• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

    Вяртанне з апраметнай

    Віктар Праўдзін

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 397с.
    Мінск 2011
    105.34 МБ
    Качан павітаўся з Зондаксам за руку і, не тоячы радасці, запрасіў усіх сесці. Яшчэ пяць хвілін таму палкоўнік ні за што на свеце не перапыніў бы допыт Калесніка, але ў дзяжурцы аб'явіўся праныра Зондакс з Вожыкам. Качан спакусіўся і разыграў камедыю для Калесніка, які, убачыўшы арыштаванага Вожыка, атрымае ўдар ніжэй пояса і зразумее, наколькі складаная ў яго сітуацыя. Пэўна, заўтра ён будзе весці сябе зусім па-іншаму, выраб наркотыку — нішто ў параўнанні з заказнымі забойствамі. А ў тым, што Вожык і Калеснік ведаюць адзін аднаго, сумнявацца не прыходзіцца. Хоць звязвалася з Вожыкам Ядзя Купрэйчык, але навесці на яго мог толькі Калеснік.
    Вожык, убачыўшы, як канваір бесцырымонна і груба прыткнуў да сцяны Калесніка, зразумеў сітуацыю так, як і павінен быў зразумець. Адразу ўзгадаў Філіна, сумненняў не было: Калесніка "круцяць" па заказным забойстве, аб якім дамаўлялася жанчына. Праўда, напярэдадні яны самі абгаварылі дэталі, але чамусьці Калесніку трэба было, каб менавіта кабета перадала грошы, хоць Вожык і быў супраць. Што
    ні кажы, лішні чалавек, лішні сведка, які пры пэўных абставінах можа стаць вельмі небяспечным.
    Убачыўшы панурага, зніякавелага Калесніка, Карпаў, як кажуць, скурай адчуў небяспеку, якраз як тады, у зоне, калі ўпершыню ўбачыў капітана Журыка, якога за нейкія грахі "саслалі" даслужваць да пенсіі ў іхнюю глухамань. Гэты сталічны франт у пагонах то тыднямі піў гарэлку, то як апантаны браўся "службу правіць". I тады для іх, зэкаў, наступалі горшыя дні. Гэты Журык-хмурык, як адразу ахрысціла опера лагерная братыя, на ноч па два разы ўстрайваў шмоны, цягаў на допыты, як сам казаў "с прпстрастмем". Многа каму опер папсаваў і нервы, і здароўе. Невядома чаму, але з самага пачатку Карпаў не спадабаўся Журыку, опер учапіўся ў Вожыка, як удаў, з мэтай зрабіць з яго стукача.
    "Ты больш за ўсіх з'еў хлеба і солі за дзяржаўны кошт, а аддачы аніякай, — заявіў пры першай сустрэчы Журык. — Будзеш адпрацоўваць баланду, як мне хочацца..."
    Вожык толькі пасмяяўся, але не прайшло і тыдня, зразумеў — опер не жартуе. Капітан штодзень выклікаў Карпава для размовы, частаваў дарагімі цыгарэтамі, гарэлкай, смачнай закускай. Вожык ад цыгарэт не адмаўляўся, астатняе ігнараваў, ведаў каварства паху гарэлкі і каўбасы. Братва ўраз унюхае, і тады трымай адказ, з кім і калі еў каўбаску.
    А тут і сапраўды з'явіўся стукач. У такой сітуацыі пачынаецца агульны недавер, кожны ходзіць пад прэсінгам: "А раптам падумаюць на мяне?.." Неяк падчас чарговага шмону ў Вожыка выпаў з тумбачкі пачак "Космасу", а такія цыгаркі смаліў толькі Журык. Першы раз было зразумела, што Карпаву цыгарэты падсунулі, але гэта паўтарылася і другі, і трэці, і пяты... У дадатак пайшла гамана, што п'яны Журык плявузгаў, абяцаў зрабіць зону ўзорна-паказальнай, казаў, што самі зэкі дапамогуць, ёсйь аўтарытэты, якім абрыдла лагернае жыццё, у некаторых з'явіўся шанс напалам зменшыць срок. Нават з волі пачалі паступаць сігналы аб падазрэннях на тое, што Вожык ссучыўся. Канешне, так доўга цягнуцца не магло. Разборка была кароткай, усім абрыдла жыць пад страхам, і на Вожыку паставілі кропку. Толькі Філін пайшоў насуперак прынятаму рашэнню, ён
    катэгарычна стаў на абарону, заявіў, што няхай спярша паспрабуюць забіць яго, а потым Карпава. Як ні дзіўна, але рашучасць Мароза падзейнічала, бескампраміснага здаравяка-дэсантніка баяліся і паважалі. А праз тыдзень усё вырашылася само сабой. П'яны Журык ноччу ўчыніў пажар і добра-такі абгарэў. Капітана выратавалі, ён атрымаў групу інваліднасці і хутка зусім з'ехаў.
    Цяпер, убачыўшы ў калідоры Калесніка, Карпаў адразу ўзгадаў выпадак шматгадовай даўнасці. Сярод зэкаўскіх аўтарытэтаў, якія прымалі рашэнне пазбавіцца ад яго, быў і Калеснік. Пасля яны сустракаліся, але мінулае не ўзгадвалі, рабілі выгляд, што не памятаюць. Толькі такое не забываецца... Вожык ведаў, што з Калеснікам жарты кепскія, ён пераступіў праз яго тады, пераступіць і цяпер.
    Вожык быў падрыхтаваны да допыту. Мінула пяць, дзесяць хвілін — прысутныя маўчалі, ні слова, ні паўслова, быццам чакалі, пакуль скончыць пісаць сівы палкоўнік. Карпаў захваляваўся.
    — Гэта Карпаў Павел Ігнатавіч, мянушка — Вожык, — прагаварыў Зондакс і кіўнуў на арыштаванага. Камісар таксама не мог зразумець гульні ў маўчанку.
    — Пачакайце, Петэрс Янавіч, — адмахнуўся Качан.
    I зноў незразумалая, штучная цішыня.
    — Арыштавалі, дык дапытвайце, — злосна прахрыпеў Вожык.
    Качан адарваўся ад папер, зірнуў на гадзіннік, узяў тэлефонную трубку.
    — Прышліце канвой.
    Калі Вожыка выводзілі, ён усё азіраўся на суровага палкоўніка, спрабаваў дапетрыць, чаго яго сюды прыводзілі і што нагаварыў ментам Калеснік.
    Калі за канвоем зачыніліся дзверы, Качан адсунуў паперы і прыхільна паглядзеў Зондаксу ў вочы:
    — А вы, Петэрс Янавіч, чалавек настырны, усё ж зрабілі па-свойму... Дакладвайце.
    — Карпаў, ён жа Вожык, звёў Купрэйчык з Філінам. Праз яго вяліся разлікі з забойцамі Бусла.
    — Зразумела. Гэтага звяна нам і не хапала. — Качан прымоўк і, па-змоўніцку падміргнуўшы Астроўскаму, прагаварыў: — Камісар — сышчык, якіх
    пашукаць... Мо паспрабуем пераманіць? Петэрс Янавіч, я прапаную пасаду ў нашым упраўленні. Што скажаце?
    — Падумаю, толькі спярша растлумачце: вам што, Вожык не патрэбны?
    — Яшчэ як патрэбны! — умяшаўся ў гаворку Астроўскі. — Па дарозе сюды, у калідоры, нам сустрэўся чалавек, памятаеце? Дык вось, ваш Вожык і той, другі, павінны былі сустрэцца менавіта пры такіх абставінах.
    — Гэта быў Калеснік, — удакладніў Качан. — Ваш Карпаў зрабіў добрую паслугу, гэта па-першае, а падругое, перш, чым дапытваць Вожыка, нам хацелася б пагаварыць з вамі. Згодны?
    — Так, — кіўнуў Зондакс, — цяпер усё зразумела.
    24
    У той самы момант, калі Зондакс піў каву ў кабінеце Качана, у Нью-Йорку заклапочаны Бусел накіроўваўся ў паліцэйскі ўчастак. Раніца выдалася надзіва сонечнай і цёплай. Чароды галубоў запаланілі тратуары, таўкліся пад нагамі і нагадвалі вясновы майскі Мінск. Бусел спяшаўся. Гадзіну таму выйшаў на сувязь Пятроўскі і папярэдзіў, што доўгачаканы "тавар" з Мінска дастаўлены. Толькі планы і інструкцыі рэзка памяняліся. Кур'ер катэгарычна заявіў, што Калеснік патрабуе, каб ён асабіста, з рук у рукі перадаў тавар амерыканцу і забраў грошы. I ніякіх тлумачэнняў.
    Буслу было над чым задумацца. Паводзіны кур'ера і начны званок Астроўскага гаварылі за тое, што ў Мінску здарылася нешта надзвычайнае. Хваляванне і пачуццё трывогі выклікала тое, што кур'ер, спаслаўшыся на змену абставін, абавязаў Пятроўскага праз тры гадзіны наладзіць сустрэчу з амерыканцам і забяспечыць наяўнасць грошай і бяспеку. Такая ультыматыўная катэгарычнасць была не на карысць, узнікалі падазрэнні.
    У Бусла з Пятроўскім была, як кажуць футбалісты, "хатняя загатоўка": варыянт нумар два ўводзіцца, як толькі стануць вядомыя час і месца перадачы наркотыку.
    Бусел разумеў, што ўзнікнуць аб'ектыўныя цяжкасці, паліцыі патрэбен час для праверкі і яго, і інфармацыі, а менавіта часу і не было. Ён увайшоў у вялікі будынак паліцэйскага ўчастка, які месціўся на суседняй вуліцы ад гатэля, дзе ён жыў, і загадзя завучанай фразай звярнуўся да смуглявага паліцэйскага з вялікім бліскучым значком на чорнай скуранцы. Паліцэйскі ўважліва выслухаў, па ўсім, зразумеў, што мае справу з ішназемцам, прыхільна, як даўняму знаёмаму, усміхнуўся і, не задаўшы ніводнага пытання, падвёў да вялікіх шкляных дзвярэй, тыцнуў пальцам у шыльду і гучна прагаварыў: "Камісар". Менавіта пра яго і пытаўся Бусел.
    У невялікім душным пакоі пахла кавай, ледзь чутна гудзеў кандыцыянер. За вялікім сталом сядзеў сівы поўны мужчына, прыблізна адных гадоў з Буслам, і вастрыў аловак. Бусел зачыніў дзверы, моўчкі выцягнуў з кішэні дакумент, падрыхтаваны яшчэ ў Мінску на гэты выпадак. У паперы, праштампаванай неабходнымі штэмпелямі інтэрпола, на англійскай мове было напісана, хто ён ёсць на самай справе і чаго прыехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі.
    Камісар узяў ліст з выглядам чалавека, які гэтым робіць неймаверна вялікую паслугу. Але вельмі хутка з твару як карова языком злізала абыякавасць і пыху. Камісар паглыбіўся ў чціва і паволі, нават не зважаючы на тое, што робіць, пачаў узнімацца на ногі са свайго мяккага вёрткага крэсла, вольная рука пацягнулася да кубачка з кавай і нечакана перакуліла чорны напой на стол. Камісар, пакуль не дачытаў, не звярнуў на гэта аніякай увагі, як, дарэчы, і потым.
    Ён быў вышэйшы за Бусла і не такі тоўсты, як здалося ў першую хвіліну. Кручкаваты доўгі нос на шырокім скуластым твары, падобны да арлінай дзюбы, здавалася, вось-вось дзёўбне тую Буславу паперу. Расчырванелы камісар дачытаў і нешта хутка сказаў, але Бусел толькі адмоўна пахітаў галавой, паказваючы, што не разумее.
    Камісар паспешліва пачаў націскаць на тэлефонныя клавішы, збіўся і толькі з чацвёртага разу набраў патрэбны нумар. Бусел гэтымі днямі толькі і рабіў, што штудзіраваў руска-ангельскі размоўнік,
    але са слоў камісара зразумеў толькі "рашэн", "КДБ". Потым паліцэйскі зрабіў яшчэ некалькі званкоў. Бусел не заўважыў, як за ягонай спінай выраслі два здаравякі, адзін белабрысы, нават рыжы, другі — негр. Камісар, нічога не сказаўшы, падхапіў са спінкі крэсла скуранку і знік з пакоя, як і не было. Буслу здалося, што разам з камісарам знік і пах кавы, яго перабіў цыгарэтны дым. Ён азірнуўся, негрпаліцэйскі смаліў тоўстую цыгару.
    "Я пад аховай", — падумаў Бусел і сеў у крэсла так, каб бачыць паліцэйскіх. Ахоўнікі таксама моўчкі ўладкаваліся, рыжы — бліжэй да дзвярэй. Насупраць Бусла на шкляной перагародцы, якая аддзяляла кабінет ад астатняга памяшкання, вісеў адмысловы гадзіннік у выглядзе лялькі Барбі. Стрэлкі рухаліся над галавой куклы ў агромністым какошніку. Другі гадзіннік, удвая большы, лялька трымала ў бялюткіх руках. Абодва гадзіннікі ішлі з розніцай у дваццаць хвілін. Бусел паглядзеў на свой гадзіннік: да сустрэчы Пятроўскага з кур'ерам заставалася дзве з паловай гадзіны.
    Праз паўгадзіны ў пакой уваліўся заклапочаны камісар, следам таропка ўвайшлі некалькі чалавек у цывільным. 3 імі была сімпатычная, высокая, гадоў трыццаці брунетка ў строгім гарнітуры і вялікіх акулярах, якія прыкрывалі амаль палову твару. Убачыўшы Бусла, жанчына павіталася, і капітан зразумеў, што гэта перакладчыца. Камісар, штохвілінна выціраючы насоўкай спатнелы лоб і шыю, сеў на сваё месца, кіўнуў ахоўнікам, і здаравякі адзін за адным нячутна выслізнулі з кабінета.