Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Петэрс прамаўчаў. Ён разумеў, што Андрэй і сапраўды шкадуе былога сябрука. Але ён з вопыту ведаў, што ў раскрыцці злачынстваў, і асабліва забойстваў, нельга пагарджаць ніводным шанцам, тым больш у дадзеным выпадку. Затрымай Астроўскі выканаўцаў "забойства капітана Бусла" і таго другога, якога называлі Гнілым, — і адразу зможа выйсці
на арганізатараў злачынства, пацягнецца шнурочак...
— Петэрс, — Бусел паспрабаваў усміхнуцца, але ўсмешка атрымалася нацягнутай, штучнай, — што здарылася, чаму Мароз і Прышч так цябе ўсхвалявалі? Нам ёсць чым займацца, а прыйдзе час...
— Яны — забойцы, і гэтым усё сказана!
— Ну, добра, пераканаў. Толькі няхай Астроўскі спярша папрацуе са "слухачом". Калі шчыра, дык мне не хочацца, каб у зводцы ішло імя Мароза, на дадзеным этапе гэта пашкодзіць нашым вышукам.
— А мы папярэдзім Астроўскага, — пацяплелі вочы ў Зондакса. Ён падхапіў сябра пад руку, пацягнуў да ўвахода ў "Бульбяную". — Непадобна, каб ты агаладаў...
Дождж перастаў, але пранізлівы, злы вецер не аціхаў. Ён парывіста налятаў на прахожых, якія туліліся бліжэй да дамоў, шукаючы за тоўстымі сценамі часовага паратунку, шкамутаў вопратку, ірваў парасоны. Цяжкія нізкія хмары, амаль чапляючыся за дахі дамоў, пагрозліва сунуліся на горад, запаланялі неба і, здавалася, цікавалі, чакаючы зручнага моманту, каб абрынуцца на ўсё жывое халодным дажджом ці калючым градам. Гледзячы на непагадзь, было цяжка, амаль немагчыма ўявіць, што ў гэтую самую хвіліну дзесьці на зямлі цёпла, свеціць зыркае і ласкавае сонца, а стомленыя людзі, наадварот, шукаюць цянёк, каб схавацца ад спёкі.
Кавярня з адмысловай шыльдай "Бульбяная" сустрэла прыемным цяплом, утульнасцю, пахам хлеба, смажанай бульбы і кавы.
— Тут, як заўсёды, добра, — аглядаючы доўгую залу, зазначыў Бусел.
— I а.маль нічога не змянілася, — пагадзіўся Зондакс. — Памятаеш, як мы курсантамі, атрымаўшы стыпендыю, шыкавалі?
— Час бяжыць, — па-філасофску згадзіўся Бусел і, займаючы месца за столікам, з выклікам паглядзеў на сябра. — Сёння я гатовы паўтарыць твой рэкорд.
— Пяць двайных порцый? — весела засмяяўся Зондакс.
— Пяць! — Бусел шматзначна паглядзеў на расчырванелага Петэрса і, жартаўліва надзьмуўшы шчокі, "пакрыўджана" ўздыхнуў: — Я памятаю не толькі дранікі...
— Ты пра што?
— He пра што, а пра каго.
Зондакс запытальна глядзеў Буслу ў вочы, сілячыся зразумець, куды хіліць сябрук.
— Я пра Вераніку... Запрасіў дзяўчыну на вечарыну я, а замуж выйшла за цябе...
— Тут, брат, нічога не папішаш, — загарэліся вочы ў Зондакса, — выбіраюць лепшых...
— Ты з гэткім пузам — лепшы? — пажартаваў Бусел.
— Па-першае, табе, старому халасцяку, трэба ведаць, што справа не ў пузе, па-другое, ты адмовіўся танчыць з Веранікай і перадаў яе мне.
— Толькі на адзін танец...
— Запозненыя прэгэнзіі, — Зондакс гучна рагатнуў, адсунуўся ад стала. — I трэцяе: Вераніка, напэўна, наперад ведала пра твае сённяшнія пакуты. Якая жонка сцерпіць такога мужыка?
— Што праўда, то праўда, — гледзячы ў запацелае акно, пасур'ёзнеў Бусел і трошкі цішэй дадаў: — Тваёй машынай зацікавіліся.
Зондакс прыўзняўся з крэсла, зірнуў на вуліцу. Каля машыны і сапраўды важна хадзіў міліцыянер, перапаясаны белымі рамянямі, з жэзлам у руцэ.
— А мы нікуды не спяшаемся, — цень заклапочанасці лёг на твар Петэрса. — Пэўна, ён на такой слоце доўга не вытрымае.
— Дрэнна ведаеш нашых даішнікаў...
Бусел не дагаварыў. Міма століка на высачэзных абцасах працокала пышнагрудая чорнавалосая афіцыянтка. Яна прыпынілася, трошкі павагалася, перш чым прыняць рашэнне і самой убачыць тое, што прыляпіла да акна мужчын-кліентаў. Цікаўнасць перасіліла, жанчына наблізілася, з-за Буславага пляча зірнула на вуліцу і спачувальна вынесла прысуд:
— Капец вам, хлопчыкі, не адкруціцеся. Гэты даўгалыгі заўсёды тут пасецца.
Сябры прыхільна ўсміхнуліся і, не згаворваючыся, згадаўшы даўнюю курсанцкую звычку-рытуал, у адзін голас, як па камандзе, сцішана рыкнулі:
— Хочам дранікаў!..
Афіцыянтка ад нечаканасці адхіснулася, нават разгубілася, але імгненна ўзяла сябе ў рукі, выцягнула з вялікай кішэні фартуха занатоўнік, жоўтую самапіску.
— Пэўна, вы — ваякі? — яна крыху пачырванела, прыкусіла ніжнюю губу і таропка дадала: — Хоць на іх і не падобныя...
Бусел і Зондакс няспешна палуднавалі, вялі нязмушаную гаворку, у асноўным успамінаючы гады вучобы, знаёмых, сяброў. Петэрса трошкі раздражняла, што Бусел наўмьюна ўнікае гаварыць пра сённяшняе, набалелае. Ён некалькі разоў спрабаваў змяніць тэму, перавесці размову ў патрэбны накірунак, абмеркаваць, што рабіць далей, але Бусел, пачуўшы пра Астроўскага і Мароза з Прышчом, апускаў вочы і з алімпійскім спакоем засяроджана распраўляўся з чарговай порцыяй дранікаў, пэўны час маўчаў, а потым зноў узгадваў тое, што было ў студэнцкія гады. Было відавочна, што Бусел робіць гэта наўмысна. Петэрс прыгадаў ранішнюю гаворку ў гатэлі і, каб пераканацца ў тым, што сябра задумаў нешта зрабіць без яго, пайшоў у наступ.
— Андрэй, давай пагаворым пра Вожыка.
Бусел кінуў на Зондакса здзіўлены позірк, адсунуў ад сябе талерку, выпіў шклянку шыпучага ліманаду і абыякава зазначыў:
— Вожык — не галоўная фігура ў гульні.
— Астроўскі павінен пра яго ведаць, раптам намацае які ключык?
— He веру, каб маёру ўдалося схіліць зэкаўскага "аўтарытэта" да шчырасці, марная трата часу. Факты сведчаць, і ты, пэўна, згодзен, што сярод нашых ёсць здраднік.
— Згодзен, — задаволены тым, што ўдалося раскатурхаць сябра, паспешліва згадзіўся Петэрс і, хаваючы ўсмешку, дадаў: — А цяпер выкладвай, што задумаў, і май на ўвазе, у Ракаў я не паеду, начаваць буду ў гатэлі!..
— Бліны стынуць, — незадаволена буркнуў Бусел і, спрытна ўпраўляючыся нажом і відэльцам, пачаў таропка запіхваць у рот ладныя кавалкі падсмажаных, пахучых бульбянікаў.
Па хітраватых, дабрадушна-лагодных позірках Зондакс зразумеў, што трапіў у кропку: Андрэй і сапраўды нешта хацеў зрабіць употайкі ад яго, але не прыспешваў, настойліва чакаў.
— Ну ты і язва, — расправіўшыся з абедам, прыхільна прабурчэў Бусел.
— А ты не хавайся за балбатнёй, — гледзячы на гадзіннік, сур'ёзна прагаварыў Зондакс. — Выкладвай, што надумаў!
Бусел пасур'ёзнеў, бровы сышліся на пераноссі, учэпістыя вочы запрамяніліся нецярпеннем.
— Я згодзен з табой, без падтрымкі нам не абысціся. Сарока ў камандзіроўцы, з'явіцца толькі праз тыдзень, значыцца, трэба шукаць у саюзнікі кагосьці іншага.
— Напрыклад, лейтэнанта Сушынскага ці маёра Астроўскага? — падахвоціў Бусла Зондакс.
— Так, толькі Сушынскі — малая сошка, не валодае аніякай інфармацыяй. Астроўскі — іншая справа, але не хочацца рызыкаваць.
— Значыць, Сушынскі, — загарэўся Зондакс. — Неблагая задумка, толькі трэба маралыза падрыхтаваць лейтэнанта, усё ж афіцыйна ты — мярцвяк.
Бусел згодна кіўнуў і, крыху памаўчаўшы, з нясцярожлівай усмешкай сказаў:
— Ты зоймешся Сушынскім, а я планую ўладкавацца на працу, напрыклад, на фармацэўтычную фабрыку.
— Таксама неблагая ідэя, — разважліва прабасіў Петэрс, у голасе пачуліся сухаватыя трывожныя ноткі. — Канечне, дзе нітка — там і клубок, толькі не адны мы пра гэта ведаем.
— Маеш на ўвазе Астроўскага?
— Яго, — усміхнуўся Зондакс і з дабрадушнай мінаю на твары дадаў: — Давай, таварыш капітан, трошкі пакумекаем, патрывожым шэрае рэчыва. Астроўскі займаецца фармацэўтычнай фабрыкай і, канечне, нашпігаваў яе агентурай. Так?
— Так. 1 што з таго?
— А тое, што, калі на фабрыцы з'явіцца новы чалавек, гарантую: на другі дзень твой фотаздымак будзе ляжаць у маёра на стале, і, б'юся аб заклад: капітана Бусла ён пазнае. Думаю, лепшае, што мы можам, — гэта схіліць да супрацоўніцтва Сушынскага, а потым патэлефанаваць Астроўскаму і паведаміць пра знаходкі на тваёй кватэры.
На вуліцы каля машыны іх чакаў міліцыянт. Пераможная ўсмешка скрывіла ссінелыя ад холаду тоў-
стыя вусны, калі ён убачыў Петэрса, гаспадара "Жыгулёў". Бусел, каб лішні раз не назаляць вочы, узяў у Зондакса ключы і адразу залез у машыну. Праз вільготнае запацелае шкло ён бачыў, як сябра прад'явіў шафёрскія дакументы, а праз хвіліну паказаў міліцыянту і чырвоную кніжачку, па ўсім, пасведчанне камісара паліцыі. Старшына доўга і ўважліва вывучаў дакумент, потым вярнуў яго гаспадару, выцягнуў свае паперы і самапіску. Зондакс нешта яму гаварыў, махаў рукамі, паказваў на іншыя машыны, што стаялі ў забароненым месцы. Міліцыянт у адказ ківаў галавой і запаўняў паперу. Потым разарваў дакумент, палову працягнуў Петэрсу. Той прачытаў, дастаў партманет, адлічыў грошы...
Калі з'ехалі з тратуара і Зондакс выруліў на дарогу, Бусел, ледзь стрымліваючы смех, выдыхнуў:
— Ты да паўсмерці напужаў старшыну.
— Першы раз сустракаю такога... — крыкам узарваўся Зондакс. — Кажу, вы больш гадзіны пад дажджом нас чакалі. А ён: "Ну і што!" Кажу, што за гэты час аштрафаваў бы дваццаць парушальнікаў: які рэзон чакаць аднаго? А міліцыянт: "Вы таксама парушальнік..." Пытаюся: дзе ж логіка, чакаць аднаго, а міма беспакарана нясецца сто? Ведаеш, што ён адказаў? — Зондакс не ўцярпеў і таксама засмяяўся. — Кажа: "Я прынцыповы. Настаўнік у мяне быў, дык ён чакаў зімой у трыццаціградусны мароз. Яго радыкуліт скруціў, шчокі, вушы абмерзлі, прахожыя "хуткую дапамогу" выклікалі, дык, пакуль па змене машыну не перадаў, у бальніцу не паехаў..."
Пасля таго як камісар паліцыі з Латвіі пакінуў аддзел міліцыі, у лейтэнанта Сушынскага з’явілася нейкае незразумелае пачуццё трывогі. Непадсвядома, самі па сабе ўзнікалі пытанні, на якія лейтэнант не знаходзіў адказу.
"Што на самай справе цікавіла гэтага таўставатага рухавага камісара? — губляўся ў здагадках Сушынскі. — Ці ж толькі матэрыялы следства? Ён — не навічок, вопытны сышчык, не мог не ведаць, што матэрыялы па забойству капітана Бусла канцэнтрыруюцца ў пракуратуры. Там — мазгавы цэнтр, там усё плануецца. Але ж ён прыйшоў да маёра Сарокі.
Канечне, яны даўнія знаёмыя, сябры, толькі чаму Зондакс здаволіўся размовай з ім, маладым лейтэнантам, які не валодае аніякай інфармацыяй? Лагічна было б, калі б гэты камісар зайшоў да кіраўніка аддзела міліцыі, хоць бы да Валасевіча, начальніка крымінальнага вышуку, толькі Зондакс гэтага не зрабіў. Чаму ён з такой настойлівасцю дапытваўся пра фотаздымак? Наватдля сябе папрасіў копію, быццам гэта адзінае, што засталося напамінам пра сябра... I ўсё ж дзе дзелася, каму спатрэбілася мая фотка?"—шпацыраваў па кабінеце Сушынскі.