Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
вышуку рэспублікі, але... Але зноў прыйдзецца даваць тлумачэнні, і ў першую чаргу Патапенку. "Чарноў не возьме на сябе адказнасць, дакладзе міністру, а той з Патапенкам у добрых, нават сваяцкіх адносінах, — з сумам уздыхнуў Качан. — Значыць, застаецца даверыцца Астроўскаму і спадзявацца на сябе. Час працуе супраць нас. Трэба як мага хутчэй выкрыць здрадніка, а ён можа быць і не адзін. Макрыцкі ці хто іншы, у любым выпадку патрэбны неабвяргальныя доказы. Анатоль правы і ў тым, што, выкрыўшы двурушніка, мы не раскрыем забойства Бусла, наадварот, тыя людзі імгненна знікнуць".
Гэтымі днямі Качан рабіў усё, каб як мага менш быць у кабінеце, пад рознымі зачэпкамі шукаў прычыны, каб не праводзіць аніякіх пасяджэнняў, не весці ніякіх сакрэтных перамоў. Ён раней запланаванага пачаў праверкі райаддзелаў і в.ечарамі ў кабінет ужо не вяртаўся. Палкоўнік увесь час чакаў сустрэч з Астроўскім, які звычайна позна ўвечары прыходзіў да Качана дадому. Сёння было як і некалькі апошніх дзён: Качан адмыкаў уваходныя дзверы і прыслухоўваўся да бразгату ліфта, ці не едзе сябра, але Астроўскі ўжо чакаў у пад’ездзе. Ён нячутна спускаўся з верхняга паверха. Павіталіся моўчкі. Па хітраватым бляску вачэй, нейкай вонкавай узнёсласці, якая лілася, прамянілася ад Астроўскага, Качан зразумеў, што маёр з добрымі навінамі. Але сам факт, што ім, вопытным сышчыкам, даводзіцца сустракацца ўпотайкі, хавацца і ад сваіх, і ад "чужых", апякаў самалюбства.
— Мне пачынае падабацца напаўлегальнае жыццё, — быццам прачытаўшы думкі сябра. весела, але шэптам прагаварыў Астроўскі, — казыча нервы...
— Нас не казычуць, з нас здзекуюцца, — цяжка ўздыхнуў Качан і, саступаючы месца на ўваходзе, падштурхнуў Астроўскага ў цёмны калідор. — Бачу, з добрымі навінамі?
— Працуем, — здымаючы паліто, не без гонару зазначыў маёр.
— Вячэраў? — спытаў Качан і, заўважыўшы адмоўны ківок Астроўскага, дадаў: — Жонка на дзяжурстве. перайшла на "хуткую дапамогу", так што прыйдзецца кухарыць самім. А наконт гарэліцы як?
— Добра было б, — ахвотна пагадзіўся Астроўскі
і ўсміхнуўся. Я.му было нязвыкла бачыць палкоўніка ў фартуху са зламаным сцізорыкам у руцэ.
— He скаль зубы, бяры нож і абірай бульбу, — паблажліва прабурчэў Качан.
— Мо перакусім на хуткую руку?
— Няма бульбы — няма наедку, — адмахнуўся Качан і з нецярпеннем дадаў: — Зрэшты, будзе час і пагаварыць.
— Навін многа, ёсць і добрыя, і не зусім, і благія...
— Спярша пра харошае, — уздыхнуў Качан, — надакучыла кепскае...
— Тады трэба выпіць...
Качан, нічога не пытаючыся, спаласнуў рукі, выцер іх ручніком, дастаў з халадзільніка пляшку гарэлкі, адкаркаваў, наліў кілішкі.
— За вяртанне з таго свету капітана Бусла! — узняў чарку Астроўскі.
— Жывы?! — выдыхнуў Качан, рука з чаркай здрыганулася, гарэлка разлілася на падлогу.
— Жывы! — узнёсла пацвердзіў Астроўскі і радасна дадаў: — Выпадак фантастычны, цяжка паверыць, і тым не менш — праўда...
Вячэра сяброў зацягнулася, дакладней, у асноўным гаварыў, як кажуць, вёў рэй Астроўскі. Качан толькі зрэдку падтакваў, што-нішто ўдакладняў і наліваў чаркі. Астроўскі скончыў расказваць, калі бліскучыя стрэлкі плоскага чырвонага гадзінніка, што вісеў над дзвярыма, нябачна падкраліся да апоўначы. Зноў выпілі, і Качан, хітравата пазіраючы на Астроўскага, нечакана падвёў рысу:
— Ты нічога не сказаў пра здрадніка. Хто прадаўся Калесніку?
— Яго на закуску, — засмяяўся Астроўскі.— Ёсць падазрэнні, я амаль упэўнены...
Неяк вінавата дзынкнуў тэлефон. Качан няўпэўненым рухам зняў слухаўку і амаль адразу падаў Астроўскаму, здзіўлена прагаварыў:
— Цябе... Клён...
— Я папярэдзіў капітана, дзе буду, — патлумачыў маёр і надоўта замоўк, як прыліп да трубкі. Нарэшце суха загадаў: — Працягвайце назіранне, я на сувязі.
— Нешта сур'ёзнае? — заклапочана спытаў Качан.
— Крывіцкага бандыты ўзялі пад нагляд, — адказаў Астроўскі і нечакана для сябе не зусім упэў-
нена дадаў: — Рыхтуюць нешта сур'ёзнае з удзелам лейтэнанта...
— Ты не кантралюеш сітуацыю? — заклапочана спытаў Качан. Ад хмелю, які яшчэ некалькі хвілін таму кружыў галаву, не засталося і следу.
— Пяцьдзесят на пяцьдзесят... У сітуацыі з Крывіцкім усё прадугледзець немагчыма.
— Штыль скончыўся, Калеснік пачаў дзейнічаць, — зрабіў выснову Качан. — Гэта нам на руку.
— Я хацеў папрасіць, каб ты забраў справу Бусла і перадаў таму ж Макрыцкаму. Але...
— У гэтым адпадае неабходнасць, — зразумеў Качан накірунак думак Астроўскага. — Калеснік, пэўна, ужо святкуе перамогу над намі. Ну што ж, як кажуць, пісклянят па восені лічаць. 1 яшчэ даўно хачу спытаць, — Качан з іроніяй зірнуў на Астроўскага, — як табе ўдалося без майго ведама ўключыць у сваю групу Крывіцкага? А пра ўкараненне лейтэнанта ў банду я зусім маўчу. За "самадзейнасць" прыйдзецца адказваць, і нават я не дапамагу.
Астроўскі быў падрыхтаваны да гэтага пытання, ведаў, што рана ці позна яно ўзнікне.
— Падштурхнулі правалы нашай агентуры, і, асноўнае, пачні я ўзгадняць свой план — пэўна, і па сённяшні дзень збіраў бы подпісы начальства. Я ведаў, на што іду, а дэталі — пазней.
— Ну-ну, — шматзначна прагаварыў Качан і, махнуўшы рукой, уздыхнуў: — Ладна, пакінем на потым разборкі, а цяпер канкрэтна: што будзем рабіць? Крывіцкі прыкрыты?
— Яго страхуе Клён са сваімі хлопцамі. Думаю, справіцца. Маю "камандзіроўку" трэба прадоўжыць. I галоўнае: уваскрэслы капітан Бусел прагне дзейнічаць, ірвецца ў бой, а сёння будзе на карысць справе, калі ён яшчэ нейкі час застанецца ў ізаляцыі.
— Дастанецца на арэхі, — думаючы пра сваё, неўпапад прагаварыў Качан.
— Так, цяпер мы ў адных санях, і не выходзіць рэзаць пастромкі, — загарачыўся Астроўскі. — Каб я мог дзейнічаць самастойна, ты б нічога не ведаў. Сёння мне патрэбны падтрымка і прыкрыццё. Твой клопат — стварыць нармальныя ўмовы для працы.
— He крыўдуй, — паспяшаўся супакоіць сябра Качан, — я зраблю ўсё, што неабходна.
— Зразумела, што цяпер цяжар адказнасці ляжа на твае плечы, але іншага выйсця няма.
— He пра гэта трэба думаць, — адмахнуўся Качан. — Што ты спланаваў наконт Бусла?
— У мяне ёсць адрас гатэля, дзе ён спыніўся пад прозвішчам Мельнік Мікалай Фёдаравіч. Бусел не адзін, з ім сябра з Латвіі, таксама сышчык. Пагавары ты сам, растлумач сітуацыю, няхай хлопцы на тыдзень-другі з'едуць з Мінска. Цяпер пра Калесніка. Па атрыманай з розных крыніц інфармацыі, менавіта на ім замкнулася і арганізацыя забойства Бусла, і наркатычная дзейнасць. Супраць гэтага чалавека ў нас нічога няма, і разумна было б шчыльна ім заняцца, узяць у аператыўную распрацоўку. А на гэта патрэбен час. Куды бяжыць какаінавы ручаёк? Дакладна. вядома, што ў Мінску рэалізуецца невялікая частка, а дзе астатняе? I потым, незразумелая роля ва ўсёй гэтай гісторыі прафесара Сухога, пра якога ўзгадаў у запісах Шаўцоў. А менавіта прафесар кіруе эксперыментальнай лабараторыяй на фармацэўтычнай фабрыцы. Вядома, што Сухі мае нейкае ўскоснае дачыненне да вывазу з фабрыкі нябожчыкам Кузаўковым морфію. А што, калі паміж Калеснікам і Сухім існуе сувязь? He магу паверыць, што Кузаўкова забілі за трыста ампул морфію. Мо смерць павінна была схаваць нешта больш значнае? Тады што? Незразумелая і роля Купрэйчык. Яна з наркотыкамі хутчэй за ўсё не звязаная, на ёй вісянь кірмашныя махлярствы. Тады навошта ёй заказваць забойства Бусла? Дарэчы, пра тое, што забілі Шаўцова, яна не ведае і па сённяшні дзень. А гэта пацвярджае, што Купрэйчык таксама выконвала чыюсьці волю... Пытанні, адны пытанні, і, каб на іх адказаць, патрэбен час. А яшчэ сярод нас здраднік... Разлічваю на тваю дапамогу ў яго выкрыцці. Я сёння быў у судовым архіве, вывучаў першую Калеснікаву справу і выпадкова выйшаў на неверагодную сувязь: Калеснік — Кавалёў...
— Ты маеш на ўвазе Івана Барысавіча? — ажно прыўзняўся з табурэткі Качан.
— Так, менавіта яго, падпалкоўніка Кавалёва.
— Памылкі няма? Пра Макрыцкага паведамляў у пісьме невядомы...
— Невядомыя — гэта Бусел і Зондакс, і яны
памыліліся. Камусьці вельмі хацелася, каб мы думалі на Макрыцкага. Таму і Куліка, пляменніка Макрыцкага, падкупілі, каб перадаваў цыдулкі арыштаванаму Князю. Ведалі, што іх сваяцтва калі-небудзь спатрэбіцца. Цяпер трошкі гісторыі. Калесніка першы раз судзілі за забойства ў стане душэўнай нераўнавагі, і камсамольскую характарыстыку з месца вучобы падпісваў не хто іншы, як Кавалёў. Ён жа забраў з кабінета Бусла фотаздымак, які потым трапіў у рукі кілераў Філіна і Прышча. Кавалёў — твой галаўны боль, мы павінны кантраляваць кожны крок здрадніка, але барані Бог, каб ён нешта западозрыў.
Гэтай ноччу Астроўскаму спаць давялося ўсяго дзве гадзіны. Каля пяці раніцы разбудзіў тэлефонны званок, і ўзрушаны капітан Клён паведаміў, што бандыты ледзь не пад канвоем упіхнулі ў машыну Крывіцкага і ўжо каля гадзіны калясяць па горадзе. Справа прымала нечаканы накірунак. Адразу падумалася пра найгоршае, але Астроўскі хутка супакоіўся, бо калі б людзі Калесніка хацелі ўчыніць над лейтэнантам расправу, зрабілі б гэта зусім паіншаму. He было логікі ў іх дзеяннях.
"Значыць, інтуіцыя не падвяла, бандыты плануюць нейкае злачынства, — думаў Астроўскі. — Але што?.. Нават не ноччу, а пад раніцу, калі горад, лічы, прачнуўся!.. Зразумела, што Крывіцкага чакае яшчэ адна праверка, праверка справай... Рабаванне?.. Узброены налёт?.. Звядзенне рахункаў?.. Ці?.."
Гэтае "ці" затахкала, запульсавала ў скронях, па літары выціскаючы слова "забойства". Чаканне рабілася невыносным.
А палове шостай нарэшце патэлефанаваў Клён. Злачынцы, добра-такі папятляўшы па горадзе, нарэшце спыніліся.
— На маёй вуліцы? — перапытаў, не паверыўшы сваім вушам, Астроўскі.
— Анатоль Пятровіч, яны насупраць вашага пад'езда, а мая машына на другім баку вуліцы, у падваротні суседняга дома, бачу вашыя вокны, — у голасе Клёна чуліся трывожныя ноткі. — Што гэта азначае, таварыш маёр?
Астроўскі ўсё зразумеў. Нечаканая радасць адра-
зу выціснула благое, тое, што раздражняла і хвалявала, сышчык зноў адчуў сябе ўпэўненым і гатовым да рашучых дзеянняў.
— Анатоль Пятровіч, — глуха прагучаў голас капітана Клёна, — не трэба рызыкаваць, я выклічу дапамогу, і накрыем...
— Толькі не гэта, — перапыніў капітана Астроўскі. Ён каторы раз ацаніў халодны разлік Калесніка, які адным ударам хацеў вырашыць як мінімум два пытанні: намёртва прывязаць да сябе Крывіцкага і пазбавіцца ад Астроўскага, кіраўніка аператыўнай групы па расследаванні забойства Бусла.