Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Старшы лейтэнант пераступіў з нагі на нагу, разгублена паглядзеў на Мірончыка, быццам пытаючыся, пры чым тут тлу.мачэнні нейкага зэка, і, часта міргаючы, завучана адказаў:
— У такіх выпадках дзяжурны нарад абавязаны хутка перапыніць бойку і ізаляваць вінаватых. Потым шмон... — Афіцэр спыніўся на паўслове, аблізнуў сасмяглыя вусны і завяршыў думку: — Потым агляд камеры і ўсіх, хто ў ёй знаходзіўся. Mae людзі так і зрабілі.
— Зразумела, — цяжка ўздыхнуў Астроўскі. Ён наперад ведаў, што гэты чалавек у караткаватым зялёным кіцелі, з даўгаватымі валасамі, якія нахабна тырчалі з-пад фуражкі, скажа толькі тое, што павінен сказаць, а дакладней, што напісана ў інструкцыі, не больш і не менш.
— 1 ўсё ж, — умяшаўся ў гаворку Мірончык, — цікава даведацца, як паводзілі сябе арыштаваныя напярэдадні і ноччу?
— Як заўсёды, спакойна, — павольна адказаў старшы лейтэнант, сілячыся зразумець, куды хіліць сышчык.
— Што, па-вашаму, магло змяніцца за ноч? — дапытваўся Мірончык. — Мо новых звечара падсялілі?
— He, — перасмыкнуў плячыма старшы лейтэнант, — ніякіх перамен не было, ноч прайшла ціха і спакойна. Раніцай, як звычайна, пабудка, потым арыштаваныя прыбралі камеру, паснедалі і чакалідопытаў.
У гэты момант у прачыненыя дзверы ўвайшоў чырванатвары доктар і моўчкі падаў Астроўскаму складзеную ў некалькі разоў паперку. Маёр хуценька разгарнуў ліст, на якім было надрапана: "Прашу выклікаць маёра Астроўскага".
— Можна з ім пагаварыць? — запытальна паглядзеў маёр на докгара.
— У нас супрацьпаказанняў не бывае, — быццам між іншым, зазначыў доктар і задаволена рагатнуў: — Толькі арыштаваны гаварыць не можа, ледзь гаварылку не вырвалі.
Верабей ляжаў у асобнай палаце, доўгай і вузкай, як размінуцца двум чалавекам. Пахла лекамі, нечыстотамі і цвіллю. Астроўскі, каб і хацеў, не змог бы пазнаць свайго лепшага агента ў чалавеку, які нерухома ляжаў пад жоўтай прасціной. Неймаверна ссінячаны, распухлы твар крывавіў і нічым не нагадваў таго вясёлага, разухабістага хлопца, з якім некалькі дзён таму сустракаўся маёр. Забінтаваная галава нерухома высілася на шэрай падушцы без навалачкі, на месцы вачэй — дзве вузкія шчыліны, і наўрад ці бачыў што Верабей праз іх. На высакаватай падстаўцы месцілася загіпсаваная рука, з куточкаў вуснаў на падбародак і шыю ружовымі ручайкамі сцякала сукравіца. У першую хвіліну Астроўскаму здалося, што гэтае нерухомае цела ўжо і не жывое. Наблізіўся, наўмысна кашлянуў, спадзеючыся, што будзе пачуты, і не памыліўся. Раптам зліплыя вейкі затрымцелі, правае вока крыху расплюшчылася, здаровая рука прыўзнялася.
Астроўскі здагадаўся, што Верабей падклікае, і паспешліва нахіліўся да ягонага твару. Неймаверна тоўстыя, у двух месцах рассечаныя вусны задрыжалі і з цяжкасцю прашапталі:
— Князь разам з баландой атрымаў запіску...
— Раніцай? — удакладніў Астроўскі.
Верабей не адказаў, толькі згодна міргнуў напалову расплюшчаным чырвоным вокам і безжыццёва заціх, страціў прытомнасць.
Алесь Крывіцкі пасля сустрэчы з Астроўскім добра ўжо ведаў, дзеля чаго знаходзіцца ў Мінску і што робіць на кірмашы. Ён павесялеў, ад былой нуды не засталося і следу, душу гюўніла ціхая радасць, што ён — адзін з нямногіх, уключаных у групу па раскрыцці забойства капітана Бусла. Алесь прыспешваў сябе, але гарачкі не пароў, галавы не губляў. Ён старанна падбіраў спрыяльны момант, каб, як дамовіліся з Астроўскім, звярнуць на сябе ўвагу хлопцаў у скуранках, што кожную раніцу, быццам на калгасную брыгадную лятучку, збіраюцца ў адным і тым жа месцы, ля латка "Навіны ў музыцы". План маёра і Крывіцкага быў просты, але ўсё ж рызыкоўны. Алесь павінен прыгледзець аднаго-двух рэкеціраў і, калі тыя пойдуць абіраць сваіх прадаўцоў, трошкі, хвілін на пяць, апярэдзіць. А далей дзейнічаць, як Бог дасць, адпаведна сітуацыі. Два дні Крывіцкі сачыў за хлопцам з постаццю штангіста, які быў на цэлую галаву вышэй за Алеся і намнога шырэйшы ў плячах. Шыі ў хлопца амаль не было, ён паварочваўся ўсім тулавам, як воўк, рукі-кувалды заўсёды трымаў у кішэнях, а калі выцягваў, то цёр адна аб адну, быццам яны нясцерпна свярбелі. Хадзіў Штангіст, як ахрысціў яго Алесь, няспешна, нават марудна, быццам кожны раз прыглядваўся да месца на зямлі, перш чым паставіць нагу. Крывіцкі наўмысна выбраў з усіх рэкеціраў самага моцнага, бо разлічваў на псіхалагічны эфект. Праўда, была яшчэ адна прычына: назіраючы, Алесь заўважыў, што Штангіст — выканаўца, рашэнняў не прымае, а ў плане Крывіцкага гэта мела значэнне, бо Штангіст у любым выпадку пабяжыць параіцца, і ў яго будзе час абдумаць наступны крок.
Сёння, у пятніцу, Крывіцкі вырашыў дзейнічаць. Ён, канечне, хваляваўся, калі, напусціўшы на сябе абыякавасць і празмерную пагарду, падышоў да худога азербайджанца, які гандляваў дынямі і вінаградам. Алесь узяў дыню, некалькі разоў падкінуў на руцэ, быццам узважваючы.
— Дарагой, бэрй, лучше нэ найдёшь, — завучана загаманіў гандляр, жорсткія, калючыя вусы закраталіся пад носам.
Крывіцкі пагардліва цвыркнуў слінай пад ногі гандляру і нечакана для азербайджанца шпурлянуў у яго дыню. Той спалохана адхіснуўся, дыня трапіла ў плячо, пляснулася на асфальт і разламалася напапалам.
— 3 сённяшняга дня "прафсаюзныя ўзносы" будзеш плаціць мне, — пагрозліва рыкнуў Крывіцкі.
— Какой прафсаюз? Я нэ члэн! — вылупіўшы вочы, закрычаў азербайджанец, відавочна, разлічваючы прыцягнуць да сябе ўвагу пакупнікоў.
Крывіцкі, які чакаў, што азербайджанец менавіта так і паступіць, кінуў позірк улева, адкуль з хвіліны на хвіліну павінен быў з'явіцца Штангіст, і, убачыўшы сярод людскога гурту шырачэзную постаць, маланкава хістануўся да гандляра, пальцамі, быццам абцугамі, ухапіў даўгаваты прыплюснуты нос:
— Табе што, вушы прачысціць ці...
Крывіцкі не дагаварыў, невядомая сіла падхапіла яго пад пахі, імгненна з-пад ног знікла зямля.
"Вось дык асілак!" — зайздросна падумаў Крывіцкі пра Штангіста, але нос азербайджанца не адпусціў, наадварот, каб пазбавіць праціўніка манеўра, ухапіў гандляра за каўнер скуранкі і пацягнуў за сабой.
Азербайджанец ужо не крычаў, а толькі лыпаў вачыма то на Штангіста, то на Алеся. Марудзіў і Штангіст, які, відавочна, не ведаў, што рабіць з чужынцам.
"Правільна было б пляснуць нахабніка аб зямельку, каб адразу дайшло, хто тут гаспадар, — разважаў Штангіст, — але ж гэты здыхляк пацягне за сабой чорнага, а за азербайджанца шэф па галоўцы не пагладзіць".
3 цяжкасцю перасільваючы спакусу надаваць кухталёў чужынцу, Штангіст прыняў саламонава рашэнне. Ен не стаў рызыкаваць, паставіў Крывіцкага на месца і прасіпеў у патыліцу:
— Ты што, змей, крыўдзіш чалавека?
Крывіцкі наўмысна не спяшаўся з адказам і адразу адчуў, як рукі-кувалды сціснулі грудзіну, ажно перахапіла дыхаўку, на вачах праступілі слёзы.
— Адпусці чорнага! — Штангіст трасянуў Крывіцкага, быццам мех з бульбай.
Алесь выканаў загад, адштурхнуў ад сябе азербайджанца. Той дзвюма рукамі ўхапіўся за пунсовы нос, нешта закрычаў на сваёй мове, зрабіў крок назад і, паслізнуўшыся, не ўтрымаўся, паваліўся на прылавак. У гразь пакаціліся дыні, перакулілася скрыня з вінаградам.
— Ты што, прыблуда, робіш? — Штангіст крутнуў Крывіцкага так, каб можна было разгледзець твар.
"Зараз будзе біць", — зразумеў Алесь і пайшоў у наступ. Ён імгненна нанёс удар знізу па руках Штангіста і, адчуўшы вольнасць, зрабіў спадманны выпад, быццам збіраючыся садануць вярзілу ў сківіцу. Праціўнік адхіснуўся, рукі міжвольна слізганулі да твару, Крывіцкі толькі гэтага і чакаў. Да аўтаматызму адтрэніраваным ударам ён моцна садануў Штангіста нагой у сонечнае спляценне і імгненна адскочыў убок, гатовы ў любы момант да больш рашучых дзеянняў. Але бойка на гэтым і скончылася. Штангіста быццам пераламала напапалам, ён, хапаючы слюнявым ротам паветра, як выкінутая з вады рыбіна, неймаверна вылупіўшы бляклыя вочы, ссунуўся на зямлю. Пад магутным і цяпер такім жаласным целам рыпелі, лопаліся дыні, расцякаўся вінаградны сок.
Першая палова распрацаванага плана ўдалася. Пасля ўсяго, што Крывіцкі зрабіў, яго не маглі не заўважыць. Ён ужо сабраўся задаць адсюль лататы, але перад ім нечакана ўзнік гандляр, які па-свойму ацаніў сітуацыю і, калоцячыся ад жаху, дрыжачай рукой выцягнуў з кішэні тоўсты пачак грошай.
— Бэрн, только не бэй, — ён скоса зірнуў на Штангіста, які ўсё яшчэ сутаргава курчыўся сярод дынь і вінаграду. — Мне разныцы нэт, каму платат...
Крывіцкаму нічога не заставалася, як узяць грошы і паспешліва растварыцца ў кірмашным мурашніку. Ён ведаў, што Штангіст праз некалькі хвілін ачомаецца і кінецца наўздагон, а другая сутычка з ім будзе лішняй і непатрэбнай.
На другі дзень Крывіцкі раней звычайнага аб'явіўся на кірмашы з цвёрдым намерам паўтарыць учарашнюю аперацыю. Штангіст, які заўсёды быў
пыхлівы і непрыступны, сёння выглядаў зніякавелым і панурым. Ён стаяў зводдаль ад хаўруснікаў і пільна ўглядаўся ў праходзячых міма людзей, відавочна, шукаючы ўчарашняга крыўдзіцеля. "Лятучка" рэкеціраў зацягвалася, яны не смяяліся і амаль не гаварылі, зрэдку хтосыді з іх падыходзіў да Штангіста, але на запытальны позірк вярзіла адмоўна матляў галавой. У гэтыя хвіліны ён з перасцярогай і бояззю паглядаў на астатніх.
"Штангісту дасталася не толькі ад мяне, — з задавальненнем падумаў Крывіцкі, — сваіх хаўруснікаў ён баіцца больш".
Крывіцкаму раптам нясцерпна захацелася трапіць на вочы гандляру-азербайджанцу, убачыць, як ён зрэагуе на сустрэчу. Гандляр быў на тым самым месцы, што і ўчора. Ён сядзеў за прылаўкам на драўлянай скрынцы і стомлена пазіраў на пакупнікоў. Сёння ён нікому не прапаноўваў і не нахвальваў свой тавар, вялікі сіняк красаваўся пад правым вокам, левае брыво было залеплена пластырам. Алесю стала шкада гэтага, можа, і неблагога чалавека, які прывёз сюды дыні за некалькі тысяч кіламетраў і вымушаны цярпець нягоды. Напэўна, рэкеціры ўчора, не знайшоўшы Крывіцкага, спагналі злосць на ім.
Алесь, робячы выгляд, што не звяртае ні на каго ўвагі, тоўкся ў натоўпе непадалёк ад прылаўка, але з-пад брыля капелюша, насунутага на самыя вочы, засяроджана касавурыўся на гандляра. Калі азербайджанец убачыў Крывіцкага, яго быццам токам падкінула на ногі. Ён спалохана, шукаючы паратунку, азірнуўся, замітусіўся, хацеў задаць лататы, але ў нейкі момант перадумаў і хуценька слізгануў у вольнае месца пад прылаўкам. Крывіцкі спыніўся непадалёк і зрабіў выгляд, што разглядае кашулі, вывешаныя на продаж тоўстай цёткай з пакамечанай цыгарэтай у зубах.