• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

    Вяртанне з апраметнай

    Віктар Праўдзін

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 397с.
    Мінск 2011
    105.34 МБ
    "Нас ніхто не бачыў, як уваходзілі, ніхто не ўбачыць, як выйдзем, — разважаў Крывіцкі. — Калі прыедзе паліцыя, яны без усялякіх перашкод знікнуць у падземным пераходзе, і шукай ветру ў полі, а дакладней — у лесе!"
    Як увайшлі, Лішанскі адразу нацягнуў гумавыя доктарскія пальчаткі і, убачыўшы запытальны позірк Крывіцкага, паблажліва патлумачыў:
    — Табе няма чаго хвалявацца. Ты афіцыйна жывеш у гэтым нумары, і адбіткі тваіх пальчыкаў нікога не здзівяць, а вось мае...
    У дзверы пастукалі. Лішанскі замоўк на паўслове. Спярша стукнулі чатыры разы і праз невялікі інтэрвал — яшчэ два.
    — Сачы за пад'ездам, — цвёрда і рашуча загадаў Лішанскі.
    "Ён не хоча, каб я бачыў таго, хто прыйшоў", — стоячы ля акна і назіраючы праз фіранкі за галоўным уваходам, які быў як на далоні, падумаў Крывіцкі.
    За спінай шчоўкнулі замкі, пачуліся галасы. Пра што гаманіў Лішанскі з невядомым, Крывіцкі не чуў, але чалавека выдаваў астматычны прысвіст дыхання. Гэта быў гаспадар гатэля. У гэты момант пад'ехала машына.
    — Джон, машына, — ціха гукнуў Крывіцкі.
    Шэпт у калідоры адразу сціх, і праз секунду Лішанскі засоп Крывіцкаму ў патыліцу.
    — Раптам пазнаеш кур'ера...
    Каля таксоўкі, на якой прыехалі ў гатэль, стаяў высокі, сярэдніх гадоў чалавек і, абдымаючы за талію
    цёмнаскурую мулатку, нешта шаптаў ёй на вуха. Дзяўчына ажно заходзілася ад смеху. Таксіст выстаўляў чамаданы і раз-пораз кідаў пажадлівыя позіркі на красуню, на яе доўгія прыгожыя ногі ў кароткай спадніцы, і блазнаватая ўсмешка крывіла вусны. Насустрач гэтай парачцы ўжо спяшаўся гаспадар гатэля і шчасліва, як даўнім знаёмым, скаліўся. Перад ім, у чырвонай атласнай уніформе і велікаватай фуражцы, якая трымалася на вушах, подбегам шыбаваў насільшчык. Але таксіст чамаданы не аддаў. Ён адпіхнуў плячом хударлявага хлопца ва уніформе, фуражка пры гэтым звалілася з галавы і закацілася пад машыну. Гэтая сцэнка выклікала новы выбух смеху. Мулатка павісла на шыі свайго кавалера, і таму нічога не заставалася, як падхапіць прыгажуню на рукі і панесці ў гатэль.
    Крывіцкі зірнуў на гадзіннік. Стрэлкі быццам застылі на палове адзінаццатай, ён нават паслухаў, ці цікае механізм. Лішанскі таксама нерваваўся, быў як на іголках. Гаспадар гатэля паведаміў, што ніхто з Беларусі ні з вечара, ні з раніцы ў гатэль не засяляўся. Значыцца, чалавек з'явіўся ці з'явіцца інкогніта...
    — Чуе маё сэрца нядобрае, — шпацыруючы па вялікім пакоі, нечакана прагаварыў Лішанскі.
    Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але намер перапыніла тарахценне рухавіка. Да галоўнага ўвахода зноў пад'ехала жоўтая таксоўка. Чатыры сярэдняга веку жанчыны, не зважаючы на багаж, які таксіст выставіў прама на дарогу, ішлі ў гатэль і пра нешта гучна гаманілі, па ўсім, спрачаліся. Машына ад'ехала метраў на дваццаць, віскнулі тармазы, шафёр высунуўся з дзверцаў з велікаватай каробкай у руках. Ён нешта крыкнуў кабетам, але жанчыны нават не прыпыніліся. Шафёр кінуў каробку на іншыя рэчы, якія бязладна валяліся на асфальце, і, моцна ляпнуўшы дзверцай, ірвануў машыну прэч. Гэта таксама не прыцягнула аніякай увагі жанчын.
    I раптам кабеты разам спыніліся, быццам наляцелі на нейкую нябачную перашкоду. Крывіцкі і Лішанскі, якія назіралі за жанчынамі, напружыліся. Відавочна, нешта там здарылася. У наступны момант Крывіцкі ўбачыў чорную котку, якая няспешна трусіла ўздоўж будыніны з відавочным намерам
    прашмыгнуць першай у гатэль. Толькі котка, заклапочаная сваімі думкамі, нават не ўяўляла, што сваім з'яўленнем выкліча сапраўдны перапалох. Жанчыны, як па загадзе, скінулі абутак, і ў наступны момант чатыры туфлі-тарпеды ляцелі ў неабачлівую котку. У яе не папалі, але пушысты звярок падскокнуў утору як не на метр і, здалося, яшчэ ў паветры перакруціўшыся на сто восемдзесят градусаў, кінуўся прэч, так і не перайшоўшы дарогу гэтай дзіўнай чацвёрцы. Кабеты запляскалі ў ладкі і, падтрымліваючы адна адну, пачалі збіраць свае туфлі.
    Наступным, хто пацярпеў ад жанчын, быў насільшчык. Яны ўсе разам накінуліся на даўгалыгага хлопца, нешта крычалі, паказваючы на свае рэчы, якія ляжалі пасярэдзіне дарогі. Прама на іх неслася машына.
    Чым скончылася гэта разборка, ні Крывіцкі, ні Лішанскі не ўбачылі, бо ў гэты самы момант у дзверы пастукалі: два кароткіх, паўза, два доўгіх, як і было дамоўлена. Лішанскі падштурхнуў Крывіцкага да дзвярэй.
    — Хто? — стоячы збоку дзвярэй, спытаў Крывіцкі.
    Запанавала цішыня, нават здалося, што стукалі не ў іхнія дзверы. Цяпер той, хто стаяў у калідоры, павінен быў пазваніць — тры кароткіх. Лішанскі выцягнуў з-за пояса пісталет... Тры кароткія званкі адразу знялі напругу, Джон схаваў зброю, Крывіцкі перапытаў:
    — Хто?
    — Падарунак ад бабы Цылі...
    Лішанскі кіўнуў, даючы згоду, і Крывіцкі, дэманструючы перасцярогу, шчоўкнуў адным замком, другім, прачыніў дзверы, але ланцужок не скінуў. Зірнуў у шчыліну і адразу пазнаў у высокім чарнявым чалавеку таго, хто прыехаў у гатэль разам з красуняй-мулаткай. У руках кур'ера быў плоскі дыпламат з бліскучымі замкамі.
    — Я прывёз падарункі ад бабы Цылі, — зноў паўтарыў пароль кур'ер і занепакоена азірнуўся на лесвіцу. 3 другога паверха даносіліся гамана, жаночыя крыкі, смех, нешта цяжкое раз-пораз гучна пляскалася на падлогу. Крывіцкі скінуў ланцужок, саступіў месца на ўваходзе і хуценька зачыніў дзверы на замок і засаўку.
    Караленя, убачыўшы Лішанскага, адразу зразумеў, хто перад ім. Ён зняў прыцемненыя акуляры, падышоў да стала, які высіўся ў дальнім кутку якраз супраць патаемнага ўвахода, і стаў спінай да сцяны.
    "Стрэляны верабей", — падумаў Крывіцкі і спыніўся крокі за тры ад Каралені.
    — Тут усё, — Караленя паставіў дыпламат на стол, шчоўкнуў замкамі, адкінуў верх. Белы парашок быў запакаваны ў невялікія, аднолькавага памеру цэлафанавыя пакеты. — Правярайце, але перш хачу бачыць грошы...
    Лішанскі моўчкі паставіў з другога края стала пульхную чорную сумку. Для Крывіцкага гэта было нечаканасцю, бо Джон прыйшоў у гатэль з пустымі рукамі. "Значыць, сумка была прыхавана іут", — зрабіў выснову сышчык.
    — Лічыце, — жорстка прагаварыў Лішанскі.
    Кур'ер хуценька зазірнуў усярэдзіну сумкі і задаволена прагаварыў:
    — Няхай лічыць Калеснік.
    У гэты момант Крывіцкаму раптам здалося, што недзе бачыў гэтага чалавека. Авал твару, пастава, голас падаліся надзіва знаёмымі.
    Лішанскі глядзеўу вочы кур’еру, вусны скрывіліся ў насцярожанай усмешцы.
    — А я тавар праверу, дастаньце вось гэты. — Лішанскі наўгад тыцнуў пальцам у адзін з пачкаў, другая рука пацягнулася да шуфляды.
    — Стаяць! — пагрозліва прасіпеў кур'ер, які пасвойму расцаніў жэст Лішанскага і не стаў рызыкаваць. Чорная руля пісталета з глушыцелем свідравала пераноссе Джона. — Зброю на стол і рукі за галаву...
    — Там хімікаты для праверкі тавару, — выціснуў з сябе Лішанскі і паклаў пісталет побач з дыпламатам.
    — Да сцяны, — браў ініцыятыву кур'ер, і, калі Лішанскі зрабіў некалькі крокаў і спінай упёрся ў сцяну, ён кіўнуў Крывіцкаму: — I ты таксама... Я сам дастану вашыя хімікаты... Будзьце ўпэўнены, страляць не буду, але і я павінен адчуваць сябе ў бяспецы...
    "Дзе ж Мельнік з паліцыяй? — праходзячы міма кур'ера, у каторы раз падумаў Крывіцкі. — Нічога
    сабе сітуацыя! — Ён без страху глядзеў на чалавека з пісталетам, і ў нейкі момант быццам плёнка сышла з вачэй. Алесь пазнаў у кур'еру чалавека, якога часцяком бачыў на фотаздымках у газетах. Памылкі не было: гэты чыноўнік асабіста ўручаў яму дыплом пасля заканчэння Акадэміі міліцыі. — Вось чаму варыянт нумар два, — зразумеў Крывіцкі, — гэтага махляра трэба браць тут, каб не адкруціўся, каб увесь свет даведаўся, хто ён такі... Але ж дзе Мельнік? Раптам яму не ўдалося пераканаць паліцэйскіх? Што рабіць?.."
    Выйсця не было, Крывіцкі прыкінуў, што яго з кур'ерам раздзяляе трошкі больш трох метраў. Алесь уважліва сачыў, чакаў спрыяльнага моманту. Вось кур'ер пераклаў пісталет у левую руку, выцягнуў шуфляду, у якой ляжалі бутэлечкі з хімікатамі, заўчасна прыхаваныя Лішанскім. Кур'ер толькі на імгненне павярнуў галаву, і гэтага было дастаткова. Крывіцкі маланкава скокнуў уперад і ўдарам нагі выбіў пісталет з ягонай рукі. У вачах Калеснікавага пасланца мільгануў жах. Наступны каронны ўдар у сонечнае спляценне, прамое, бязлітаснае "цукі", пераламіла бедалагу напалам, і ён безжыццёва ссунуўся на падлогу.
    — Маладзец! — крыкнуў Лішанскі і нахіліўся, каб падняць пісталет.
    Крывіцкаму нічога не заставалася, як прывесці ў непрытомны стан і Лішанскага. Потым ён звязаў Джона ягоным жа рэменем, сеў побач на падлогу і стаў думаць, што рабіць далей.
    "Па ўсім, Мельніку не пашэнціла, — разважаў Крывіцкі, — але яшчэ пачакаю хвілін дваццаць і патэлефаную ў паліцыю. Няхай прыязджаюць. Наркотык на месцы, грошы таксама, так што вымушаны будуць арыштаваць і кур'ера, і Лішанскага... А я? Што будзе са мной?.."
    У гэты момант застагнаў Джон, затрымцелі вейкі, і праз мінуту ягоныя вірлаватыя вочы глядзелі на Крывіцкага з адчаем і страхам.
    — Ты хто? — прашапталі збялелыя вусны.
    — Джон, па законах тваёй дзяржавы ты маеш права не адказваць на пытанні... — Крывіцкі закашляўся. — Адным словам, ты арыштаваны, і што будзе далей, ты ведаеш лепш за мяне, бо судзіць цябе
    будуць тут, а я — лейтэнант беларускай міліцыі...
    У адказ Лішанскі нешта замычаў, вочы ледзь не вылузнуліся з вачніц, галава затрэслася.
    — Н-не можа быць! — прахрыпеў Лішанскі.
    — Можа, Дзі.ма, можа, — устаючы, адказаў Крывіцкі і, падышоўшы да кур'ера, намацаў артэрыю на шыі і ціха дадаў: — Жывы, але яшчэ трошкі пабудзе ў адключцы. Цябе, Дзіма, пашкадаваў... Можна зваць цябе Дзімам? Джон — не гучыць...
    — У сумцы два мільёны, я дам яшчэ, — заскуліў Лішанскі, — падару сваю вілу...
    — Дзіма, ты што, недачуў? — засмяяўся Крывіцкі. — Я ж беларускі мент!..
    Лішанскі перакуліўся на жывот і з усёй моцы пачаў лупіць галавой аб падлогу.
    — Ну, які ж ты пасля гэтага амерыканец? Ты наш, — паблажліва прагаварыў Крывіцкі. Ён узяў з канапы падушку, паклаў Лішанскаму пад галаву. — Стукайся, Дзіма, толькі ты мнежывы і здаровенькі патрэбны.
    У гэты момант у дзверы пастукалі. Лішанскі хацеў крыкнуць, але Крывіцкі своечасова прыціснуў ягоную галаву да падушкі. Стук паўтарыўся. Алесь хуценька садраў навалку і ўсунуў Лішанскаму кляп. Потым на дыбачках падышоў да дзверыны, прыслухаўся — у калідоры цяжка соп гаспадар гатэля.