Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Праўда, была яшчэ невялікая фармальнасць: маёр Бусел, перш чым пакінуць сцены гэтай, вонкава маўклівай, як нежывой, установы, падпісаў паперу аб неразглашэнні сакрэтных яе метадаў работы. Калі развітваўся з Кузьмой Фамічом (ні прозвішча, ні пасады якога Бусел так і не даведаўся), нічога, акрамя суму, на душы не было. Толькі цяпер да Бусла дайшоў сэнс слоў Кузьмы Фаміча. Калі ён некалькі дзён таму спытаў, навошта яму зрабілі ўкол, той не задумваючыся адказаў: "Ведаю, што супрацьзаконна, але ўкалолі, каб не паўтарыць памылкі..." На пытанне, якой памылкі, адказу не пачуў, далі магчымасць самому дапетрыць. I сёння Бусел "дапетрыў": памылкі трыццаць сёмага года!..
Бусла не здзівіла, што Астроўскі сустрэў яго і прывёў у кабінет палкоўніка Качана, але здзівіла тое, што маёр сеў на месца гаспадара.
— А што з Аляксеем Фёдаравічам? — запытальна ўскінуў вочьі на Астроўскага Бусел і сцішыўся ў чаканні нечага нядобрага.
— Кепска, — суха адказаў Астроўскі. — Палкоўнік Качан усю адказнасць за правядзенне амерыканскай аперацыі ўзяў на сябе. А тое, што мы зрабілі ўпотайкі ад чыноўнікаў, не даруецца. Качана і генерала Патапенку звольнілі, дакладней, праводзілі на пенсію. Аляксей Фёдаравіч прыкрыў мяне...
— Усіх нас, — удакладніў Бусел.
— Можа, і так, — пагадзіўся Астроўскі. — Цяпер я выконваю абавязкі Качана і прапаную вам, таварыш маёр, быць маім намеснікам.
— А падпалкоўнік Макрыцкі? — вырвалася ў Бусла.
— Звольніўся. He змог перанесці ганьбы праз пляменніка...
— Тады я згодзен, — не задумваючыся, адказаў
Бусел. — Гатовы прыступіць да выканання абавязкаў.
— Спярша давядзём справу Калесніка да канца, потым водпуск, а там і новыя абавязкі... Доказаў супрацьяго хапае. Прызнанні Купрэйчык, Каралені, прафесара Сухога, паказанні Крывіцкага, ідэнтыфікаваны наркотык, які вырабляўся тут, a рэалізоўваўся ў Амерыцы... Адным словам, цягне на "вышку"...
— Ен ні ў чым сябе вінаватым не прызнае? — спытаў Бусел.
— Як і Князь, — адказаў Астроўскі, — такія, як яны, не прызнаюцца... 3 Вожыкам, якога адкапаў твой сябра Зондакс, трошкі складаней. Купрэйчык сцвярджае, што па загадзе Калесніка дамаўлялася з Вожыкам на тваё забойства, яму і грошы потым перадала. Канечне, Вожык гэта адмаўляе. Але, як ні дзіўна, ёсць сведка іх сустрэч. Ніколі не паверыш, але гэта свіння...
Бусел здзіўлена, чакаючы тлумачэнняў, паглядзеў на Астроўскага.
— Так, так, — засмяяўся маёр — звычайная рабая свіння, якая жыве ў хаце, дзе кватараваў Вожык. Hi вуліцы, ні нумара хаты Купрэйчык не памятае, a вось свінню бачыла... Праверылі — усё сышлося. Гаспадыня апазнала Вожыка, Купрэйчык апазнала свінню... Для суда гэта доказ, хоць сведка не гаворыць, а хрукае...
Калі размова ішла пра Вожыка, Бусел напружана чакаў, што вось-вось чарга дойдзе і да Васіля Мароза. Ён не памыліўся.
— Твайго вайсковага сябрука Мароза і Казачэнку, гэта знаёмы табе Прышч, знайшлі мёртвымі ў Браславе, у нумары гатэля, дзе жылі. Па ўсім, нешта не падзялілі... Цяпер галоўны сведка — ты. Кола замкнулася. Замах на цябе і мяне, смерць Шаўцова поўнасцю даказваюцца, пра наркотыкі я ўжо маўчу.
— А Кузаўкоў? — спытаў Бусел.
— 3 Кузаўковым складаней. Князь выконваў загад Гушчы, а Гушча знік. Вядзём пошукі... — Астроўскі прымоўк. — Быў яшчэ замах на Князя, нехта Савін праз пляменніка Макрыцкага Куліка, супрацоўніка ізалятара часовага ўтрымання, хацеў яго атруціць. Савін паказвае, што загад і атруту ат-
рымаў таксама ад Гушчы... Усяго затрымалі семнаццаць чалавек, але палову прыйдзецца выпусціць. Няма доказаў... Ківаюць на Гушчу, ён жа — Баксёр, а той як скрозь зямлю праваліўся... Прафесар Сухі таксама ва ўсім прызнаўся. Ну, вось, лічы, я ўвёў цябе ў курс падзей, пра тое, што адбылося ў Нью-Йорку, ведаеш сам.
— А што рабілі Мароз і Прышч у Браславе? — спытаў Бусел.
— Яны — нелегалы. Адказу на гэтае пытанне няма. 1 здаецца мне, што з імі быў нехта трэці. 3 тваіх слоў, у забойцаў былі вялікія грошы, золата, каштоўнасці, а пры аглядзе месца здарэння нічога не знойдзена.
— Мне можна пазнаёміцца з браслаўскай справай?
— Канечне. Яна ў лейтэнанта Мірончыка. — Астроўскі адамкнуў сейф, выцягнуў блакітны канверт. — Яшчэ Зондакс для вас пакінуў пасланне...
— А што чуваць з Нью-Йорка? — хаваючы канверт у кішэню, спытаў Бусел. — Што з Пятроўскім і Караленяй?
— Ён такі ж Пятроўскі, як ты Мельнік, — засмяяўся Астроўскі. — Сапраўднае прозвішча твайго амерыканскага напарніка — Крывіцкі. А там, за акіянам, як перадаюць мне супрацоўнікі КДБ, усё о'кей... Цяпер яны займаюцца Караленяй, Крывіцкім, Сухім, Купрэйчык. Цэлая брыгада сядзіць у Нью-Йорку, дапамагае следству. Дакладна адно — што Караленю нам не аддадуць, будуць судзіць па сваіх законах...
— А шкада, — цяжка ўздыхнуў Бусел.
— Што тычыцца лейтэнанта Крывіцкага, то ён — нацыянальны герой Злучаных Штатаў, атрымаў нават дзяржаўную ўзнагароду... Учора гаварыў з ім па тэлефоне, у Галівудзе прапаноўваюць зняцца ў нейкім фільме... Так што нашы пайшлі ўгору... Але праз тыдзень прыедзе.
— Праз два... — усміхнуўся Бусел, узгадаўшы свой "хатні арышт".
— Ну, не, тым на расправу хлопца я не аддам... I яшчэ, — Астроўскі ўстаў, прайшоўся па пакоі, — на сёння інфармацыі хопіць, едзь дадому, цябе там чакаюць.
Хто?
— Ліда і Сняжана...
— Але...
— Усе "але" — да Зондакса, — перапыніў Бусла Астроўскі. — Ён раскапаўтваю каралеву, і дзякаваць будзеш яму...
27
Маёр Бусел пасяліўся ў Браславе ў тым самым гатэлі, дзе жылі Філін і Прышч. Мэта камандзіроўкі з вуснаў Астроўскага прагучала лаканічна, але не пераканаўча: "Трэба знайсці пацверджанне таму, што кілеры былі звязаны з Вожыкам, Купрэйчык і Калеснікам. Канечне, можна здаволіцца паказаннямі Купрэйчык і тваімі, але дзе грошы? Трэба шукаць трэцяга!.."
Бусел не стаў пераконваць Астроўскага ў нечым іншым. Ён добра ведаў, што ніякага трэцяга няма. Бусел не сумняваўся, што праверка, праведзеная Браслаўскай пракуратурай і міліцыяй па факту смерці Мароза і Казачэнкі, адпавядае сапраўднасці. Усё было падобна на бойку, і ў выніку — смерць аднаго і другога. Прычын трагедыі ў матэрыялах следства было некалькі, але ні адну з іх Бусел не ўспрыняў, дый, ведаючы Мароза, не мог паверыць, што Філін і Прышч нешта не падзялілі. У такім выпадку трэба ставіць пытанне: што яны дзялілі? Грошы?.. Тады дзе яны? I мае рацыю Астроўскі, які выказаў меркаванне аб наяўнасці трэцяга ўдзельніка забойства Шаўцова і замаху на Бусла. Браслаўскія калегі глыбока не "капалі", не абцяжарвалі сябе пошукамі прычын зэкаўскіх разборак. I зразумела чаму. Два зэкі, якія жылі некалькі апошніх гадоў нелегальна, забілі адзін аднаго... Мясцовыя сышчыкі, пэўна, уздыхнулі з палёгкай, што гэтая пара нічога горшага не паспела зрабіць у горадзе... А калі так, спісалі справу ў архіў і забыліся.
Але Бусел не мог супакоіцца. Калі чытаў матэрыялы, яго адразу насцярожыла, што Філін у гатэлі жыў пад сапраўдным прозвішчам. Чаму чалавек, які лічыў сябе па-за законам, раптам пайшоў на такі крок? Бусел адчуваў, што за ўсім гэтым крыецца нейкая
таямніца, і ён, у памяць аб вайсковым сябруку і чалавеку, які выратаваў яму жыццё, павінен дайсці да праўды. Акрамя яго, гэтага ніхто не зробіць.
Бусел не хацеў звяртацца да мясцовых сышчыкаў за падтрымкай, бо крыўда на калег у душы ўсё ж засталася. Яны шмат увагі надалі апісанню рэчаў, што былі ў пакоі падчас бойкі Філіна і Прышча, a тое, што гэта рэчы жаночыя і што за трагедыяй магла стаяць жанчына, выпусцілі з віду, а мо і не захацелі нікога шукаць.
Першае, што зрабіў Бусел, засяліўшыся ў гатэль, — гэта распытаў адміністратара. Паўнаватая жанчына з гладка зачэсанымі валасамі, прачытаўшы пасведчанне, сумна ўздыхнула:
— Я прадчувала, што нашыя беды не скончыліся. Цяпер з самага Мінску прыехалі... Толькі нічога я не ведаю. Звычайныя пастаяльцы... Мо толькі гарэлку пілі болей за іншых, але ж каго гэтым цяпер здзівіш?
— А жанчыны да іх прыходзілі? — спытаў Бусел.
—Во-во! — жанчына зняла са спінкі стула пуховую хустку, накінула на плечы. — I наш мясцовы "Аніскін" пра гэта ўсё дапытваўся... Ніхто не бачыў, каб яны вадзілі дзевак...
"Значыць, жанчыну ўсё ж шукалі, толькі чаму ў справе пра гэта нічога няма?" — у думках зазначыў Бусел, а ўслых прагаварыў:
— Аніскін, я так разумею, ваш участковы?
— Ён, — усміхнулася адміністратарка, — куды трэба, куды не трэба, нос усуне... Ой, — запознена спахапілася жанчына, — вы ж толькі Іванавічу не скажыце, ён мужык хоць і датошны, але правільны...
— Пазначце тэлефончык вашага правільнага Іванавіча, — нязмушана папрасіў Бусел. Ён ужо ведаў, з кім павінен пагаварыць у першую чаргу.
Было пазнавата, і астатнія вышукі Бусел адклаў на заўтра, але адпачыць з дарогі не ўдалося. Праз гадзіну ў дзверы пакоя сціпла пастукалі. Маёр адчыніў. На парозе стаяў капітан міліцыі з тоўстай папкай пад пахай.' Невысокі, каранасты, у пакамечаным міліцэйскім бушлаце, з-пад зімовай шапкі тырчалі даўнавата не стрыжаныя сіваватыя валасы. На чырвоным ад холаду і хуткай хады твары ўшыркі раскошна распушыліся чорныя вусы, канцы якіх
былі па-заліхвацку закручаны. Вусы рабілі капітана малайцавата-задзірыстым, хоць гадоў ён меў далёка за сорак.
— Віктар Іванавіч Сайкоўскі, тутэйшы ўчастковы, — адрэкамендаваўся капітан, кончыкі вусоў, як жывыя, закраталіся.
Бусел моўчкі саступіў месца на ўваходзе.
— Заходзьце, Віктар Іванавіч.
— 3 кім маю гонар гаварыць? — неяк па-старамоднаму спытаў Сайкоўскі. У голасе чулася хваляванне.
— Маёр Бусел, — працягнуў руку Бусел і стрымана спытаў: — Адміністратар пра мяне нашаптала?
— Новы чалавек у горадзе, — як і не чуў Сайкоўскі, — мо дапамога патрэбна? Пэўна, і павячэраць няма дзе?..
"Што ж ты, капітан, так занерваваўся?" — падумаў Бусел, а ўголас, стараючыся быць гасцінным, прагаварыў:
— Можна і чайку папіць, сыру з булкай я яшчэ паспеў у буфеце купіць... Дык вы, Віктар Іванавіч, распранайцеся. Думаю, нам ёсць пра што пагаварыць, — шматзначна зазначыў Бусел.
Гэтая шматзначнасць прымусіла ўчастковага захвалявацца яшчэ больш. Ён неяк вінавата паглядзеў на Бусла, замітусіўся, у папцы дзынкнула шкло.
— Да сыру з булкай у мяне ёсць каўбаса вясковая, паляндвічка, ну, і каб сагрэцца... — Сайкоўскі паглядзеў маёру ў вочы, спрабуючы прадугадаць рэакцыю на прапанову выпіць па чарцы гарэлкі.