• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

    Вяртанне з апраметнай

    Віктар Праўдзін

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 397с.
    Мінск 2011
    105.34 МБ
    Былі моманты, калі Крывіцкі шкадаваў, што Калеснік, як кажуць, на другім баку барыкад. Ён часцяком зайздросціў Калесніку, ягонаму розуму, інтуіцыі, уменню аналізаваць і пралічваць наперад шматхадовыя "крымінальныя" сітуацыі. Для Крывіцкага не было сумненняў: Калеснік — кіраўнік злачыннай банды, гэта ён арганізаваў і здзейсніў забойства капітана Бусла, ён — розум арганізацыі, своеасаблівы, неардынарны і, на жаль, крымінальны.
    Крывіцкі губляўся ў здагадках, спрабуючы зразумець, дзеля чаго ён спатрэбіўся. I вось яно, аказваецца, шчупальцы банды цягнуцца ажно ў Амерыку. Гэтага не мог прадбачыць разумны, вопытны Астроўскі. А што там, за акіянам? У грудзях Крывіцкага ажно смылела нясцерпнае жаданне даведацца пра планы бандытаў. Што ў канверце для Джона? Якія інструкцыі ён туды вязе?
    "Зрэшты, наладзіць сувязь з Астроўскім нават з Амерыкі не такая ўжо і вялікая праблема. Дастаткова аднаго тэлефоннага званка ці факса, — супакойваючы сябе, падумаў Крывіцкі. I сапраўды мандраж у грудзях знік, ён адчуў, што зможа давесці да канца план Астроўскага. — Пэўна, вывесці на чыстую ваду банду прасцей з Амерыкі, чым накрыць тут, — іранічна пацумаў Крывіцкі. Ён цяпер ужо меў свой план, а звыклае пачуццё перабольшанай рызыкі надавала рашучасці. — і потым, чаму б мне не павандраваць за чужы кошт? Пагляджу, як людзі жывуць..."
    У самалёце побач з Крывіцкім сеў высокі шыра-
    катвары чалавек з даўгаватымі валасамі і каротка падстрыжанай бародкай. Ен адразу прышпіліўся страховачнымі рамянямі, выцягнуў з дыпламата кніжку і, ні на каго не зважаючы, паглыбіўся ў чціва. Крывіцкі па характары быў чалавек кампанейскі, і тое, што апошні час прабыў у адзіноце, наклала свой адбітак. Яму хацелася з кімсьці пагаварыць, на час пералёту знайсці суразмоўцу.
    — Прабачце, вы не ведаеце, колькі гадзін лёту да Нью-Йорка? — спытаў Крывіцкі ў суседа.
    — Дакладна не ведаю, — паціснуў плячыма барадаты, — але доўга...
    — Мяне Іванам завуць.
    — А я — Андрэй.
    Крывіцкі прыкінуў, што чалавек на добры тузін гадоў старэйшы за яго і не надта добра панібрацтва.
    — А па бацьку? — відавочна, спрабуючы падштурхнуць суседа да размовы, спытаў Крывіцкі.
    — Проста Андрэй, — незадаволена і разкавата буркнуў чалавек, перагарнуў старонку і нават не зірнуў на Крывіцкага.
    Гэта трошкі астудзіла Алеся, але ненадоўга. Яму пасля затачэння хацелася простых чалавечых зносін. Калі самалёт набраў вышыню і ўзяў курс на Варшаву, ён зрабіў яшчэ адну спробу раскатурхаць суседа.
    — Лячу ў Амерыку да брацельніка, — у ход пайшла Калеснікава легенда, складзеная для такіх выпадковых сустрэч.
    — Я ў Нью-Йорк па справах фірмы, — нечакана ўсміхнуўся сусед, але кнігу не адклаў.
    Гэтае адкрытае ігнараванне пакрыўдзіла Крывіцкага. "Надзьмуты індык!" — падумаў пра доўгавалосага Алесь і адвярнуўся. Ён адхінуў фіранку з ілюмінатара і паспрабаваў забыцца на суседа.
    У Варшаўскім аэрапорце Крывіцкага праследавала неадчэпнае пачуццё, што за ім назіраюць. Менавіта гэта і стрымала яго ад таго, каб патэлефанаваць у Мінск Астроўскаму. А калі ў "Боінзе" на вольнае месца побач з ім зноў усаджваўся той самы "індык" з кнігай, сумненні зніклі. Супадзенне магло быць, але ж не ў сітуацыі з ім.
    "Калеснікавы штучкі-дручкі, — падумаў Крывіцкі
    і адразу адвярнуўся ад суседа, усім выглядам паказваючы, што не мае намеру зноў чапляцца да яго з пустымі размовамі. — Калеснік не давярае, падстрахоўваецца, — разважаў Крывіцкі. — Гэты індыкчытака таксама мае нейкае заданне, сачыць за мной — не галоўнае, занадта дарагое задавальненне. Зрэшты, пісьмо невядомаму Джону мог і ён перадаць... Але ж для нечага і я спатрэбіўся?.. Трэба прачытаць, што ў тым пасланні. Толькі ж як?.. Для мяне гэта — яшчэ адна праверка. Што, калі Джон заўважыць?" — Крывіцкі дакрануўся да кішэні, у якой ляжала пісьмо, цяжка ўздыхнуў.
    — Прабачце, — нахіліўся да яго доўгавалосы, — ніяк не магу ўзгадаць вось гэтае англійскае слова.
    "Цябе, чытацель, я раскусіў, — зларадна падумаў Крывіцкі, — але давай пагуляем".
    — Я не надта добра ведаю гэтую мову, практыкі не было, — услых прагаварыў Алесь і ўзяў у рукі прапанаваную кніжку.
    — Незнаёмае слова пазначана, — усім тулавам крутнуўшыся да Крывіцкага, прагаварыў сусед. — Вы перагарніце старонку.
    "Нешта тут не тое, — мільганула ў думках Крывіцкага, — бач, як захінуў ад старонніх вачэй".
    Алесь перагарнуў старонку і ледзь не ўскрыкнуў, але сусед апярэдзіў магчымыя эмоцыі. Ён балюча сціснуў запясце рукі, нячутна прашаптаў:
    — Ціха...
    У кнігу было ўклеена напісанае ад рукі пісьмо маёра Астроўскага.
    — Почырк пазнаеш? — прашаптаў доўгавалосы, які імгненна з "індыка" ператварыўся для Алеся ў самага блізкага і роднага чалавека.
    — Угу, — нячутна кіўнуў Алесь і пачаў разбіраць размашысты почырк Астроўскага.
    Маёр напачатку віншаваў з добра праведзенай аперацыяй. Нагадаў, што замах на яго быў разгаданы і ён ніяк не пацярпеў ад стрэлаў. Раненні — сімуляцыя. Прасіў перадаць праз чалавека, ад якога атрымае пасланне, мэту візіту ў Амерыку. Папярэджваў, што гэты чалавек надзелены неабходнымі паўнамоцтвамі і Алесь пераходзіць у ягонае падпарадкаванне. Крывіцкі, прачытаўшы запіску Астроўскага, загарнуў кнігу, вочы гарэлі радасцю.
    — Пагаворым? — прапанаваў капітан Бусел.
    Так, гэта быў ён. Праўда, па дакументах капітан застаўся Мельнікам, і Качану з Астроўскім не трэба было нічога новага штукаваць. У свой час Астроўскі, рыхтуючы легенду Крывіцкаму, занёс новае прозвішча, Пятроўскі, у картатэку з адзнакай, што, хто б ні цікавіўся гэтым чалавекам, у любой форме, вусна ці пісьмова, пра ўсё павінны дакласці яму ці палкоўніку Качану. Гэтая перасцярога, як потым аказалася, не была лішняй. 3 яе дапамогай вывелі на чыстую ваду Кавалёва, хоць ён патэлефанаваў у адраснае бюро з кабінета Макрыцкага. Толькі асноўнае было наперадзе, калі Пятроўскага пачалі рыхтаваць да паездкі ў Амерыку. 3 гэтага моманту Астроўскі поўнасцю кантраляваў сітуацыю, таму і капітан Бусел невыпадкова апынуўся па суседстве з Крывіцкім у самалёце.
    — Мэта майго візіту ў Амерыку невядома, — прагаварыў Крывіцкі. — Вязу пісьмо для нейкага Джона. Ён сустрэне і скажа, што рабіць далей. Потым прыедзе яшчэ чалавек ад Калесніка, але хто і калі — невядома, ён сам знойдзе мяне.
    — Дзе пісьмо? — спытаў Бусел і нязмушана працытаваў: — Як у казцы: пайдзі туды, невядома куды, зрабі тое, невядома што... Але дойдзем да ісціны. Пэўна, пісьмо для Джона шмат на што можа раскрыць вочы.
    — Дастаўка пісьма для мяне — яшчэ адна праверка, — ціха зазначыў Крывіцкі.
    — А ці не папіць нам гарбаты? — прапанаваў Бусел і па-змоўніцку падміргнуў Алесю.
    Сцюардэса даволі хутка выканала іхнюю просьбу, і праз пяць мінут на двух гарачых кубачках ляжала Калеснікава пасланне. А яшчэ праз мінуту набрынялая гарачай парай склейка пайшла бугаркамі, Бусел пазногцем падчапіў яе, і канверт быў ускрыты.
    — Вось так, калега, — не без гонару зазначыў капітан, узяў адзін з кубкаў, зрабіў глыток. — Цукру капіталісты шкадуюць, заваркі таксама, але для расклейкі канвертаў самы раз.
    Бусел на правах старэйшага першы чытаў пісьмо. Крывіцкі, каб не перашкаджаць і не прыцягваць лішняй увагі, зноў крутнуўся да ілюмінатара.
    У пісьме да Джона Калеснік не паведамляў нічога невядомага, акрамя аднаго, што ўсе далейшыя
    стасункі з кур'ерам амерыканец будзе праводзіць праз Пятроўскага. Гэта было паўторана і падкрэслена, як абавязковая ўмова, і больш нічога.
    Калі пісьмо прачытаў і Крывіцкі, Бусел прагаварыў:
    — А ты быў правы, пісьмо пустое. Пэўна, лічаць, што лішняя праверка табе не пашкодзіць.
    — Значыць, будзем чакаць кур'ера? — заклейваючы канверт, прашаптаў Крывіцкі.
    — Будзем чакаць, — пагадзіўся Бусел.
    Калеснік вяртаўся з аэрапорта ў горад у добрым настроі. Чатыры дні тамуДжон сустрэў у Нью-Йорку Пятроўскага, а сёння туды з таварам паляцеў Караленя. Прафесар Сухі працуе ў жорсткім рэжыме, і ёсць надзея, што праз месяц яшчэ дзесяць кілаграмаў "фені" прычаляць да амерыканскага берага.
    Калеснік яшчэ і яшчэ раз пракручваў у памяці дэталі аперацыі, але ніякіх зрываў і перашкод не знаходзіў, усё ішло па плане. Яму ўдалося нават абвесці вакол пальца Гушчу, утаіць выраб і збыт сінтэтычнага наркотыку. Хаўруснік і па сённяшні дзень думае, што Пятроўскага накіравалі ў Амерыку для наладжвання сувязяў па адкрыцці яшчэ адной какаінавай лініі праз Уладзівасток.
    Калеснік спыніў машыну на чырвоным святлафоры якраз насупраць могілак, якія адразу навеялі ўспамін пра нябожчыка Кавалёва. Усплылі пытанні, якія так і засталіся без адказу. Перад сям'ёй нябожчыка Кавалёва ён адчуваў сябе вінаватым. Па-першае, не змог прысутнічаць на пахаванні, па-другое, і гэта было галоўнае, нічым не дапамог. Сёння Калесніку захацелася зрабіць нешта добрае. Ён выруліў на вуліцу Каліноўскага, спыніў машыну, набраў хатні нумар тэлефона Кавалёва са свайго сотавага.
    Адказаў мужчына. Калеснік адрэкамендаваўся даўнім, са студэнцкіх часоў, сябрам Кавалёва і перапытаў, з кім гаворыць. Зразумеўшы, што суразмоўца — сын Івана, Калеснік выказаў спачуванне ў сувязі з заўчаснай трагічнай смерцю і сказаў, што калісьці пазычаў у бацькі грошы, а цяпер хоча вярнуць доўг, бо ў Мінску праездам і невядома, калі яшчэ тут будзе. Малодшы Кавалёў адразу прапанаваў прыехаць. Калеснік некалькі секунд вагаўся,
    прымаць ці не прымаць запрашэнне. Эмоцыі перамог цвярозы разлік. Ён адмовіўся ад запрашэння, спаслаўшыся на занятасць, назваў нумар сваёй машыны і прызначыў месца спаткання праз трыццаць хвілін непадалёк ад вуліцы, дзе жылі Кавалёвы.
    Сын нябожчыка Івана быў як дзве кроплі вады падобны да бацькі, толькі з розніцай у дваццаць гадоў. Гэткі ж чарнявы, шыракатвары, і хадзіў пружынячы, схіліўшы галаву да правага пляча.
    Калеснік здалёк убачыў малодшага Кавалёва. Да прызначанага часу спаткання яшчэ заставалася сем хвілін, і ён вырашыў паназіраць. Хлопец туды-сюды прайшоўся па тратуары, па-майстэрску, як запраўскі футбаліст, мыском красоўкі падкінуў у паветра пустую бляшанку, якая валялася каля сметніка, і падфутболіў яе на праезджую частку дарогі. Міма прадэфіліравалі дзве дзяўчыны ў аднолькавых чырвоных капялюшыках. Размінуўшыся, Кавалёў нахабна і цынічна агледзеў дзяўчат са спіны і нечакана, уклініўшыся паміж імі, абхапіў за плечы, нешта сказаў. Чырвоныя капялюшыкі кінуліся наўцёкі, Кавалёў зарагатаў. Дзяўчаты трошкі адбегліся і, не адчуваючы пагоні, спыніліся, пакруцілі пальцамі каля скроняў, выказваючы гэтым свае адносіны да-хлопца. Кавалёў засмяяўся яшчэ гучней.