Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
У нейкі момант Патапенка зразумеў, што больш і секунды не вытрымае гэтага манатоннага голасу. Качан раздражняў, хацелася піць, вільготная ад поту кашуля ліпла да цела. Генерала нудзіла. Патапенка не вытрымаў, перапыніў палкоўніка і крутнуўся ў невялікі
пакойчык для адпачынку, які месціўся адразу за генеральскім сталом. Шчыльна зачыніўшы дзверы, дастаў з халадзільніка бутэльку каньяку і дрыжачымі зубамі выцягнуў пластмасавы корак. Напоўніў да паловы вялікі фужэр, трошкі падумаў і пліснуў яшчэ, паспешліва праглынуў каньяк. Адразу ўзгадаўся ўчарашні дзень і асабліва вечар, праведзены ў лазні.
"А падпалкоўнік Кавалёў — чалавек свой, — жуючы чырвоны мяккі памідор, падумаў генерал, — і з венікам упраўляецца, і масаж насабачыўся рабіць. Трэба падсабіць чалавеку, хоць і не той момант, але прадстаўленне на палкоўніка ўсё ж закіну міністру. А гэтага хвалёну сышчыка Качана трэба хутчэй збагрыць, адны непрыемнасці ад ягоных людзей... I нагода спрыяльная... А каго замест Качана? Макрыцкага?.. Гэты падыдзе, думкі падпалкоўніка заўсёды будуць супадаць з маімі..." Патапенка кінуў у рот лусту лімона, зморшчыўся, рука міжвольна пацягнулася да бутэлькі, але генерал стрымаўся, піць больш не стаў. Ён прыпаліў прытухлую цыгарэту і на нягнуткіх нагах вярнуўся ў кабінет, цяжка агледзеў прысутных. Усе, акрамя Качана, хавалі вочы.
"Гэты мяне не баіцца, — зласліва падумаў пра намесніка Патапенка. — Ну, нічога, зараз я табе прамыю мазгі..."
— А чаму Астроўскі знаходзіцца ў Мінску? — узбычыў галаву генерал і нядобра зірнуў на Качана. — Наколькі мне вядома, ён значыцца ў камандзіроўцы! — Патапенка ведаў, што палкоўнік прадоўжыў камандзіроўку, але непераадольнае жаданне "высцебаць" Качана перад усімі шукала нават нязначныя зачэпкі. — Я хачу сказаць, — Патапенка раптам сарваўся на крык, — вы, палкоўнік, распусцілі падначаленых. Чаму Астроўскі не ў Брэсце, дзе павінен быць? Чаму ён у Мінску? Гэта не што іншае, як прагул! За гэта звальняюць з працы...
— Віны Астроўскага няма, — чым больш распаляўся Патапенка, тым спакайнейшым станавіўся Качан. — Я выклікаў маёра на сёння ва ўпраўленне.
— Дзеля чаго? Хто дазволіў разбазарваць дзяржаўныя грошы? Боўтаецца туды-сюды, а гэта шэсцьсот кіламетраў.
— He боўтаецца, — узвысіў голас Качан. — Узнікла аператыўная патрэба...
— Астроўскага бачылі ў Мінску і ўчора, і заўчора, — прашаптаў хтосьці з прысутных, але так, каб пачулі ўсе.
У памяшканні стала ціха.
— Хто гэта сказаў? — пагрозліва ўпёршыся рукамі ў край стала, пачаў уздымацца з крэсла Патапенка. У нейкі момант яго па-здрадніцку захістала, і генерал цяжка апусціўся на месца. — Хто?!
— Я бачыў Астроўскага, — узняўся Кавалёў.
— А вы не памыліліся? — з заклапочаным выглядам перапытаў Качан. — Дзе і пры якіх абставінах вы сустракаліся?
— He тых людзей дапытваеце, — пляснуў далонню па стале Патапенка, які ўспрыняў пытанні Качана як асабістую абразу. — Я веру Кавалёву... Сядайце ўсе.
Генерал пажадліва азірнуўся на дзверы ў пакойчык для адпачынку, некалькі хвілін вагаўся: ісці — не ісці...
"Давядзі пасяджэнне да канца!" — перасільваючы жаданне выпіць каньяку, загадаў сабе генерал, аблізнуў тоўстыя сасмяглыя вусны і ўтаропіўся ў Макрыцкага.
— Падпалкоўнік Макрыцкі!.. — рэзка прагаварыў Патапенка. Узвінчаны голас быццам звінеў у крышталёвых ледзяшах люстры. — 3 сённяшняга дня вы займаецеся справай капітана Бусла... — Ён п'яна цмокнуў губамі, гідліва скрывіўся: — ...I замахам на жыццё маёра Астроўскага...
Качан меўся запярэчыць, давесці асабістыя меркаванні і прапанаваць сваю кандыдатуру, але не паспеў. Макрыцкі падскокнуў як уджалены. Пануры і нейкі ўчарнелы з твару, ён быў не падобны да сябе.
— Прабачце, я не магу, магчыма, давядзецца звольніцца са службы па сямейных абставінах, — скорагаворкай прагаварыў падпалкоўнік і сеў на месца.
Такога ніхто не чакаў. Качан здзіўлена паглядзеў на прыціхлага, зблажэлага намесніка, іх вочы сустрэліся.
— Нам трэба пагаварыць, — таропка выдыхнуў Макрыцкі. — Нечаканая, невырашальная праблема...
Качан згодна кіўнуў і раптам заўважыў, як пільна сочыць за іхняй размовай Кавалёў. Патапенка такса-
маўпіўся вачыма-свярдзёлкамі ў Макрыцкага. Цішыня зацягвалася, трэба было прымаць рашэнне.
— Палкоўнік Качан, загадваю ўзначаліць абедзве справы, — устаючы, прагаварыў Патапенка, — а ад вас, Макрыцкі, чакаю тлумачэнняў.
Макрыцкі падхапіўся на ногі, твар палыхаў чырванню.
— ...Пісьмовых тлумачэнняў, і заўтра, — махнуў рукой генерал і, не зважаючы на прысутных, пасунуўся ў пакойчык для адпачынку, кінуўшы на хаду: — Усе свабодныя, пасяджэнне скончылася...
Макрыцкі чакаў Качана. Ён нейкі час безуважна назіраў за тым, як палкоўнік складаў паперы, і толькі калі той накіраваўся да выхаду, заспяшаўся, кінуўся ўслед. Тое, што Макрыцкі выкінуўтакі нечаканы фортэль, для Качана было незразумелым, усё ж намеснік доўга дабіваўся замяніць Астроўскага, але пра прычыны незразумелых паводзін думаць не хацелася. Цяпер больш турбаваў Кавалёў, які куляй вылецеў з кабінета, як толькі Патапенка перапыніў пасяджэнне.
"Пабег дакладваць Калесніку, — зласліва ўсміхнуўся Качан. —Ну, ну, паспяшай, цябе даўно чакае Кузьміч".
Калі прыйшлі ў кабінет Качана, гаспадар прапанаваў Макрыцкаму крэсла, але той, як не чуў, з месца не скрануўся, быццам урос у падлогу пасярэдзіне кабінета. Хоць Качан і быў перакананы, што Макрыцкі чарговы раз нешта хітруе, але менавіта гэта цяпер было на руку. Як ні круці, а справай Бусла і Астроўскага будзе займацца ён.
— У мяне прабле?лы з пляменнікам, — дрыжачым ад хвалявання голасам прагаварыў Макрыцкі. Ён ужо адкрыў рот, каб патлумачыць сітуацыю, але Качан нечакана ўстаў, ад абыякавасці да суразмоўцы не засталося і следу.
— Міхаіл Васільевіч, — узгадаўшы "жучкоў", перапыніў Макрыцкага Качан, — мне трэба зрабіць тэлефонны званок у міністэрства, а праз дзесяць мінут я зайду да вас.
Калі за панурым Макрыцкім зачыніліся дзверы, Качан і сапраўды патэлефанаваў у міністэрства па нязначным пытанні, потым у дзяжурнага спытаў пра
Чабора. Пачуўшы адказ, застаўся задаволены, усё ішло па плане: Кузьміч і Мірончык павезлі ў майстэрню радыёстанцыі з аддзела крымінальнага вышуку...
"Стары ліс, — усміхнуўся Качан, — прычына праўдзівая, і прысутнасць з ім сышчыка не патрабуе тлумачэнняў".
Макрыцкі быў не адзін. Да вялікага масіўнага стала быў прытулены стол-агрызак, за.якім сядзеў чарнявы худы хлопец гадоў дваццаці пяці і нешта пісаў. Убачыўшы Качана, Макрыцкі і хлопец адначасова ўсталі.
"А яны падобныя", — падумаў пра іх Качан і ўслых сказаў:
— Слухаю вас, Міхаіл Васільевіч.
— Гэта мой пляменнік, — Макрыцкі спадылба зірнуў на Куліка, — працуе ў ізалятары часовага ўтрымання, недаробак...
— Дзядзя! — узмаліўся сяржант і ўцягнуў галаву ў плечы. — Я...
— Што "дзядзя"?! — узвіўся, не стаў слухаць пляменніка падпалкоўнік. — Лёгкага жыцця захацеў? — Макрыцкі неяк бокам падскочыў да Куліка і наводмаш заляпіў ляшча. Хлопец шморгнуў носам, плюхнуўся ў крэсла і, абхапіўшы галаву рукамі, не зважаючы на Качана, заплакаў.
— Шчанюк! — распаляўся Макрыцкі. — Я месца выбіў у акадэміі міліцыі, дамовіўся... Дзеля чаго?! Каб ты начапіў афіцэрскія пагоны і браў хабар?..
— He браў я нічога! — надрыўна ўскрыкнуў Кулік.
— А піць каньяк за чужы кошт? А хто заплаціў за рамонт машыны? Што гэта па-твойму, малакасос?!
— Савін — мой школьны сябра, вучыліся разам.
Качан не ўмешваўся, чакаў, калі скончацца сямейныя разборкі і Макрыцкі "выпусціць пару".
— Таварыш палкоўнік, — Макрыцкі стаяў збялелы, вусны дрыжалі, — мой пляменнік Кулік Сяргей Уладзіміравіч, працуючы ў ізалятары часовага ўтрымання, перадаваў арыштаваным запіскі з волі... — Палкоўнік на хвіліну змоўк, пракаўтнуў даўкі камяк: — 1 не каму-небудзь, а вядомаму вам ІСнязю, Паўлу Скакуну, які палазраецца ў забойстве. Цяпер разумееце, у чым справа?
— Цяпер разумею, — стрымліваючы ўсмешку, прагаварыў Качан.
— Няхай раскажа, што прымусіла ўва ўсім прызнацца. Гавары! — Макрыцкі крутнуўся да акна, ухапіў графін з вадой, які месціўся на падаконні, але перш чым выпіць, буркнуў: — Пра ўсё гавары, няхай начальнік крымінальнага вышуку горада паслухае...
Кулік зноў падхапіўся на ногі і, не ведаючы, куды дзець рукі, якія быццам перашкаджалі засяродзіцца, узяў са стала спартыўную вязаную шапачку, стаў камячыць.
— Савін прасіў, я перадаваў, — шморгнуў носам Кулік. — А ўчора прынёс вось гэта.
Толькі цяпер Качан заўважыў на стале ліст зялёнай паперы з белым парашком.
— Гэты парашок Савін прасіў усыпаць у міску з баландой Князя.
Кулік змоўк, схаваў шапачку ў кішэню курткі, зноў выцягнуў.
— I што ж, не ўсыпаў? — Качан вырашыў дапамагчы сяржанту.
— Адна справа — перадаць цыдулку, іншая — падсыпаць атруту...
— Адкуль ведаеш, што атрута? — насцярожыўся Качан.
— He дурны, здагадаўся, — панура прабурчаў Кулік і, шморгнуўшы носам, пакрыўджана дадаў: — Савін усучыў дзвесце даляраў, а яшчэ трыста паабяцаў апасля...
— Грошы ўзяў? — дапытваўся Качан.
— Угу, — кіўнуў Кулік, запунсавеўся і яшчэ болей уцягнуў галаву ў плечы. — Паспрабаваў бы не ўзяць, Савін прыгразіў расправай, сказаў: калі не зраблю, то паведаміць пра перадачы ў пракуратуру, а гэта турма, і на зоне з мяне зробяць педэраста...
— Ты сам з сябе зробіш каго заўгодна! — зноў узарваўся Макрыцкі. Ен хацеў яшчэ нешта сказаць, але Качан жэстам перапыніў. Макрыцкі чакаў, што палкоўнік пачне абурацца, пагражаць службовымі непрыемнасцямі, але Качан успрыняў учынак Куліка як належнае, даўно вядомае і звычайнае здарэнне. Гэта здзівіла Макрыцкага. — Што будзем рабіць? — устрывожана выціснуў ён і ўтаропіўся ў палкоўніка.
Качан адказаў не адразу. Ён падышоў да акна і безуважна намаляваў на запацелым шкле пытальнік.
— Сяржант, пачакайце ў калідоры, — стоячы
спінай да Макрыцкага і ягонага пляменніка, нарэшце прагаварыў палкоўнік і, калі за Куліком зачыніліся дзверы, рэзка крутнуўся: — Я ведаў, што сяржант перадаваў цыдулкі Князю, гэта з ягонай дапамогай праваліўся Верабей.
— Ведалі?! — вочы Макрыцкага акругліліся. — Значыць, ён быў у аператыўнай распрацоўцы? А я?.. — Макрыцкі сеў на сваё месца, рукі па-здрадніцку ўздрыгвалі, у грудзях, там, дзе сэрца, стала горача.