Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Буслу быў сімпатычны гэты трошкі праставаты вусач, але, асноўнае, яму патрэбна была шчырая размова.
— Віктар Іванавіч, вас Бог паслаў, — падсоўваючы бліжэй да стала табурэткі, адказаў Бусел.
Сайкоўскі адразу павесялеў, звычна падкруціў вусы, паклаў на стол тоўстае, як узяць у руку, кальцо сялянскай каўбасы, паставіў бутэльку гарэлкі. Потым з'явіліся кансервы, хлеб, памідоры, цыбуля, і напаследак з глыбокай кішэні ўчастковага цяжка выкуліўся паўлітровы слоік марынаваных грыбоў. Убачыўшы гэтыя прысмакі, Бусел узгадаў, што цэлы дзень нічога не еў.
— Каўбаска свежая, — расклаўшы нож і ўвішна
рэжучы вялікімі кавалкамі каўбасу, яшчэ больш наганяў апетыт участковы, — а грыбочкі — адны баравічкі, сам збіраў... А што, таварыш маёр, сталіца будзе пераглядаць зэкаўскія разборкі?.. — спытаў і сцішыўся Сайкоўскі.
Бусел чакаў, калі капітан пачне цікавіцца справай і пра што найперш спытае. Тое, што хітраваты ўчастковы пачаў здалёк, прымусіла прыняць ягоную гульню.
— На нейкія моманты мясцовыя сышчыкі ўвагі не звярнулі, — адкрываючы кансервы, з напускной строгасцю адказаў Бусел. — Мне, напрыклад, як і вам, здалося, што ў разборках замешана жанчына...
Сайкоўскі адразу зніякавеў, шыя пачырванела, вочы забегалі,. замітусіліся, ён скінуў гальштук, расшпіліў верхнія гузікі кашулі, але прамаўчаў, праглынуў сказанае Буслам.
— Вашыя падазрэнні ў справе не запісаныя, хоць... — Бусел наўмысна не дагаворваў, ён правакаваў, падштурхоўваў участковага расказаць пра сапраўдную прычыну вячэрняга візіту. — "He гарэлку ж піць ты на самай справе прыйшоў", — злуючыся, падумаў Бусел.
Сайкоўскі і сапраўды быццам адчуў гэтую непрыхаваную злосць сталічнага сышчыка, неяк вінавата шморгнуў носам і сцішана прагаварыў:
— Жанчыну, акрамя мяне, ніхто не шукаў...
— Значыць, яна была? — зачапіўся Бусел.
— Чаму была? — раскаркаваўшы бутэльку, паглядзеў на Бусла ўчастковы. — Яна ёсць... — Сайкоўскі напоўніў чаркі. —Давайце вып'ем, закусім і пра ўсё па парадку... Толькі ў мяне да вас адна просьба...
— Канечне, — адразу пагадзіўся Бусел.
— Я хачу, каб усё, што раскажу, засталося паміж намі...
Бусел здзіўлена паглядзеў на Сайкоўскага, раскрыў рот, каб запярэчыць, але ўчастковы апярэдзіў:
— He, не, — па-свойму зразумеў ён здзіўленне сталічнага сышчыка, — хоць тое і тычыцца аднаго з зэкаў, але закон не парушаны, проста не хачу, каб пакутавалі тыя, хто не мае ніякага дачынення да забойства.
Бусел не перапыніў, не перапытаў участковага, і
Сайкоўскі трошкі весялей працягваў:
— Адміністратар гатэля пераказала размову з вамі, і я не хачу выпрабоўваць лёс... Сапраўды, зэкі не проста так з'явіліся ў Браславе, сястра аднаго з іх...
— Кацярына?! — міжвольна ўскрыкнуў Бусел. — Яна тут?..
Сайкоўскі насцярожыўся, спадылба зірнуў на маёра:
— Вы знаёмыя?
— Завочна, — паспешліва адказаў Бусел і таропка патлумачыў: — Я дэтальна знаёміўся не толькі з нябожчыкамі Марозам і Казачэнкам, а таксама цікавіўся родзічамі... Справа неардынарная...
Пэўна, гэта прагучала непераканаўча, бо Сайкоўскі нечакана папрасіў:
— Дазвольце паглядзець ваша пасведчанне.
— Калі ласка, — суха адказаў Бусел.
Участковы, відавочна, адчуваў сябе ніякавата, але выбару ў яго не было. Сайкоўскі нават начапіў акуляры, кінуў некалькі пранізлівых позіркаў на Бусла, звяраючы фотаздымак з арыгіналам. Яшчэ даўжэй чытаў, потым перачытваў прадпісанне, у якім значылася прычына камандзіроўкі. Нарэшце вусны скрывіла вінаватая ўсмешка.
— Прабачце, Андрэй Фёдаравіч, у нейкі момант я засумняваўся ў прынятым мной рашэнні... Але спярша вып'ем...
— Нешта мне расхацелася, — перасмыкнуў плячыма Бусел, якога пачала раздражняць непаслядоўнасць Сайкоўскага.
— Значыць, пакрыўдзіліся... — Участковы напоўніў чаркі, выпіў, крактануў у кулак і, панюхаўшы зжаўцелы палец, праставата зірнуў на Бусла. — Палец настолькі прасмярдзеў табакай, што перабівае пах гарэлкі лепш за мускатны арэх...
Бусел дэманстратыўна склаў рукі на грудзях, даючы зразумець, што чакае, калі пачуе тое, дзеля чаго прыйшоў сюды ўчастковы.
— Калі, значыць, зэкі забілі адзін аднаго, я, убачыўшы ў пакоі новае жаночае адзенне, пачаў шукаць жанчыну. Як цяпер думаю, і не трэба мне гэта было: разабраліся зэкі паміж сабой, і, чаго граха таіць, дзякуй Богу, але ж быццам нешта падштурхоўвала... Для каго былі куплены рэчы, знайшоў хутка. За дзевяць
кіламетраў ад Браслава, у Слабодцы, у псіхіятрычнай бальніцы прызналі па фотаздымку Мароза. Праўда, там ён назваўся Бураком, але не ў тым справа. Ён прыязджаў праведаць сястру Кацярыну. Я паказаў здымак доктару Сімановічу, які лячыў Кацярыну, збольшага расказаў, што да чаго, і, даведаўшыся пра сястру, выказаў меркаванне, што, пэўна, і яе трэба будзе дапрасіць і павезці на апазнанне трупа. Доктар, канечне, запярэчыў, нечакана раскрычаўся, маўляў, Кацярыне нельга нічога гаварыць пра брата, псіхіка ў яе слабая. Я нічога лепшага не прыдумаў, як спаслацца на начальства: як вырашыць, так і будзе... Праўда, далажыць пра сястру Мароза я не паспеў. Той жа ноччу Сімановіч падпаліў свой кабінет. Яшчэ добра, што своечасова ўбачылі, затушылі, але амаль усе карткі хворых згарэлі... Нехта бачыў, як Сімановіч сігануў з палаючага акна і пабег у невялікі лясок, а калі пачалі шукаць, знайшлі голага, ледзь жывога ад холаду. Ён закапаўся ў вялікім мурашніку, адна галава тырчэла. Мову ў небаракі адняло, і з галавой зрабілася нешта ненармальнае: некалькі разоў уцякаў, і ўсё ў лес, у мурашнік. Цяпер забралі яго ў псіхушку ў Віцебск, кажуць, безнадзейны... He стаў я браць грэх на душу... Гаротная сястра Мароза столькі гадоў лячылася... Раптам і з ёй стане тое, што з доктарам?.. Дый патрэбы ніякай, усё роўна змяніць нічога нелыа...
Сайкоўскі выпіў, зноў панюхаў палец. Бусел таксама каўтануў гарэлкі, прыхільна паглядзеў на капітана.
— Добра, што вы прыйшлі да мяне сёння і пазбавілі ад магчымых неабачлівых крокаў.
— Значыць, болыіг не крыўдуеце? — падкручваючы вусы, спытаў Сайкоўскі.
— Работа ёсць работа, — адмахнуўся Бусел.
— Я магу разлічваць, што за праяўленую ініцыятыву не атрымаю наганяй ад начальства?
— Вы паступілі правільна. — Бусел нечакана зразумеў прычыну паводзін Філіна, у гэты момант быццам хтосьці нябачны прашаптаў у патыліцу: "Мароз пасяліўся ў гатэлі пад сапраўдным прозвішчам, бо прадчуваў нядобрае, ён мог не паспець знайсці сястру і прыцягваў увагу, ён разлічваў на цябе..."
— Нешта не так? — не верачы словам сталічнага
сышчыка, прагаварыў Сайкоўскі. — Я мог не ведаць пра нейкія...
— He, не, — спахапіўся Бусел, — усё выдатна... Трэба думаць пра жывых...
На другі дзень Бусел прачнуўся з цвёрдай упэўненасцю, што абавязаны наведаць хату лесніка, дзе апошні раз сустрэўся з Марозам. Сайкоўскі, задаволены вячэрняй размовай і асабліва тым, што сталічны маёр не будзе дакладваць начальству і не настойвае на сустрэчы з сястрой Філіна, вызваўся адвезці сышчыка. Але Бусел адмовіўся. Яму патрэбна была толькі машына. Старэнькі "Запарожац", у які перад ад'ездам Сайкоўскі ўліў каністру бензіну і на ўсялякі выпадак кінуў на задняе сядзенне буксіровачны трос, гучна і няспешна затарахцеў па дарозе.
Хата лесніка здалася яшчэ больш асірацелай. Паўсюль валадарылі вецер і холад, панадворак быў зрыты дзікамі, на скасабочаным жураўлі студні матлялася, рыпела ржавае, дзіравае вядро. Бусел зайшоў у хату і адразу накіраваўся да ложка, пад якім была Марозава схованка. Адкінуў кавалак дошкі — усё як было: кансервы ў бляшанках і бутэлькі з гарэлкай роўненька туліліся адна да адной, зверху ляжала газета.
— Дыпламата няма, — уголас расчаравана прагаварыў Бусел. Ён устаў, прайшоўся па рыпучых палавіцах, зноў прысеў на кукішкі каля схованкі. I раптам позірк зачапіўся за загаловак газеты — "Браслаўская звязда".
"Такой газеты тут не было", — спахапіўся Бусел і, каб упэўніцца, узяў у рукі адсырэлыя лісткі. 3 сярэдзіны выпала паштоўка, на якой з двух бакоў няроўным почыркам было напісана пасланне ад Мароза.
"Андрэй, калі табе давядзецца прачытаць гэтае пісьмо, значыць, мяне няма. У памяць аб нашым сяброўстве знайдзі маю сястру. У яме, што выкапалі разам у лесе, я прыхаваў нешта на чорны дзень. Па ўсім, Каці патрэбна лячэнне за мяжой. Мне больш няма на каго абаперціся, веру толькі табе. Разумею, у якое становішча я цябе стаўлю. Ты можаш здаць
дыпламат, як таго патрабуе закон... Але не кідай сястру, дапамажы ёй.
Спадзяюся, што я паспею вырашыць свае праблемы сам, і ты не прачытаеш гэтае пісьмо. Бывай, і памажы нам Бог!"
28
Падпалкоўнік Андрэй Фёдаравіч Бусел апошнія суткі чакаў тэлефоннага званка. Ніколі ў жыцці чаканне не было такім хвалюючым і нясцерпным. I калі нарэшце пачуў усхваляваны голас жонкі, ногі больш не трымалі. Ен цяжка абапёрся рукой на край стала і толькі змог прагаварыць:
Ну?!
— Андрэй! — крычала ў трубку Ліда. — Усё добра... Кацярынка нарадзіла... Хлопчык... Чатыры кілаграмы, пяцьдзесят восем сантыметраў... Волат!..
1997 — 1998
Праўдзін, В. A.
П70 Вяртанне з апраметнай : дэтэктыўны раман / В. А. Праўдзін.— Мінск : Маст. літ., 2011.— 397 с.
ISBN 978-985-02-1305-1.
«Вяртанне з апраметнай» — прыгодніцка-дэтэктыўны раман Віктара Праўдзіна, аўтара ўжо вядомых кніг «Візіцёр з Поўначы», «Эксгумацыя», «Шлях на Галгофу», «Танцавальны марафон», «Нелюбімыя гінуць» і іншых.
Жыццё прымушае галоўнага героя рамана Андрэя Бусла прайсці «сем колаў пскла»: яму лёсіць трапіць на ўласнае пахаванне, даводзіцца разблытваць пакручастую інтрыгу, дзе спляліся каханне і палітыка, сяброўства і грошы, мінулае і будучыня; урэшце, разгадкі беларускіх таямніц ён знаходзіць... за акіянам.
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бек)-44
Літаратурна-мастацкае выданне
ПРАЎДЗІН Віктар Аляксандравіч
ВЯРТАННЕ 3 АПРАМЕТНАЙ
Дэтэктыўны раман
Адказны за выпуск Ю. В. Пацюпа Мастацкі рэдактар В. А. Макаранка Тэхнічны рэдактар Л. С. Зубец
ГІадпісана да друку 27.09.2011. Фармат 84* 108'/й. Папера газетная.
Гарнітура Пецярбург. Афсетны друк. Умоўн. друк. арк. 21,0.
Улік.-выд. арк. 20,57. Тыраж 2000 экз. Заказ 3057.
Выдавецкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мастацкая літаратура» Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Лй № 02330/0494049 ад 03.02.2009.