• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

    Вяртанне з апраметнай

    Віктар Праўдзін

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 397с.
    Мінск 2011
    105.34 МБ
    — Добры вечар, цудоўна выглядаеш! — прыхільна ўсміхнуўся Калеснік і прапанаваў Ядзі руку. Ён быў сама ветлівасць.
    — Бачыліся ўжо, — незадаволена бліснула вачыма жанчына, але ад прапанаванай рукі не адмовілася: гульня пачалася і яна абавязана прытрымлівацца этыкету.
    Яны прайшлі ў вялікі прыцемнены вестыбюль, накіраваліся да гардэроба, чулася лёгкая музыка, за
    стойкай бара мітусіўся бармен з доўгімі, як прылізанымі, чорнымі валасамі. Ён, гатуючы кактэйль, артыстычна, з лёгкасцю віртуоза і знаўца сваёй справы, упраўляўся адначасова з некалькімі бутэлькамі, але, убачыўшы Ядзю з Калеснікам, быццам між іншым, падміргнуў, паслаў паветраны пацалунак і шчыра ўсміхнуўся. Настрой у Ядзі адразу палепшыўся, стала спакойна і хораша. Яна какетліва памахала бармену ў адказ.
    — Наш чалавек ужо тут, — дапамагаючы Ядзі зняць паліто, прашаптаў Калеснік. — Ты памятаеш дамову?
    — Памятаю, цэлы дзень толькі пра гэта і думала.
    — Вось і добра, — павесялеў Калеснік, — значыць, да сустрэчы падрыхтавалася. — Ён крыху памаўчаў і строга, па-вайсковаму загадаў: — Ён павінен да цябе заляцацца.
    — Лічы, што я — ужо, а наконт яго гарантыі не даю... 3 гарантыяй мог знайсці і маладзейшую.
    — Ну-ну! — зласліва прасіпеў Калеснік. — Выкінь пыху і гонар, памятай: твая прыгажосць, пяшчота і сексуальнасць аплачаны.
    — Мяне толькі гэта і суцяшае, — па-блазенску ўсміхнулася Ядзя і дэманстратыўна ўзяла Калесніка пад руку.
    Яны выглядалі шыкоўнай парай. Ядзя з задавальненнем лавіла на сабе зайздросныя жаночыя позіркі і мужчынскія, адкрыта-нахабныя, быццам рэнтгенаўскія промні. Яна з непрыхаванай пагардай глядзела на іх, усім выглядам паказваючы, што любы можа заняць месца сённяшняга кавалера, ён не жалезабетонная сцяна, але гэта зробіць толькі той, у каго хопіць грошай... Ядзі заўсёды падабалася быць у цэнтры ўвагі, уражваць, адчуваць, што ёй захапляюцца, бачыць гэтыя пажадлівыя, прагныя позіркі. У такія хвіліны яна рабілася летуценнай, хацелася кахаць і быць каханай. I цяпер, ідучы па доўгім прыцемненым фае, яна раптам адчула ў сабе столькі незапатрабаванай энергіі і неўтаймаванай прагі да кахання, што ў нейкі момант спалохалася самую сябе.
    — У цябе поспех, — кпліва ўсміхнуўся Калеснік. — Спадзяюся, я не памыліўся, цябе ацэняць...
    — Хто ён? — нібы між іншым, нібы зусім спакойна запытала Ядзя. Яе шчокі паружавелі, у шы-
    рока расплюшчаных вільготных вачах з'явіліся млявая лагоднасць і сум.
    — Пацярпі трошкі, — шэптам адказаў Калеснік і павітаўся з незнаёмым ёй.
    Яны ўвайшлі ў асобную кабіну, Калеснік старанна захінуў за сабой цяжкія чырвоныя занавескі і ўрачыста падвёў Ядзю да стала.
    — Іван Фёдаравіч, пазнаёмцеся — Ядвіга Станіславаўна, мая даўняя і добрая знаёмая яшчэ са студэнцкіх гадоў.
    3-за стала, застаўленага бутэлькамі і рознымі стравамі, устаў высокі, крыху паўнаваты мужчына. На выгляд — не болей сарака гадоў. На з густам пашытым шэрага колеру гарнітуры красаваўся дэпутацкі значок. Ён выйшаў з-за стала і, ветліва ўсміхаючыся, пацалаваў Ядзіну руку.
    — Іван Фёдаравіч, — прыемным барытонам прагаварыў новы знаёмы і, зірнуўшы на Калесніка, які засяроджана назіраў за імі, спрабуючы прадугадаць першую рэакцыю ад прысутнасці Ядзі, напаўжартаўліва дадаў: — А вы, Сяргей Мікалаевіч, лавелас, хавалі ад мяне такую прыгажуню.
    Гэты пяшчотны голас, цёплыя далоні, дотык гарачых вуснаў нечакана ўсхвалявалі Ядзю. Яна, спрактыкаваная і прадбачлівая ў паводзінах з мужчынамі, раптам адчула, што ёй непрыемна хітрыць і хлусіць гэтаму чалавеку. Ад новага знаёмага веяла спакоем, надзейнасцю, цеплынёй, і гэта нейкімі нябачнымі шляхамі перадалося ёй, устрывожыла пачуцці, мацней затахкала ў грудзях сэрца. Ядзя ўмела валодаць сабой і за маскай абыякавасці ці халоднага спакою хаваць сапраўдныя пачуцці. Яна чамусьці з жалем падумала, што гэты Іван Фёдаравіч сустрэўся занадта позна. Калісьці быў Калеснік, было каханне, і, каб не турма, хто ведае... Ядзя скоса зірнула на былога каханка, перавяла позірк на новага знаёмага і ў думках адзначыла, што гэтыя два чалавекі нечым падобныя. Аднолькавага росту, сіваватыя, валасы коратка падстрыжаныя.
    — Ядвіга Станіславаўна, — спакойна, з цвёрдасцю ў голасе адрэкамендавалася Ядзя.
    — Вы заўсёды такая сур'ёзная? — прапаноўваючы сесці ў крэсла, спытаў Іван Фёдаравіч.
    — 3 вамі, мужчынамі, трэба быць такой, — адка-
    зала Ядзя і, прыгадаўшы сваю ролю ў гэтай кампаніі, вымушана, аднымі вуснамі ўсміхнуўшыся, напеўна дадала: — Вунь, хоць бы ўзяць за прыклад Сяргея Мікалаевіча.
    — Ого, вельмі цікава! — падахвоціў Ядзю новы знаёмы.
    — Калісьці ён быў баламутным Сержам, і, пакуль я трымала сур'ёзнасць, мы нават крышку кахаліся, нават падумвалі аб жаніхоўстве. Але, як толькі я стала несур'ёзнай і паддалася на ягоныя спакуслівыя чары, Серж, наадварот, пасур'ёзнеў і доўга даводзіў, што жаніцьба — справа важная, а каханне такое моцнае, што ад жаласці да мяне не можа павесіць на шыю хамут, гэта значыць сябе.
    — Так і сказаў? — засмяяўся Іван Фёдаравіч.
    — А вы спытайцеся. 3 тых часоў Сяргей Мікалаевіч стаў яшчэ больш сур'ёзны, пэўна, занадта пацяжэў за апошнія гады той хамут, можа, ад кахання....
    — Ядзя, адно слова, і я зараз жа гатовы выправіць памылку маладосці, — тэатральна прыклаў руку да сэрца Калеснік. — Іван Фёдаравіч, запрашаю быць шаферам.
    — He хачу, — адмахнулася Ядзя, — хто здрадзіў раз, той здрадзіць і другі. Я цяпер з большым задавальненнем выпіла б каньяку.
    — Дазвольце, — спахапіўся новы знаёмы і паслужліва напоўніў Ядзіну чарку.
    "Добра было б пазаляцацца да гэтай вабнай прыгажуні, — падумаў Іван Фёдаравіч Караленя, — але ж яна прыйшла з Калеснікам. Што, калі яны палюбоўнікі? Гэты Сяргей Мікалаевіч выглядае чалавекам сур'ёзным, з сувязямі, відаць, і капейчына водзіцца. Што будзе, калі перайду дарогу?.. Але пачакаю, вельмі ж кабета зграбная, мо яны проста сябры..."
    — Што з вамі, Іван Фёдаравіч? — Ядзя дакранулася да пляча Каралені, у яе вачах скакалі гарэзлівыя чорцікі. — Запрасіце мяне на танец.
    Караленя схамянуўся і ніякавата паглядзеў на Калесніка.
    — 3 задавальненнем, калі Сяргей Мікалаевіч дазваляе.
    Калеснік адразу дапетрыў, у чым справа, і ў
    і 00
    першы момант нават разгубіўся, не ведаў, што адказаць. Гэты дагледжаны жаночы пястун зрабіў нечаканую выснову, што Ядзя належыць яму. Трэба тэрмінова выпраўляць становішча, інакш кату пад хвост усе намаганні і валтузня.
    — Калі б гэта дзейнічала на Ядвігу Станіславаўну, я б ніколі не дазволіў, — з сумам і непадробным жалем у голасе прагаварыў Калеснік.
    "Які артыст", — стрымліваючы смех, у думках зазначыла Ядзя.
    — Ядвіга Станіславаўна, — працягваў Калеснік, — жанчына самастойная і вольная.
    Калеснік хацеў яшчэ штосьці сказаць, але Караленя радасна ўсклікнуў:
    — Гэта ж цудоўна! — Ён борздка падхапіўся, нечакана крутнуўся да выхаду і, перш чым знікнуць за чырвонымі занавескамі, выпаліў: — Ядвіга Станіславаўна, наступны танец за мной.
    — Ты прадставіў мяне сваёй палюбоўніцай? — прысмальваючы цыгарэту, зласліва ўпікнула Калесніка Ядзя.
    Калеснік не адказаў. Ён паспешліва напоўніў каньяком крышталёвы фужэр, выпіў і, закусваючы скрыльком лімона, цяжка выдыхнуў:
    — Пра цябе гэтаму казлу нічога не гаварыў.
    — А я падумала...
    — Ты менш думай, — здзекліва ўзбычыў галаву Калеснік і сплюнуў лімонныя зярняткі на падлогу, — падлівай гарэліцы і спакушай, каб забыўся пра ўсё на свеце.
    Яна была задаволеная тым, што выбіла Калесніка з каляіны.
    — Маёй віны няма, сам балбочаш пустое, распусціў пер'е, быццам паўлін.
    Калеснік злосна скасавурыўся на Ядзю, вусны скрывіла гідлівая ўсмешка. Ён хацеў сказаць нешта абразлівае, але занавескі нечакана разляцеліся, і ў кабіну ўваліўся ўзнёсла-шчаслівы, расчырванелы Караленя:
    — Сяргей Мікалаевіч, я нашу прыгажуню выкрадаю.
    Адразу, як па загадзе, грымнула музыка, і нізкі, прастуджаны голас, расцягваючы словы, аб'явіў: 'TaTae танга ў гонар найпрыгажэйшай Ядвігі
    Станіславаўны..."	.
    — Мой сюрпрыз, — па-вайсковаму прыстукнуў абцасамі Караленя і зачаравана ўпіўся вачыма ў Ядзю. — Танга для вас.
    Ядзя грацыёзна ўзнялася, падалася насустрач і з удзячнасцю ўсміхнулася:
    — Вы ўгадалі, танга — мой любімы танец.
    Ядзя і сапраўды любіла танга, толькі цяпер яна была больш удзячна Караленю за тое, што пазбавіў ад непрыемнай размовы з Калеснікам. У яе душы варухнуўся жаль да гэтага, на першы погляд, неблагога чалавека. Ведаючы Калесніка, яна разумела, які лёс чакае Караленю.
    Ядзя спаўна, як кажуць, на сваёй шкуры адчула Калеснікава апякунства, калі перайшла працаваць на кірмаш. Пакуль, як кажуць, абжывалася, усё было добра, але праз некалькі месяцаў зноў завітаў Калеснік, і Ядзя зноў стала ягонай заложніцай, цяпер ён выкарыстоўваў яе пасаду так, як калісьці яна Шаўцова. Выйсця не было, напачатку Ядзя адчайна шукала збаўлення ад Калеснікавай апекі, перажывала, у думках клялася нешта зрабіць, нават пайсці ў пракуратуру, але далей начных слёз у падушку справа не ішла. 1 зусім не Калеснік быў вінаваты, ён не прымушаў і не пагражаў... Ядзя ад кожнай здзелкі мела працэнт, таму і не хапала моцы сваімі рукамі засыпаць залаты ручаёк.
    Пасля першага танца быў другі танец, потым трэці... Ад выпітага каньяку кружылася галава, Ядзі было па-сапраўднаму хораша, хацелася, каб музыка не канчалася, хацелася танцаваць з гэтым прыгожым і ўслужлівым Іванам Фёдаравічам. У нейкі момант яна нават забылася на ўгавор з Калеснікам, але хаўруснік нагадаў пра сябе, як толькі яны засталіся ўдваіх.
    — Малайчына! — злёгку паціснуў Калеснік Ядзіну руку вышэй локця. — Караленя згубіў галаву, эх, і закручу цяпер справу!
    — He кажы гоп, пакуль не пераскочыў, — сур'ёзна адказала Ядзя. — Ён нічога мне не прапаноўваў.
    — Прапануе, — пацёрдалоні Калеснік. — Бачыш, ён для цябе ўжо Ваня.
    Ядзя не адказала. Узгадваючы Караленю, яна хлусіла, бо новы знаёмы з першага танца настойліва набіваўся праводзіць дадому.
    — Пра што ў вясёлай кампаніі гаворка? — пачуўся за Ядзінай спінай голас Каралені. Ён трымаў у руках букет чырвоных руж і бесклапотна ўсміхаўся. — Самай прыгожай жанчыне, — Караленя ўклаў кветкі ёй у рукі і дакрануўся гарачымі вуснамі да шчакі.
    Калеснік па-змоўніцку падміргнуў і ўпершыню за вечар шчыра засмяяўся: