Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— Тады навошта яму рабіць замах на цябе? — развёў рукамі Качан. — Ён, як я думаю, упэўнены, што справу Бусла ў Астроўскага не сёння заўтра забяруць.
— I я пра гэта ўвесь час думаю. Што за карысць — зноў узвінчваць міліцыю?
— Вось, вось, — пацягнуўся да шклянкі з вадой Качан, — растлумач ці, як ты сказаў, пафантазіруй... Навошта цябе забіваць, калі ты — той, хто Калесніку патрэбен. Ён ведае, што і ўсе: Астроўскі агентуру праваліў, па раскрыцці забойства Бусла — ніякіх зрухаў, Князя не раскалоў і гэтак далей. Навошта такога сышчыка забіваць? Ён таўчэцца на месцы і, як ніхто іншы, спрыяе злачыннай дзейнасці... У некага могуць з'явіцца сумненні наконт тваёй сумленнасці...
— Правільна... — узнёсла падхапіў думку Качана Астроўскі. — I, мне здаецца, Калеснік менавіта на гэта і разлічвае. Забойства сышчыка майго рангу надоўга выб'е міліцыю горада з сядла. Лепшыя сілы будуць кінуты на пошук бандытаў.
— Яны ўжо кінуты...
— Першае і галоўнае — будуць шукаць прычыну нападу, — не зважаючы на рэпліку палкоўніка, вёў сваё Астроўскі. — I скажы мне, калі ласка, Аляксей Фёдаравіч, начальнік крымінальнага вышуку Мінска, у якую чаргу вы будзеце разглядаць версію, звяза-
ную з раскрыццём забойства Бусла? Так, цяпер, ведаючы мае засакрэчаныя аператыўныя распрацоўкі, канечне, у першую чаргу. А калі б сённяшняе здарылася тыдзень таму?
Качан апусціў галаву, задумаўся. У нечым Астроўскі меў рацыю.
— Няўжо Калеснік гэта зрабіў з мэтай адцягнення ўвагі ад справы Бусла? — абурыўся палкоўнік. — Ну, не вартыя ўсе здзейсненыя злачынствы таго морфію, што вывозіў нябожчык Кузаўкоў! He ідуць з-за гэтага на забойствы!..
— Вось мы і прыйшлі... — цяжка ўздыхнуў Астроўскі. — Hi Бусел, ні Шаўцоў, ні мы не ведаем сапраўднай прычыны агрэсіўнасці Калесніка. Дарэчы, і шызафрэнікам яго не назавеш. Значыць, трэба шукаць і яшчэ раз шукаць. I яшчэ не выходзяць у мяне з галавы слоўнікі. Нездарма прымусілі Крывіцкага вывучаць англійскую мову. Калі сённяшняя праверка яму залічыцца, паедзе, як піць даць паедзе наш лейтэнант за мяжу. Я да таго, што яшчэ раней папярэдзіў начальніка інфармацыйнага цэнтра наконт Пятроўскага Івана Уладзіміравіча. Хачу папрасіць, каб трымаў і ты на кантролі. — Астроўскі з сарказмам агледзеў загіпсаваную руку. — Усё ж я цяпер — лёгка паранены і непрацаздольны. Чую, Лёша, нюхам чую, што Калеснікаў какаін ідзе за мяжу, вось і рыхтуе Крывіцкага.
— Мне б меней цябе слухаць, а выклікаць на калегію ды аддубасіць як след, — устаючы з-за стала, паблажліва зазначыў Качан. — Але твая праўда: у нас няма выйсця, прыходзіцца разлічваць на асабістыя сілы. Трывожыць мяне: ці не занадта крута абыходзімся з Макрыцкім?
— Крута, — пагадзіўся Астроўскі і таропка пачаў тлумачыць сваю пазіцыю: — Пасля сённяшняга майго "ранення" стала пытанне — каму ўзначаліць расследаванне. У генерала Патапенкі не павінна быць выбару, падпалкоўнік Макрыцкі можа ў нечым дапамагаць, але ўзначаліць аператыўную групу прыйдзецца табе. А гэта азначае, што замах на мяне і справа Бусла ў тваіх руках, і мы кантралюем сітуацыю.
— Лагічна, — кіўнуў Качан і, агледзеўшы пакой, дадаў: — Мы тут затрымаліся, як кажуць, у гасцях добра, а дома...
— Яшчэ хвіліну, — паспешліва загаварыў Астроўскі, — адзін на адзін мы цяпер не хутка сустрэнемся. Сёння ж аб'яві вышук забойцаў Бусла: Філіна і Прышча, — маёр падаў складзены ў некалькі разоў ліст паперы. — Тут іх сапраўдныя прозвішчы. I яшчэ: капітана Бусла, як і гэтага імпульсіўнага хірурга, трэба схаваць, і чым хутчэй, тым лепш. Цяпер мы не маем права на неабачлівасць, нават на рызыку...
— Хто б гаварыў, — жартаўліва ўздыхнуў Качан.
Астроўскі зірнуў на сябра і ўсё зразумеў. За дабрадушным выглядам і прыхільнасцю ў позірку сцішылася непрыхаваная крыўда. Вочы палкоўніка гаварылі без слоў: "Зноў ты ставіш мяне перад фактам, які ўжо спраўдзіўся".
— Лёша, даруй, — шчыра прагаварыў Астроўскі, — апошні раз я прымаў рашэнні без узгаднення з табой. Спішы маё самаўпраўства на сяброўства, а для астатніх... — Маёр прымоўк, ён разумеў, што Качану чарговы раз прыйдзецца тлумачыць начальству неардынарныя паводзіны падначаленага.
— Астатнім нічога тлумачыць не трэба, — хаваючы вочы, заспяшаўся Качан. — Дасць Бог, накрыем банду Калесніка, тады і палічымся, хто каму і што вінен.
— To і добра, — павесялеў Астроўскі, — цяпер можна і дадому.
— А мне думаецца, што тваё месца ў шпіталі.
— Канечне, шпіталь — ідэальны варыянт, але ты завязі мяне дадому і выстаў ахову. Свае дзеянні патлумачыш тым, што калі быў замах на жыццё без жаданага для бандытаў выніку, то магчымы паўтор. У бальніцы ці шпіталі складаней забяспечыць надзейную ахову. Раненне лёгкае, і дактары не супраць амбулаторнага лячэння. Дарэчы, пра гэта дзяжурны хірург пазначыў у "гісторыі хваробы".
— Дадому дык дадому, — пагадзіўся Качан.
Ён разумеў, што галоўная прычына нежадання Астроўскага класціся на стацыянарнае лячэнне крыецца ў абмежаванні ягонай волі. Дома ён — вольны птах, а ў шпіталі — парадкі вайсковыя, без дазволу кроку не ступіш. Для справы, канечне, лепей амбулаторнае лячэнне, і ахову будуць несці людзі капітана Клёна. I яшчэ не давала спакою Качану тое, што ў момант нападу на Астроўскім быў бронежылет. I пра гэта, не прыдаўшы значэння, паведамілі дзяжурна-
му па ўпраўленні, а значыць, будуць ведаць усе супрацоўнікі. А гэта адразу выклікае шматлікія пытанні, наводзіць на не зусім прыемны роздум. Зразумела, што Астроўскі чакаў нападу... Ці...
— А што, Анатоль Пятровіч, ты ўвесь час ходзіш у бронежылеце? — Качан вырашыў трошкі, як кажуць, патузаць Астроўскага за вусы.
— Я ж тлумачыў, — пачаў Астроўскі і раптам спыніўся, заклапочана ўтаропіўся ў палкоўніка. — Нявыкрутка, дробязь, а можна згарэць сінім полымем... 1 як гэта я ашукаўся?.. Што ж рабіць?
— Ёсць задумка, — Качан хітравата паглядзеў на сябра, — дазволіш — падзялюся, не...
— Зробіш па-свойму, — прадоўжыў любімы выраз палкоўніка Астроўскі.
— Так, — Качан падштурхнуў маёра да пад'езда і заклапочана зірнуў на гадзіннік. — Ого, трэба спяшацца. А задумка такая: я буду дакладваць генералу Патапенку і астатнім кіраўнікам упраўлення, што за паўгадзіны да здарэння цябе па тэлефоне папярэдзілі. Ты, канечне, пра гэта прамаўчаў, не першы раз пагрозы выслухоўваеш, але жылецік на ўсялякі выпадак надзеў...
— Інфармацыя, а дакладней, дэзінфармацыя для Калесніка?
— Так, няхай яму перададуць. Невялікі раздрай у стане ворага не пашкодзіць, асабліва такі, калі пачынаюць шукаць здраднікаў.
— Прымаецца, — усміхнуўся Астроўскі.
Палкоўнік Качан прыехаў ва ўпраўленне і адразу спусціўся ў паўпадвальнае памяшканне, дзе змяшчаліся інжынеры-сувязісты. Па дарозе ў яго склаўся план дзеянняў, і йяпер, каб яго рэалізаваць, Качану патрэбен быў надзейны чалавек. Павел Кузьміч Чабор — той, на каго разлічваў палкоўнік. Кузьміч, як паважліва называлі Чабора ўсе супрацоўнікі, ужо быў на месцы. Невысокі, худы, але яшчэдаволі рухавы сямідзесяцігадовы Чабор калісьці быў першым настаўнікам Качана. He сядзелася старому на пенсіі, і ён дапамагаў сувязістам. Вось і цяпер, убачыўшы палкоўніка, Кузьміч ашчадна адсунуў ад сябе нейкую мудрагелістую чырвоную скрыначку
з мноствам рознакаляровых дроцікаў, у якой корпаўся, выключыў паяльнік. У пакоі было дымна. Ад едкага паху цыгарэт і каніфолі запяршыла ў горле.
— Пэўна, у лесе воўк здох, калі сам палкоўнік Качан успомніў старога Кузьміча, — узняўся насустрач Чабор.
— Воўк не воўк, а пажарнікам тут ёсць што рабіць, — закашляўся Качан. — Калі-небудзь спаліш, Кузьміч, упраўленне...
Паздароўкаліся, Чабор адразу крутнуўся да форткі:
— Скразнякоў не пераношу. Дым — хоць бы што, а як толькі паветра сюды пушчу — насмарк. Але для такога госця можна і пацярпець. Бачу, па справе, за мінуту два разы на гадзіннік зірнуў. Э-хе-хе, — незадаволена, па-старэчы ўздыхнуў Чабор, — не, каб прыйшоў з чаркай, ды каб пасядзець, узгадаць мінулае... Ці праўду кажу, Лёша, нам ёсць што ўспомніць?!
— Ёсць, Кузьміч, і яшчэ будзе што.
— Няўжо на нешта і я спатрэбіўся? — у вачах старога заскакалі вясёлыя чорцікі. — Тады не цягні гуму, выкладвай.
— Пра ўсё потым, пытанняў узнікне шмат, але адказаў не чакай.
— Зразумела...
— Праз пятнаццаць хвілін у генерала Патапенкі адбудзецца пасяджэнне. Прысутнічае кіраўніцтва ўпраўлення. Пакуль мы там праціраем штаны, ты "нашпігуеш" кабінет падпалкоўніка Кавалёва "жучкамі". Тэлефоны — абавязкова, адзенне таксама. He абыдзі ўвагай службовую і асабістую аўтамашыны.
— Ну і дзела! — міжвольна ўскрыкнуў Чабор і тут жа, стрымліваючы празмерную цікаўнасць, спытаў: — Калі сам прыйшоў, значыць, вельмі важна і ўсё павінна рабіцца цішком, неафіцыйна?
— Так, адказнасць бяру на сябе... I каб ціха, сам разумееш, з гэтым не жартуюць, вынікі непрадказальныя.
— Зразумела, — замітусіўся Чабор. — Зраблю на вышэйшым узроўні. Толькі ці змогуць тыя, якія будуць весці назіранне, як след запісаць інфармацыю?
— 3 людзьмі цяжкавата, — уздыхнуў Качан.
— Ты, Лёша, май на ўвазе, што і я магу гэта зрабіць. Камар носа не падточыць, праслухаю і запішу. Дый падазрэнняў наконт мяне аніякіх. Боўтаецца абчэп-
лены дротам дзед, ну і няхай сабе боўтаецца. Ніхто не падумае, што шпіёню. А ў мяне і машына каля ўпраўлення прыпаркаваная, крутнуся куды трэба. I людзей зэканоміш, дасі аднаго ў памочнікі, і хопіць.
Чабор расчырванеўся, вочы блішчэлі азартам, былы сышчык, здавалася, памаладзеў на добры дзесятак гадоў.
"Неблагі выхад, — падумаў Качан. — Кузьміч — вопытны сышчык, няхай узгадае маладосць".
— Ну што, па руках? — стары ўмольна глядзеў Качану ў вочы.
— Па руках, — прыняў рашэнне Качан. — Прышлю табе лейтэнанта Мірончыка з групы Астроўскага.
Чабор ніякавата пераступіў з нагі на нагу, падазрона прыплюшчыў вочы:
— А хто за галоўнага — лейтэнант?
— Ты будзеш галоўны, — засмяяўся Качан, — куды ім, лейтэнантам, цягацца са старым асам!..
Замах на жыццё маёра Астроўскага выклікаў ва ўпраўленні, ды і ва ўсіх райаддзелах горада сапраўдны перапалох. Яшчэ ўва ўсіх на слыху было забойства капітана Бусла, а цяпер — Астроўскі.
Генерал Патапенка, сярэдняга росту, таўставаты, самаўпэўнены і пыхлівы чалавек, даведаўшыся пра надзвычайнае здарэнне, разгубіўся. За гады службы ён добра засвоіў прынцыпы сістэмы, у якой працаваў. I асноўнае, што б ні здарылася, адказнасць у першую чаргу кладзецца на начальніка. Патапенка ўявіў рэакцыю міністра на падзеі, звязаныя з забойствам і замахам на жыццё сышчыкаў у сталічным гарнізоне, і зразумеў, што ў дадзеным выпадку нават сваяцтва не дапаможа. На аператыўным пасяджэнні генерал сядзеў расчырванелы, надзьмуты і злы, інфармацыю палкоўніка Качана слухаў няўважліва і, не зважаючы на прысутных, прыціхлых і засяроджаных намеснікаў, начальнікаў аддзелаў, смаліў адна за адной цыгаркі.