Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
— Сядай у крэсла,— прагучаў загад.
Ён плюхнуўся на сваё ранейшае мёсца і раптам адчуў хоць злую, але палёгку. I ў тую ж хвіліну нейкае, як кажуць, шостае ці сёмае пачуццё падказала, што, накаўціраваўшы Жлаба, ён паступіў правільна, узняў аўтарытэт, выклікаў павагу, паказаў, што, калі трэба, можа пастаяць за сябе.
— He страляй! — Крывіцкі выглядаў разгубленым і ашаломленым. — Жлабу было загадана наліць гарэлкі, а ён, мярзотнік, наўмысна здзекуецца, падсунуў спірт... Хоць бы папярэдзіў...
— Жлоб, нясі бранзалеты! — закрычаў чалавек з пісталетам.
Ён быў невысокі, гадоў трыццаці, апрануты ва ўсё джынсавае. Уражвала ягоная лысая клінападобная галава, якая ў водсвеце лямпаў-пражэктараў блішчэла, як глянцавая. Жлоб не адказаў, нават не варухнуўся. Той, хто вёў допыт, таксама не вытрымаў, пакінуў сваё месца і праз хвіліну трос Жлаба за плечы, моцна наводмаш лупіў далонямі па тоўстых, адвіслых шчоках.
"Вось я з вамі ўсімі і пазнаёміўся, — з непрыхаваным задавальненнем уздыхнуў Крывіцкі. — Напэўна, цяпер лямпы выключаць, які сэнс сляпіць мае вочы?"
— Ты забіў яго! — тузаючы Жлаба і губляючы цярпенне, ускрыкнуў шэф.
— Ачомаецца праз дзесяць хвілін, не раней, — абыякава адказаў Крывіцкі і наўмысна, каб паказаць сваю перамогу, выхваляючыся, дадаў: — Я добра ведаю, што раблю. А гэты ваш Жлоб — і сапраўды жлоб.
Крывіцкі паспрабаваў узняцца з крэсла, але лысы імгненна падскочыў і балюча тыцнуў халоднай руляй пісталета ў патыліцу.
— Сядзь! — пагрозліва прагаварыў ён і, чакаючы ўказанняў, паглядзеў на шэфа.
У гэты момант рыпнулі дзверы і ў пакой таропка ўвайшоў барадаты. Ён здзіўлена паглядзеў на ляжачага Жлаба, на Крывіцкага, каля якога з пісталетам стаяў лысы, і, падышоўшы да галоўнага, які калашмаціў Жлаба, нешта прашаптаў на вуха.
Той перапытаў:
— Ён праслухаў запіс?
Крывіцкі сцішыўся, увесь ператварыўся ў слых.
— Так, — кіўнуў галавой барадаты.
— I што?
— Загадаў... — барадаты азірнуўся на Крывіцкага і зноў па-змоўніцку зашаптаў шэфу на вуха.
Алесь зразумеў, што ўся размова была запісана на магнітафон і барадаты вазіў плёнку камусьці на праслухоўванне. А калі так, то гэты шэф зусім і не шэф.
— Фраер, калі ты з Іркуцка, то скажы, што знаходзіцца насупраць кінатэатра "Тайга"? — нарэшце пакінуўшы ў спакоі Жлаба, падыходзячы да стала, спытаў шэф.
— Вы мне не паверылі, — з горкім сумам уздыхнуў Крывіцкі і, апусціўшы галаву, абыякава кінуў: — Гарнізонная камендатура...
Па тым, як пераглянуліся бандыты, Алесь зразумеў, што праверку вытрымаў.
"Цяпер яны павінны паведаміць мой адказ таму, хто пытаўся пра кінатэатр, — разважаў Крывіцкі. — Пэўна, той, невядомы, і вырашыць мой далейшы лёс".
— Ідзі патэлефануй, — паглядзеў шэф на барадатага і выключыў лямпы.
Каля сцяны закратаўся Жлоб, замармытаў штосьці незразумелае, расплюшчыў вочы і асалавела агледзеў прысутных, відавочна, узгадваючы, чаму апынуўся на падлозе і што з ім адбылося.
8
Мінуў тыдзень з таго дня, як прафесійныя забойцы Васіль Мароз і яго хаўруснік Прышч пакінулі занядбаную леснічоўку. Прышч, ён жа Павел Казачэнка, увесь гэты час быў разгублены, збіты з пан-
талыку паводзінамі Філіна, як ні сіліўся, не мог зразумець ягоных намераў. Яшчэ ў леснічоўцы Філін загадаў ехаць у Браслаў, і Прышч вырашыў, што менавіта ў гэтым глухім горадзе сярод блакітных азёр яны будуць рыхтавацца да чарговай "аперацыі". Па завядзёнцы і на правах завадатара Філін атрымоўваў заказы і быў "галоўнай скрыпкай". Яны пасяліліся ў гатэлі, чаго раней ніколі не рабілі.
"Так трэба", — адказаў, як адрэзаў, Філін, калі Прышч выказаў сваё незадавальненне.
Але гэта былі, як кажуць, кветачкі, наступнае, што ўтварыў Філін, шакіравала Прышча, прымусіла навастрыць вушы. У гатэлі ён запісаўся пад сваім сапраўдным прозвішчам і нічога не захацеў тлумачыць. Яны ў сваёй справе канспірацыю ставілі на першае месца, а тут такі недаравальны ляпсус! Прышч губляўся ў здагадках, нядобрыя думкі бударажылі, падсвядома ўзнік недавер, а інтуіцыя падказвала, што Філін да нечага рыхтуецца.
"Нездарма ж ён кожную раніцу пакідае гатэль і знікае на цэлы дзень, — застаўшыся адзін, разважаў Прышч. — Няўжо ўздумаў мяне абуць у лапці, пайсці на справу адзін? He, не можа быць, за Філінам такі грэх не вадзіўся, ён не сквапны, грошы для яго — не галоўнае. Тады чаму ён так сябе паводзіць? Мяне пачаў называць Паўлам, дзіва, дый толькі!.. Пасля забойства лягавага Філін зрабіўся нейкі не такі, слова не выцягнеш, каўтане пляшку гарэлкі, заваліцца на канапу і гадзінамі свідруе вачыма столь".
Разважанні не давалі спакою, хвалявалі, падштурхоўвалі дзейнічаць, але, што рабіць, Прышч не ведаў, ён пабойваўся хуткага на расправу Філіна, які за лішняе слова мог паддаць кухталёў. I ўсё ж Прышч наважыўся спакваля паназіраць за хаўруснікам і, калі пашэнціць, даведацца пра ягоныя патаемныя справы.
Сёння раніцай ён зрабіў выгляд, што спіць, пакуль Філін апранаўся, нават не паварушыўся. Калі за хаўруснікам зачыніліся дзверы, Прышч імгненна пакінуў рыпучы ложак, умомант апрануўся, на апахмелку каўтануў прыпасеную звечара бутэльку піва і кінуўся ўслед. Філіна ўбачыў на першым паверсе гатэля, у невялікай душнай кавярні. Ён сядзеў да яго спінай і піў каву, на стале высіўся пусты фужэр на
доўгай ножцы. Філін, быццам адчуўшы, што за ім сочаць, паспешліва азірнуўся, цяжкім, пранізлівым позіркам абмацаў прысутных, але Прышча ў прыцемненым фае не заўважыў, няспешна дапіў каву, узяў пусты фужэр, падышоў да стойкі бара. Барменша, вяртлявая сярэдніх гадоў жанчына з кідка падмаляванымі вуснамі і штучнымі доўгімі вейкамі, нічога не пытаючыся, напоўніла да краёў фужэр і шматзначна, крыху з выклікам заўсміхалася. Філін, не звяртаючы аніякай увагі на яе відавочны покліч пазнаёміцца, заклапочана кінуў на талерачку грошы і, не чакаючы рэшты, пасунуўся на сваё месца. Прышч, канечне, мог не рызыкаваць, а пачакаць хаўрусніка на вуліцы, але думка, што ў Філіна можа быць прызначана сустрэча ў кавярні, прымушала трымаць яго навідавоку. Па тым, як Філін з адценнем заклапочанасці пазіраў на гадзіннік, Прышч меркаваў, што хаўруснік некага чакае. Але ён памыліўся, Філін нечакана ўзняўся, каўтануў тое, што заставалася ў фужэры, і рашуча накіраваўся да выхаду. Прышч ледзь паспеў прыкрыць твар газетай, якую пакінуў нехта з наведвальнікаў, але, па ўсім, хаўрусніку было не да такіх дробязей. Праз некалькі хвілін Прышч насунуў капялюш на самыя вочы, наставіў каўнер скуранкі і войкнуў ад болю. Апякло шыю, сківіцу, засвярбелі шчокі, а за імі, здавалася, і ўсё цела. Зноў нагадалі аб сабе агідныя пухіры, якія за ноч надзьмуліся, выраслі, як на дражджах. Ен ведаў, што гарэлка, а асабліва віно, правакуюць скураную хваробу, выклікаюць алергію, але ж яму і ў галаву не прыходзіла кінуць піць. Прышч асцярожна адклаў каўнер і, сутулячыся, хуценька джгануў у дзверы.
Халодны вецер наляцеў як шалёны, ірвануў дзверы, моцна бразнуў, затрымцела, плаксіва заскуголіла шкло. Прышч засунуў рукі ў кішэні, уцягнуу галаву ў плечы і з-пад ілба агледзеў вуліцу. Філін шпарка крочыў да вакзала.
"Так я і думаў", — радасна зазначыў Прышч і раптам адчуў, што свярбенне і зуд прытупіліся, нават дыхаць стала лягчэй.
"Гэта добры знак", — задаволена падумаў Прышч і, трымаючыся бліжэй да кустоў і дрэў, што раслі ўздоўж дарогі і добра-такі прыкрывалі тратуар, па-
шыбаваў услед за хаўруснікам. На вакзале зайшоў у павільён "Сокі-воды", сюды Філін і носа не пакажа — не гандлююць гарэлкай, купіў бутэльку мінеральнай, акраец чорнага хлеба і два вараныя яйкі. Вырашыў паснедаць, пакуль Філін стаяў у чарзе ў білетную касу.
Праз бруднае шкло павільёна Прышч добра бачыў усю вакзальную пляцоўку. Час цягнуўся марудна, як і чарга, у якой цёрся Філін, пакуль, нарэшце-такі, не купіў білет. Прышч паспеў з'есці сняданак і цяпер нудліва мучыўся, да нясцерпку хацелася курыць, але смаліць тут асцерагаўся: забаронена, а прыцягваць да сябе залішнюю ўвагу было небяспечна.
Філін чакаў свой аўтобус, стоячы зводдаль ад білетных кас, каля газетнага кіёска і, не чытаючы, перагортваў старонкі нейкага тоўстага часопіса. Ён кідаў частыя насцярожаныя позіркі на пасадачную пляцоўку і, калі на ёй, рэзка тузануўшыся і выпусціўшы чорны клуб смярдзючага дыму, рыпнуў тармазамі невялікі, з пабітым акном аўтобус, паспешліва пашкандыбаў да прачыненых дзверцаў.
Прышч дачакаўся, пакуль аўтобус крануўся з месца, развярнуўся і, цяжка набіраючы хуткасць, пакаціў па вуліцы. Пераканаўшыся, што Філін яго не ўбачыць, пакінуў павільён і накіраваўся да прыватных таксі, якія невялікім ланцужком, усяго тры мышыны, туліліся непадалёк ад вакзала.
"Чаму ён паехаў аўтобусам, калі прасцей машынай?" — падумаў Прышч і махнуў рукой таксісту.
— Куды едзем? — апускаючы бакавое шкло, зазыўна крыкнуў шафёр жоўтага "жыгулёнка".
— Слухай, тут такая справа, нявыкрутка, адным словам, — нахіліўшыся да акенца, блытана загундосіў Прышч: — У аўтобусе на Міёры едзе адзін чалавек, хачу даведацца, дзе ён сыдзе...
— Ты што, з міліцыі?
— Амаль што, — адчайна махнуў рукой Прышч і, доўга не думаючы, схлусіў першае, што прыйшло ў галаву: — У аўтобусе палюбоўнік маёй жонкі... Трэба падлу правучыць.
— Ну, ты і ўліп! — спачувальна ўздыхнуў шафёр і стрымана дадаў: — He з рукі мне, але калі плаціш у два бакі...
— Згода.
Скасабочаны на правы бок аўтобус, быццам хворы на радыкуліт чалавек, ледзь цёгся па дарозе. Машына, у якой ехаў Прышч, трымалася далекавата. Шафёр, відавочна, нерваваўся, што прыходзілася ехаць на малой хуткасці, але стрымліваў сябе, выгляду не паказваў, усё ж пасажыр абяцаў добра заплаціць. У вёсцы, якая неяк нязграбна прытулілася ўздоўж возера, аўтобус прыпыніўся, людзі сышлі. Сярод іх высіўся Філін. Прышч паклаў руку на плячо шафёру.
— Вось і прыехалі, пастой хвілінку, пакуль яны разыдуцца, і ты вольны.
Ён адлічыў грошы, падаў шафёру, пальцы нервова ўздрыгвалі.
— Мо схадзіць з табой? — пералічыўшы грошы, прапанаваў шафёр. — Каб бяды не было...
— Сам разбяруся, — выходзячы з машыны, буркнуў Прышч.
— Ну, сам дык сам, справа далікатная, — зазначыў шафёр і, развярнуўшы машыну, праз хвіліну знік за невялікім мостам.
Філін раптам збочыў з дарогі і адразу знік за высачэзнымі дрэвамі і кустамі. Прышч подбегам кінуўся ўслед і праз некалькі крокаў, за павароткай ледзь не наступіў на пяты таўставатай жанчыне з цяжкімі вандзэлкамі ў руках. Вузкаватая, як праехаць адной машыне, брукаванка цягнулася на круты пагорак і недзе там, увышыні, гублялася. Філін быў на самай верхатуры, і Прышч, схіліўшы галаву, каб не было відаць твару, пасунуўся ўгору.