Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
Бусел з задавальненнем заўважыў, што дзверы ў хату засталіся адчыненыя, і ён, не раздумваючы, кінуўся ў сенцы, адтуль па-кашачы нячутна слізгануў па лесвіцы на гарышча і затаіўся на нейкіх старых, сплеснелых анучах. Спярша капітан нічога не чуў, акрамя ўдараў уласнага сэрца, але ў нейкі момант навакольную цішыню ўзарваў пісклявы, істэрычны крык Прышча:
— Паскуда, ты мне выбіў зуб! Ды я цябе за гэта!..
Ён не дагаварыў, пачуўся глухі ўдар, потым яшчэ... Да Буславага слыху данесліся валтузня і енк, больш падобны да сабачага скуголення.
— Ты засвяціўся, казёл пляшывы, і яшчэ рот свой паганы разяўляеш! — зласліва прасіпеў Філін. — Ведаеш, што за гэта бывае?
На нейкі момант у хаце запанавала цішыня.
— Ну, не ўтрымаўся, — пачуўся ўмольна-плаксівы голас Прышча, ад ягонай злосці не засталося і следу. — Але ж справа надзейная, возьмем у два, a то і ў тры разы больш, чым атрымалі за мента, там як піць даць, шмат золата і даляраў.
— Ты Вожыку гаварыў пра заказчыцу?
— Яшчэ чаго, ён адразу галаву адкруціць.
— Трэба было б, — памякчэў голас Філіна.
— Ты не турбуйся, справа надзейная, камар носа не падточыць, — па-свойму зразумеўшы гэтую змену, таропка загаварыў Прышч. — Ды і не засвяціўся я, наша сустрэча выглядала выпадковай. 3 могілак заруліў да Вожыка, а тут і яна выходзіць. Я адразу ўцяміў, што за птушка, нешта штурханула даведацца, дзе жыве. Цяпер мы адной вяровачкай моцна павязаны, а каля яе і пагрэцца можна. Прасачыў за
кабетай да самай хаты, тут і пашэнціла: ейная дачка, саплячка гадоў дзесяці, згубіла сабаку.
Прышч нечакана замоўк. Бусел ад нецярплівасці заварушыўся і датыкнуўся нагой да нечага шклянога, але, на ягонае шчасце, усё абышлося, Філін і Прышч звону не пачулі. Дзверы ў хату прачыніліся, і, выходзячы ў сенцы, Філін спытаў:
— Пры чым тут сабака?
— А пры тым, што не знайшлі яны свайго падстрыжанага пад ільва пудзеля, а як толькі зніклі ў пад'ездзе, ён аб'явіўся і, быццам знарок, падбегда маёй машыны. Я падазваў пудзеля, а на ашыйніку — бляшанка з гравіроўкай адраса і тэлефона. Тут мяне і асяніла, ухапіў сабаку за павадок і завёў у кватэру. I, скажу табе, не кватэра, а музей, трэба "ставіць", пакуль хто іншы гэтага не зрабіў.
Філін з Прышчом выйшлі з хаты, і Бусел больш не чуў іх гаманы, сцішана ляжаў, асэнсоўваючы пачутае. Праз гадзіну ў сенцы ўвайшоў расчырванелы, злы Прышч і паспешліва прачыкільгаў у хату, моцна бразнуўшы дзвярыма. Яшчэ праз паўгадзіны аб'явіўся Філін. Хаўруснікі адразу селі снедаць і піць гарэлку. Буслу больш не было патрэбы тут заставацца. Ён паціху спусціўся з гарышча, нячутна выйшаў на вуліцу і праз некалькі хвілін ужо ляжаў у сваёй бярлозе.
"Значыць, Прышч сустракаўся з жанчынай, заказчыцай майго забойства. Яна была ў Вожыка, пэўна, разлічвалася з пасрэднікам. Што яшчэ? Жыве ў шыкоўнай кватэры, і Прышч падбівае Філіна абрабаваць тое жытло... У кабеты ёсць дачка гадоў дзесяці і сабака пудзель, падстрыжаны пад ільва... He так і мала я даведаўся. — задаволена ўсміхнуўся Бусел, — пры жаданні можна знайсці кабету і па гэтай інфармацыі".
На працягу дня злачынцы з'явіліся на вуліцы два ці тры разы, і пад вечар Прышч зайшоў у хлеў, дзе стаяла машына, заліў у бак бензіну, а дзве поўныя каністры паставіў у будку, сюды ж прыцягнуў два вялікія рукзакі. Бусел адчуў, што хаўруснікі збіраюцца ў дарогу, і не памыліўся. Калі добра-такі сцямнела, яны замкнулі хату, селі ў машыну, і праз хвіліну чырвоныя агеньчыкі габарытаў зніклі ў лясным гушчары.
Бусел не спяшаўся пакідаць схованку. Ён доўга прыслухоўваўся да рытмічнага тахкання рухавіка і, калі ўсё сціхла, не тоячыся, выйшаў з хлява, закурыў. Капітан вырашыў падстрахавацца і хвілін дваццаць ішоў па лясной дарозе, дзе толькі што праехала машына. Усё было ціха. Калі вярнуўся да хаты, зусім сцямнела. Ключ ад замка, як і дамаўляліся з Філінам, знайшоў у шчыліне паміж бярвеннямі пад самай страхой. Адразу запаліў газнічку, падышоў да ложка, з нецярпеннем адкінуў коўдру, потым сяннік. На ржавай сетцы ляжала тое, што шукаў — газета. 3 сярэдзіны вываліўся фотаздымак. Каля дрэва ў поўны рост стаяў бялёсы шыракатвары мужчына. У цяжкім гюзірку было столькі непрыхаванай тугі і безвыходнасці, што Буслу стала неяк не па сабе. Гэты фотаздымак таксама хтосьці пазначыў крыжыкам, a на адваротным баку ўсе чатыры куткі былі надарваныя, з рудымі плямамі, відавочна, здымак вырвалі з альбома. Нейкі час капітану здавалася, што ён ужо некалі сустракаўся з гэтым чалавекам. Ён з хваляваннем, быццам вось-вось разгадае таямніцу "добраахвотніка", падышоў бліжэй да стала, пабольшыў кнот у счарнелай газнічцы, але, як ні ўглядаўся, пазнаць мужчыну не змог. I раптам Бусел злавіў сябе на думцы, што Філін быў правы, калі гаварыў, што яны з Гнілым падобныя. На самай справе так і было, мо адсюль і гэтае незразумелае хваляванне?
На першай старонцы міліцэйскай газеты ў чорнай рамцы ўбачыў сябе ў параднай форме. Калі прачытаў некралог, міжвольная ўсмешка кранула вусны: "Вось, аказваецца, які быў я! Але чаму быў — ёсць! Смелы, зычлівы і чулы, лепшы сышчык горада... Мяне чакала бліскучая будучыня!.. Ну што ж, паглядзім!.."
На палях газеты Філін развітваўся з ім, паведамляў, што на фотаздымку Гнілы, і, быццам між іншым, пазначыў, што ў вядомай яму схованцы пакінуў ключы ад ягонай мінскай кватэры, якія забраў у Прышча, і грошы. Наконт грошай была прыпіска, што, калі ён іх цураецца, — можа не браць...
— He, цяпер, калі я для ўсіх нябожчык, калі ў кішэні і капейка не звінела, я грошы вазьму, — услых прагаварыў Бусел. I сцішана дадаў: — У доўг...
2
Праз два тыдні, апоўдні, на чыгуначным вакзале ў горадзе Рызе з цягніка сышоў маладжавы мужчына гадоў трыццаці пяці — сарака. Высокі, шырокі ў плячах, апрануты ў джынсавы гарнітур, ён быў падобны на спартсмена, але даўгаватыя бялёсыя валасы, рыжаватая з сівізной бародка і асабліва рукзак за плячыма рабілі яго больш падобным на вандроўніка ці геолага, які вяртаецца з чарговай экспедыцыі. Чалавек лёгкай, пружыністай хадою прайшоўся па пероне і накіраваўся да стаянкі таксі. Праз некалькі хвілін машына неслася па рыжскіх вуліцах, а геолаг-вандроўнік уважліва разглядаў горад і некаму, вядомаму толькі яму аднаму, усміхаўся. Машына спынілася каля дванаццаціпавярховага гмаха, і барадаты, разлічыўшыся з шафёрам, рашуча ўвайшоў у пад'езд, падняўся на ліфце на сёмы паверх, падышоў да дзвярэй кватэры нумар трыста, скінуў з пляча рукзак і раз-другі націснуў на званок. Прыслухаўся. He пачуўшы ў кватэры аніякага руху, чалавек відавочна захваляваўся і нервова націснуў на кнопку званка некалькі разоў запар. Нарэшце за дзвярыма пачуліся крокі, шамаценне, прыглушаны кашаль, і барадаты з палёгкай уздыхнуў, нецярпліва перакінуў з рукі ў руку рукзак, далонню прыгладзіў белабрысую чупрыну. Дзверы прачыніліся, і паўнаваты мужчына, апрануты ў спартыўныя штаны і белую майку, гэткага ж росту, як і барадаты, з капой нячэсаных чорных валасоў, санліва пазяхнуў і, слепавата прыплюшчыўшы вочы, утаропіўся ў няпрошанага госця.
— Вам каго?
— Петэрс, гэта я...— усміхаючыся, прагаварыў барадаты і зрабіў крок насустрач.
У таго, каго чалавек з рукзаком назваў Петэрсам, санлівасць як рукой зняло, вочы акругліліся ў нямым здзіўленні, ніжняя сківіца адвісла.
— Э-э-э, — вылецеў з горла здзіўленага Петэрса гартанны гук, ён пачаў адступаць усярэдзіну калідора.
— Ды я гэта, Андрэй Бусел! — ускрыкнуў бара-
даты і пасунуўся ўслед. — Датыкніся, калі сумняваешся.
— Жы-вы?! — Петэрс на хвіліну апусціўся на табурэтку каля невялічкага шкапчыка з тэлефонам, потым сарваўся, кінуўся да Бусла, аберуч ухапіў за плечы, павярнуў тварам да святла. — I сапраўды, Андрэй! Жы-вы! — здрыгануўся голас Петэрса.
— Ды я гэта, я, — паспешліва пагадзіўся Бусел і, каб папярэдзіць астатнія пытанні, зачыняючы дзверы, таропка дадаў: — Пахавалі не мяне, а іншага чалавека... Доўгая гісторыя, паслухаеш — не паверыш.
— Яшчэ не веру, — Петэрс гучна, з нейкай істэрычнай радасцю засмяяўся, ухапіў Бусла за руку і, быццам малое дзіця, павёў чамусьці на кухню, але праз хвіліну падскочыў і сілком пацягнуў у залу, усадзіў на мяккую канапу. Ён мітусіўся, не знаходзячы сабе месца, не мог паверыць, што перад ім не хто іншы, як Бусел, ягоны сябра і аднакашнік па міліцэйскай акадэміі. Нарэшце гаспадар зразумеў, чаго яму і ўваскрэсламу сябру не хапае. Ен адчыніў шуфляду ў шкапчыку, на якім стаяў тэлевізар, выцягнуў бутэльку каньяку, паспешліва забразгатаў крыштальнымі фужэрамі.
— Без каньяку цяжка разабрацца, не паверу. што не сплю, — не зводзячы прамяністага позірку з Бусла, радасна засмяяўся Петэрс. — Вып'ем за цябе, за вяртанне з таго свету, за ўваскрашэнне!..
Бусел падняў паўнютка наліты фужэр. усміхнуўся.
— Ты так прыгожа ляжаў у труне, увесь у вянках і кветках, пра цябе так добра гаварылі, што я не ўтрымаўся, пусціў слязу. Праўда, твар быў забінтаваны, казалі, каб не наганяў жаху на маладых супрацоўнікаў... Прабач за такія плоскія жарты, гэта ад радасці... Дык за ўваскрашэнне!
Сябры выпілі, памаўчалі.
— Яно і праўда, — першы загаварыў госць, — я ўваскрэс, толькі не як Бусел.
— Гавары ясней, — зноў напаўняючы фужэры, ускінуў на сябра здзіўлены позірк Петэрс.
— Цяпер я — не я, — дастаючы з кішэні пашпарт, з адценнем разгубленасці, нават пагарды, удакладніў Бусел, — перад табой уласнай асобай Мікалай Фёдаравіч Мельнік, і, як кажуць, прашу шанаваць і мілаваць.
Петэрс прамаўчаў. Бусел зразумеў гэтае маўчанне па-свойму і пачаў няспешна, падрабязна расказваць сваю гісторыю...
Петэрс не зводзіў з сябра ўсхваляваных, прамяністых вачэй. Ён яшчэ і яшчэ наліваў у фужэры, у нейкія моманты падскокваў на ногі, сіліўся пра нешта спытаць, але ні разу не перапыніў сябра, толькі стрымана падтакваў, ківаў галавой, быццам сам быў усяму сведкам.
— I вось я тут, — скончыў Бусел расказ, і нешта падобнае на ўсмешку мільганула на ягоным засяроджаным твары. — Прабач, што выбраў цябе, але ты сышчык і разумееш, што без дапамогі і надзейнага прыкрыцця я не змагу нічога зрабіць.
— Ты, Андрэй, зрабіў разумна, што прыехаў да мяне, — напіхваючы пахучым тытунём курыцельную трубку, зазначыў Петэрс. — Па-першае, я забясгіечу табе ў Беларусі надзейнае, а галоўнае, афіцыйнае прыкрыццё, а па-другое, у мяне водпуск і тры тыдні буду ў поўным тваім распараджэнні, сумяшчу прыемнае з карысным. Вераніка з сынам ужо дзесяць дзён у цешчы, у мястэчку Ракаў, што пад Мінскам, і я туды навастрыў лыжы. Дык нам па дарозе, давязу з шыкам.