Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Пасля душнай хаты Філін з асалодай падставіў твар разкаватаму ветру і з задавальненнем удыхнуў лясны водар. Ён быў удзячны лёсу за гэтую сустрэчу з Буслам, якая прымусіла пераасэнсаваць, перагледзець жыццё, якім жыў. Філіну стала спакойна, кацёл, што апошнія гады бурліў, віраваў недзе ўсярэдзіне, пад самым сэрцам, які трымаў думкі і волю ў пастаянным напружанні, раптам знік, растварыўся ў гэтым лясны.м тумане-прывідзе, у векавых соснах, у вечаровым спакоі. На хвіліну ён убачыў сябе ў тыя гады, калі яшчэ не зведаў штодзённага шчымлівага страху, калі яшчэ верыў у сяброўства і разлічваў на шчырую падтрымку, калі ведаў, што камусьці патрэбны. Нечакана жаданы прывід гэтак жа раптоўна знік, і абцяжараныя неспакоем думкі міжволі вярнулі Філіна ў сённяшні дзень. Імгненна пранеслася перад вачыма злачыннае жыццё, і мёртвая туга абцугамі ўпілася ў сэрца.
"Усё магло быць па-іншаму, — са скрухай падумаў Філін, — але што маем, тое маем".
Ён не адчуваў ні раскаяння, ні спачування да сваіх ахвяр, яго не грызла сумленне, апошнія гады толькі помста гарачай хваляй ірвалася з грудзей, рабіла яго злым і бязлітасным. Упершыню гэтае пачуццё апякло сэрца і розум, калі вярнўўся з войска і знайшоў малодшую шаснаццацігадовую сястру Кацярыну ў псіхушцы. Маці, душачыся слязьмі, распавяла, што сястру згвалціў сын старшыні калгаса. Суд быў, але дваццацігадовы бэйбус атрымаў толькі два гады ўмоўна. Справу склалі так, быццам Кацярына і была ўва ўсім вінаватая, па-іхняму выходзіла, што яна наўмысна спакусіла хлопца. Суд прызнаў злачынцу вінаватым часткова, бо дзяўчына была непаўналетняя.
Філін не стаў шукаць праўды ў законах, а сам паехаў у Віцебск, знайшоў гвалтаўніка ў інстытуцкім інтэрнаце і ўчыніў расправу...
— Што з табой? — паклаў Бусел руку на плячо Філіна.
Філін ад нечаканасці скалануўся і, невідушча паглядзеўшы на Бусла, кінуўся ў хату. Калі капітан увайшоў следам, Філін ужо дапіваў двухсотграмовую шклянку гарэлкі, потым дрыжачай рукой наліў яшчэ палову і, не дыхаючы, каўтануў.
— Ты што, блёкату аб'еўся? — Бусел выхапіў бутэльку з рук Філіна.
— Усё добра, цяпер ужо добра, — унікаючы Буславых вачэй, крыва ўсміхнуўся Філін. — I не пазірай на мяне, як на шызіка, яшчэ на сцяну не палез... Душа баліць... Толькі якое каму дзела да гэтага? — п'яна ўсміхнуўся Філін. Гэты ўспамін заўсёды выклікаў выбух непадкантрольных, супярэчлівых пачуццяў, і з гадамі яму цяжэй і цяжэй было стрымліваць сябе. Філін разумеў, што некалі ўтакім стане ўтворыць нешта вельмі кепскае.
Ён чыркнуў запалкай, запаліў тоўстую жоўтую свечку, што стаяла ў напалову запоўненым недакуркамі слоіку. Кволы агеньчык асцярожна, але ўпарта праглынуў даўгаваты кнот і праз хвіліну весела замільгацеў. У хаце адразу стала неяк утульней, дым ад свечкі перабіў пах затхласці і прэласці.
— Мо пагаворым? — нясмела прапанаваў Бусел. Ён бачыў, што Марозу трэба раскрыцца, выгаварыцца.
Філін і сапраўды нейкі момант вагаўся, спадылба паглядзеў на Бусла, быццам правяраючы на трываласць, і ўсё ж перамаглі выпрацаваныя гадамі падазронасць і скрытнасць. Ён крыху памаўчаў і забасіў зусім пра іншае:
— Я вырашыў даць табе тэлефон чалавека, які падкінуў нам гэтую работку. — Філін нахіліўся, падняў з падлогі пусты пачак з-пад цыгарзт, доўга корпаўся ў кішэнях дажджавіка, што вісеў на сцяне каля ложка. Нарэшце выцягнуў агрызак алоўка. На стале каля свечкі нашкрабаў на пачку лічбы. Ён быў добра-такі п'яны, але развагі не траціў, поўнасцю кантраляваў сябе нават у словах. — Мянушка — Вожык, больш пра яго ведаць —сабе шкодзіць. Звернешся ў самым крайнім выпадку. Скажаш, ад мяне... Свой фотаздымак забяры ды рукамі не лапай, папера глянцавая, чым чорт не жартуе... Калі пашэнціць — знойдзеш адбіткі пальцаў таго, хто паставіў на табе крыж.
Маіх пальчыкаў не шукай, няма, Прышча таксама. і яшчэ фотку Гнілога, калі засталася, схаваю, — Філін п'яным позіркам агледзеў хату і тыцнуў пальцам у кут, дзе стаяў ложак, — пакладу пад матрац. — Ён захістаўся і няўпэўнена пасунуўся да ложка, на хаду прыпаліў цыгарку. .
Праз некалькі хвілін ап'янелы Філін захроп, раскінуўшы рукі. Бусел выцягнуў заціснутую паміж пальцаў спячага цыгарку і, прадчуваючы нядобрае, цяжка ўздыхнуў. Ён разумеў, што Філін наўмысна напіўся, каб заснуць, не’ наплявузгаць лішняга. Капітан сеў да стала, асцярожна падсунуў фотаздымак бліжэй да агарка свечкі. У той дзень, калі фатаграфаваліся, яны разблыталі нялёгкі вузел і рашылі пакінуць успамін, тым больш што дзень быў святочны, супаў з прафесійным святам. Фатаграфаваў Мікола Сушынскі. Прыгадалася, як лейтэнант доўга прыладжваў фотаапарат, мітусліва ўсіх рассаджваў, некалькі разоў прымяраўся на вольнае крэсла і ледзь паспеў заняць сваё месца, як спрацавала аўтаматыка. У цэнтры Бусел і Алесь Сарока... Сарока не будзе здраднікам: сябар яшчэ па міліцэйскай школе. На пярэднім плане ў крэслах — Федарэня і Глушакоў. Капітан сіліўся прыгадаць хоць што-небудзь, што магло кінуць цень на хлопцаў, — нічога не прыпаміналася. Але ж яктады фотаздымак трапіў да Філіна?
Прайшло дзве гадзіны, свечка ў слоіку дагарала, і цяпер ад яе было больш чаду, чым святла. Бусел усё яшчэ таропіўся на твары сяброў і калег, як у кутку на ложку заварушыўся Філін.
— He можаш наглядзецца? — кпліва, яшчэ п'яным голасам рагатнуў ён і са злосцю дадаў: — Нуну, глядзі, хто падміргне — той і злыдзень, удвая ці нават утрая большы за мяне.
— Мне трэба ў Мінск, — думаючы пра сваё, прагаварыў Бусел, — і чым хутчэй, тым лепш.
— Паспееш з козамі на торг, — паблажліва прабурчэў Філін і сонна, лянотна пазяхнуў. — Спяшацца трэба пры лоўлі блох, а ў тваім выпадку гэта на руку ворагам, ды і мне адразу прыйдуць кранты.
— А ты ім навошта?
— Як толькі твая персона аб'явіцца пад сапраўдным прозвішчам, адным словам, рассакрэціцца, мне
канец, будзе шукаць і міліцыя. і мафія... Я ж усё падстроіў, а гэта па нашых законах не даруецца... Толькі я разлічваю, што ты недурань, разумееш, што да чаго, і сам галаву ў пятлю не ўсунеш. А пакуль будзеш разбірацца, шукаць сваіх крыўдзіцеляў, я знікну, а з грашыма Філін паўсюль пан.
Праз два дні, у шэсць гадзін раніцы, у хлеў, дзе на гарышчы ў сене Бусел уладкаваў ляжанку, заехала машына. Прышч заглушыў рухавік, моцна бразнуў дзверцамі і паспешліва, подбегам пашкандыбаў да хаты. На ганку басанож ужо стаяў Філін і лянотна пазяхаў. Бусел загадзя раскалупаў у страсе некалькі дзірак, каб бачыць, што робіцца наўкол, і цяпер прыліп тварам да халаднаватага, крохкага шыферу. Хата і панадворак былі як на далоні.
— Усё выйшла, як ты задумаў, — Прышч, задаволена скалячыся, трос газетай над галавой. — Менты праглынулі нажыўку. А дзе наш? Пара з ім палічыцца, у мяне рукі свярбяць.
— Наш занадта шустры аказаўся, — абыякава кінуў Філін, узяў у Прышча газету, разгарнуў. — Ну, вось і некралог, амаль своечасова. — Філін улавіў у вачах Прышча недавер і раздражнёнасць. Ён паблажліва ляпнуў хаўрусніка па плячы: — Мент спрабаваў уцячы, прыйшлося замачыць. Пойдзем пакажу, дзе засыпаў, толькі на ногі што-небудзь абую.
Прышч роспачна пачухаў патыліцу, зласліва цвыркнуў слінай:
— Шкада, што без мяне...
Праз хвіліну Філін і Прышч зніклі ў лесе. Бусел не вытрымаў, таропка слізгануў па сене ўніз, да машыны, і хуценька, прафесійна агледзеў, што было ўсярэдзі.не, спадзеючыся знайсці якія-небудзь дакументы: вадзіцельскія правы ці што іншае. Але, акрамя некалькіх круглых боханаў хлеба, кавалка сыру, дзесятка тонкіх батонаў вэнджанай каўбасы ды скрынкі з гарэлкай, у машыне нічога не было.
"Пэўна, Прышч разлічвае тут адсядзецца", — падумаў Бусел. Ён быў задаволены тым, як разгортваліся падзеі, і ўсё ж душу раздзіралі неспакой і крыўда.
”Як нахабна і проста Філін абвёў вакол пальца крымінальны вышук, — разважаў капітан. — Значыць, калі ў газеце надрукаваны па мне некралог, Гнілога знайшлі і пахавалі як Бусла... Ну што ж, цяпер у мяне рукі вольныя, мы яшчэ паваюем!"
Бусел не стаў рызыкаваць і, залезшы ў сваю схованку, чакаў, пакуль Філін з Прышчом вернуцца. Нсйкі час яго неадчэпна, як насланнё, занепакоіла думка: ці быў на могілках салют?..
Філін вяртаўся пануры, засяроджаны, нават злы. Ён ішоў, глыбока засунуўшы рукі ў кішэні, а Прышч, бы пабіты сабака, трусіў збоку. Ён штосьці імпэтна даводзіў Філіну, забягаў то з аднаго боку, то з іншага і ўсё стараўся зазірнуць хаўрусніку ў твар. Філін не звяртаў на Прышча ўвагі, але каля ганка спыніўся і нейкі час панура слухаў блытаную балбатню. Бусел нічога не мог зразумець з таго, што гаварыў Прышч. Раптам Філін кароткім рэзкім ударам садануў хаўрусніка кулаком, і той змоўк на паўслове і з разяўленым ротам, быццам сноп, ссунуўся на зямлю. Філін, не звяртаючы на ляжачага аніякай увагі, піхнуў нагой дзверы, ды так, што тыя ледзь не вываліліся зусім, і, нахіліўшыся, знік у хаце. Прышч доўга ляжаў беспрытомна, раскінуўшы рукі. Нарэшце заварушыўся, стаў на калені, памацаў рукой сківіцу і паціху, хістаючыся, узняўся на ногі, пасунуўся да студні.
"Што паміж імі здарылася? — назіраючы за Прышчом, не мог зразумець Бусел. — За што Філін пабіў хаўрусніка?"
Прышч вывернуў на галаву вядро вады і, цвыркаючы крывавай слінай, увайшоў у хату. Адразу да Буславага слыху даляцелі крыкі, лаянка, але прычыну сваркі ён разабраць не мог. Бусел прыгадаў лесвіцу, што стаяла ў невялікіх сенцах і вяла на гарышча. Рашэнне прыйшло адразу. Ён таропка скінуў чаравікі, басанож слізгануў уніз і, хаваючыся за машынай, прыслухаўся. Гаманілі цішэй, чулася лаянка Філіна і скавытанне Прышча. He заўважыўшы нічога падазронага, Бусел, прыгнуўшыся, джгануў да бліжэйшага кута хаты і прысеў у кустах. Твар, рукі, ногі апякла жыгучка, і толькі Бусел наважыўся перабегчы бліжэй да сенцаў, як раптам гаворка ў хаце сціхла, і амаль адразу на вуліцу вываліўся расчырва-
нелы, расхрыстаны Прышч. Капітан, тулячыся бліжэй да хаты, у самую рослую крапіву, сцішана назіраў за бандытам.
— Цьфу ты, — мацюкнуўся і харкнуў крывёй злачынец.
Ён зласліва, нядобра некалькі разоў азірнуўся на вокны і, мармычучы праклёны, трымаючыся рукой за сківіцу, паплёўся да студні. Але на паўдарозе спыніўся і, быццам нешта прыгадаўшы, борздка крутнуўся і праз хвіліну зноў знік у хаце. Зласлівая рашучасць, што кіравала Прышчом, нічога добрага не прадвяшчала.