Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
Качан падаў вады. Ён не збіраўся ні супакойваць намесніка, ні ўшчуваць. Макрыцкі асушыў шклянку, узняў на палкоўніка шырока расплюшчаныя прытухлыя вочы:
— Пасля ўсіх нашых правалаў было лагічна падазраваць і мяне...
— Напачатку так і было, — Качан, засунуўшы рукі ў кішэні, захадзіў па кабінеце. — Мы знайшлі пярэваратня, але да ўчарашняга дня я падазраваў вас...
У Качана не было вялікага жадання ўводзіць Макрыцкага ў курс усіх спраў, цяпер турбавала іншае. "Чаму Калеснік вырашыў пазбавіцца ад Князя? — разважаў палкоўнік. — Што за гэтым стаіць, перасцярога ці нешта іншае? Відавочна, што не Кузаўкоў таму прычына. Тады што?"
— Лічу сваім абавязкам... — невыразна загундосіў Макрыцкі. — У сітуацыі, якая склалася, не маю маральнага права... Карацей, я гатовы падаць рапарт на звальненне, — унікаючы глядзець Качану ў вочы, з цяжкасцю выціснуў з сябе падпалкоўнік.
Качан доўгім, ацэньваючым позіркам паглядзеў на Макрыцкага. Было відавочна, што намеснік шчыры ў сваіх памкненнях. Гэта радавала, што ні кажы, a падпалкоўнік меў гонар і ведаў цану здрады, ён гатовы быў несці адказнасць за злачынствы пляменніка. Учынак Куліка поўнасцю зблытаў планы Качана і Астроўскага наконт Макрыцкага. Але былі і выгоды. Па-першае, цяпер намесніка можна выкарыстоўваць і не баяцца, што падпалкоўнік нават у дробязі можа падвесці, па-другое, Князь... "Што, калі прызнанне Куліка дапаможа развязаць бандыту язык?" — падумаў Качан, а ўслых прагаварыў:
— Міхаіл Васільевіч, тое, што Кулік прыйшоў і пра ўсё расказаў, на сённяшні дзень нам на руку і няхай застанецца на нейкі час таямніцай. Паводзь-
це сябе так, быццам нічога не здарылася.
Макрыцкі хутчэй за ўсё не чакаў такога рашэння, на твары прамільгнуў спалох, нават адчай. Ён неяк падазрона паглядзеў на Качана, і палкоўнік зразумеў, наколькі Макрыцкі закаранелы службіст, і менавіта гэтая якасць цяпер падштурхоўвае намесніка на неабачлівы, рызыкоўны для справы крок. Качан быў перакананы, што Макрыцкі гатовы пайсці і пра ўсё далажыць генералу Патапенку. "Трэба ратаваць сітуацыю", — падумаў палкоўнік, а ўслых, прыхільна ўсміхнуўшыся, з іроніяй прагаварыў:
— Міхаіл Васільевіч, у вас ёсць непасрэдны начальнік. Лічу, што вы не парушыце ні статут, ні субардынацыю, калі даложыце мне рапартам пра падзеі, звязаныя з Куліком і Князем. Я ведаю трошкі болей і вымушаны ўзяць усю адказнасць на сябе. Галоўнае, не стварыць інцыдэнту, не ўвязнуць ва ўнутраных разборках і розных службовых разбірацельствах. Скажу больш: падпалкоўнік Кавалёў — здраднік, пярэварацень, не адзін год працуе на мафію, а ён, як вы ведаеце, сябра генерала. Гэта добра, што вы прыйшлі да мяне, цяпер я ўпэўнены ў вашай надзейнасці і магу давяраць. He выключана, што ў Кавалёва ёсць памагатыя тут, ва ўпраўленні. Мой кабінет праслухоўваецца, да пэўнага часу мафія ведала амаль усе нашыя крокі, асабліва з моманту забойства капітана Бусла. Замах на жыццё Астроўскага сведчыць, што яны не зацікаўлены ў раскрыцці злачынства, і гэта папярэджанне, нават выклік нам. Дарэчы, выпадак з вашым пляменнікам — таксама спланаваная акцыя. Усё зроблена наўмысна, каб скампраметаваць вас і, магчыма, схіліць да супрацоўніцтва. Разлік просты: калі і не ўдасца, то мы самі ўчынім разборкі. Лепей не прыдумаеш. Усялякі вынік — выйгрышны. Думаю, для пачатку інфармацыі дастаткова.
Качан скоса зірнуў на ўсхваляванага Макрыцкага. Ён наперад ведаў, што скажа падпалкоўнік, і не памыліўся.
— Гатовы выканаць любы загад, — узбуджана выпаліў намеснік. Ён меўся яшчэ сказаць пра сваю адданасць справе, але словы быццам рассыпаліся, ён ніяк не мог іх скласці ў сказы. — Н-не падвяду, — чамусьці заікаючыся, толькі і змог паабяцаць Макрыцкі.
— Любы загад выконваць не трэба, — заклапоча-
на ўздыхнуў Качан. — Цяпер дакладна: прасачыце, каб Кулік падрабязна напісаў пра ўсе свае зносіны з Савіным і Князем у рапарце на маё імя, ад запісак да атруты. Пэўна, Кулік правы, ад Князя хочуць пазбавіцца, таму парашок — у лабараторыю на экспертызу. Савіна арыштуйце. Рабіце, што хочаце, але каб вечарам у мяне была павінная, прызнанне злачынца ў сваіх грахах.
16
Іван Фёдаравіч Караленя першы тыдзень пасля нечаканага кашмару, які справакаваў Калеснік, ніяк не мог узяць сябе ў рукі, увайсці ў звычайны рытм адладжанага жыцця. Яго праследавалі Калеснікавы нахабная ўсмешка, злыя вочы, словы-абразы выводзілі з раўнавагі, хлёстка білі па самалюбстве. Але час мінаў, новы знаёмы не назаляў, нагадаў пра сябе толькі аднойчы, і начны кашмар паціху пачаў забывацца. Чым далей адыходзіў Калеснік, тым часцей узгадвалася спакусніца Ядзя. Караленя разумеў, што яна з Калеснікам заадно, як кажуць, аднаго поля ягады, але нешта было мацнейшае за цвярозы разлік. У нейкі момант ён злавіў сябе на тым, што не думаць пра Ядзю не можа. Калі першыя дні яго цікавіла інфармацыя пра Калесніка і ён тэлефанаваў Купрэйчык з адзінай мэтай — больш разведаць пра чалавека, які зламаў яго і падначаліў сваёй волі, то настаў такі момант, калі Каралені было проста прыемна чуць яе голас, размаўляць з ёй...
Мінуў тыдзень, другі. Калеснік нагадаў пра сябе, і Караленя без асаблівых цяжкасцей выканаў тое, што абяцаў. Фірмы, за якія хадайнічаў Калеснік, атрымалі "льготную растаможку" на мяжы з Польшчай і Літвой і цяпер без усялякіх перашкод перавозілі грузы ў Расію. Настьгрны Калеснік на мяжы атрымаў і асабісты тунель-дзірку. Паперы на тавары, якія мелі адмысловы штамп, нікім не правяраліся, былі вышэй закону, бо такі штамп ставіў толькі адзін чалавек... Караленя лоўка маніпуліраваў памежным "бізнесам". Ён ведаў, што Калеснік перавозіць гарэлку і іншы дэфіцытны, нават стратэгічны тавар, але што за бяда? Караленя рабіў
тое, што і заўсёды, а дзве-тры машыны ці пару чыгуначных вагонаў кантрабанды для чалавека з ягоным статусам можна ў разлік не браць.
Караленя добра памятаў размову з Калеснікам і разумеў, што асноўная "работа" яшчэ наперадзе, але пра тое, што будзе, думаць не хацелася. Ядзя Купрэйчык — яна трывожыла і хвалявала. Злосці на жанчыну не было, наадварот, з'явілася незразумелая любасць і жаданне зноў валодаць ёю. У памяці часцей і часцей усплывалі асобныя моманты апошняй сустрэчы. Ідэя валодаць Ядзяй зрабілася непераадольнай, гэта было больш падобна на чары, насланнё, але жаданыя Караленяй. Цяпер, праязджаючы на машыне па горадзе, ён з надзеяй узіраўся ў жанчын, у кожнай з іх марыў убачыць спакуслівую прыгажуню, спадзяваўся, аў нейкі момант пачаў марыць убачыць Ядзю ў натоўпе сярод людзей. Жыццё ператварылася ў адзінае доўгае чаканне, чаканне сустрэчы. Настаў момант, калі цярпенню Каралені прыйшоў канец. Ён адчуў, што гэтае хваравітае, паюначы ўзнёслае трызненне згубіць яго намнога хутчэй, чым Калеснікавы махлярствы і зладзействы.
Падлівала масла ў агонь і жонка, якая адпачывала ў Швейцарыі і кожны вечар даймала тэлефоннымі размовамі. Караленя цяпер з нейкай гідлівасцю ўзгадваў тоўстую, пыхлівую, а галоўнае, абыякавую да сексу жонку і з жаха.м перагортваў старонкі календара. Дзень яе прыезду з неймавернай хуткасцю набліжаўся, а гэта азначала, што прыйдзецца па абавязку класціся ў ложак...
Ядзя Купрэйчык знаходзіла розныя прычыны, каб адмовіцца ад сустрэчы, і ён, кручаны і перакручаны інтрыган і бабнік, перад ёй пасаваў, адчуваў сябе ніякавата, губляўся. Гэта раздражняла, але ўзнёслая цеплыня ў грудзях быццам надавала іншы сэнс жыццю, напаўняла Караленю нечым светлым і жаданым. Ён спрабаваў даказаць самому сабе абсурднасць пачуццяў, якія нечакана ўскалыхнулі душу. "Хто яна такая? — кпіў з сябе Караленя. — Шлюха, прастытутка, гатовая за грошы..." Далей нічога не выходзіла. Безразважлівае "Ну і што?!" перакрэслівала ўсялякія напады і памкненні ачарніць жанчыну. Розум знаходзіў тысячы апраўданняў яе ўчынкам і кожны раз вяртаў у тую незабыўную ноч. Яму зноў
хацелася перажыць тыя шчаслівыя хвіліны, і ў нейкі момант Караленя адчуў, што няма больш у прыродзе сілы, якая зможа забараніць яму гэта.
Караленя ўсё ж дамогся свайго, Ядзя пагадзілася на сустрэчу. Едучы на спатканне, Караленя наўмысна пераконваў сябе ў тым, што трэба толькі сустрэцца і ўзгадаць усё кепскае, што здарылася з ім праз Купрэйчык. I тады вернецца звычайнае: яны сыдуцца, магчыма, будуць мець блізкасць, а потым... Потым будзе, як заўсёды — Караленя на другі дзень выкіне з галавы, нават не ўзгадае чарговую рамантычную прыгоду.
Настойлівая ўпартасць Каралені, з якой ён дамагаўся сустрэчы, цешыла Ядзіна самалюбства, але больш палохала. Яна ішла на спатканне, прызначанае ля Палаца мастацтваў, з пачуццём боязі і страху. Што ні кажы, а чалавек надзелены вялікай уладай і сапраўды можа звесці з ёй рахункі, калі не асабіста, то памагатымі ў гэтых справах ён не абдзелены. I ўсё ж у душы акрамя страху была яшчэ і звычайная цікаўнасць, разагрэтая жаночым какецтвам. Ядзя не будавала аніякіх планаў, рэальна ўспрымала падзеі, якія звязвалі з Караленяй, шукала апраўданні свайму ўчынку, але... Канечне, гэты чалавек ёй глянуўся, і што б ні было, а ў душы цеплілася надзея. Менавіта гэты кволы агеньчык і забараніў ёй шукаць парад у Калесніка. Атрымаўшы адзін раз ад варот паварот, яна болыл не назаляла хаўрусніку трывогамі і падазрэннямі.
Вечарэла хутка. Браўся марозік, хоць і невялікі, але пранізлівы сцюдзёны вецер рабіў тое, што не па зубах і дваццаціградуснаму марозу. Як Ядзя ні хуталася ў скураное мехавое паліто, цяпла не было. Вецер валадарыў на вуліцах і праспектах горада, з посвістам залятаў у падваротні і расчыненыя пад'езды дамоў, карагодзіў на асфальце старое ўчарнелае лісце і непрыбранае смецце. Было сумна і няўтульна. А мо трасучка, якая біла Ядзю Купрэйчык, зусім і не ад холаду?
Караленя яе чакаў. Ён вылез з "мерседэса", што ўліп у прыцемку паміж пушыстымі блакітнымі елкамі, як толькі Ядзя наблізілася да ўвахода ў палац. Жаночае сэрца здрыганулася, Ядзя сцішылася

ў чаканні: зараз, праз секунду-другую яна зразумее сапраўдны намер Каралені.
Спадзяванні Каралені наконт "рамантычнай выпадковай сустрэчы" не спраўдзіліся. Ён адразу гэта зразумеў, як толькі ўбачыў Ядзю. Даўно забыты вір шчымлівай гарачыні непадкантрольным выбухам пачуццяў апаліў грудзі, стала цяжка дыхаць. Здарылася неверагоднае, такая пакутлівая гарачыня ўжо аднойчы апякла сэрца, і Караленя на ўсё жыццё запомніў гэтае ўзнёслае пачуццё.