забываецца, — адказаў капітан.
Ён ведаў, што меў на ўвазе Філін. Калі ў дэсантніка Мароза на вучэннях не раскрыўся парашут і ён каменем ляцеў на зямлю, Бусел выпадкова ўхапіў асуджанага на смерць салдата за скручаныя парашутныя стропы. Тыя хвіліны, што планавалі да зямлі, здаліся вечнасцю... Ім пашэнціла — зваліліся ў невялікую рачулку, што ўлетку перасыхае і ператвараецца ў ручаёк, а тады, вясной, яе глыбіня была ў рост чалавека, і гэта змякчыла падзенне. Пра герояў-дэсантнікаў напісалі газеты, яны атрымалі па дзесяць сутак водпуску, і Бусла прадставілі да дзяржаўнай узнагароды. Толькі Калмыкоў запярэчыў, бо салдат-герой абавязкова павінен быць камсамольцам ці камуністам. У выпадку з Буслам атрымоўвалася нявыкрутка, ён быў беспартыйны. Калмыкоў выклікаў салдата і цэлую гадзіну прыводзіў прыклады геройскіх учынкаў камсамольцаў ды камуністаў у савецкім войску, а напрыканцы размовы, здавалася, ужо і сам не мог уцяміць, як атрымалася, што геройскі ўчынак здзейсніў беспартыйны...
Бусел і Філін закурылі і, не згаворваючыся, выйшлі на вуліцу. 3-пад вялізных калматых ялін падымаўся туман, які, хаваючыся ў кустах і высокай траве, нясмела, але настойліва поўз на паляну, бліжэй да хаты. Вячэрняя прахалода нагадвала, што апошнія цёплыя вераснёўскія дні сыходзяць, што хутка восень з непрадказальнымі дажджамі і начнымі замаразкамі.