Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— Праўду кажу, было такое, што я адным стрэлам трох зайцаў заваліў...
— Учора казаў пра двух, заўтра, пэўна, будзе мянціць пра чатырох, — падкузьміў нехта з мужчын.
Усе засмяяліся, чарнявы зласліва плюнуў пад ногі, крутнуўся і, хістаючыся, пашкандыбаў прэч, але, убачыўшы Зондакса і Сушынскага, рэзка змяніў маршрут.
— Мужыкі, пачастуйце цыгарэтай! — здалёк крыкнуў ён і ў п'янай усмешцы выскаліў рэдкія рудыя зубы.
Сушынскі выцягнуў пачак, чарнявы, здалося, толькі працягнуў руку, як да пальцаў быццам прыклеілася некалькі цыгарэт.
— Мне і майму цыганёнку, — хаваючы руку ў кішэню, буркнуў чарнявы. — Кажу, што адным стрэлам трох зайцаў заваліў, — не вераць...
— Можа быць і такое, — пагадзіўся Зондакс і падміргнуў Сушынскаму, — вунь барон Мюнхгаўзен страляў у пячную трубу, а адтуль ужо смажаныя качкі выкульваліся.
— Веру, — матлянуў галавой чарнявы, — хоць барона гэтага і не ведаю. Я ўчора курыцы адсек галаву, а яна праз паўгадзіны ажыла, абтрэсла пер'е, быццам з-пад пеўня выслізнула, і зноў на курасадню... А яны, — чарнявы кіўнуў у бок шапіка, — смяюцца. — Ён асалавелымі вачыма агледзеў Зондакса і Сушынскага і. нешта ўзгадаўшы, ускінуў палец
угору, крутнуўся, пакавыляў да піўнухі: — Пра курыцу я сёння не расказваў...
— Петэрс Янавіч, калі паедзем у Плешчаніцы? — напружана прагаварыў Сушынскі і запытальна, з надзеяй паглядзеў Зондаксу ў вочы.
— Табе патрэбны непаразуменні з начальствам? — паспешліва прагаварыў Зондакс, які чакаў гэтага пытання, і злавіў сябе натым, што сам робіць менавіта так, як абышліся з ім Астроўскі і Качан. Але выйсця не было, і Зондакс памякчэлым голасам прыхільна дадаў: — Ты яшчэ спатрэбішся, не перажывай...
— А як быць з адбіткамі пальцаў? Я амаль ува ўсіх афіцэраў аддзела іх узяў, — расчаравана спытаў Сушынскі.
— Вось над гэтым і працуй, — важна зазначыў Зондакс. — Тыя, што ёсць, прывязі, астатнія — як зробіш.
У Плешчаніцы Зондакс прыехаў назаўтра раніцай. Было цёмна, і ён, спыніўшы машыну непадалёк ад вакзала, з паўгадзіны чакаў, пакуль добра развіднее. Патрэбныя вуліцу і дом знайшоў хутка і, спыніўшыся за дзве хаты, хвілін дваццаць назіраў. Праўда, у машыне нічога не выседзеў, бо, акрамя вуліцы і жоўтага плота, нічога не бачыў. Ішло звычайнае местачковае жыццё, і самым падазроным тут, канечне, быў ён. Хто б ні праходзіў міма, стараўся яго разгледзець, некаторыя віталіся.
He было ніякага сэнсу рабіць выгляд, што ён некага чакае, і Зондакс рашуча ўвайшоў у патрэбны панадворак. Адразу заўважыў, як варухнуліся на крайнім акне фіранкі, у другім адразу запалілі святло. Марудзіць не стаў, пашкандыбаў да вялікай цаглянай хаты і, апынуўшыся на верандзе, доўга шкрэбаў падэшвамі аб палавік, чакаючы, што нехта выйдзе насустрач. Нікога не дачакаўшыся, пастукаў у дзверы, прыслухаўся — зноў цішыня.
— Ці ёсць хто ў хаце? — гучна прагаварыў Зондакс, адчыніў дзверы і апынуўся ў вялікім пакоі, відаць, кухні.
Леваруч высілася печ, абстаўленая пузатымі чорнымі чыгункамі розных памераў, справа, каля акна, стаяў масіўны стол, за якім знерухомела дзябё-
лая жанчына гадоў пяцідзесяці. Квяцістая вялікая хустка пакрывала плечы і грудзі, якія двума кавунамі звісалі над сталом, гладка зачэсаныя валасы былі сабраныя на патыліцы ў тоўстую тычку, у якой свяціўся бліскучы грэбень. Пахла грыбамі і смажанай бульбай.
— Добры дзень, — павітаўся Зондакс і імгненна агледзеў пакой, шукаючы дзверы, з якіх у любы момант мог выйсці Вожык.
— I сапраўды, добры, — пявуча адказала жанчына і імгненна запунсавелася, вочы засвяціліся радаснымі агеньчыкамі.
Зондакс чакаў, што ў яго спытаюцца аб прычыне візіту, але гаспадыня маўчала, яна толькі глядзела на яго вялікімі шэрымі вачыма і пакусвала губы. Нешта ў ёй было дзіўнае, штучнае, паводзіны насцярожылі.
— Вы Марыя Іванаўна?
Зноў маўчанне, толькі лёгкі ківок галавы і какетліва патупленыя вочы.
— Я шукаю Карпава, — Зондакс скасіў вока на дзверы, якія вялі ўсярэдзіну хаты.
Жанчына ўзняла вочы і доўгім дапытлівым позіркам утаропілася ў Зондакса, бровы сышліся ў напружаным роздуме.
— Дык вы да Карпава? — змянілася тварам гаспадыня і нядобра засмяялася. — А я, дурніца, раскапусцілася... — Жанчына ўстала, пад нагамі жалобна зарыпелі палавіцы. Яна адразу пастарэла, з'явілася нейкая сутуласць, нават грудзі быццам паменшалі, у вачах больш не было трывожнай радасці. — Няма тут Карпава! — зусім не пявучым, а грубым голасам выдыхнула яна і сарвала з плеч хусцінку, павесіла на цвік. Зайшла за занавеску і праз хвіліну з’явілася ў зашмальцаваным фартуху, адсунула фіранку, якая прыкрывала прыпечак, забразгатала чыгункамі. — Быў Карпік ды сплыў...
Толькі цяпер Зондакс дапетрыў, што гэтая грудастая цётка прыняла яго за чарговага "рэкламнага" кавалера.
— Мне б вады, — ледзь стрымліваючы смех, папрасіў Зондакс. Напружанне знікла, цяпер яму трэба было раскатурхаць, разгаварыць жанчыну.
— Вунь ля дзвярэй вядро на ўслончыку, піце...
Зондакс няспешна цадзіў ваду і назіраў за гаспа-
дыняй, якая насуплена чакала, калі ён пойдзе.
— Эх, Карпаў, Карпаў, — блазнавата ўскрыкнуў Зондакс, — ад такой пекнай жанчынкі ўцёк!..
— Ну, ладна, — прычыніла дзверы на веранду гаспадыня, — папіў і ідзі сваёй дарогай... — Яна трошкі памаўчала і ганарліва ўскінула галаву: — Сама твайго Карпіка выперла...
— Ну-у? — шчыра здзівіўся Зондакс і сеў на табурэтку, паказваючы, што не спяшаецца.
Жанчына паглядзела на дзверы, потым на Зондакса. Відавочна, яна вагалася: выганяць нахабнага госця ці прыняць прапанову і пагаварынь. Верх узяло другое.
— А вы яму хто? — зноў паважліва прагаварыла гаспадыня і вярнулася да стала, на хаду паправіла тычку на галаве, скінула зашмальцаваны фартух.
"Нічога сабе, яна і сапраўды на мяне вока паклала", — у думках зазначыў Зондакс, а ўслых прагаварыў:
— Пляменнік я Карпаву, абавязкова трэба дзядзьку знайсці...
— А скажы мне, пляменнік, — зноў перайшла на "ты" жанчына, — чаму твой дзядзька ўвесь у карцінках зэкаўскіх? Гэткія толькі з турмы выходзяць. У яго на тым самым месцы і то... Ці ж нармальны чалавек будзе вытвараць са сваім целам такое? Скажы, сядзеў ён у турме?
— Сядзеў... — адразу пагадзіўся Зондакс. — Дык дзядзька з гэтага таямніцы ніколі не рабіў.
— Мне таксама прызнаўся, але навучаная, ад іх можна ўсялякага чакаць...
— I што? — не ўцярпеў Зондакс. — Дзе, зрэшты, Карпаў?
— Мужчына ён, канечне, відны, — вяла свой рэй жанчына. — Толькі сачынялі мы аб'яву ў газету ўдзвюх з Анцяй, а адрас мой запісалі. Бачыў, якую хату маю, Анціна ў параўнанні — хлеў. — У вачах цёткі мільгануў нядобры, злы агеньчык. — I сама Анця — вобла сушоная ў параўнанні са мной... Адным словам, вырашыла я прыглядзецца і, ад граху далей, справадзіла турэмшчыка да сяброўкі, быццам на каранцін. Няхай, думаю, тыдзень у яе пажыве, за гэты час і пакажа сапраўдны нораў... А ён, гад, назаўсёды атабарыўся. Учора ўніжэнне цярпела, звала, каб вярнуўся, — адмовіўся, яшчэ і здзекаваўся...
— Дзе жыве сяброўка? — пацікавіўся Зондакс і ў думках зазначыў: не такая таўстуля і простая, як здаецца, вунь якую Вожыку праверку ўчыніла, любы следчы пазайздросціць. Нават на інтымным месцы татуіроўку ўбачыла... Цікава, пры якіх абставінах разглядала?..
— А ён чалавек строгі, — як і не чула жанчына. — Адразу прывёў нейкіх бэйбусаў, яны і дровы пасеклі, і плот новы паставілі. 1 дысцыпліна — пакуль работу не зрабілі, пра гарэлку маўчалі. He тое, што... А ўчора, — нешта ўзгадаўшы, замахала рукамі жанчына, — ён шыфер прывёз, будзе Анці новая страха, і ўсё задарма, свайго рубля не патраціла. A мне хоць бы дзякуй сказала... Злосць бярэ, сама сябе перахітрыла... Кажу: хопіць, Павел Ігнатавіч, па чужых бабах швэндацца, да мяне прыехаў — то вяртайся і жыві. А ён, кабяліна крываногая, вышчарыўся, маўляў, у сексе Анця лепшая... Паскуднік, турэмшчык, слоў людскіх не ведае, мацюкі адны... А хата Анціна вышэй па вуліцы, пазнаеш па гары дроў у панадворку. — Голас жанчыны задрыжэў, яна адвярнулася да акна і замоўкла, на запунсавелай шыі нервова пульсавала артэрыя.
Зондакс ціха ўзняўся і пасунуўся да выхаду. У дзвярах прыпыніўся, развітаўся, але жанчына і брывом не павяла, глядзела ў акно, тоўстыя вусны шавяліліся, па шчоках каціліся слёзы.
Знайсці хату, дзе, па словах зняважанай жанчыны, атабарыўся Карпаў, было няцяжка. Новы плот вабіў вока, у двары гарой высіліся пасечаныя бярозавыя дровы. Невысокая рухавая жанчына з вядром у руках, з якога курэла гарачая прагоркла-кіслая пара, сутыкнуўшыся з Зондаксам на сцяжынцы, кінула на яго абыякавы позірк, сказала: "Здрасця!" — і прашмыгнула ў дзверы хлеўчука. He паспеў ён вызначыцца, што рабіць, дачакацца жанчыну ці пайсці ў хату, як за спінай прагучала:
— Павел Ігнатавіч у чыстай палавіне, як зойдзеце — адразу направа...
Зондакс азірнуўся, а жанчына, відаць, нядаўна ўзгаданая Анця, шустра перабірала нагамі да студні.
Ён увайшоў без стуку і адразу твар у твар сутыкнуўся з Карпавым. Каржакаваты, невысокі, трошкі сутулы і пануры, з кароткімі валасамі і даўгаватым носам,
ён і сапраўды быў падобны да вожыка. Ад яго веяла сілай і чымсьці нядобрым. Халодныя чорныя вочы імгненна абмацалі Зондакса і засвідравалі пераноссе.
— Я не чакаў гасцей, — разкавата прагаварыў Карпаў і зрабіў крок назад.
— А я і не госць, — напружана адказаў Зондакс. — Мяне прыслаў Філін...
— Ад Філіна, кажаш? — перапытаў Вожык. Ніводзін мускул на твары не здрыгануўся, не выдаў ні заклапочанасці, ні недаверу. — Філін — даўні кораш... — Ледзь прыкметная ўсмешка скрывіла вусны. — Праходзь, хутка сняданак паспее... А ці даўно бачыў Філіна?
— Тыдзень таму, — у адкрытую блефаваў Зондакс.
— Чаму ж сам не прыехаў?
— Праблемы ў яго, мяне па цябе паслаў, хоча сустрэцца...
— Для Філіна ўсё зраблю, — цяжка ўздыхнуў Вожык і паціху пасунуўся да стала. — А ты сядай ці на канапу, ці ў крэсла... Адзін прыехаў?..
— Адзін, — кіўнуў Зондакс і раптам убачыў, як рука Вожыка пацягнулася да ручніка, які нешта прыкрываў на стале. Часу на роздум не было.
— Стой, Вожык! Рукі за галаву! — глуха прагаварыў Зондакс. Рука Карпава застыла над ручніком. — Р-рукі! — пагрозліва рыкнуў Зондакс.
Карпаў паволі сашчапіў на патыліцы пальцы.
— Цяпер кіруй да печы.