Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
Тое, што Кавалёў, убачыўшы Качана, таропка падхапіўся, выйшаў з-за стала насустрач, выглядала натуральна, ён прывык да начальніцкай постаці палкоўніка. 1 ўсё ж ад вока Качана не схавалася напружанне Кавалёва і тое, што гаспадар кабінета нешта пісаў, а ўбачыўшы яго, скамечыў паперку і нервова сунуў у кішэню, гэта выдавала яго спалох.
"Баішся мяне!.. — міжвольна мілыанула ў думках Качана. — I правільна робіш, цяпер не Астроўскі, не Бусел, а я — твой суддзя!.."
Кавалёў быў чарнявы, невысокі, шырокі ў плячах, з доўгімі, як не да каленяў, рукамі. Менавіта праз рукі да падпалкоўніка прыклеілася мянушка Даўгарукі. Качан ніколі не зважаў на гэтую акалічнасць, але сёння быў непрыемна ўражаны, яму раптам здалося, што калі Кавалёў уздыме рукі ўгору, то без цяжкасці дастане да столі. Ён нават прыкінуў, колькі гэта ў метрах.
— Аляксей Фёдаравіч! — выціскаючы з сябе ўсмешку ветлівасці, ускрыкнуў Кавалёў. — Мы суседзі па вертыкалі, стукнулі б абцасікам, і праз хвіліну — я ў вас...
Халодныя, глыбока пасаджаныя вочы пазіралі з-пад касматых броў насцярожана і падазрона. Кавалёў, відавочна, стараўся ўгадаць прычыну нечаканага візіту. Гэтае "суседзі па вертыкалі", як токам, працяла Качана.
"Вось табе і разгадка. Раней не мог дапетрыць! У гэтай сітуацыі праслухоўваць кабінет можна і без "жучкоў"..."
— Я да вас, Іван Барысавіч, за дапамогай, — развёўшы ўшыркі рукі, з горыччу прагаварыў Качан. Ён пачаў выконваць абраную ролю.
— Чым змагу, — з недаверам адазваўся Кавалёў і запрасіў Качана сесці.
— Зможаце, яшчэ як зможаце, — сядаючы, з адценнем бездапаможнасці крактануў Качан. — Вы былі сведкам ранішняга пасяджэння ў генерала і ведаеце, якія непрыемнасці зваліліся на маю галаву... Расследаванне забойства Бусла не прасунулася ні на кроплю, а тут яшчэ замах на Астроўскага... Папраўдзе, я хацеў забраць справу Бусла ў Анатоля Пятровіча, здае маёр... Стрымлівала нашае даўняе сяброўства, што ні кажы, змоладу ведаем адзін аднаго. Трэба маладым даваць дарогу, толькі зблытаў карты Макрыцкі. Ён хоць і мой намеснік, але да вышуковай работы не здатны. Вось я і прыйшоў да вас.
— Мінеральнай вадзічкі ці кока-колы? — замітусіўся Кавалёў. Яму самому хацелася нечага выпіць, нечаканы візіт і шчырасць Качана збілі з панталыку. Ён нават уявіць не мог, што палкоўнік, гэты "зубр" крымінальнага вышуку, прыйдзе да яго параіцца. I ўсё ж пачуццё самазахавання, выпрацаваныя гадамі падазронасць і недавер прымусілі насцярожыцца.
— Ну, які я дарадца, тым больш вам? — паспрабаваў усміхнуцца Кавалёў, але ўсмешка атрымалася нейкая крывая, штучная. Кавалёў яшчэ і яшчэ спрабаваў узгадаць іншыя магчымыя прычыны візіту Качана і не знаходзіў. "А што, калі палкоўнік і сапраўды шчыры ў сваім памкненні? Яму няма на каго абаперціся, ён шукае падтрымкі... Дык падстаў плячо, а там..." — падумаў Кавалёў і адразу ўявіў зада-
воленага Калесніка. Думкі апярэджвалі адна адну, шалёна скакалі, бударажылі ўяўленне, і праз секунду Кавалёў бачыў у грозным, непрыступным палкоўніку свайго памагатага і аднадумца. Ад гэтага імгненнага ўяўлення стала горача, перахапіла дыхаўку. Кавалёў выпіў шклянку мінеральнай і адразу напоўніў бурштынавай кока-колай.
— Толькі вы і зможаце дапамагчы, — не зважаючы на дрэнна прыкрытае хваляванне Кавалёва, вёў сваё Качан. — Па-першае, мне хочацца ведаць, што думае наконт правалаў у маёй рабоце генерал Патапенка. Нічога не кажыце, — убачыўшы, што Кавалёў хоча запярэчыць, узвысіў голас Качан і таропка працягваў: — У мяне прадпенсійны ўзрост, і не хочацца напрыканцы службы зламаць шыю...
"Ах, вось у чым справа! — у думках усміхнуўся Кавалёў, яго позірк адразу пацяплеў. — Непрыступны, грозны Качан таксама думае пра старасць..."
— Наколькі мне вядома, вас, Аляксей Фёдаравіч, сватаюць на пасаду галоўнага сышчыка рэспублікі.
— Састарэлыя звесткі, — з напускной абыякавасцю адмахнуўся Качан. — Сваталі, ды не сасваталі...
Гэтыя словы быццам сагрэлі Кавалёва, цяплом агарнулі душу. Ён нават не чакаў, што ўспрыме правалы і няўдачы Качана з такой празмернай радасцю. Што ні кажы, а да гэтага і ён прыклаў руку. Хацелася рассмяяцца ў твар гэтаму некалі фанабэрыстаму, ганарліваму палкоўніку, паківаць пальцам, маўляў, ведай сваё месца і не зарывайся.
— Я вам спачуваю, — хаваючы вочы, прагаварыў, быццам пракаўтнуў, Кавалёў, — і рады дапамагчы. Толькі чым?
— Можаце, яшчэ як можаце, — раптам павесялеў Качан і нязмушана, зусім па-сяброўску падміргнуў: — Тут сур'ёзна не пагаворым, у мяне ёсць лепшае месца.	.
У гэты час у рэстаране было вольна. I мінуты не прайшло, як да століка, за якім уладкаваліся Качан і Кавалёў, накіравалася худзенькая жвавая афіцыянтка. Было прыемна, што чакаць не давялося. Заказалі абед па поўнай праграме: з першым, другім і трэцім.
— Можна па... — Качан па-змоўніцку ўскінуў
далонь з узнятым угору вялікім пальцам і адтапыраным мезенцам.
Кавалёў, канечне, быў "за", асабліва пасля ўчарашняга застолля з удзелам генерала Патапенкі, але віду не паказаў, умеў стрымліваць жаданні.
— Вырашайце самі, а я па-любому кампанію падтрымаю.
"Ну і гусь! — падумаў Качан. — Трэба ўмець хітра падмахнуць... Такія, пры пэўных абставінах, хутка робяць кар'еру".
— Тады пад смажаную бульбу з біфштэксам трыста грамаў каньячку, — падвёў рысу Качан і, калі афіцыянтка пайшла, зірнуў на гадзіннік. Была палова трэцяй.
— Каго-небудзь чакаеце?
— У нас паўтары гадзіны, — заклапочана зазначыў Качан і, свідруючы позіркам Кавалёва, нязмушана, быццам між іншым, дадаў: — Думаю сёння ўвечары паставіць кропку ў справе Бусла.
Кавалёў ад нечаканасці схамянуўся, гарачая хваля па-здрадніцку апякла твар. Позірк Качана быццам выварочваў душу. Ён нязмушана адхіснуўся ад стала, нецярпліва спытаў:
— Няўжо затрымалі забойца?
Качан адказаў не адразу. Ён дачакаўся афіцыянтку, якая ўвішна паставіла перад ім і Кавалёвым талеркі з баршчом, і разліў па чарках пахучы напой.
— Праз мае рукі за службу шмат прайшло злачынцаў, — няспешна павёў рэй Качан. — Наглядзеўся на ўсялякіх, думаў, ужо нішто не здзівіць, але...
— "Але"?.. — нецярпліва, сугучна Качану паўтарыў Кавалёў.
— He, Іван Барысавіч, жыццё мудрэйшае за нас, яго не абманеш... — знешне неўпапад прагаварыў Качан і прымоўк.
Кавалёў сядзеў нецярплівы і ўсхваляваны.
"Што, зрэшты, стары ліс ад мяне хоча?" — мільганула ў думках, у душу зноў закралася падсвядомае пачуццё страху. Услых ён таропка прабубніў:
— Нешта я вас, Аляксей Фёдаравіч, не разумею. Вы хочаце са мной пагаварыць...
— Будзем гаварыць, але спярша перакусім, боршч стыне...
Паводзіны Качана і нечаканыя высновы зусім
выбілі Кавалёва з каляіны. Ён ніколі не цярпеў незразумелага, тым больш таямнічага, калі і хітрыў, то сам. Кавалёў глядзеў на Качана, які з апетытам сёрбаў боршч, і незразумелая туга, больш падобная на адчай, запаланяла душу. Ён выпіў адну чарку каньяку, другую, стала трошкі лягчэй.
— Вы ешце, Іван Барысавіч, боршч смачны, — не падымаючы вачэй ад талеркі, падаў голас Качан. — Калі яшчэ давядзецца пасёрбаць такой казачнай смакаты?
— Вы мяне заінтрыгавалі, — стрымліваючы нецярпенне, зазначыў Кавалёў. — Няўжо знайшлі забойца Бусла?
— Знайшлі, — будзённа, быццам між іншым, кіўнуў Качан і адсунуў ад сябе пустую талерку. — І ведаеце, забойства заказала жанчына.
Кавалёў папярхнуўся, закашляўся, пацягнуўся да графіна.
— Прыгожая, энергічная, па-сучаснаму дзелавая, — быццам не зважаючы на Кавалёва, працягваў Качан. — Сёння пра такіх гавораць — з новых...
Кавалёў выпіў, гучна ікнуў, з перабольшанай весялосцю ўскрыкнуў:
— Няўжо праўда? Жанчына — і забойца?
— He забойца, а заказчыца, — удакладніў Качан.
— А прычына? Няўжо помсціла капітану?
— Хутчэй замятала сляды. — Качан зірнуў на гадзіннік, было без адной мінуты тры. Ён машынальна агледзеў залу, але ні Бусла, ні Зондакса не ўбачыў.
— Прозвішча не памятаеце? — з напускным раўнадушшам і абыякавасцю спытаў Кавалёў і тыцнуў відэльцам у аздоблены зелянінай біфштэкс, узяў нож, парэзаў на драбнейшыя кавалкі, але есці не стаў, зноў пацягнуўся да графіна. Позірк затрымаўся на чалавеку, які ішоў паміж радамі. Здалося, што ён кіруе да іхняга століка.
"Хвалюецца, прахвост, — падумаў пра Кавалёва Качан, — каньячок адзін асушыў..."
Чалавек і сапраўды спыніўся за спінай палкоўніка.
— Добры дзень, Аляксей Фёдаравіч, — прагаварыў ён і, адчуваючы сябе ніякавата, пераступіў з нагі на нагу. За ягонымі шырокімі плячыма высіўся яшчэ адзін. Ён, вітаючыся, моўчкі кіўнуў галавой.
"Ці не гэтых здаравякоў чакаў Качан?" — падумаў
Кавалёў і з непрыхаванай цікаўнасцю іх агледзеў.
Той, каторы паздароўкаўся першы, быў высокі, спартыўнага выгляду, гадоў трыццаці пяці. Даўгаватыя, нейкага незразумелага колеру валасы, відаць, пафарбаваныя, пасмамі спадалі на каўнер шырокага клятчастага пінжака. Рудаватая бародка не пасавала да твару, старыла, але была дагледжана, шчокі чыста паголены. Прыцемненыя акуляры рабілі чалавека таямнічым і інтрыгуючым. Другі быў чарнявы, гэткі ж высокі, але далёка не спартыўны. Круглы жывот і тлустыя шчокі рабілі яго трошкі падобным на казачнага Карлсана. Ён выглядаў добрым і вясёлым, і толькі вочы выдавалі, што ён тут з сур'ёзным намерам.
Качан быў прыемна здзіўлены. Ён добра памятаў капітана Бусла, але цяпер з цяжкасцю прызнаў яго. Тое, што Бусел жывы і цяпер стаіць перад ім, эмацыянальна выбухнула, прарвала стрыманасць і заклапочанасць палкоўніка. Качан шчыра ўсміхнуўся і, не тоячыся, чым вельмі здзівіў Кавалёва, абняў капітана, як роднага, прытуліў да грудзей.
"Можа, які родзіч?" — назіраючы за гэтай сцэнай, зрабіў выснову Кавалёў і з нецярпеннем чакаў развязкі, каб пераканацца ў сваіх прагнозах.
Качан запрасіў нечаканых для Кавалёва гасцей за стол і, калі шоргат крэслаў сціх, усё яшчэ вытарашчваючыся на чалавека ў акулярах, прагаварыў:
— Вас пазнаёміць?
— He трэба, я падпалкоўніка Кавалёва ведаю, — адказаў рыжабароды.
Кавалёў які раз за сённяшні дзень быў непрыемна здзіўлены. Ён выпіў каньяк.
— А я вас не прыпомню... — зляцела з вуснаў Кавалёва, і ён адразу засумняваўся. Інтуіцыя падказвала, што чалавек з бародкай не проста знаёмы. "Дзе я яго бачыў?" — нечакана застукала ў скронях.
— А што тычыцца ўзгаданай вамі, Іван Барысавіч, жанчыны...