Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— На сёння ўсё, — устаў з-за стала Качан і, гледзячы на Астроўскага, дадаў: — Анатоль Пятровіч, заўтра ў гэты ж час...
Макрыцкі непрыхільна, з насцярожанасцю паглядзеў на Астроўскага. Яго непакоіла, ці звярнуў увагу гэты ўдумлівы, ураўнаважаны маёр на ягоны спалох перад палкоўнікам. Маёр і брывом не павёў, павольна склаў паперы і, развітаўшыся, накіраваўся да выхаду. Сонечны прамень нарэшце пакінуў у спакоі крышталёвую вазу, зноў слізгануў на сцяну і растварыўся ў блакітных шпалерах.
У калідоры Астроўскага ледзь не збіў з ног лейтэнант Мірончык, высокі, хударлявы, з чорнымі даўгаватымі валасамі, якія віхром спадаюць на шырокі, бугрысты лоб. Маёр ведаў гарачы, хуткі на дзеянне характар падначаленага, але такім злым і
ўстрывожаным бачыў упершыню. Наткнуўшыся на Астроўскага, лейтэнант роспачна, не стрымліваючы гневу, ускрыкнуў:
— Анатоль Пятровіч, бяда! Скакун...
— Ціха, — перапыніў падначаленага маёр і моцна сціснуў лейтэнантаву руку вышэй локця, — думаю, тваё паведамленне не для старонніх вушэй.
Мірончык адразу сцяўся і, вінавата азіраючыся, выдыхнуў:
— Вінаваты...
Астроўскі душой адчуў, што і сапраўды здарылася штосьці надзвычайнае, і таксама захваляваўся. У кабінеце Мірончык, трывожна пазіраючы на маёра, патлумачыў:
— Скакун нашага чалавека ледзь не забіў, цудам ацалеў.
— Калі гэта здарылася? Чаму адразу не паведамілі? Дзе цяпер Верабей? — засыпаў пытаннямі Мірончыка ўсхваляваны Астроўскі. Ён нацадзіў з сіфона вады, залпам асушыў, другую шклянку працягнуў лейтэнанту і больш спакойна прамовіў: — Далажы па парадку.
Лейтэнант узяў з рук начальніка шклянку, але піць не стаў, як і трэба, удакладніў:
— Паведамілі са следчага ізалятара паўгадзіны таму. Турбаваць палкоўніка Качана не наважыўся, лепш вы самі...
— Правільна, — накідваючы на плечы паліто, міралюбіва пахваліў лейтэнанта Астроўскі. Ён ужо прыняў рашэнне: — 3 дакладамі спяшацца не будзем, спярша трэба разабрацца самім. Апранайся, едзем у следчы ізалятар і на месцы ўсё высветлім.
5
Андрэй Бусел значыўся ў спісах пражываючых у гатэлі, як Мікалай Фёдаравіч Мельнік, камерцыйны дырэктар прадпрыемства "Світанак". Цяпер Бусла было не пазнаць. Валасы пафарбаваў у чорны колер, праўда, за бародку і вусы фарба чамусьці не ўзялася, і яны сталі цёмна-каштанавымі. Але, агледзеўшы сябе ў люстэрку, Бусел застаўся гэтым нават задаволены. Валасы прыкрывалі вушы,
віхурыліся на каўняры пінжака, а акуляры з прыцемненымі шкельцамі ўтоўстай залацістай аправе пасавалі, надавалі інтэлігентнасць.
Бусел нецярпліва чакаў Зондакса, які пазніўся на цэлую гадзіну. Нарэшце ў дзверы грукнулі, і адразу ў пакой уваліўся расчырванелы, мокры ад дажджу Зондакс.
— Ну і надвор'е! — здароўкаючыся і страсаючы дажджавыя кроплі са скуранога капелюша, забасіў Петэрс і, зірнуўшы на Бусла, засмяяўся: — Ты і спіш у акулярах? Зусім закансперыраваўся, глядзі, каб гэта не перарасло ў якую хваробу.
Петэрс зняў вільготную куртку, павесіў яе на спінку крэсла і падсунуў бліжэй да ацяпляльнай батарэі.
— Пакуль мы тут "ля-ля, тополя", яна і падсохне, — паціраючы далоні, задаволена зазначыў ён. — Вымак да ніткі, машына ляснулася. Крыўдна, з паўкіламетра не дацёгся да гатэля.
— Штосьці сур’ёзнае? — думаючы зусім пра іншае, спытаў Бусел.
— Дробязь, кола прабіў, але ж пад такім дажджом мяняць — сабе шкодзіць, Вось пагрэемся, пагаворым, глядзіш, і дожджык скончыцца.
Бусел прайшоў да ложка, сеў. Гэтымі днямі ён ніяк не мог пазбавіцца ад адчування віны перад сям'ёй Зондакса. Што ні кажы, а ён перакладваў цяжар небяспекі на плечы сябра, і гэта непакоіла, раздражняла. Адказнасць за жыццё Зондакса зрабілася невырашальнай турботай, ён ні пра што іншае не мог думаць.
— Петэрс, я падумаў і вырашыў, што аднаму разбірацца ўва ўсім усё ж спадручней, менш прыцягваю ўвагі, ты і так дастаткова зрабіў...
Зондакс адразу стаў сур'ёзны, паўнаваты твар яшчэ больш пачырванеў, ён зразумеў, куды хіліць Бусел.
— Вось, аказваецца, што цябе турбуе! — нядобра прагаварыў ён і праз хвіліну здзекліва ўскрыкнуў: — Хочаш сам разабрацца? Кажаш, аднаму спадручней?
Іх вочы сустрэліся, Бусел вінавата ўсміхнуўся.
— Так будзе лепш, — разумеючы, што гаворыць нешта не тое, перасмыкнуў плячыма Бусел.
— Якой лухтой забіта твая галава?! — узрушыўся
Зондакс. — Гэта ўжо не твая справа і нават не наша, плявузгаеш, як дылетант, быццам не ведаеш, якая заўсёды бывае кругаверць вакол забойства міліцыянера! Раскрыццём займаюцца лепшыя сышчыкі, і мы павінны дапамагчы, а не дзяліць на тваё і маё. Мяне аберагаць не трэба, калі памятаеш, я не толькі твой сябра. і гэта мой службовы абавязак...
Зондакс сеў побач з Буслам на ложак, паклаў руку на плячо, хацеў яшчэ штосьці сказаць, але толькі цяжка ўздыхнуў і сціх. Яны доўга сядзелі моўчкі, думаючы кожны пра сваё і. урэшце, пра адно і тое. Бусел дакараў сябе, што распачаў гаворку на гэтую тэму, бо наперад ведаў рэакцыю Петэрса.
— Андрэй, не муч сябе, — Зондакс прыхільна паглядзеў на сябра, — ты ні ў чым не вінаваты, для мяне вялікая радасць — бачыць цябе жывым.
I зноў у пакоі запанавала цішыня, сябры зразумелі адзін аднаго.
— Дык з чаго пачнем? — парушыў маўчанне Петэрс.
— Трэба наведаць маю кватэру, — сказаў Бусел. — Неадчэпна праследуе пачуццё, што за мной назіралі і кватэра кімсьці праслухоўвалася.
— Пачуцці да справы не прышыеш...
— Па-першае, ніхто не ведаў, што я іду на сустрэчу з "добраахвотнікам", па-другое, Мароз валодаў усёй інфармацыяй, нават ведаў пароль.
— Згодзен, толькі што будзем шукаць? — перапытаў Петэрс.
— Калі праслухоўвалі, павінны застацца сляды, — адказаў Бусел і задумліва дадаў: — Але галоўнае тое, што ў міліцыі ёсць чалавек, які паставіў на мне крыж. Думаю, яго і трэба шукаць.
— Каго-небудзь падазраеш? — насцярожана паглядзеў на Бусла Зондакс.
— Пакуль што не.
— Тады я да цябе на працу, даведаюся агульную абстаноўку, — Зондакс перасеў да стала, дастаў самапіску, занатоўнік. — Называй прозвішчы, хто на фотаздымку, акрамя хіба што Сарокі. Дарэчы, наконт яго ў мяне прапанова: давай раскажам Алесю праўду, як ні круці, а свой чалавек у аддзеле патрэбен.
— Мне б не хацелася рызыкаваць...
— Ты хацеў сказаць — падстаўляць Сароку? —
рашуча перапыніў Бусла Зондакс. — Папярэджваю апошні раз: не крыўдзі сяброў...
Было адзінаццаць гадзін, калі Зондакс пастукаў у дзверы кабінета з шыльдай, на якой яшчэ значылася прозвішча Бусла.
"Гэта добры знак", — толькі падумаў ён, як за спінай прагучаў зычны голас:
— Вам каго? Маёра Сарокі няма.
Зондакс няспешна павярнуўся. Перад ім стаяў чарнявы хлопец гадоў дваццаці пяці і ўважліва пазіраў на яго шырока расплюшчанымі вачыма. Карычневы світэр аблягаў шырокія пакатыя плечы і добра падкрэсліваў спартыўную постаць.
Зондакс адразу пазнаў аднаго з сышчыкаў, што быў на фотаздымку з Буслам. Відавочна, Петэрса такса.ма пазналі, бо ў наступную хвіліну рашучая патрабавальнасць знікла з твару хлопца, ён прыхільна ўсміхнуўся:
— Я вас памятаю, вы былі на пахаванні капітана Бусла.
Сышчык глядзеў на Зондакса з цікаўнасцю і непрыхаванай павагай.
— Правільна, — задаволена адказаў Зондакс, яму было прыемна, што яго ўзгадаў гэты малады, прыгожы сышчык. — Я — Петэрс Янавіч Зондакс, — адрэкамендаваўся ён і з горкім сумам дадаў: — Шкада, што Сарокі няма, хацелася ў агульных рысах даведацца, як ідзе раскрыццё забойства.
— Лейтэнант Сушынскі, — адрэкамендаваўся сышчык і, спахапіўшыся, таропка дадаў: — Што мы стаім, зойдзем да мяне, пап'ём кавы, заадно і пагаворым. А маёра Сарокі няма, ён у камандзіроўцы.
Зондакс з цікаўнасцю зірнуў на Сушынскага. Шчырая ўсмешка, жывыя, пільныя вочы выклікалі прыхільнасць.
"А лейтэнант можа ведаць тое, што і Сарока", — падумаў ён, а ўголас прамовіў:
— За кубачак гарачай кавы буду ўдзячны. — I, ідучы прыцемненым калідорам, спытаў: — Вас як завуць?
— Мікалай Іванавіч, — машынальна адказаў Сушынскі і, крыху сумеўшыся, дадаў: — Проста Мікалай.
У невялікім шэрым пакойчыку, які Сушынскі важна назваў кабінетам, стаялі два абшарпаныя двухтумбавыя сталы і чатыры крэслы. Па правую руку ад увахода месціўся вялізны сейф, каля стала, за які ўсеўся лейтэнант, — металічная вешалка. Месца яшчэ заставалася роўна столькі, як разысціся двум чалавекам.
— Сядайце за стол капітана Глушакова, яго сёння не будзе, — запрасіў Сушынскі і, дастаўшы з шуфляды стала высакаваты кубак, наліў з графіна вады і апусціў туды маленькі кіпяцільнік.
Зондакс, прыкідваючы, з чаго пачаць гаворку, няспешна скінуў скуранку, капялюш, пяцярнёй прыгладзіў валасы.
— Я ў водпуску, вось і падумаў, што раптам патрэбна якая дапамога, — сядаючы на прапанаванае месца, заклапочана сказаў ён.
— У нас таксама многа жадаючых трапіць у групу Астроўскага, але маёр абмежаваўся асобнымі даручэннямі...
— Пэўна, па нейкай прычыне?
У адказ Сушынскі толькі няўпэўнена перасмыкнуў плячыма.
Зондакс, каб не выклікаць падазрэнняў залішняй цікаўнасцю, паспрабаваў перамяніць тэму гаворкі:
— Як хутка вернецца Сарока? — Ён адсунуў убок невялікую купку газет, што высілася на стале, і ледзь не ўскрыкнуў ад радасці: пад вялікім, тоўстым шклом ляжаў такі ж фотаздымак, які Філін перадаў Буслу.
— Маёр з'явіцца не раней, як праз тыдзень, — адказаў лейтэнант і выключыў кіпяцільнік.
— Тут фотаздымак, відаць, адзін з апошніх. Мо і для мяне знойдзецца экземпляр?
Сушынскі адказаў не адразу. Ён устаў, падышоў да стала, за якім сядзеў Зондакс, прыўзняў шкло, дастаў фотаздымак і, углядаючыся ў твары калег, сярод якіх быў і капітан Бусел, цяжка ўздыхнуў:
— Сапраўды, гэта адзін з апошніх, трэба было б перазняць.
— У вас такога не было? — надаючы голасу і свайму выгляду як мага больш абыякавасці, спытаў Зондакс і сцішыўся, чакаючы, што скажа лейтэнант. Ён інтуітыўна адчуў, што зараз нітачка можа пацягнуцца.
— Быў і ў мяне — горка ўсміхнуўся Сушынскі, — толькі прапаў.
— Справа звычайная, хтосьці з Андрэевых сяброў "пазычыў".
— Ён знік яшчэ да таго, як з Андрэем Фёдаравічам здарылася бяда, — лейтэнант звыклым рухам змахнуў з ілба непаслухмяныя валасы, вярнуўся да свайго стала.
Зондакса ў гэтую хвіліну цікавіў толькі фотаздымак, і ён настойліва перапыніў лейтэнанта:
— Адкуль такая ўпэўненасць? Трэба пашукаць у стале, у сейфе.