Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
— Будзеш вінаваціцца? — ускіпеў капітан і, няўпэўнена перасоўваючы ногі, зашпацыраваў па хаце, замахаў рукамі. — Скажаш, прабач, кораш, нявыкрутка атрымалася, не гадаў і не думаў, што былога сябра давядзецца прышыць...
— Хопіць, — сурова ўзбычыў галаву Філін, — калі сваім розумам дапетрыць не можаш, сядзь і слухай. Па-першае, твая праўда: каб ведаў, што цябе павінен адправіць у "Магілёўскую губерню", не пілі б цяпер гарэлку. Але, што ні робіцца, усё да лепшага, не я, дык хтосьці іншы цябе б туды без музыкі справадзіў, ты ім косткай у гарляку сядзіш.
— Каму гэта "ім"? — пацягнуўся да бутэлькі Бусел, але Філін перахапіў руку.
— Пачакай, паспееш, — адсунуў ён гарэлку. — Каму ты перайшоў дарогу, не ведаю, толькі, пакуль не зусім п'яны, запомні: цябе я забіў!..
— Як забіў, калі вось ён — я? — здзівіўся Бусел.
— Растлумачу. Мы ведалі падлу, якая ішла на
сустрэчу з ментам. — Філін, вінавацячыся, спахапіўся: — Я хацеў сказаць, з табой. Мы павінны былі прышыць міліцыянта, але на фотаздымку, які ўсучылі ў апошні момант, я пазнаў цябе, — Філін паклаў фотаздымак на стол. — Ты другі злева, абведзены чырвоным фламастэрам і пазначаны крыжыкам.	.
— Такі ж фотаздымак ляжыць у мяне на працоўным стале пад шклом. — Бусел на хвіліну заплюшчыў вочы, страсянуў галавой: і сапраўды выпіўлішку. — Гэта мы год таму на дзень міліцыі...
— Атрымоўваецца, што хтосьці з тваіх калег цябе здаў! — з'едліва, націскаючы на слова "калег", прагаварыў Філін.
— Ты гавары, ды не загаворвайся! — адштурхнуў ад сябе здымак Бусел. — За кожнага ручаюся, разам не адзін пуд солі з'елі.
— I ўсё ж, — стаяў на сваім Філін, — тут, акрамя цябе, пяць чалавек, фатограф шосты, і хтосьці з іх на табе паставіў чырвоны крыжык.
— А чаму ты не адмовіўся, калі пазнаў мяне? — спрабуючы змяніць тэму размовы, спытаў Бусел і пацягнуўся за пачкам цыгарэт. — Грошы засцілі вочы?
— Грошы ні пры чым, не адмовіўся якраз таму, што пазнаў. Нарэшце зразумей, што я просты выканаўца, кілер, і вырашыў цябе выратаваць. I, як бачыш, мая задумка ўдалася.
— He магу паверыць, што Філін — гэта ты!
— Пра мяне пагаворым потым, час будзе, а цяпер ты павінен ведаць усё, што здарылася з табою.
— Ды як не ведаць, калі і цяпер галава гудзіць, быццахі званіца!
— Я не пра тое. Гнілога Прышч пасадзіў на пяро, сам улез у ягоную апратку і выйшаў на сустрэчу з табою. Дарэчы, месца сустрэчы і пароль нам таксама паведамілі. Так што кумекай, сышчык, адкуль могуць расці ногі. Сустрэчу з Прышчом ты памятаеш.
— Толькі да таго моманту, як увайшоў у нейкую развалюху, — пагадзіўся Бусел, яго больш і больш цікавіў расповед Філіна.
— Ў той развалюсе я гваздануў цябе, ты ўжо выбачай, прыйшлося самому, бо Прышч вельмі злы на вашага брата, мог не разлічыць. А потым пераапрануў
цябе ў адзенне Гнілога, а ўсё тваё нацягнуў на яго.
— Хочаш сказаць, што той чалавек павінен сысці за нябожчыка Бусла?
— Спадзяюся, так і будзе, — упершыню падчас размовы скупая ўсмешка слізганула па вуснах Філіна. — Над Гнілым папрацавалі — маці родная не пазнае, а астатняе — адзенне, пасведчанне, нават твае трусы на ім. Ты ўжо выбачай, трэба, каб камар носа не падтачыў. Нам пашэнціла, што валасы ў вас аднаго колеру, не прыйшлося галаву адразаць...
— Карацей, пашэнціла мне, — зморшчыўся Бусел.
— Можа, і так, асноўнае, ты жывы, хаця для ўсіх — нябожчык.
— Якое ж тут шчасце?
— Відаць, я занадта цябе гваздануў, павольна думаеш. Ты застаўся жывы, мяняй прозвішча і хоць сто гадоў тапчы зямельку. Станеш новым чалавекам, Івановым, Сідаравым, кім захочаш. Цяперака ўцяміў?
Філін выцягнуў з кішэні некалькі пашпартоў без фотакартак.
— Выбірай, якое прозвішча падабаецца больш, тое тваё.
— He трэба мне такой дапамогі, — адштурхнуў руку з пашпартамі Бусел, — як-небудзь сам...
Філін адвёў вочы, плёснуў гарэлкі ў двухсотграмовік, ажно разлілася, пацякла праз берагі на стол. На шчоках ходырам захадзілі нервовыя жаўлакі, твар счырванеў, рукі па-здрадніцку задрыжэлі. Ён каўтануў палову двухсотграмовіка і, унікаючы глядзець на Бусла, цяжка ўздыхнуў:
— Скажы шчыра, ты прынцыпова грэбуеш маёй дапамогай ці баішся запэцкацца?
— Прынцыпова.
— Калі так, то я абавязаны дапамагчы, хочаш ты гэтага ці не. Памятаеш, з чаго пачалося наша вайсковае сяброўства? Ты мне жыццё выратаваў.
— Ты б зрабіў тое самае.
— He ведаю. Дзесдць гадоў дапякае гэтае пытанне, а адказу няма... Калі шчыра, мне б смеласці не хапіла на вышыні тысяча метраў ухапіць падаючага дэсантніка, у якога не раскрыўся парашут. Кішка была слабаватая...
2. Зак. 3057	] 7
— А цяпер кішка твая стала моцная? — здзекліва ўпікнуў Бусел.
— Я проста вяртаю доўг, — ледзь стрымліваючы гнеў, прасіпеў Філін і сціснуў вялізныя кулакі-кувалды так, ажно пабялелі пальцы.
— А ці добра падумаў? Я ведаю, хто ты і чым займаешся, для кагосьці ты Філін, а для мяне Васіль Мароз, і адразу папярэджваю: цябе будуць шукаць і знойдуць. Магчыма, гэтым прыйдзецца заняцца мне самому.
— Пакуль капітан Бусел вырашыць асабістыя праблемы, кілеру Філіну хопіць часу спаліць за сабой усе масты і жыць там, дзе яго не знойдуць. Я буду пачуваць сябе спакойна, мы квіты: ты выратаваў мяне дзесяць год таму, я цябе — учора. Вось такая мая філасофія, таварыш інспектар крымінальнага вышуку, — Філін з цяжкасцю ўзняўся і, хістаючыся, пакрочыў да выхаду. У дзвярах прыпыніўся і, чакаючы Бусла, дадаў: — Я б хацеў сустрэцца пры іншых абставінах, але, што маем, тое маем, жыццё мацнейшае за нас.
— Цікавая філасофія, ты, пэўна, сабой ганарышся, — праходзячы міма Філіна, насмешліва прагаварыў Бусел. — А што тычыцца доўту, дык ледзь слязу не выціснуў, такі ты дабрадзей... Куды ідзём? — стоячы на ганку, на поўныя грудзі ўздыхнуў капітан і не адчуў тупога болю ў правым баку, што яшчэ гадзіну таму выклікаў прыступы ўдушлівага кашлю.
— Кіруй да студні, — падштурхнуў Бусла ў спіну Філін.
— Што шукае Прышч у сталіцы? — апускаючы ў студню рыпучы журавель з іржавым вядром, спытаў Бусел. — Пэўна, грошы? I ўсё ж колькі я каштую?
— Камерцыйная тайна, — неахвотна прабурчэў Філін, скінуў з сябе кашулю і падхапіў вядро празрыстай вады. — Плехані, a то нешта на сон хіліць.
— Баішся, што задам лататы? — перахапіўшы вядро, Бусел зрабіў некалькі глыткоў. — Ого, халодная, ажно сківіцы зводзіць!
— Вада і сапраўды што трэба, сілудае... А наконт уцёкаў я спакойны, ранавата табе на людзях з’яўляцца, пазнаюць...
— To і добра, я не збіраюся гуляць у тваю гульню.
— Мая, як ты кажаш, гульня, праз пару-тройку дзён скончыцца, і ты, даражэнькі, будзеш выблыт' вацца сам, інакш не паспееш аб'явіцца, як хтосьці лупяне манціроўка.й па галаве, і памінай як звалі.
Бусел незадаволена перасмыкнуў плячыма, спадылба зірнуў на Філіна і рэзка плёхнуў ваду на ягонае мускулістае цела. Злачынец ад нечаканасці ажно падскокнуў, з грудзіны вырваўся міжвольны крык, больш падобны на конскае ржанне, ён зафыркаў, зачмыхаў носам і пачаў імпэтна расціраць цела.
— Плісні яшчэ! — узбуджана крыкнуў Філін, але, убачыўшы, што Бусел быццам аслупянеў з вядром у руках, думаючы пра штосьці сваё, выхапіў журавель, апусціў у студню. Наступнае паўнюткае вядро сцюдзёнай вады Філін выплеснуў сабе на галаву і, не зважаючы на задумлівага капітана, подбегам пашкандыбаў у хату, пакідаючы на зямлі добры дзесятак ручайкоў.
Буслу было над чым пакумекаць. Філін меў рацыю, калі гаварыў пра тое, што ён павінен на нейкі час зрабіцца нябожчыкам. Цяпер думкі былі скіраваны на тое, каб разблытаць злачынства, а ў прапанаванай сітуацыі і сапраўды будзе лягчэй рассекчы вузел, выкрыць забойцу Кузаўкова і наркадзялкоў з фармацэўтычнай фабрыкі. Чалавек, які тэлефанаваў, забіты, і ўсе нітачкі абарваліся. Арыштаваны Князь маўчыць і будзе стаяць на сваім. Відавочна, трэба мяняць тактыку, і зноў Філін правы: яго, капітана Бусла, падставілі, і да гэтага прыклаў руку хтосьці са сваіх... Ён павінен не хавацца ўсё жыццё пад чужым прозвішчам, а знайсціюду.
Пасля халоднага душу галава ў Бусла прасвятлела, куды падзеўся боль, цела паступова налілося сілай, начная стома пачала забывацца. Пачуццё самазахавання, якое яшчэ ноччу нясцерпна вярэдзіла душу, шчыміла жаданнем помсты сэрца, цяпер саступіла месца прафесійнаму азарту, непераадольнаму жаданню асабіста ўва ўсім разабрацца. Капітан прагнуў дзейнічаць, і толькі напрацаваная за гады разважлівасць і цвярозы разлік стрымлівалі, прымушалі яшчэ і яшчэ пралічваць магчымыя хады злачынцаў, больш памыляцца Бусел не мог, другога Васіля Мароза не будзе. Капітан рашыў паслухацца парад Філіна.
Бусел павесялелым позіркам агледзеў вялікую паляну, на якой месціліся хата з прыбудовамі, агароджаныя плотам, які ад часу і недагляду спарахнеў і паваліўся на кусты здзічэлай маліны і толькі праз гэта яшчэ трымаўся, ствараючы ўражанне сваёй патрэбы. Адзін з трох хлявоў неяк бокам усунуўся ў лес, быццам ніхто яго не будаваў, а ён вырас тут сам, разам з калматымі пахучымі соснамі, што шчыльна ўзялі яго ў палон. Другі хлеў быў напаўразбураны, і толькі трэці, яшчэ ніштаваты, відаць, прыстасаваны пад гараж, ганарліва паглядаў наўкол праз расчыненыя дзверы, падпёртыя тоўстымі калодамі. Страха на хаце ў адным месцы свяцілася велікаватай дзіркай, на напаўразбуранай пячной трубе сядзела вялізная mspan варона і, схіліўшы галаву набок, насцярожана сачыла за Буслам.
"Тут, відавочна, ніхто не жыве", — падумаў Бусел і, падставіўшы твар яшчэ цеплаватым сонечным промням, заплюшчыў вочы. I раптам ён акунуўся ў зусім іншы свет, усё наўкол поўнілася птушынымі галасамі, у траве на ўсе лады стракаталі конікі, цёплы, ласкавы вятрыска ўзяў у свае абдымкі вільготнае цела, імгненна раскудлаціў валасы. Далёкі і адначасова блізкі ўспамін устрывожыў і расчуліў, капітан адчуў, што даўным-даўно з ім гэта ўжо было, ён перажываў гэткі момант. Гуллівы вецер менавіта так кудлаціў непаслухмяныя валасы, а птушыныя спевы напаўнялі душу неймавернай лёгкасцю і жаданнем узляцець. Імгненна перад вачыма ўзнік белабрысы дзесяцігадовы хлапчук. Гэта ён, Андрэй Бусел, каб не адстаць ад старэйшых, узлез на вялікі стары дуб, што рос на схіле Замкавай гары. Пад нагамі хісткая, спружыністая галінка, а яшчэ ніжэй струменіцца, круціцца вірам рака Мнюта. Шлях да адступлення адрэзаны, Андрэй заплюшчвае вочы і саскоквае... Ён ляціць і не адчувае свайго цела, толькі гэтыя птушыныя спевы і вецер, цёплы крылаты вецер у валасах.