Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
ней. А ўтрымаць, нават прывязаць Прышча маглі толькі грошы, таму Філін, як звычайна, не падзяліў баксы і, канечне, гэтым справакаваў Прышча. Яктой ні сіліўся схаваць пачуцці, яны часцяком неспадзявана вырываліся падазрэннямі і крыўдай. Але Філін на хаўрусніка не зважаў, галоўнае было — знайсці Кацярыну.
Сястра ўсе гэтыя гады знаходзілася ў той самай псіхіятрычнай бальніцы. Спярша ён хацеў грошы паслаць па пошце, але ж ці атрымае хворая? Некалькі дзён ён быў у роспачы, не ведаў, што рабіць. Філін, канечне, без усялякіх цяжкасцей могзнайсці праз каго перадаць і грошы, і рэчы, і ўсё неабходнае для Кацярыны, але перасіліла непераадольнае жаданне пабачыць сястру, самому зрабіць для яе нешта харошае.
Філін вырашыў паехаць у бальніцу ранішнім аўтобусам. Яму не хацелася яшчэ больш ускладняць адносіны з хаўруснікам, і ўсё ж каля вакзала здалёк убачыў чалавека, які стаяў, нахіліўшыся над машынай, і размаўляў з вадзіцелем. Пастава, апратка нагадалі Прышча. Імгненна ўзнікла падазрэнне, што хаўруснік за ім сочыць, але, узгадаўшы, як той салодка спаў, калі пакідаў гатэль, Філін супакоіўся. Дый турбавала іншае, душа крываточыла, смылела болем і жалем да сястры, упершыню ўзнікла пачуццё асабістай віны перад ёй. За тіражытыя гады ён ні разу не пашкадаваў, што адпомсціў гвалтаўніку за Кацярыну і маці, якая менавіта праз ганьбу і здзек над дачкой заўчасна легла ў труну. Але апошнім часам незразумелая крыўда і боль сціскалі сэрца, смяротная туга рвалася з грудзей, хацелася крычаць на ўвесь свет пра несправядлівасць і людскую жорсткасць: "За што сям'і такі лёс? Чым угнявілі Бога?.."
У бальніцы Філін, не звяртаючы ўвагі на людзей, што туліліся адзін каля аднаго ў чарзе ў вузкім з нізкай столлю калідоры, рашуча ўвайшоў у прыёмны пакой. Калі зачыняў дзверы, у спіну нехта зласліва прасіпеў: "Нахабнік, лезе без чаргі..." Немаладая паўнаватая медычка ад нечаканасці нават прыўзнялася з-за стала, калі ўбачыла мажнага мужчыну з грубым тварам і злымі вачыма. Яна неяк здзіўлена паглядзела на Філіна, зняла з вострага, даўгаватага носа акуляры ў чорнай аправе з трэснутым левым шкельцам.
— Вы напужалі мяне, — строга, са скрухай у голасе пралепяталі таўставатыя вусны, на якіх дзе-нідзе віднеліся сляды ружовай памады.
— Я прыехаў наведаць Кацярыну Мароз, — сказаў Філін і, не ведаючы, куды дзець рукі, засунуў іх у кішэні.
— Езус Марыя! — прасвятлела тварам медычка. — Няўжо ў нашай гаротніцы радня аб'явілася?
— Я сябра ейнага брата, — працягваючы пашпарт і ўнікаючы глядзець жанчыне ў вочы, прабурчэў Філін. — Даўно тое было, слова мы далі адзін аднаму: хто першы вернецца дадому, той наведае радню сябра. Выйшла, што вярнуўся я, а павінен быў ён...
— Бурак Фёдар Іванавіч, — прыжмурыўшыся, услых прачытала медычка і вярнула пашпарт Філіну. — Калі не радня, то нечага з Кацяй сустракацца, каб не нашкодзіць, — строга прамовіла жанчына, якой адразу не спадабаўся гэты вярзіла з цяжкім позіркам.
Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але дзверы адчыніліся і ў пакой увайшоў высокі ссутулены чалавек гадоў шасцідзесяці ў паношаным дэмісезонным паліто, караткаватых штанах і новых бліскучых гумавых галёшах, з якіх віднеліся старыя парэпаныя чаравікі. У руках ён трымаў пацёрты, незразумелага колеру партфель. 3-пад чорнай шапкі ва ўсе бакі тырчэлі сівыя пасмы валасоў, хваравіты, пасечаны зморшчынамі твар быў жаўтавата-бледны, зыркія вочы глядзелі ўважліва і прыхільна. Хударлявы скоса зірнуў на Філіна, паставіў партфель на стул, але той, быццам незадаволены такім рашэннем гаспадара, пачаў паволі хіліцца набок, пагражаючы бразнуцца на падлогу. Чалавек у галёшах хуценька падхапіў партфель і, корпаючыся ў шуфлядзе стала, разгубленым, але нечакана маладым і чыстым голасам прагаварыў:
— Фёдараўна, я зноў не знайду ключы ад свайго кабінета.
— Ды тут яны, на месцы, — прабурчэла медычка, выцягнула шуфляду з другога боку ад хударлявага, дастала важкую звязку ключоў, паклала на стол. — Кожны дзень адно і тое, няўжо нельга запомніць, што ключы ляжаць у гэтай шуфлядзе?
— А ты пакладзі іх сюды, — хітравата пасміхаючыся, прапанаваў хударлявы.
— Рабіла, а што толку? Вы, Яўген Рыгоравіч,
быццам загіпнатызаваныя, усё роўна сунецеся да пустой шуфляды.
— Тады трэба змяніць двухтумбавы стол на аднатумбоавы.
— Зноў вы за сваё, — раззлавана ўздыхнула медычка, але вочы па-добраму глядзелі на хударлявага, як на капрызнае, шкадлівае, але любае сэрцудзіця. — Яўген Рыгоравіч, пацярпіце ўсяго год. Выйду на пенсію, і рабіце з маім сталом што хочаце. Звыклася з ім, не патрэбны мне новы, — медычка паглядзела на Філіна і, па ўсім, змяніўшы сваё рашэнне, змушана ўсміхнулася: — Гэты чалавек прыехаў наведаць нашу Кацярыну Мароз.
— А ці рыбны сёння дзень? — быццам не пачуўшы слоў медычкі, спытаўся хударлявы.
Філін нават не зразумеў, у каго пытаецца пра рыбу гэты дзіўнаваты чалавек у бліскучых галёшах.
— Мой гультай з начы боўтаецца на возеры, — адказала медычка і па-змоўніцку падміргнула Філіну: маўляў, усё будзе добра.
— Значыцца, рыбны, — зрабіў выснову хударлявы і раптам сур'ёзна паглядзеў Філіну ў вочы і з трывогай у голасе перапытаў: — Значыцца, прыехалі праведаць Кацярыну.
— Так, — згодна кіўнуў Філін.
— I хто ж вы ёй будзеце?
Толькі цяпер Філін пазнаў у хударлявым састарэлым чалавеку доктара Сімановіча, з якім сустракаўся, калі прыйшоў з войска і наведваў сястру. Гэтая неспадзяваная сустрэча была небяспечнай: што, калі і Сімановіч яго пазнае? Але дарога да адступлення была адрэзана, і Філін нават узрадаваўся, непадсвядома захацелася, каб яго пазналі хоць тут, у "псіхушцы".
"Брат я ёй, брат!" — болем ірваўся з грудзей адчайны крык. Філін, з цяжкасцю стрымліваючы пачуцці, насцярожана ўздыхнуў:
— Я ведаў Васіля Мароза...
Вусны доктара кранула ледзь прыкметная ўсмешка, ён узняў на Філіна жывыя, выразныя вочы:
— I прозвішча маеце?
— Пашпарт я бачыла, — падхапілася медыцынская сястра і гэтым выратавала Філіна. — Пакажыце дакумент доктару.
Пакуль Сімановіч тартаў старонкі фальшывага пашпарта, Філін поўнасцю ўзяў сябе ў рукі і праз некалькі хвілін ужо цалкам кантраляваў пачуцці і паводзіны.
— Слова мы далі адзін аднаму, — каб не маўчаць, патлумачыў Філін. — Хто першы вернецца, той наведае родзічаў сябра, раскажа пра жыццё-быццё.
— Шкада нашу Кацярыну, — цяжка ўздыхнула медычка.
Яна мелася яшчэ нешта сказаць, але доктар строга перапыніў:
— Фёдараўна, нічога гаварыць не трэба.
— Ці ж я не разумею? — паспешліва пагадзілася жанчына. — Вы спярша самі пагаманіце.
— Ваша праўда, — вымушана ўсміхнуўся Філін, — паўсюль так: спярша сустракаюцца з доктарам, a потым з хворым.
— Думаю, гаварыць нам спадручней у маім кабінеце, — Сімановіч адамкнуў дзверы і, саступаючы месца на ўваходзе, прапусціў уперад Філіна: — Праходзьце і сядайце.
— Мне дазволяць сустрэчу? — насцярожана, з непрыхаванай трывогай у голасе чарговы раз спытаў Філін.
Доктар не адказаў. Ён нечакана стаў заклапочаным, нават сярдзітым і, сядаючы на сваё звычайнае месца, абыякава адштурхнуў ад сябе паперы, што стосам высіліся на стале. Відавочна, нешта турбавала, трывожыла Сімановіча, і гэтая незразумелая трывога адразу перадалася Філіну. Ён адчуў, што прычына ў Кацярыне, і зноў у скронях запульсавала, зацікала.
— Што з Кацярынай? — Філін адчуў, што, калі доктар скажа нешта благое, ён не вытрымае, сарвецца, і тады...
Філін даўно рыхтаваўся да сустрэчы, у думках не адну ноч прагаварыў з сястрой, знаходзіў, падбіраў для яе ласкавыя, якія толькі ведаў, шчырыя словы, і раптам цяпер, калі наважыўся і прыехаў, нехта ці нешта можа перашкодзіць. У гэтую хвіліну ён быў гатовы на ўсё, нават прызнацца худому, зморшчанаму старому, хто ён на самой справе, абы толькі пабачыцца з Кацярынай.
— Мы дазволім сустрэчу, — быццам зразумеўшы
перажыванні Мароза, прагаварыў Сімановіч і, свідруючы Філіна позіркам, спытаў: — Вы ведаеце, што яе брат памёр?
— Н-не, — буркнуў Філін і зразумеў, што Сімановіч яму не паверыў.
— Я разлічваю на больш шчырую размову, — сярдзіта зазначыў доктар. — Я здагадваюся, адкуль вы прыехалі, здагадваюся, дзе пасябравалі з Кацярыніным братам.
— Прабачце, доктар, — апусціў галаву Філін.
— Я не віню, — ужо лагодней зазначыў Сімановіч, — іншага і не чакаў, у вас свае праблемы. Цяпер пра Кацярыну. У той год, калі загінуў яе брат, мы добра-такі падлячылі дзяўчыну, але зусім вылечыць у нашых умовах не змаглі. I ўсё ж рыхтавалі да выпіскі, шукалі родных, сваякоў, хто б паклапаціўся. На жаль, не знайшлі. Калі б яна нейкі час пажыла ў добрай сям'і, то... — Голас здрыгануўся, доктар замаўчаў, відавочна, нешта ўспамінаючы. — Калі прыйшло паведамленне пра брата, адразу паўстала пытанне аб адпраўцы Кацярыны ў дом інвалідаў, але быў яшчэ вырыянт: аформіць дзяўчыну пры бальніцы пасудамыйкай. Так я і зрабіў. Ёй вылучылі невялікі пакойчык, і з таго часу Кацярына жыве ў нас: і працуе, і пад наглядам.
Сімановічу, відавочна, цяжка давалася размова. Ён не мог нават сабе патлумачыць, навошта гаворыць пра хворую незнаёмаму, старонняму чалавеку, які толькі калісьці ведаў яе брата. Але доктар чамусьці адчуваў, што павінен гаварыць як мага больш, вось толькі чаму? Ён, быццам шукаючы апраўдання, дастаў з шуфляды стала пульхную зялёную папку з белымі матузкамі.
— Вось гісторыя хваробы...
1 раптам Сімановіч зразумеў прычыну нечаканай прыхільнасці да невядомага: яму проста прыемна бачыць, гаварыць з чалавекам, якому неабыякавы лёс Кацярыны. За ўсе гады, што яна ў бальніцы, упершыню хтосьці старонні цікавіцца хворай, якую ён любіць, як родную дачку. Вось чаму нязграбны, пануры волат, што сядзіць насупраць і не ведае, куды дзець рукі, яму сімпатычны. Ён шчыра, а гэта відаць па вачах і паводзінах, перажывае за Кацярыну, і аднаго гэтага ўжо дастаткова, каб Сімановіч, на
колькі магчыма, даверыўся чалавеку, расказаў пра сваю любіміцу.
I ўсё ж усёй праўды ён не раскажа ні гэтаму здаравяку, ні начальству, ні каму іншаму, хіба толькі Усявышняму ў судны дзень... А праўда была, горкая, злая, недарэчная, але была...
Кацярыну Сімановіч вылечыў. Так, праз два месяцы з дня паступлення ў бальніцу хвароба адступіла. Але здарылася надзвычайнае, у рукі псіхічнахворых трапіў ключ. Ключ такі, як у пасажырскіх вагонах цягніка: адным адамкнеш усе дзверы. Ноччу напярэдадні, калі Кацярыну Мароз рыхтавалі да выпіскі, гурт псіхічнахворых мужчын прабраўся ў жаночае аддзяленне, і Кацярыну разам з другой хворай згвалцілі. Пасля гэтага Сімановіч ужо нічога не змог зрабіць. Ён напалохаўся, і ў першую чаргу за сябе, за кар'еру, таму ўсё засталося шыта-крыта.