Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— Што нам рабіць? — перапытаў Клён, у слухаўцы чулася перарывістае дыханне капітана. — Яны могуць пільнаваць вас...
— Ператэлефануй мне праз пяць хвілін, — прагаварыў Астроўскі і паклаў трубку. Яму патрэбен быў час на роздум.
"Можа, зрабіць, як раіць Клён? — Астроўскі зашпацыраваў па пакоі. — He, гэта не выхад... Тут ідзе гульня нерваў, у каго мацнейшыя — той і выйграе. Цяпер галоўнае — Крывіцкі... Відаць, лейтэнант ведае, што будзе рабіць, і, калі яны тут, пэўна, мае асабісты план... Думай, маёр, хутчэй шукай выйсце... Трэба зрабіць усё, каб не нашкодзіць Крывіцкаму і па магчымасці выратаваць справу... Лейтэнант не ведае, дзе я жыву, значыць, убачыць у апошні момант, пазнае і можа разгубіцца... Але рызыкаваць трэба... Стоп! Я вырашыў прыняць гульню Калесніка? Гэта азначае... — Астроўскі спыніўся ля стала, безуважна ўтаропіўся ўтэлефон. — ...А нічога гэта не азначае, я прымаю ўмовы... Толькі выгадныя для сябе... Галоўнае, што я ведаю іх намер, і калі Крывіцкі вымушаны страляць, ён гэта зробіць, а я падыграю..."
Зноў зазваніў тэлефон.
— Капітан, у цябе ёсці лішні бронежылет? — голас Астроўскага гучаў рашуча і спакойна.
— Знойдзем, толькі...
— Аніякіх "толькі", трэба даставіць яго мне. У цябе на ўсё пра ўсё — дваццаць хвілін.
Капітан Клён з'явіўся хутка. Ён стаяў у дзвярах, вялікі, з выгляду нязграбны і трошкі збянтэжаны. На нагах — вялізныя чаравікі, якія ніяк не пасавалі да сіняга трыко, а белая сподняя кашуля і зусім рабіла
гэтага "фізкультурніка" смешным.
— Прыйшлося касіць пад спартсмена, — перасмыкнуў шырокімі плячыма Клён і, заходзячы ў кватэру, сцягнуў кашулю. На голым целе быў бронежылет, які праз хвіліну ўжо прымяраў Астроўскі.
Астроўскі выйшаў з пад'езда, як заўсёды, у сем раніцы і, па завядзёнцы, няспешна пакрочыў па тратуары. Машыну з бандытамі заўважыў адразу, прыпыніўся, наставіў каўнер паліто. Маёр чакаў стрэлаў, але іх не было.
"Значыць, па дарозе, — падумаў Астроўскі і ў думках падбадзёрыў Крывіцкага: — Толькі недрэйфі, лейтэнант, ты расцаніў усё правільна... He будзеш страляць ты, яны гэта зробяць самі..."
Перайшоў скрыжаванне, насустрач выплываў стары парк. Машына сунулася следам.
"Пэўна, тут, — падумаў Астроўскі. Ён адчуваў на сабе нейкі незразумелы цяжар, які, здавалася, поўз па спіне, патыліцы, зноў па спіне. Зрабіў крок, другі... пяты... — Лепшага месца для расправы ім не знайсці, — толькі падумаў Астроўскі, як глуха прагучалі адзін за адным тры стрэлы. Маёр быў падрыхтаваны, і ўсё ж нечакана па-здрадніцку здрыганулася цела, ён стаў як укапаны, ссунуўся на калені. Проста перад ім была велікаватая лужына. — От, халера, позна заўважыў, a то, як у кіно, яшчэ б трошкі па інерцыі прайшоў, — усміхнуўся Астроўскі і бразнуўся ў халодную ваду, павярнуўся трохі на плячо, каб было чым дыхаць, і заціх. Ён ляжаў тварам да дарогі і бачыў, як спынілася непадалёк машына з бандытамі, і калі прачыніліся дзверцы, здрыганулася, зайшлося жалем сэрца: будуць дабіваць, і ледзь не вырваўся з грудзей міжвольны крык: — Клён, дзе ты?! А раптам сірэна не спрацуе?.."
У гэты момант ранішнюю цішыню парушыла міліцэйская сірэна, і быццам раскалолася неба, на зямлю сыпануў, як здалося Астроўскаму, гарачы дождж. Чалавек, які секунду таму выставіў з машыны нагу, хуценька яе схаваў, бразнулі дзверцы, і Астроўскі ўздыхнуў вольна, напружанне саступіла месца ціхай радасці. У гэтую хвіліну яму здавалася, што ніколі ў жыцці ён не чуў больш прыемнага і жаданага гуку, чым бразгат дзверцаў машыны.
План удаўся. Машына з бандытамі праз некалькі хвілін знікла на скрыжаванні. Астроўскі з палёгкай
шчоўкнуў засцерагальнікам пісталета, які ўвесь час трымаў напагатове. Цяпер заставалася дробязь — дачакацца Клёна і імітаваць раненне. Надалей Астроўскі будзе выконваць ролю пацярпелага, і выглядаць гэта павінна праўдзіва. Сыграць ролю трэба так, каб паверылі і свае, і асабліва чужыя. I ценю сумнення не павінна ўзнікнуць у бандытаў наконт Крывіцкага, бо няма ягонай віны ў тым, што страляў і толькі параніў.
Палкоўнік Качан віхрам уварваўся ў працэдурны кабінет бальніцы "Хуткай дапамогі", куды, як перадаў дзяжурны па горадзе, даставілі параненага Астроўскага. Капітан Клён у гэты момант дапамагаў маёру апрануцца. Левая рука Астроўскага была загіпсаваная, бінт на галаве ў адным месцы набрыняў чырвонай плямай.
— Ну, дзякуй Богу, жывы, — выдыхнуў Качан і асцярожна прытуліў сябра да грудзей, на вачах нагарнуліся слёзы.
Астроўскі сіліўся нешта сказаць, але палкоўнік не дазволіў. Ён рэзка адхіліўся, яшчэ раз агледзеў маёра і адразу ўзарваўся лаянкай на Клёна, быццам капітан быў у нечым вінаваты.
Сышчыкі, патупіўшы галовы, маўчалі і ўсміхаліся.
— Чортведама што! — нечакана для ўсіх пісклявым голасам ускрыкнуў маладжавы з рэдкай бародкай доктар і кінуў ручку, якой нешта пісаў, на стол. — Вам не хірург патрэбен, а псіхіятр...
Качан насцярожана, нічога не разумеючы, паглядзеў на радаснага Астроўскага, потым на Клёна, які хаваў у кулак усмешку, і зноў запытальна ўтаропіўся ў доктара.
— Аляксей Фёдаравіч! — Астроўскі скоса зірнуў на расчырванелага, узбуджанага доктара і спешна, каб папярэдзіць магчымыя пытанні Качана і тлумачэнні хірурга, дадаў: — Нам трэба пагаварыць без сведак.
Маёр падышоў да стала, за якім сядзеў пыхлівы доктар і засяроджана прачытаў усё, што напісаў хірург.
— Яшчэ напішыце заяву на водпуск...
— Што?! Які водпуск?! Вы яшчэ здзекуецеся...
Качан, нічога не разумеючы, але давяраючы Астроўскаму, сеў на табурэтку, расшпіліў верхнія гузікі
паліто, кашулі, паслабіў гальштук. Ад усяго перажытага за апошнюю гадзіну, хуткай хады па шматлікіх бальнічных лесвіцах і калідорах сэрца, здавалася, восьвось выскачыць. Ён, адчуўшы, як гарачая хваля паціху паўзе ад грудзей да шыі, абручом сціскае дыхаўку і скроні, выцягнуў адразу і валідол, і нітрагліцэрын.
— Сямён Давыдавіч! — узвысіў голас Астроўскі і, не зважаючы на загіпсаваную руку, нахіліўся, абапёрся ёю на стол і, гледзячы доктару ў вочы, з выглядам чалавека, які не пацерпіць пярэчанняў, паўтарыў: — Доктар, напішыце, калі ласка, заяву на адпачынак. Гэта, у першую чаргу, у вашых інтарэсах...
— Ха!.. — Хірург ускочыў на ногі. Ён быў амаль напалову ніжэйшы за маёра і, відавочна, камплексаваў з-за гэтага, бо адразу зноў плюхнуўся на месца, незадаволена перасмыкнуў плячыма. Цяпер ён зноў выглядаў важным і трошкі грозным. — Мо і білецік да мора маеце, на Канарскія астравы?
— Можа, і маем, — перагортваючы старонкі сваёй "гісторыі хваробы", пагадзіўся Астроўскі, — толькі не на Канарскія астравы, а трошкі бліжэй. Капітан, прасачыце, каб доктар сёння да адлёту самалёта ў Крым нікуды з кватэры не выходзіў, ні з кім не сустракаўся, тэлефонныя размовы толькі пад вашым кантролем.
— Будзе зроблена, — ледзь стрымліваючы смех, шчоўкнуў абцасамі Клён.
— Вы гэта сур'ёзна? — акругліліся вочы хірурга.
— Сур'ёзней не бывае. Я ўжо дзесяць разоў тлумачыў. Прабачце, цяпер, як дамовіліся, вамі зоймецца капітан Клён.
Палкоўнік Качан адчуў палёгку, сэрца супакойвалася, прыступ удушша адступаў.
"Даканае мяне гэтая стэнакардыя", — падумаў Качан і прагна паглядзеў на графін з вадой, які стаяў на доктарскім стале. Ён дачакаўся, калі за капітанам і маленькім, жвавым Сямёнам Давыдавічам зачыніліся дзверы, і адразу змяніў сваю табурэтку на доктарскае вяртлявае офіснае крэсла, наліў у шклянку вады, выпіў. Палкоўнік чакаў тлумачэнняў.
— 3 сённяшняга дня падзеі будуць разгортвацца з неверагоднай хуткасцю, нам бы толькі не выпусціць ініцыятыву, — адчуваючы, што гаворыць нешта не тое, зазначыў Астроўскі і сеў насупраць палкоўніка.
Гулка бразнула загіпсаваная рука, ажно зазвінелі шклянкі, што напаўколам абступілі графін з вадой.
Палкоўнік не вытрымаў:
— Анатоль, я зразумеў, што тваё раненне — нейкая прафанацыя. Што гэта ўсё азначае? I доктар нейкі ненармальны... гіпс... перавязаная галава... самалёт... Крым...
— Лёша, сёння раніцай і сапраўды адбыўся замах на мяне, і лейтэнант Крывіцкі ўдзельнічаў у гэтым...
Калі Астроўскі скончыў гаварыць. палкоўнік доўга маўчаў. Унікаючы глядзець сябру ў вочы, ён зноў выпіў шклянку вады і нарэшце выдыхнуў:
— Бяру назад свае словы наконт ненармальнасці доктара, а вось ты — точна псіх. I ведай: у мяне велізарнае жаданне сказаць табе пару ласкавых...
— Згодзен, з усім згодзен, — павесялеў Астроўскі, — але ты, як прафесіянал, павінен пагадзіцца, што выгоды майго ўчынку відавочныя. Давай трошкі пафантазіруем. Я ўпэўнены. што страляў Крывіцкі, хто іншы не прамахнуўся б. Лейтэнант пройдзе яшчэ і гэтую праверку, калі я буду для ўсіх паранены, няхай сабе і лёгка. Гэта першае. Другое — у нас з'явіўся шанц выкрыць здрадніка. Даведаўшыся, што я жывы, Кавалёў абавязкова будзе выходзіць на сувязь з Калеснікам. Запісаўшы сустрэчу, мы будзем мець неабвяргальныя доказы ягонага дачынення да арганізацыі замаху на маё жыццё. Даказаць усе ягоныя злачынныя дзеянні, канечне, не зможам. I трэцяе — у мяне ёсць законнае права на хваробу, — Астроўскі памацаў гіпс. — Застаўся доктар. Ён адзін ведае, што ніякіх раненняў у мяне няма. Паклапаціўся Клён. Усе паперы Сямён Давыдавіч зрабіў, як належыць, і цяпер камар носа не падточыць. Але, каб не падстаўляць чалавека, раптам хто з Калеснікавай хеўры захоча асабіста з ім пагаварыць, хірурга трэба справадзіць у адпачынак на два-тры тыдні: беражонага Бог беражэ. Заяву ягоную возьмеш, а што далей — сам скумекаеш, адным словам, паўздзейнічаеш на начальства. Гэта — што тычыцца падзей сённяшніх. Цяпер пра планы. Нам, каб яшчэ больш напусціць туману ў вочы Калесніку, мяркую, трэба афіцыйна абвясціць аб здрадзе службовым інтарэсам сяржанта Куліка, наўмысна зрабіць акцэнт
17. Зак. 3057
257
на тым, ніто ён — пляменнік падпалкоўніка Макрыцкага. Няхай Калеснік і Кавалёў лічаць, што мы заглынулі нажыўку, гэта іх расслабіць, прытупіць пільнасць. Калеснік павінен быць перакананы ў тым, што толькі ён кантралюе сітуацыю, як кажуць, заказвае музыку. Кавалёў адзін з першых даведаецца пра допыты Куліка, а значыць, пра сувязь сяржанта з кірмашнай злачыннай групоўкай. Гэта таксама падштурхне Калесніка дзейнічаць ці тых, хто вербаваў сяржанта. Яны ведаюць, што Кулік — не Князь, націснем — расколецца, утойваць нічога не будзе. Злачынцы прадбачылі сітуацыю і нешта плануюць, калі так настойліва падсоўваюць у якасці здрадніка падпалкоўніка Макрыцкага. Думаю, яны наўмысна накіроўваюць нас па гэтым шляху. Калесніку кірмашнай шушары не шкода: здаўшы драбнату, застаецца некранутай вялікая рыба. Пэўна, разлічвае, што, пакуль мы будзем вудзіць гэтых "верхаводак", яму ўдасца зусім заблытаць следства.