Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
Каля адзінаццаці на сувязь выйшаў начальнік інфармацыйнага цэнтра і паведаміў, што праз ягоную службу цікавіліся Пятроўскім Іванам Уладзіміравічам. Качан пазначыў нумар, з якога тэлефанавалі ў ІЦ, і не здзівіўся, пазнаўшы тэлефон Макрыцкага. Гэта гаварыла пра тое, што яны з Астроўскім не памыліліся, Кавалёў, як кажуць, па поўнай праграме "падстаўляў" Макрыцкага.
"А што, калі Кавалёў і Макрыцкі ўсё ж заадно? — хаваючы занатоўнік у кішэню, падумаў Качан. — Тады фінт з Куліком не ўпісваецца ў лагічную схему... Але, што казаць, выбар зроблены. 3 Макрыцкім трэба рызыкаваць..."
I сапраўды, ад таго, як спрацуе намеснік, шмат што залежала. Першае і галоўнае — з'явілася надзея, што Князь загаворыць. Другое — гэта Савін. Трэба раскручваць рэкеціра, дабываць звесткі, факты замаху на жыццё Князя. і потым, ад каго атрымоўваў Савін цыдулкі і атруту? Качан не сумняваўся, што ланцужок пацягнецца да Калесніка.
У дзверы пастукалі, і адразу на парозе вырасла постаць Макрыцкага.
— Савіна затрымалі, — выдыхнуў падпалкоўнік. — Жадаеце прысутнічаць на допыце?
Больш Макрыцкі сказаць нічога не паспеў. Памятаючы, што кабінет праслухоўваецца, Качан прыклаў палец да вуснаў, даючы зразумець, што размову весці небяспечна. Яны выйшлі ў "прыёмны пакой", і палкоўнік нечакана для сябе памяняў рашэнне, поўнасцю аддаў ініцыятыву Макрыцкаму.
— Дапытвайце самі, гэты хлопец — ваша выратаванне.
— Зразумеў, — засвяціліся вочы ў Макрыцкага, — я ведаю, што рабіць.
— Тады поспеху, — міралюбіва паклаў руку на плячо намесніку Качан.
У гэты момант у дзвярах узнікла заклапочаная постаць Чабора, за спінай старога сышчыка высіўся чарнявы Мірончык. Макрыцкі, убачыўшы старонніх, рэзка крутнуўся і шпарка пайшоў да выхаду. Падпалкоўнік быў настолькі заняты сваімі думкамі, што нават не адказаў на прывітанне Чабора і Мірончыка. Калі лейтэнант на гэта аніякай увагі не звярнуў, то Кузьміч прыпыніўся і, гледзячы ўслед Макрыцкаму, са скрухай зычна прагаварыў:
— Ну, у цябе, Качан, і памочнік! Пенсіянеру рукі не падасць, быццам вечна збіраецца хадзіць у начальніках.
— He бурчы, — лагодна прагаварыў Качан, — бачыш, чалавек не ў сабе...
Мірончык ужо адкрыў рот, каб далажыць вынікі назіранняў за Кавалёвым, але Чабор перапыніў, рэзка ўзвысіў голас, ледзь не крыкнуў:
— А ты, маладзён, памаўчы, не лезь папярок... Я быў за галоўнага...
Качан, стрымліваючы смех і нецярпенне, абхапіў старога аберуч за плечы, крутнуў на сто восемдзесят градусаў і падштурхнуў да выхаду з памяшкання.
— Кузьміч, мой кабінет засвечаны, пап'ём кавы ў цябе і пра ўсё пагаворым.
— Кавы не п'ю, ёсць чай.
— To й добра, — Качан весела падміргнуў зніякавеламу Мірончыку, — чай яшчэ і лепш.
Чабор не адказаў. Ён годна страсянуў галавой і, трошкі кульгаючы на левую нагу, шпарка пашкандыбаў па доўгім калідоры наперадзе Качана і Мірончыка. Раптам ён спыніўся, крутнуўся і, дачакаўшыся палкоўніка, шэптам выдыхнуў:
— А што туды-сюды хадзіць, дзярмо твой Кавалёў! — Ён зірнуў на Мірончыка і ўжо нармальным, цвёрдым голасам дадаў: — Вася, пацвердзь!
Лейтэнант згодна кіўнуў, але ад тлумачэнняў устрымаўся. Чабору хапіла і гэтага. Ён выцягнуў з кішэні плоскі пакет, працягнуў Качану:
— На гэтай касеце — факты... Спрацавалі добра. Як разблытаеш, нальеш мне за работу "наркомаўскіх" сто грамаў, а яму, — Чабор хітра паглядзеў на Мірончыка, — яму лепш прэмію, няхай на дзевак патраціць...
Лепшага месца, дзе можна было праслухаць Чабораву касету, як у Астроўскага, Качан не знайшоў, дый, папраўдзе, іншага месца і не трэба. 3 маёрам планавалася сустрэча, трэба было разам падумаць над сітуацыяй, якая склалася. А падзей за гэты дзень і сапраўды адбылося шмат.
Дзверы адчыніла Надзея, жонка Астроўскага. Чамусьці Качану і ў галаву не прыйшло, што яны могуць сустрэцца. Даўнейшая рана адсмылела, адпякла грудзі і амаль не ўзгадвалася. Цяпер, сустрэўшыся з Надзяй, Качан імгненна ўзгадаў былое, але ніякіх пачуццяў не засталося, ні благіх, ні добрых. Ён ведаў, што жонка Астроўскага і ягоная першая абранніца ўпотайкі наведалі Веру. Аб чым ішла гаворка ў жанчын, можна толькі здагадвацца, але Вера ў хуткім часе звольнілася з работы і з'ехала з Мінска. Толькі Надзеі памыліліся, Качан пацёгся за ёй следам. Так і не змагла зразумець Надзея Астроўская, чаму Качан прыліп да някідкай ціхмянай дакторкі, якая, быццам птушка з перабітам крылом, хадзіла неяк бокам, туліла галаву да правага пляча. I вось цяпер, праз столькі гадоў, яны павіталіся будзённа, быццам учора бачыліся.
— Прывет, Лёша, — саступаючы месца на ўваходзе, прагаварыла Надзя і, прымаючы капялюш госця, кіўнула на шафу: — Распранайся.
Качан няспешна скінуў паліто, павесіў у шафу, хацеў прычасаць валасы, але пад пільным позіркам гаспадыні зрабілася неяк няёмка, і ён толькі прыгладзіў іх растапыранай пяцярнёй.
— А ты амаль не змяніўся, — склаўшы рукі на
грудзях, зрабіла крок назад жонка Астроўскага, — мо толькі яшчэ больш пашырэў...
— Ты таксама, — няўпэўнена прамармытаў Качан.
Палкоўнік, відавочна, хлусіў. Ад дзяўчыны-гарэзы, якую ён памятаў, засталіся хіба толькі чорныя вузкія бровы ды вочы, як пераспелыя вішні. I ў позірку не было больш страшнаватай для хлопцаў задзірлівасці, з гадамі прыйшла разважлівасць, ціхамірнасць і, як прыкмеціў Качан, не тое, каб раўнадушша, а нейкі сум, незразумелы, зацяты, схаваны ў самыя далёкія і патаемныя куточкі жаночай душы.
— Хлусня, але прыемна, — усміхнулася Надзя і, па-змоўніцку азірнуўшыся, перайшла на шэпт: — Лёша, раскажы...
Дагаварыць жанчына не паспела, словы быццам пракаўтнуліся. Дзверы ў залу шумна расчыніліся, на парозе вырас Астроўскі.
— Пра што палкоўнік Качан павінен табе расказаць?
— Пра тваю "інваліднасць", — прыкусіўшы вусны, кіўнула жанчына на загіпсаваную мужаву руку. — Строіце нейкія таямніцы, не хлапчукі, каб у шпіёнаў-разведчыкаў гуляць.
Качан адразу змікіціў, што да чаго, і ў думках ухваліў сябра: жонка ведае толькі афіцыйную версію. Канечне, так надзейней і спакайней.
— Усё нармальна, — узвысіў голас Астроўскі і адразу, неяк спахапіўшыся, вінавата абняў адной рукой жонку за плячо, прытуліў да грудзей. — А што тычыцца шпіёнаў ды ворагаў, ты б менш тэлевізар глядзела...
— Ладна ўжо, — памякчэла, махнула рукой Надзя, — ты знойдзеш, на каго ўзваліць віну. Пайду вячэру прыгатую.
Як толькі жонка знікла за блакітнымі, амаль да самай падлогі парцьерамі, Астроўскі амаль сілком уцягнуў Качанаўзалу, шчыльна зачыніў дзверы. Злева ад увахода над нізкім часопісным столікам, задумліва ўтаропіўшыся ў шахматную дошку з расстаўленымі фігурамі, гарой высіўся капітан Клён. Убачыўшы Качана, здаравяк імгненна падхапіўся на ногі.
— Думайце, капітан, думайце, — перапыніў палкоўнік падначаленага, які меўся адрапартаваць аб
выкананні службовых абавязкаў. — Маёр — сур'ёзны праціўнік.
— Нешта сур'ёзнае? — спытаў Астроўскі.
— Так, — заклапочана азіраючыся, шукаючы вачыма магнітафон, выдыхнуў палкоўнік.
— Мне выйсці? — пераступіў з нагі на нагу Клён.
— Пакуры, Міша, — пагадзіўся Астроўскі.
— Дзе ў цябе магнітафон? — выцягваючы з кішэні касету, нарэшце спытаў Качан.
— У пакоі сына, зараз прынясу.
Астроўскі бачыў, што заўсёды ўраўнаважаны Качан і сапраўды нечым усхваляваны, але ранішнія падзеі, перажыты замах на жыццё неяк прытупілі ўспрыманне новых праблем, з'явілася незразумелае перакананне: усё, што магло благое здарыцца, ужо адбылося.
Астроўскі прынёс магнітафон, узбуджаны Качан мітусліва выхапіў яго з рук, уключыў у разетку.
■— Цяпер бы нам толькі не паслізнуцца, — устаўляючы касету, думаючы пра сваё, выпаліў палкоўнік. — Па-першае, сёння пляменнік Макрыцкага з'явіўся з пакаяннем і мяшэчкам парашку, які павінен быў падсыпаць Князю ў ежу. Па-другое, Мірончык і Чабор... — Качан прымоўк, зірнуў на маёра. Яму вельмі карцела ўбачыць рэакцыю на прозвішча Чабор, але Астроўскі сядзеў у крэсле за шахматнай дошкай і, здавалася, засяроджана думаў. Палкоўнік расцаніў маўчанне калегі па-свойму і трошкі з меншым запалам працягваў: — Дык вось, Мірончык і Чабор зрабілі запіс размовы Кавалёва з Калеснікам. Зараз будзем слухаць, як ён нас здае. I трэцяе: тваім Крывіцкім, a дакладней, Пятроўскім, цікавіліся ў ІЦ. — I зноў ніякай рэакцыі Астроўскага. — Ты добра сябе адчуваеш? — па-начальніцку строга спытаў Качан.
Пасада, якую ён займаў, прывучыла да таго, каб падначаленыя слухалі і разумелі з паўслова, а гэтая вонкавая абыякавасць Астроўскага нават абурала. Ён націснуў на клавішу, але не паспеў прагучаць першы гук, як Астроўскі спахапіўся:
— Вінаваты, Лёша, не даганяю. — Маёр імпульсіўна пацёр пальцамі скроні, устаў, падышоўда вялікай, на ўсю сцяну, секцыі. — Цэлы дзень быццам маятнік, a тут — поўная расслабуха. Але я хутка...
Астроўскі прачыніў дзверцы шафы, наліў у фужэр гарэлкі, зірнуў на Качана.
— Я пас, — адмахнуўся імгненна спахмурнелы палкоўнік.
Астроўскі выпіў, зноў пачаў масажаваць скроні, патыліцу. Праз мінуту санлівасць як рукой зняло.
— Ну што, гатовы? — з відавочным сарказмам спытаў Качан і не сцярпеў, напаўжартам упікнуў: — Так хугка і калоцца пачнеш...
— Хто цікавіўся Пятроўскім? — не зважаючы на незадаволенага Качана, перайшоў да справы Астроўскі.
— Ў адрасным пазначаны нумар Макрыцкага...— Качан пераказаў ранішнія падзеі, якія тычыліся сяржанта Куліка. — Малаверагодна, што Кавалёў і Макрыцкі заадно. Думаю, майго намесніка Кавалёў разам з Калеснікам выкарыстоўваюць як нажыўку.
— Макрыцкі ведае, што Кавалёў — юда? — дапытваўся Астроўскі. Ад выпітай гарэлкі ён расчырванеўся, вочы хваравіта блішчэлі.
— Так, — кіўнуў Качан і машынальна зірнуў на гадзіннік. — Прыйшлося рызыкаваць. I трэба аддаць належнае: Макрыцкі можа працаваць. Савіна затрымаў асабіста і цяпер вядзе допыт. He сумняваюся: ён вытрусіць з бандыта ўсю інфармацыю, усё ж на карту пастаўлена ягоная кар'ера.
— Мы будзем слухаць касету? — нецярпліва спытаў Астроўскі.
— Ужо даганяеш? — засмяяўся Качан і ўключыў магнітафон.
У дынаміках зашыпела, пачуліся неразборлівыя галасы, затахкаў рухавік. У нейкі момант усё сціхла і сіплы голас Чабора абвясціў: "Аб'ект сеў на месца вадзіцеля ў службовую аўтамашыну нумар два нулі, пятнаццаць і кіруе ў горад, на праспект Скарыны. Больш тлумачэнняў не будзе, пераключаю на прыём". Праз некалькі мінут цішыню парушыў голас Кавалёва, які гаварыў па тэлефоне: