Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
Бусла доўга з цікаўнасцю разглядалі, быццам ён не з Еўропы прыляцеў, а з нейкай іншай планеты. Насупраць яго ўладкаваліся плячо ў плячо двое мужчын у аднолькавых чорных касцюмах, праваруч, бліжэй да камісара, толькі за суседнім сталом, доўга не мог усесціся тоўсты, чырванатвары, зусім лысы, з незадаволеным выглядам чалавек гадоў шасцідзесяці. Перакладчыца села побач з Буслам і адразу патлумачыла, што гэта ўсё паліцэйскае начальства. Лысы, па ўсім, быў за галоўнага, бо Буслаў інтэрполаўскі дакумент знаходзіўся ў яго.
Чалавек, слепавата прыплюснуўшы вочы, у каторы раз прачытаў паперу і пачаў гаварыць. Бусел уба-
чыў, як камісар, стараючыся быць незаўважным, уключыў відэакамеру, што вісела на сцяне за ягонай спінай. Чорнае бліскучае вока аб'ектыва бясшумна крутнулася туды-сюды і сцішылася, утаропіўшыся на Бусла.
"У камісара на стале экран", — зразумеў Бусел і запытальна паглядзеў на перакладчыцу. Жанчына прыхільна ўсміхнулася і на чыстай рускай мове зрабіла пераклад.
— Нам хочацца пачуць, з якім заданнем вас накіраваў расійскі КДБ у Злучаныя Штаты?
— Я не з Расіі і не з І<ДБ, — таропка адказаў Бусел і ў каторы раз паглядзеў на гадзіннік. Ён зразумеў, што, калі не здолее пераканаць гэтага лысага таўстуна, усе намаганні — кату пад хвост. — Я з Беларусі, капітан міліцыі, сышчык... Па-вашаму — дэтэктыў...
Бусел, стараючыся быць лаканічным, паведаміў прычыну прыезду ў Амерыку, і менавіта ў Ныо-Йорк. He прамінуў узгадаць і інтэрпол, і тое, што ўрад Беларусі спадзяецца на паразуменне і падтрымку.
Пачуўшы пра Лішанскага, паліцэйскія пераглянуліся, камісар адразу крутнуўся да камп'ютэра. Лысы не ўцярпеў, цяжка ўзняўся і застыў за спінай камісара так, каб бачыць экран. Праз некалькі мінут яны атрымалі звесткі пра Лішанскага.
— Лішанскі дзесяць год жыве ў Амерыцы, — прагаварыў Бусел. — У нас маюцца неабвяргальныя доказы ягонай злачыннай дзейнасці ў наркабізнесе. Сёння праз дзве гадзіны вы маеце шанс арыштаваць Лішанскага падчас атрымання партыі наркотыку з Беларусі.
Перакладчыца паўтарыла сказанае Буслам. Двое, што да гэтага моўчкі сядзелі насупраць капітана, перазірнуліся, адзін з іх, ні на кога не гледзячы, рыкнуў нешта пагрозлівае. Лысы адразу замітусіўся, затупаў па пакоі, потым спыніўся насупраць Бусла і таропка пачаў задаваць пытанні перакладчыцы.
— Вы прыехалі інкогніта, пра намеры не паведамілі, сумесную дзейнасць па лініі інтэрпола не ўзгаднілі?! У склаўшайся сітуацыі парушаны суверэнітэт дзяржавы, і, канечне, у нас узнікаюць пытанні... Чым выклікана такая таямнічасць? Ці не стаяць за гэтым пэўныя інтарэсы не ўзгаданых вамі
спецслужб? Мы дапускаем, што вы... — Лысы прымоўк, дачакаўся, калі скончыла пераказ перакладчыца, і разкавата працягваў: — Вас трэба да высвятлення абставін затрымаць. Па-першае, праверыць у псіхіятра, па-другое, атрымаць дазвол нашага ўрада. Толькі пасля гэтага мы зможам гаварыць пра супрацоўніцтва.
"Яны прынялі мяне за псіха, маньяка? — захваляваўся Бусел. — Пачнуць правяраць, усплыве, што я не Мельнік... Тады хто? Бусел? Дык капітан забіты і пахаваны!.. Л ысы правы: у такой сітуацыі я — кліент псіхіятра!.."
— Пакуль будзеце наводзіць даведкі ды вадзіць мяне па дактарах, інтарэсы вашай дзяржавы і сапраўды будуць парушаны. Праз гадзіну ў гатэлі, адрас якога пазначаны ў маім пісьмовым паведамленні, адбудзецца перадача наркотыку. Злачынцы вам за бяздзейнасць толькі дзякуй скажуць, а што скажуць простыя амерыканцы? Мне ж потым давядзецца пра ўсё расказаць. Ці скажуць вам дзякуй падаткаплацельшчыкі, калі я ці наш пасол выступім з заявай на тэлебачанні і ў іншых сродках масавай інфармацыі?
Пасля гэтых слоў надоўга запанавала цішыня. Адзін з маўклівых, што сядзелі насупраць, важна ўзняўся, падышоў да камісара, нешта прашаптаў на вуха. Бусел разумеў, што, калі пераканае гэтых людзей у сваёй праваце, — выйдзе пераможцам. Потым, затрымаўшы наркадзялкоў, паліцыі будзе не да яго... Усе праблемы, якія, магчыма, узнікнуць з прозвішчам Мельнік, спішуцца на аператыўную неабходнасць.
Нечакана камісар паліцыі і лысы заспрачаліся. Камісар, нешта даводзячы, паляпаў двума пальцамі на наручным гадзінніку, і Бусел без перакладу зразумеў, што паліцэйскі на ягоным баку. I сапраўды, часу на дэбаты не заставалася, трэба было прымаць рашэнне.
— Вы ж нічым не рызыкуеце. — Бусел дэманстратыўна зірнуў на гадзіннік. — Лічыце, што заяву ці інфармацыю, як вам зручней, атрымалі ад грамадзяніна ЗША. Хто вас папракне за тое, што маю асобу высветліце трошкі пазней? Я ж не настойваю...
Лысы выслухаў перакладчыцу, на Бусла нават не
зірнуў, як яго тут і не было. Відавочна, ён вагаўся. Нарэшце, прыняўшы нейкае рашэнне, лысы падышоў да маўчуноў у чорных гарнітурах і, схіліўшыся, нешта зашаптаў. Маўчуны слухалі і, пагаджаючыся, сінхронна ківалі галовамі.
"Ну нарэшце пагадзіліся!" — вальней уздыхнуў Бусел і павесялела прагаварыў:
— Там будзе наш чалавек, таксама сышчык...
Калі лысы пачуў гэта, у яго аж сківіца адвісла, камісар, які ўжо аддаваў па радыёстанцыі пэўныя загады, замоўк на паўслове.
— Яшчэ адзін агент КДБ? — сілячыся быць безуважнай, пераклала пытанне лысага жанчына. — Што ў нас за дзяржава? Хто займаецца яе аховай? Куды глядзіць ЦРУ? — Лысы махнуў рукой на маўклівых у чорных гарнітурах і, не стрымліваючы сябе, крыкнуў: — Я не здзіўлюся, калі гэты сімпатычны рускі ці, як ён сябе заве — беларус праз мінуту скажа, што асабіста знаёмы з нашым прэзідэнтам, а шэф ЦРУ калісьці даўно эмігрыраваў з Беларусі!..
— Я таксама жыла ў Маскве, — нячутна прашаптала перакладчыца, — была і ў Мінску... А пра тэлебачанне і прэсу здорава прыдумалі, — і, па-змоўніцку падміргнуўшы Буслу, дадала: — Вось пабачыце, зробяць па-вашаму...
I сапраўды, лысы шэптам перагаварыў з маўчунамі, і адразу шырачэзныя, амаль квадратныя людзі зніклі з кабінета.
"Яны, пэўна, з ЦРУ", — падумаў Бусел. Камісар па рыдыёстанцыі перадаў некалькі загадаў, і Бусел без перакладу зразумеў, што размова ішла пра Лішанскага і прыгарадны гатэль, дзе мелася адбыцца сустрэча.
Лысы, выціраючы спатнелы твар ярка-жоўтай насоўкай, скоса пазіраў на Бусла, які парушыў звычайны рытм жыцця, уцягнуў у гісторыю, якая магла ўславіць яго, а магла і ўтапіць.
— Гэтыя, — лысы кіўнуў на крэслы, дзе некалькі секунд таму сядзелі здаравякі, — ведаюць, што рабіць... Наркотыкі — іхні профіль.
— А я? — міжвольна вырвалася ў Бусла, ён захваляваўся. — Я магу дапамагчы.
Нечакана твар лысага расплыўся ў задаволенай, крыху блазнаватай усмешцы:
— He маю права рызыкаваць здароўем замежнага калегі. — Ён быў задаволены, што ўсё ж прымусіў агента КДБ занервавацца. Ён ні на ёту не верыў гэтаму чалавеку, але лічыў, што асцярожнасць не пашкодзіць...
Іван Фёдаравіч Караленя пра арышт Калесніка даведаўся адразу, як толькі прыляцеў у Нью-Йорк. Ён не верыў у забабоны, але гэтая навіна прымусіла ўзгадаць імгненны прарочы сон, які сасніў у самалёце.
У сне ён быў у ролі экскурсавода, і не дзе-небудзь, а па месцы сваёй працы. Яму было даручана правесці па ўсіх этажах і кабінетах нейкага чалавека, а вось каго, як ні сіліўся, узгадаць не мог. Караленя пачаў экскурсію са свайго кабінета, адчыніў дзверы і ледзь не абамлеў. Адусюль: з падлогі, са столі, са сцен раслі кактусы з неймаверна доўгімі іголкамі. Рэакцыя чалавека, якога вадзіў Караленя, была нечаканай, ён нават ухваліў, што Караленя так любіць кветкі. I яму нічога не заставалася, як зайсці ў кабінет. Іголкі, быццам жывыя, цягнуліся да яго і балюча джалілі, і нідзе не было паратунку. Караленя спешна пакінуў кабінет, але кактусы ўжо тырчалі са сцен у доўгіх калідорах, цягнуліся да яго ад дзвярэй іншых кабінетаў, і нідзе ніводнай жывой душы.
Караленю чамусьці было сорамна і страшна, ён адчуваў сябе вінаватым у тым, што калючыя кактусы запаланілі вялізны гмах найвышэйшай дзяржаўнай установы, і ён вымушаны паказаць гэта старонняму чалавеку. А раптам гэта эпідэмія? Нечакана прыйшла выратавальная думка: "У вялізнай зале, дзе збіраюцца на агульныя пасяджэнні, кактусаў не будзе, яны не могуць расці такімі агромністымі, дый там я буду не адзін..." Караленя яшчэ падыходзіў да дзвярэй, а нюхаўку ўжо казытаў пах нечага падгарэлага. Караленя некалькі хвілін вагаўся: ці адчыняць, ці паказваць старонняму, раптам і там кактусы? Але чалавека, у якога ён быў за экскурсавода, побач не было, і Караленя вольна, быццам гара з плеч, уздыхнуў і пацягнуў ручку на сябе.
Кактусаў у зале і сапраўды не было. Тое, што ўбачыў, уразіла не менш за балючыя калючкі.
Агромністая круглая зала, падобная на цыркавую, была поўнасцю запоўнена, ніводнага вольнага месца. Знаёмыя і незнаёмыя людзі шчыльна сядзелі адзін каля аднаго і засяроджана сёрбалі з вялікіх, глыбокіх талерак нешта жыдкае і, па ўсім, смачнае, хоць і падгарэлае. Паветра было перанасычана рытмічным, як па загадзе, бразгатаннем лыжак і чаўканнем...
"Вы тут абжыраецеся, а кабінеты зараслі дзікімі кактусамі!" — хацеў крыкнуць Караленя, але не паспеў, яго апярэдзіў хрыплаваты, узвінчаны голас: "Караленя нам больш не таварыш... Мала таго што не апраўдаў даверу, дык яшчэ і на абед спазніўся... Заставайся, Іван, галодны... I зачыні дзверы з алваротнага боку... Скразняк... Сярод нас як-ніяк ёсць жэншчыны!.." У гэты момант вецер і сапраўды развеяў пару, якая ахутвала, клубілася над арэнай, і Караленя ўбачыў каля вялізнага закопчанага чугуна вусатага повара ў белай шапачцы з вялікім чарпаком у адной руцэ і паліцэйскай гумавай дубінкай у другой. Ад нечаканасці нешта перасела ў гарляку, стала цяжка дыхаць. Караленя закрычаў...
Ён прачнуўся ад асабістага крыку. Сцюардэса, якая разносіла абед, спужалася і ледзь утрымала разнос. У салоне пахла смажаным мясам і нечым прыкра-салодкім.
"На галодны страўнік усялякая дрэнь можа прысніцца", — падумаў тады Караленя, але праз некалькі гадзін узгадваў сон зусім па-іншаму.
Канечне, было б наіўна думаць, што чалавек, надзелены вялікай уладай, дасць праглынуць сябе нейкаму Калесніку, зэку і авантурысту. Зразумеўшы, што Калеснікаў "кампрамат" дорага каштуе і гэтага чалавека на крывой кабыле не аб'едзеш, Караленя пайшоў тым жа шляхам, што і шантажыст-вымагальнік. Ён даручыў начальніку аховы Самога, даўняму свайму сябру Ткачову, употайкі сабраць усю інфармацыю на Калесніка. Арышт Калесніка Караленя ўспрыняў як належнае. За сябе не турбаваўся, бо ведаў, што Калеснік будзе маўчаць. Турбавала толькі тое, што Калеснікавы справы маглі пацягнуць за сабой Ядзю Купрэйчык. I гэта былі не проста словы, Караленя зробіць усё, каб каханая жанчына была вольнай і ні ў чым не мела патрэбы. Ядзя Купрэйчык пераважвала лю-