Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Праз нейкі час над прылаўкам вытыркнулася лысая, падобная на дыню, галава, якая. палахліва лыпаючы вачыма, крутнулася ў адзін бок, у другі і, убачыўшы Крывіцкага, зноў знікла. Праз хвіліну Алесь убачыў спіну гандляра, які, сутулячыся, подбегам шыбаваў да выхаду, да таго месца, дзе ішла "лятучка" рэкеціраў.
"Пабег дакладваць", — задаволена ўсміхнуўся Крывіцкі. Такі варыянт яго поўнасцю залавальняў, не трэба паўтараць учарашняй бойкі. Ён пастаяў некалькі хвілін, дачакаўся, калі гандляр прычыкільгаў назад, і, засунуўшы рукі ў кішэні, паплёўся між прылаўкаў. У нейкі момант Алесь адразу адчуў, што за ім назіраюць, а потым непадалёк ад сябе прыкмеціў бялёсага хлопца, якога раней бачыў сярод хаўруснікаў Штангіста. Крывіцкі разумеў, што на кірмашы з ім разборкі чыніць не будуць і паспяшаўся дапамагчы рэкецірам. Пацёршыся з паўгадзіны ў кірмашным мурашніку, ён накіраваўся да выхаду, да прыпынку таксі. Вуліца была шматлюднай, і Алесь незадаволена адзначыў, што рэкецірам не на руку звязвацца з ім навідавоку. Кінуўся ў вочы заезд у арку старога трохпавярховага жылога дома, і павесялелы Крывіцкі скіраваў туды.
"Тое, што трэба для такіх сустрэч, — падумаў ён, пазіраючы на непрыкметную, глухую падваротню, — лепшага месца не знайсці, толькі ў іх могуць быць іншыя планы, можа, захочуць паназіраць?"
Крывіцкі быў падрыхтаваны да сустрэчы, але трэба аддаць належнае і рэкецірам, яны аб'явіліся нечакана і зусім не каля падваротні, дзе спадзяваўся сустрэцца з імі Крывіцкі. Ён быў крыху расчараваны, што рэкеціры марудзяць, і, калі падыходзіў да прыпынку таксі, гэтая расчараванасць перарасла ва ўпэўненасць: ніякай бойкі сёння не будзе, за ім будуць сачыць. Але не паспеў Крывіцкі так падумаць, як каля яго ўсытыч, візгатнуўшы тармазамі, быццам укапаная спынілася машына. 3 прачыненых дзверцаў пагрозліва тырчала чорная руля аўтамата, які, зласліва скалячыся, трымаў у руках Штангіст.
— Сядай у машыну, — загадаў нябачны Крывіцкаму чалавек, што сядзеў на заднім сядзенні.
Алесь зрабіў крок назад і адразу натыкнуўся спінай на нешта вострае.
— Сядай, лягавы, гульня скончылася, — прасіпеў у патыліцу хрыплы голас.
Крывіцкага балюча ўдарылі паміж лапатак. Ён хацеў азірнуцца, але ў наступны момант нешта цяжкае звалілася на галаву, у вачах замільгацелі бліскавіцы, зямля і неба закруціліся ў шалёным танцы, і Алесь праваліўся ў чорную яму бяспамяцтва.
Маёр Астроўскі пры сустрэчы з Князем паводзіў сябе спакойна і падкрэслена тактоўна. Ён рабіў выгляд, што ранішняя бойка Скакуна ў камеры яго зусім не кранае і не цікавіць. Мінуў тыдзень пасля апошняга допыту, крыху схуднелы Князь быў, як заўсёды, нахабны і цынічна грэблівы. Сваімі паводзінамі і выглядам ён стараўся паказаць, што маёр дарма траціць час, нічога новага ён не раскажа, ні на якія міліцэйскія "штучкі-дручкі" не паддасца. Астроўскі сядзеў насупраць Князя за невялікім сталом, які быў прыкручаны да падлогі, моўчкі курыў цыгарэту і глядзеў на Скакуна так, быццам бачыў упершыню. Князь вачэй не адводзіў, годна высіўся, закінуўшы нагу за нагу, на таксама прыкручанай табурэтцы і чакаў. На ягоным твары блукала таямнічая ўсмешка пераможцы. I ўсё ж Астроўскі бачыў, што ўпэўненасць злачынца штучная, бравіраванне напускное, хваляванне выдавалі шэрыя выпуклыя вочы, якія глядзелі насцярожана і неспакойна. Гульня ў маўчанку маёрам зацягвалася наўмысна. Астроўскі правакаваў Князя загаварыць першым, падштурхоўваў злачынца самога ўзгадаць ранішнія падзеі. Зрэшты, Скакун не вытрымаў і звысака, павучальна загаварыў:
— Следчы, які вядзе справу, спярша мяне цыгаркай частуе, а потым сам смаліць... Псіхолаг, з такім і пра жыццё пабалакаць можна.
Астроўскі, не мяняючы паставы, паспешліва выпусціў танюсенькім струменьчыкам шызы дым:
— Я не багацей, каб такіх, як ты, цыгаркамі частаваць. Прыйдзе час, будзеш прасіцца да мяне са сваёй праўдай, толькі глядзі не праміргай, не запазніся, бо не прыйду цябе слухаць.
— А што ж сёння ад мяне хочаце? Я ні слова, ні паўслова да раней сказанага не дабаўлю. А можа, маёр зацікавіўся ранішняй бойкай?
Астроўскі затушыў недакурак, марудна развязаў белыя матузкі і разгарнуў папку са справай Скакуна.
— Бойкі ў ізалятары часовага ўтрымання — не мая турбота, — абыякава кінуў маёр, — сваіх бед пад завязку. Праўда, краем вуха чуў, што за сябрасукамерніка табе інкрымінуюць замах на забойства. Пэўна, доўга будзеш у гаспадара...
— Тамбоўскі воўк таму вахлаку сябра, — непры-
язна працадзіў Скакун і, спахапіўшыся, заюлозіў на табурэтцы. — Нічога яны мне не прышыюць, і дня лішняга за паскуду не адсяджу.
— Цябе і не спытаюць, — падахвочваў Князя Астроўскі.
— Я не адны штаны працёр на гэткіх вось прыкручаных да падлогі табурэтках, — засмяяўся Скакун, — не пальцам роблены, разумею, што да чаго. I потым, астатнія, хто быў у камеры, будуць маўчаць, як мышы, так што сведак няма.
— А міліцыя? Яны таксама сведкі, ледзь адцягнулі цябе ад бедалагі.
— Нічога не атрымаецца, — нервова ўскочыў на ногі Скакун.
— Ты сялзь, a то паклічу канвой і начаплю бранзалеты, — узвысіў голас Астроўскі.
Князь плюхнуўся на табурэтку і таролка, быццам яму не дазволяць выгаварыцца, працягваў:
— Буду стаяць на сваім: гэты Пачопка — блакітны... Ён сам справакаваў бойку, а забіваць паскуду ў мяне і ў думках не было. Ён хацеў, каб я яго трахнуў, а я з мужыкамі гэтым не займаюся, вось і давялося гада паставіць на месца.
— А калі правядуць экспертызу і дакажуць, што ён не блакітны?
— Мне да экспертызы няма аніякай справы, няхай пішуць, што хочуць. Калі да сённяшняй раніцы ён не быў блакітны, гэта ні аб чым не гаворыць. He быў, не быў — і раптам захацеў стаць... Імі ж не нараджаюцца, — зласліва, з прадчуваннем сваёй праваты засмяяўся Скакун.
— Пачопка — твая дакука, — зазначыў Астроўскі, — цяпер пяройдзем да маёй. Дык вось, яшчэ раз хачу пачуль: дзе быў, што рабіў ноччу з пятнаццатага на шаснаццатага кастрычніка?
Астроўскага цяпер больш за ўсё цікавіла бойка паміж Князем і Вераб'ём, але залішняя цікаўнасць магла толькі нашкодзіць, і ў першую чаргу — агенту. Трэба пасеяць сумненні ў душы Князя, прадставіць усё так, каб ён усумніўся ў тым, што Верабей — агент. Што Князь прачытаў у запісцы? Хто яе пераслаў? Гэтыя пытанні не давалі спакою. Відавочна, пасланне тычылася Вераб'я і ледзь не каштавала яму жыцця. Маёр разумеў, што не пра-
сунецца ні на крок у забойстве капітана Бусла і шафёра фармацэўтычнай фабрыкі Кузаўкова, пакуль не знойдзе адказы на гэтыя пытанні.
"Князь думае, што пра запіску мне невядома. Гэта добра, хай думае. Вось скончым праверку сяржанта-даглядчыка, які нёс службу раніцай і, напэўна, перадаў пасланне з волі, тады можна будзе прама спытацца і ў Князя. А цяпер няхай лічыць, што ўсіх перахітрыў".
— Маёр, колькі можна пра адно і тое? — блазнавата ўзмаліўся Скакун. — Сто разоў пра гэта гаварыў!
— Расказвай сто першы, — строга загадаў Астроўскі.
— Той ноччу праз п'янку ў мяне стаўся правал у мазгах, — занерваваўся Скакун і злёгку стукнуў далонню па галаве: — Тут памятаю, тут не памятаю... Што возьмеш з п'янага чалавека?
— А ты артыкул адзінаццаты крымінальнага кодэкса ведаеш?
— Восем гадоў у гаспадара, давялося вывучыць.
— I што там напісана? — настойліва дапытваўся Астроўскі.
— He трэба рабіць з мяне ідыёта! — прабурчаў Скакун.
— Ты сам сябе зыстаўляеш такім, — спакойна і разважліва зазначыў маёр. — Вось, напрыклад, у першым пратаколе допыту назваў адны імёны сабутэльнікаў, а ў трэцім — іншыя. Чаму?
Скакун не адказаў, ён насцярожана паглядзеў Астроўскаму ў вочы, сілячыся зразумець, да чаго хіліць маёр, але натыкнуўся на строгі позірк і, абыякава перасмыкнуўшы плячыма, зноў прабурчаў:
— Кажу, п'яны быў...
— У адпаведнасці з крымінальным кодэксам, злачынства, здзейсненае ў п'яным стане, абцяжарвае віну... — павучальна зазначыў Астроўскі. — Вось і выходзіць...
— Нічога з гэтага не выходзіць! — ускіпеў Скакун. — Пазнаёміліся на вакзале ля піўнухі, скінуліся на пляшку гарэлкі... не, на дзве. Канечне, на п'яную лавачку знаёміліся, а як каго звалі, не памятаю. Засела ў мазгах, што камусьці трэба было паспець на электрычку не то ў Пухавічы, не то ў Брэст. Па-
мятаю, праводзіў, яшчэ пілі, а потым — правал... Што было далей, ведаюць менты, якія мяне падабралі. I наогул калі я нешта ўтварыў п'яны, скажыце, мо і прыпомню. У чым, зрэшты, яшчэ мая віна?
"Ты ўсё гаворыш правільна, — разважаў Астроўскі, — і алібі маеш моцнае, у сведкі трапілі нават міліцыянеры, вось і пратакол падшыты ў справу. Толькі чаму капітан Бусел так настойліва даказваў, што ты забіў шафёра Кузаўкова? Чаму?"
— Добра, цяпер, што тычыцца знойдзенай у цябе зброі, — машынальна прагаварыў Астроўскі і, крыху счакаўшы, дадаў: — А поўнасцю абвінавачванне будзе прад'яўлена крыху пазней.
— Ну-ну, — хітравата бліснулі вочы Князя. — Толькі майце на ўвазе — чысты я...
Лейтэнант Васіль Мірончык ужо трэці дзень займаецца сяржантам Куліком — чалавекам, якога западозрылі ў здрадзе службовым абавязкам. Менавіта на ягоным дзяжурстве Павел Скакун атрымаў запіску і ледзь не забіў агента Вераб'я. Сяржант трэція суткі знаходзіцца пад наглядам, і сёння Мірончык выпадкова, вывучаючы асабовую справу сяржанта, даведаўся, што Кулік — пляменнік падпалкоўніка Макрыцкага. Нечаканая навіна выбіла лейтэнанта з каляіны, устрывожыла, узніклі пытанні, на якія ён не мог знайсці адказу. I першае, што горыччу шыбанула ў скроні: "А што, калі Макрыцкі папярэдзіў пляменніка?.."
Астроўскага на месцы не было, і Мірончык, шукаючы выйсця з гэтай слізкай сітуацыі, не прыдумаў нічога лепшага, як набраць нумар тэлефона палкоўніка Качана.
"Палкоўнік Качан будзе ў адзінаццаць гадзін", — адказаў стомлены голас, запісаны на аўтаадказчык, і ў слухаўцы рэзка запікала. Мірончык неяк унутрана расслабіўся, з палёгкай уздыхнуў, паклаў тэлефонную трубку на месца і зірнуў на гадзіннік: да адзінаццаці заставалася яшчэ паўгадзіны. Ён спадзяваўся, што за гэты час з'явіцца Астроўскі і ўзваліць на свае плечы нечаканы клопат. Так яно і атрымалася. Убачыўшы ўзбуджанага Мірончыка, Астроўскі з парога жартаўліва кінуў:
— У цябе выгляд тапельца, выкладвай, што здарылася?
Лейтэнант адчуў велізарную палёгку, быццам камень зваліўся з душы.