Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— Заўтра фоткі лягуць на стол каму трэба...
А праз два гады Шаўцова судзілі, Ядзя праходзіла па справе сведкай. Муж усе махлярствы ўзяў на сябе, ды інакш і быць не магло: ён, дырэктар, кіраваў гандлем, падпісваў паперы, яму і адказваць. Калі шчыра, то Ядзя апошнія паўгода чакала, калі Шаўцовым зацікавяцца следчыя органы. Жыццё для яе ператварылася ў пакуту, Шаўцоў зусім спіўся, і Ядзя не пярэчыла, слова супраць не сказала, нават садзейнічала, трымала ў халадзільніку некалькі пляшак гарэлкі, каб Шаўцоў мог напіцца, не выходзячы з кватэры. Яна раўнадушна піхала мужа да той мяжы, пераступіўшы якую, ён падаў на дно. Ёй было выгадна, каб Шаўцоў дэградзіраваў, але перад тым, як зрабіць гэты апошні крок, ён павінен узяць на сябе ўсе яе злачынствы. Дзіўна, але Ядзі нават падабалася назіраць за падзеннем Шаўцова, у гэтым яна чэрпала сілу, веру ў свае жыццёвыя прынцыпы.
"Вось у што ператвараецца інтэлігентны чыстаплюй: толькі крышачку націсні на яго, і ён сам сябе згубіць..." — часцяком думала Ядзя, калі ў чарговы раз пераступала ў калідоры цераз п'янага мужа. У Шаўцова не было ні моцы, ні жадання супраціўляцца жонцы. Неаднойчы ён наважваўся пайсці ў пракуратуру, але стрымлівала любоў да дачкі, смылела душа за далейшы лёс дзяўчынкі. Ён падпісваў усё, што патрабавала Ядзя, моўчкі прыціскаў пячатку на злашчасныя ліпавыя накладныя і дзівіўся: чаму такі відавочны крадзеж не бачыць міліцыя? Шаўцоў перажыў страх выкрыцця, які турбаваў спачатку, і калі яго арыштоўвалі, успрыняў усё як непазбежнае, звычайнае, нават адчуў незразумелую палёгку, якая нарэшце выслабаніла ад душэўных пакут. Але быць шчырым, прызнацца ўва ўсіх грахах не мог. Ён не
мог расказаць пра д'ябаліцу-жонку, якая залавіла яго з прадаўшчыцай і пад страхам выкрыцця прымусіла красці. Шаўцоў вельмі любіў дачку і для сябе даўно вырашыў, што, калі арыштуюць, за ўсё будзе адказваць адзін.
I ўсё ж Ядзі прыйшлося пахвалявацца. Падчас вобыску ў кватэры, калі з секцыі пачалі выкладаць бялізну, ад адной думкі, што могуць знайсці схованку, нешта быццам абарвалася ўсярэдзіне, цела імгненна зрабілася непаслухмяным, у вачах замітусіліся, паплылі цені міліцыянтаў. Але бяда абмінула. ! на гэты раз Ядзя засталася "чыстай" перад законам, ёй нават спачувалі, што муж гэтулькі накраў і ўсё прагуляў і прапіў. Шаўцоў атрымаў сем гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Толькі канфіскоўваць на той момант не было чаго, Ядзя ўвесь прыбытак ад злачыннай дзейнасці ператварыла ў каштоўнасці і надзейна схавала. Праўда, забралі машыну, але для яе гэта было дробяззю, такіх "жыгулёнкаў" пры жаданні яна магла купіць не адзін і не два...
Нарэшце Ядзя была вольная! Цяпер трэба толькі крышачку пачакаць, пакуль усе забудуцца на суд, і яна пачне жыць як хоча! Праз паўгода Ядзя скасавала шлюб з Шаўцовым, выпісала яго з кватэры і адразу прыдбала пуцёўку на поўдзень, да мора, каб адпачыць і забыцца на ўсе нягоды. Яна зноў стала Ядзяй Купрэйчык! У дзень ад'езду нечакана, быццам снег на галаву, аб'явіўся Калеснік. Ядзю ахапіла паніка, восем гадоў мінула з іх апошняй сустрэчы, і візіт былога каханка нічога добрага не абяцаў.
"Колькі Калеснік спагоніць з мяне? — адразу падумала Ядзя пра грошы. — Пэўна, нямала... А раптам захоча забраць усё? Ён не зялёны лейтэнанцік з міліцыі, які падчас вобыску не заўважыў схованку ў секцыі, гэты знойдзе і вытрасе ўсё да апошняга рубліка..."
Але Ядзя памылялася, Калеснік нават не заікнуўся пра грошы і наогул у першую сустрэчу паводзіў сябе падкрэслена суха, нават афіцыйна, быццам нічога агульнага іх не звязвала. Гэтая сухасць нават раніла Ядзіна самалюбства, але як толькі яна даведалася пра прычыну нечаканага візіту, забылася на ўсё і ледзь не кінулася да былога каханка з пацалункамі. Ён
прапанаваў ёй працаваць на гарадскім кірмашы. Ядзя адразу зразумела перавагі новай работы, тым больш на пасадзе намесніка дырэктара, і не хавала радасці. Яна нават пачала какетнічаць з Калеснікам, некалькі разоў узгадала пра ранейшае сумеснае жыццё, але былы каханак зрабіў выгляд, што не разумее яе даволі шчырых намёкаў. Ён пакінуў Ядзі візітоўку дырэктара кірмаша Валасевіча і хуценька, унікаючы Ядзіных позіркаў, развітаўся.
Цяпер Ядзі было не да адпачынку. Яна здала білет на самалёт у касу і на другі дзень пасля сустрэчы з Калеснікам была ў Валасевіча. Дырэктар выглядаў гадоў на пяцьдзесят, быў невысокі, шыракатвары, з тоўстым, якдуля. носам і маленькімі шэрымі вочкамі, што хітра пазіралі з-пад густых чорных броваў.
— Пішыце заяву, — пачуўшы, хто раіць Ядзю, сказаў ён, пранізліва агледзеў будучага намесніка з ног да галавы і задаволена кашлянуў у кулак. Відавочна, яна яму падабалася.
— Адразу заяву? — не. паверыла вушам Ядзя.
— Вы прыйшлі працаваць ці задаваць пытанні? Калі ставіць пытанні, то трэба ўладкоўвацца ў міліцыю, — твар дырэктара расплыўся ва ўсмешцы, ён быў задаволены сваім жартам. — Мне рэкамендавалі вас, Ядвіга Станіславаўна як адукаванага, а галоўнае, надзейнага работніка. Спадзяюся, мы паладзім...
4
Алесь Крывіцкі вось ужо тыдзень аціраецца на мінскім кірмашы, сноўдаецца без усялякай справы, засунуўшы рукі ў кішэні. Даўгаваты брыль чорнага скуранога капелюша прыкрывае лоб, вочы. Сярэдняга росту, хударлявы, у пацёртых джынсах і зацыраванай у некалькіх месцах скураной куртцы, ён нічым не вылучаецца ў шматлюдным гурце людзей. Шэрыя праніклівыя вочы пазіраюць з-пад брыля падкрэслена бесклапотна і сумна. Усім сваім выглядам ён паказвае абыякавасць да кірмашнай мітусні. Калі назіраць за ім, то можа здацца, што хлопец прыйшоўсюды толькі дзеля цікаўнасці, ад няма чаго рабіць. Але гэта не так, Крывіцкі — інспектар
крымінальнага вышуку, і ён на рабоце. Праўда, каб хто спытаўся, што за работа, якія абавязкі, Крывіцкі, пэўна, не змог бы адказаць, бо і сам дакладна не ведаў.
Два тыдні таму яго, інспектара крымінальнага вышуку Шаркоўшчынскага аддзела міліцыі, што на Віцебшчыне, адкамандзіравалі ў Мінск, у групу маёра Астроўскага. Гэта было нечаканасцю, асабліва для начальства. Для ўсіх засталося незразумелай, амаль невырашальнай таямніцай: чаму менавіта Крывіцкага? Ёсць лепшыя сышчыкі, а ён толькі год як скончыў акадэмію міліцыі і яшчэ не мае патрэбнага вопыту, але ж хто рызыкне даваць парады сталічнаму начальству? Крывіцкі адразу для ўсіх стаў "адрэзаны акраец". Хтосьці з зычліўцаў выказаў здагадку, што ў лейтэнанта ў Мінску засталася дзяўчына, дачка нейкай міністэрскай "шышкі", і зразумела, што за камандзіроўкай будзе і перавод. Іншых версій не было, і ўсё пагадзіліся з хуткім Алесевым жаніхоўствам. Крывіцкага ж больш здзівіла не плётка пра нявесту, а тое, што да яго адразу ўсе пачалі звяртацца толькі на "вы", нават начальнік міліцыі...
Сам Алесь успрыняў камандзіроўку як належнае: што ні кажы, а за мінулы год ён разблытаў некалькі рабаванняў, чатыры крадзяжы, затрымаў узброенага злачынца, таму з гонарам лічыў, што яго заўважылі. Але маёр Астроўскі падчас першай сустрэчы астудзіў, збіў з Крывіцкага пыху. Маёру патрэбны быў сышчык з "глухой перыферыі", якога ў сталіцы ніхто не ведаў, а Васіль Мірончык, сябрук па міліцэйскай акадэміі, параіў яго, Крывіцкага.
Крывіцкі адчуў сябе ніякавата, калі даведаўся сапраўдную прычыну гэтай камандзіроўкі, але адразу супакоіў сябе тым, што, у любым выпадку, прадстаяла цікавая работа. Яго пасялілі ў аднапакаёўцы на Пугачоўскай вуліцы, недалёка ад кірмашу, і Астроўскі ўдакладніў задачу: "Абжывацца, прыглядацца і, галоўнае, — вывучаць кірмаш”. Крывіцкі пакуль што з усёй групы ведаў толькі Астроўскага і Мірончыка. Ён атрымаў тэлефон хуткай сувязі і сувязнога — Васіля. Маёр у першую сустрэчу папярэдзіў Алеся, каб на пэўны час забыўся, што ён міліцыянер, не праяўляў ніякай самастойнасці, быў непрыкметны — вось і ўся задача! У Крывіцкага
адразу ўзніклі пытанні, толькі што зробіш, загады трэба выконваць, а не абмяркоўваць. Ён зразумеў, што, перш чым Астроўскі ўсё раскажа яму пра нейкую сакрэтную аперацыю, да яго будуць таксама прыглядацца і вывучаць. Гэта раніла самалюбства, ды Алесь ведаў, што так павінна быць, маёр робіць правільна.
Крывіцкі паслухаўся Астроўскага: вывучаў гарадскі кірмаш. За тыдзень бадзяння там у яго з'явіліся не толькі пытанні да маёра.
"Што вывучаць? Да чаго прыглядвацца? — злаваўся Алесь, пазіраючы на доўгія сталы, аблепленыя прадаўцамі, быццам чмялямі, што зляцеліся на мёд. Здавалася, нават паветра тут іншае, нейкае гарачае, шыпячае, быццам расплаўленае. У нейкі момант людзі і сапраўды рабіліся падобнымі на чмялёў. — Тут не прыглядвацца трэба, а палову з іх саджаць... Вось хоць бы тая маладжавая кабета, што круціцца каля ўвахода. Тыдзень прадае кітайскі пухавік-паліто. Разоў шэсць бачыў, як яго куплялі, нават сам прымяраў, але праз паўгадзіны цётка зноў трымае ў руках тое самае паліто з рукавом, які крыху ўпэцканы ў зеленаватую фарбу. Значыць, не пухавік яна прадае, а тое, што схавана ў ім, зашыта пад падкладку ці ў кішэнях. А вось тая чацвёрка — рэкеціры. Сам бачыў, што бяруць грошы з прадаўцоў і з каўказцамі ў іх нейкія асабістыя стасункі. Бывае, гавораць так, быццам сябры, сто гадоў не бачыліся, гатовыя цалавацца, а іншым разам ледзь не б'юцца. Адразу відаць, што каўказцы прадаюць не толькі мандарыны. У рэкеціраў адчуваецца дысцыпліна і нешта падобнае на дзяжурства. Сённяшняя чацвёрка, напрыклад, была тут у мінулы чацвер. Гэта ж колькі іх, калі ў кожнай чацвёркі свой дзень? А вунь платны п'яніца і хуліган. Сядзіць сабе чалавек крыху пад мухай і быццам дрэмле каля ўвахода ў будынак адміністрацыі. Але яктолькі з'яўляюцца міліцыянты, ён прыцягвае да сябе іх увагу, пачынае крычаць, чапляцца да людзей, мацюкацца. Міліцыянты адразу чуюць, дзе парушэнне грамадскага парадку і забіраюць п'янага. Толькі гэтае месца вольным не бывае, яго тут жа займае другі... I так дзень у дзень: забіраюць адных і тых і праз пэўны час адпускаюць. А п'яны зноў сюды, быццам на дзяжурства. Вось
толькі незразумела, каго яны папярэджваюць?"
За тыдзень Крывіцкі так нагледзеўся на кірмашнае жыццё, што ледзь не ванітавала ад убачанага. Было крыўдна за міліцыю, за мясцовых сышчыкаў, благія думкі бударажылі душу. Алесь не мог паверыць, што першы "вывучае" дзейнасць кірмашных пастаяльцаў.