Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— Што ж, не хочацца, але прыйдзецца прызнацца. — Сухі, збіраючыся з думкамі, трошкі памаўчаў. — Чалавек вельмі рэдка гаворыць добраахвотна пра свае недахопы, дрэнныя ўчынкі. Вы прымусілі прызнацца... Я сапраўды хлусіў, калі казаў, што не ведаю Калесніка. Мы з Сяргеем Мікалаевічам знаёмыя, і
знаёмыя даўно... Мы — прафесійныя ігракі... Покер, тысяча, ачко, рамс... ! канечне, на грошы... За гэта таксама прыцягваюць да адказнасці, таму і хлусіў. Карацей, Калеснік вінен мне, а картачны доўг — свяшчэнны доўг. Ён палову аддаў, а другую я вымушаны спаганяць. Так што, калі Сяргей Мікалаевіч арыштаваны, паспрыяйце...
Прафесар Сухі падчас вобыску ў лабараторыі адчуваў сябе ўпэўнена, трымаўся з годнасцю. Але, калі маёр Астроўскі ўзгадаў кватэру, дачу, гараж, прафесар захваляваўся. I было з чаго. У маразільнай камеры халадзільніка ў гусінай тушы Сухі схаваў пакет фенцыклідыну. Калеснік пра гэта не ведаў, прафесар заначыў наркотык для сябе, спадзеючыся з цягам часу знайсці замену Кузаўкову і арганізаваць рынак збыту. Арышт Кузаўкова Сухі ўспрыняў балюча і, каб не Калеснік, пэўна, сам здаўся б міліцыі. А смерць шафёра адрэзала шлях да адступлення, і хоць Сухі цешыў сябе тым, што асабіста не замаўляў забойства і не хацеў трагічнай развязкі, але разумеў і тое, што гэта — самападман. Прычына трагедыі крылася ў ім, і ад гэтага ўжо нікуды не дзецца. Адступаць не было куды, і Сухі рабіў для Калесніка работу, але залежаць не хацеў, спадзяваўся на большае. Таму і з'явіўся ў халадзільніку фенцыклідын побач з трохсотграмовай бутэлечкай морфію, які ён хаваў, чакаючы лепшых часоў. Прафесар рызыкаваў, авантурыстычнасць характару, неабходнасць вострых пачуццяў падштурхоўвалі Сухога да неабачлівых крокаў.
Аператыўна-следчая група пасля лабараторыі трэсла прафесарскую кватэру. Астроўскаму не было куды адступаць, Сухі павінен загаварыць, даць паказанні супраць Калесніка.
У кватэру ўвайшоў невысокі чалавек у чорным паліто з невялікім лахматым сабакам пад пахай, які калаціўся ад холаду і жалобна віскатаў.
— Зрабілі з кватэры прахадны двор! — убачыўшы чалавека з балонкай, гідліва прабурчэў Сухі.
— Гэта наш, — супакоіў прафесара Астроўскі.
— Мы не ў форме, — гладзячы сабаку, прагаварыў чалавек. — У Белкі насмарк, але паспрабуем...
— Чалавек ашчадна, з любоўю апусціў балонку на падлогу і патрабавальна загадаў: — Шукай!..
На падлозе Белка здавалася яшчэ меншай, доўгая поўсць засціла вочы, толькі чорны нос блішчэў на бялюткай мордачцы. Гэты белы пушысты камячок, адчуўшы волю, страсянуўся, як сапраўдны гаспадар. Белка задрала пысу, і на нейкае імгненне Сухі ўбачыў чорнае вока, якое, здавалася, падміргнула. Прафесар зразумеў, для чаго апынулася ў ягонай кватэры гэтая бяскрыўдная балонка. У наступны момант маленькі хвост Белкі затрымцеў, поўсць на спіне ўздыбілася, і балонка, ні на каго не зважаючы, затрусіла на кухню, завіскатала на халадзільнік.
— А кажаш — насмарк, чуе твая балонка мяса, — упікнуў чалавека ў чорным паліто Астроўскі.
— Дарма крыўдзіш, начальнік, — засвяціўся радасцю чалавек, — і не спяшайцеся шчоўкаць фотаапаратамі, успышкі пужаюць Белку. — Ён адчыніў дзверцы і няспешна пачаў выцягваць усё, што было ў халадзільніку. Калі чарга дайшла да маразільнай камеры і ў руках чалавека апынуўся прамерзлы гусак, Белка закруцілася, пачала высока падскокваць, завіскатала так прарэзліва, што некаторыя з прысутных прыкрылі вушы.
— Тут, — чалавек паклаў гусака на стол, падхапіў Белку на рукі і, выцягнуўшы з кішэні нейкі ласунак, пачаставаў яе. — Цяпер фатаграфуйце, бачыце, нешта тарчыць з сярэдзіны гусака...
Сухі, які, прыклаўшы долонь да сэрца, назіраў за ўсім, што рабілася каля халадзільніка, ледзь не страціў прытомнасць. Ён адразу ўзгадаў бутэлечку з пралітым морфіем, які хаваў разам з "феняй", і гэта стала прычынай таго, што вонкава бяскрыўдная Белка за адну хвіліну знайшла тое, што аператыўная група шукала некалькі гадзін.
— Мяне прымусілі, шантажыравалі, пагражалі забіць, як Кузаўкова!.. — нечакана закрычаў Сухі, яго цела канвульсіўна затузалася, і, каб прафесара не падтрымалі, ён, пэўна, паваліўся б.
Прафесар выпіў сардэчныя кроплі, хтосыді падсунуў пад нос ватны тампон з нашатырным спіртам. Ён чыхнуў, рэзка адхіснуўся, узняў чырвоныя вочы на Астроўскага.
— Ваша ўзяла! — вусны Сухога скрывіліся ў бе-
забароннай, угодлівай усмешцы. — Пра ўсё раскажу, толькі да забойства Кузаўкова я ніякіх адносін не маю.
23
Праз тры дні з моманту затрымання Калесніка палкоўнік Качан і маёр Астроўскі мелі доказы, каб прад'явіць яму абвінавачванне. Праўда, дзённік, які вёў нябожчык Кавалёў, практычна следству не дапамог. Апошні запіс быў зроблены больш дзесяці гадоў таму і тычыўся падзей яшчэ ранейшых, звязаных з першай судзімасцю Калесніка. Качан і Астроўскі ўжо валодалі гэтай інфармацыяй, і запісы толькі пацвердзілі факт удзелу самаго Кавалёва ў злачыннай групе разам з Купрэйчык і Калеснікам.
Асноўнае, на чым будаваліся абвінавачванні супраць Калесніка — гэта прызнанні прафесара Сухога. Невядомы сінтэтычны наркотык, знойдзены падчас вобыску ў прафесарскай кватэры, развязаў навукоўцу язык. Ён расказаў і пра морфій, які вырабляў, а Кузаўкоў вывозіў і рэалізоўваў.
Сухі катэгарычна адмаўляў удзел у забойстве шафёра. Юрыдычных падстаў для абвінавачвання Сухога ў забойстве не было. Качан з Астроўскім разумелі, на чыіх руках гэтая кроў, але інкрымінаваць Калесніку ўдзел у расправе над Кузаўковым, Буслом, Шаўцовым і, напаследак, замах на Астроўскага не маглі. Прамых фактаў не было, запіс размовы з нябожчыкам Кавалёвым суд прыме як ускосны доказ, і нават заява Сухога, што Кузаўкоў быў забіты па загадзе Калесніка, заставалася голай заявай, нічым не пацверджанымі словамі.
За трое сутак стараннай, крапатлівай працы сышчыкамі былі затрыманы амаль усе ўдзельнікі крымінальнай групоўкі Калесніка, адабрана падчас вобыску трыццаць кілаграмаў какаіну, сем аўтаматаў Калашнікава, адзінаццаць пісталетаў, дваццаць тры гранаты, вялікая колькасць патронаў, падробныя пашпарты і іншыя дакументы, валюта, каштоўныя паперы і рэчы. Некаторыя злачынцы, прыціснутыя неабвяргальнымі доказамі, прызнаваліся ў злачынствах, але ніхто з семнаццаці затрыманых не прыз-
наўся, што ведае Калесніка. Невядома як, але арыштаваныя даведаліся, што іхні "брыгадзір", Баксёр, у бягах, і гэтая акалічнасць шмат каму давала падставы і надзею на бяздоказнасць абвінавачванняў. Тых, у каго падчас затрымання не знайшлі ні зброі, ні наркотыкаў, ні іншага кампрамату, трэба было адпускаць. Качан і Астроўскі чакалі звестак ад Бусла. Планы Калесніка, звязаныя з Амерыкай, цяпер не былі таямніцай, і, каб канчаткова паставіць кропку, сышчыкам патрэбна было афіцыйнае пацверджанне, што наркотык, знойдзены ў Сухога, ідэнтычны таму, які павезлі Караленя і Купрэйчыкдля Лішанскагаў НыоЙорк. Праблемы маглі ўзнікнуць у Бусла і Крывіцкага пры ўводзе варыянта нумар два. Гэтая акалічнасць турбавала больш за ўсё.
У свой час капітан Клён паведамляў аб хвіліннай сустрэчы Калесніка, Каралені і Купрэйчык. Ужо тады сышчыкі маглі здагадацца, на каго робіць стаўку Калеснік пры вывазе кантрабанды. Каб дапетрылі, то цяпер не было б "амерыканскіх" праблем, Караленю маглі б узяць "на гарачым" у той жа Варшаве... Але што ёсць, тое ёсць, Караленя з Купрэйчык у Нью-Йорку.
На трое сутак Качан і Астроўскі быццам забыліся на Калесніка. Гэта быў своеасаблівы псіхалагічны ціск, які некаторых даводзіў да істэрыі, але толькі не Калесніка.
Сышчыкам было недастаткова таго, што Калеснік спрабаваў арганізаваць міжнародны наркатычны сіндыкат, ім патрэбны доказы ягонага дачынення да забойстваў. Гушча, які, па ўсім, быў першай скрыпкай, задаў лататы, але быў яшчэ Князь — Павел Скакун, які, нават даведаўшыся пра тое, што яго спрабавалі атруціць, і не хто-небудзь, а корыш Баксёр, усё роўна трымаўся свайго. Качан вырашыў асабіста яшчэ раз пагаварыць з бандытам.
"Такія, як Князь, не раскалваюцца, — разважаў Качан, — яны — крэмень, але да таго часу, пакуль іх не падстаўляюць свае, не прыніжаюць аўтарытэт... А тут спрабавалі забіць... Павінна ў яго спрацаваць пачуццё самазахавання ці абудзіцца прага помсты?.. Для яго гэта справа гонару..."
Скакун выглядаў стомленым, далёка не такім, як падчас апошняй сустрэчы з Астроўскім. Куды
падзеліся бравіраванне і празмерная фанабэрыстасць, вочы хваравіта блішчэлі, твар асунуўся, зрабіўся земляніста-жоўтым.
"Пэўна, па начах не спіць, — падумаў Качан, — пільнуе, баіцца прашляпіць свайго забойцу. Ведае, што, калі на ім паставілі крыж, рана ці позна давядуць справу да канца. Калі так, то чаму маўчыць?"
— Маё прозвішча Качан. — Палкоўнік махнуў рукой канваіру, каб пакінуў іх адных. — Я начальнік крымінальнага вышуку горада Мінска.
— Чуў пра такога, — неахвотна адказаў Князь і замоўк.
— А вось я пра Паўла Скакуна ніколі раней не чуў, — усміхнуўся Качан. — Але калі сустрэліся, значыць, нам ёсць пра што пагаварыць... Як думаеш?
— Слухай... — Скакун узняў вочы на палкоўніка і трошкі цішэй дадаў : — ...це, начальнік, няма ў мяне жадання за жыццё балакаць... Што ведаў, яшчэ на першым допыце падпісаў, так што...
— Ты праў, — перапыніў Князя Качан, — размова аб тваім жыцці... — Качан зрабіў шматзначную паўзу, але Князь не адрэагаваў, ён безуважна разглядаў свае агромністыя, парослыя рудым валассём рукі-кувалды. — Сяржант, які павінен быў падсыпаць атруту ў тваю міску, — родны пляменнік падпалкоўніка Макрыцкага... Пэўна, ведаеш, ён вёў апошнія допыты.
. — Угу, — матлянуў галавой Скакун і памацаў сківіцу, — левы знізу добра адпрацаваны...
— Сяржант перадаваў табе цыдулкі і раней, напрыклад, пра Пачопку, якога ты збіў да паўсмерці.
— Верабей — не жылец, — усміхнуўся Князь, — не я, дык іншыя прышыюйь.
— А ты?
— Што — я?
— Ці жылец?
— Вы — таксама не гарантыя, — цяжка ўздыхнуў Князь, — наадварот... Стукачом не буду...
— Твая згода і непатрэбна. — Качан выцягнуў з шуфляды фотаздымак. — Ты і так даўно з намі супрацоўнічаеш...
— Як гэта? — шчыра здзівіўся Князь.
— Зірні. — Палкоўнік падаў Скакуну фотаздымак.
Князь узбычыў галаву і доўга разглядаў фотакартку, сілячыся нешта ўзгадаць.
— Першы раз бачу фраера, мо па п'янцы шчоўкнуліся?..