Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
люшчыць вочы на мае выпадковыя заляцанні выгадна ў першую чаргу ёй. Калі гэта ўвесь кампрамат, то, выбачайце, нам няма аб чым гаварыць.
Караленя з выглядам пераможцы зашпіліў гузікі на кашулі, сунуў у кішэню гальштук і, яшчэ раз агледзеўшы пакой, падышоў да сцяны, утаропіўся ў танны нацюрморт, на якім на ненатуральна блакітным разносе была рассыпана гара чырвоных яблыкаў. Якраз пасярэдзіне зіхацела шклом чорнае вока фотакамеры.
— Адсюль вы мяне фатаграфавалі? — стоячы спінай, спытаў Караленя і, уздыхнуўшы, дадаў: — Дзяшоўка! Я вас не баюся, плюю на вашу шкуру Ядвігу Станіславаўну, хоць трэба аддаць ёй належнае — ноч была незабыўная.
Караленя хутка апранаўся, чакаючы, што скажа Калеснік, які задумліва і, здавалася, безуважліва разглядаў бурштынавага колеру каньяк. Па твары блукаў загадкавы цень.
— Што ж, я рады за вас, — не мяняючы паставы, уздыхнуў Калеснік і зрабіў глыток прама з бутэлькі. — Першы "экзамен" вы вытрымалі, але ж, самі разумееце, што гэта толькі пачатак, адным словам — разведка боем. Цяпер галоўнае. Вы памыляецеся, калі думаеце, што фотаздымкі сённяшняй ночы я пашлю жонцы. He, яны лягуць на стол генеральнага пракурора з тлумачальнай запіскай аб вашай дзейнасці на карысць адной фірмы, назву, пакуль што, узгадваць не буду. Вам цікава даведацца, што будзе ў той запісцы? — Калеснік зірнуў на сцішанага Караленю, які ўвесь ператварыўся ў слых, і, не чакаючы адказу, з напускной лянотай у голасе працягваў: — Цяпер сакрэту няма, там будзе напісана не пра амаральныя паводзіны дэпутата Каралені, а пра тое, як ён сотні тон нафты і каляровых металаў роўненька справадзіў у Прыбалтыку, дзе гэты каштоўны і патрэбны для рэспублікі тавар бесследна знік. Грошы, вядома, заўсёды маюць гаспадароў, і я падкажу пракурору, дзе і як Караленя іх атрымаў, а калі і гэта "дзейнасць" будзе ацэнена як "шаласць", то я ведаю аднаго чалавека, які гатовы пайсці з павіннай, канечне, па маёй просьбе, і прызнацца ў забойстве банкіра, назавём яго "Д". Пэўна чулі: годтаму прышылі чалавека, і з канцамі?.. Але ж самае цікавае ў гэтай гісторыі, што грошы за-
бойца атрымаў ад аднаго прыбліжанага да ўлады чалавека, дарэчы, таксама, як і вы, дэпутата, якога хлебам не кармі, а дай пакрасавацца на людзях, перад тэлекамерамі, а прозвішча ягонае...
— Хопіць!.. — рэзка крыкнуў Караленя і сціснуў кулакі.
— Ды вы гэтага дэпутата павінны ведаць, — не зважаючы на Караленю, здзекліва кпіў Калеснік, — прозвішча ягонае, як і вашае, пачынаецца з літары "К". Здагадаліся?! Так што, Іван Фёдаравіч, я вас не затрымліваю, не маю права, паспяшайце. За вуглом вазьміце таксоўку і праз паўгадзіны будзеце ў родных апартаментах. Толькі ці надоўга?.. Ідзіце, Іван Фёдаравіч, дзверы не зачынены.
Калеснік замаўчаў, скоса зірнуў на ачмурэлага Караленю, па-блазенску ўсміхнуўся. У пакоі надоўга запанавала падазроная, трывожная цішыня, і нават трамвай, што глуха прагрукацеў на соннай ранішняй вуліцы, не змог парушыць яе нацятай напружанасці. Караленя доўга стаяў спінай да Калесніка ў прачыненых на кухню дзвярах, потым, адчайна махнуўшы рукой, нешта прамармытаў, крутнуўся ў пакой, на хаду скінуўшы плашчоўку, якая нячутна слізганула з шырокіх плячэй на падлогу. Караленя рэзка прыпыніўся і зласліва, з нейкім шаленствам, якое нечакана вырвалася на волю, садануў плашчоўку нагой раз, другі. У кішэні жалобна дзынкнулі ключы, нешта трэснула. Калеснік моўчкі чакаў, што будзе далей. Караленя, азвярэлы ў сваёй рашучасці, з выклікам зірнуў на Калесніка, выхапіў з рук крыўдзіцеля бутэльку з каньяком і з рыльца адным духам да дна асушыў бурштынавы напой.
— Аказваецца, раніцай п'юць не толькі дэгенераты, а і дэпутаты, — не ўцярпеўшы, незласліва ўпікнуў Караленю Калеснік і, не тоячыся, зларадна засмяяўся. Ён разумеў, што справа зроблена.
— А пайшоў ты к чорту, шантажыст! — з непрыхаванай злосцю ўзвысіў голас Караленя і, стрымліваючыся, каб не сарвацца на крык і гэтым не паказаць сваю разгубленасць і слабасць, стрымана, але з відавочнай пагрозай выдыхнуў: — Сёння ты перамог, але ж будзе і на маёй вуліцы свята...
Вусны Калесніка кранула ледзь прыкметная ўсмешка.
"Так будзе заўсёды", — зларадна падумаў ён, a ўслых з падкрэсленай дзелавітасцю прапанаваў:
— Пяройдзем да справы?
Караленя скоса зірнуў на Калесніка, моўчкі зрабіў некалькі крокаў да шырокай, як не на ўвесь пакой, канапы і плюхнуўся на бялюткія прасціны, на пульхныя падушкі, набрынялыя цяплом і пахам начной спакусніцы. Але Ядзя Купрэйчык нядаўняга закаханага кавалера больш не кранала, не цікавіла і не хвалявала, хоць недзе ў глыбіні душы, прыглушаючы злосць на жанчыну, ён усё ж спадзяваўся на сустрэчу. Думкі былі скіраваныя да незразумелага і таямнічага Калесніка. Калі папраўдзе, дык Караленя даўно рыхтаваўся да гэтай сустрэчы, нават чакаў. Ён разумеў, штострыманы, маўклівы Калеснік прадстаўляў пэўную крымінальную групоўку. Караленя быў рэалістам, не камплексаваў наконт маралі, грамадзянскага і службовага абавязку, і тое, што Калеснік ведае праўду пра ягоныя махлярствы, штурхала да рашучых, неадкладных крокаў. Ён ліхаманкава думаў, разважаў, сіліўся здагадацца аб планах Калесніка і тых, хто за ім стаіць. Вельмі ж дорага каштаваў кампрамат, якім валодаў Калеснік!.. Ад адной думкі, што станецца з ім, Караленяй, калі інфармацыя трапіць у пракуратуру ці, крый Божа, у газеты, рабілася дрэнна, блажэла. Але ж быць на кручку ў мафіі, хадзіць у халуях, рабіць усё, што загадаюць, і — толькі за волю — яму не хацелася. Так, Караленя чакаў, нават планаваў сустрэцца з вараціламі ценявога бізнесу, але ж на роўных... Супрацоўніцтва павінна было прынесці добрыя "барышы". А што цяпер?..
— Па-першае, мяне цікавяць абавязкі, — расцягваючы словы, здалёк пачаў Караленя і, свідруючы Калесніка затоена-нецярплівым позіркам, трывожна дадаў: — А па-другое, колькі мае паслугі будуць каштаваць?
Калеснік не спяшаўся адказваць. Ён улавіў у словах суразмоўцы прыхаваную трывогу і добра разумеў яе прычыну.
— Работа так сабе, плёвая, — рэзка устаў на ногі Калеснік. — А вось заробак абяцаю ніштаваты, — не зважаючы на здранцвелага, з бегаючымі вочкамі Караленю, упэўнена прагаварыў Калеснік і надоўга замаўчаў.
— I ўсё ж, што я павінен рабіць? — не вытрымаў, прысеў на канапе Караленя і выцер далонню спатнелы лоб. — Па рабоце і плата, — нясмела дадаў ён і праз сілу штучна рагатнуў.
— Ну, ты! — гнеўна бліснуў вачыма Калеснік і, відавочна стрымліваючыся, пагрозліва працадзіў: — Свой ідыёцкі смех і тым больш торг забудзь раз і назаўсёды, будзеш рабіць тое, што скажу, не то...
Караленя дрыготкімі рукамі схапіў бутэльку, што сіратліва высілася на тумбачцы, і, не зважаючы, што яна пустая, перакуліў у рот, расчаравана ўздыхнуў, паставіў на месца.
— Для пачатку мне патрэбна льготная растаможка на мытні на харчовыя тавары і надзейныя паперы на транзіт праз Беларусь у Расію, — сказаў Калеснік.
— I гэта ўсё? — п'янавата цмокнуў губамі павесялелы Караленя.
— He, яшчэ патрэбна твая дыпламатычная недатыкальнасць. Дэталі абгаворым пасля, каб весялей глядзеў на белы свет, абяцаю з кожнай здзелкі адзін працэнт з прыбытку.
— Малавата для чалавека майго рангу...
— I ў дадатак — жыццё на волі, — засмяяўся Калеснік і шчоўкнуў тумблерам магнітафона, замаскіраванага ў скарбонку, якая стаяла на падаконні, выцягнуў шнур мікрафона, кінуў на падлогу. — Наша размова таксама запісана, так што, шаноўны Іван Фёдаравіч, цяпер мы запрэжаны ў адны сані.
Караленя не адказаў. На ягоным п'янаватым, абыякавым твары застыў цень безвыходнасці. Ён устаў, падняў з падлогі плашчоўку, накінуў на плечы, наставіў невялікі каўнер і накіраваўся да выхаду. У дзвярах прыпыніўся і, не гледзячы на Калесніка, паціснуў плячыма:
— Усё для мяне зразумела, толькі не магу дапетрыць, навошта падсунуў бабу. Компры хапае на некалькі чалавек...
— У такой сітуацыі гучыць непераканаўча, нават абразліва, але хацелася зрабіць табе прыемнае, — выскаліўся Калеснік і весела, смакуючы сітуацыю, па-блазенску зарагатаў: — Б'юся аб заклад: праз тыдзень ты будзеш шукаць сустрэчы з Ядзькай.
— Мне б яшчэ выпіць, — з цяжкасцю праглынаючы даўкі камяк, што нечакана падкаціў пад самае горла, папрасіў Караленя і, спатыкнуўшыся аб парог, паволі пасунуўся на кухню.
— А калі сур'ёзна, — ідучы следам, пераможна працягваў Калеснік, — то карта, разыграная Ядзяй, — казырная.
Караленя п'янавата хіхікнуў, вусны гідліва скрывіліся, як ад кіслага.
— He трымай мяне за дурня! — Ён, ікнуўшы, хістануўся да халадзільніка, расчыніў рыўком дзверцы, ажно забразгатала шкло. Ён сіліўся сказаць пра палюбоўніцу нешта абразлівае, доўга шукаў патрэбнае слова, але Калеснік не стаў слухаць.
— Сёння ноччу Ядзя выбіла ў цябе з-пад ног апошнюю надзею, як кажуць, кропку апоры, якая называецца сям'ёй. Ты — бацька, муж, таму дзеці і жонка ў першую чаргу будуць верыць твайму слову, а ўжо потым іншым, хто б што ні гаварыў. У іх вачах махлярствы і іншыя шматлікія злачынствы ператворацца ў пыл, дастаткова табе сыграць ролю пакрыўджанага, зняважанага чалавека, якога падставілі зайздроснікі і ліхадзеі. А цяпер уяві адносіны родных пасля прагляду відэастужкі, фотаздымкаў падзей сённяшняй ночы. Ты не сядзеў у турме, табе не снілася луста чорнага нясоленага хлеба, цябе не прайгравалі ў карты... Але ўсё гэта — туфта ў параўнанні з тым, што ты застаўся адзін і на волі цябе ніхто не чакае, ты нікому не патрэбен... Выйсця няма, як кажуць матросы, ты апускаешся ніжэй ватэрлініі, а там...
— 3 любога становішча ёсць выхад! — нечакана для сябе рыкнуў Караленя і да болю ў пальцах сціснуў бутэльку з гарэлкай, якую ўхапіў з халадзільніка.
Калеснікавы словы нечакана балюча секанулі па сэрцы, ускалыхнулі, ад хвалявання занудзіла. Караленя мог уявіць сябе галодным і за турэмнымі кратамі, але пра тое, што пачуў, ніколі не думаў. Толькі цяпер да яго дайшоў сэнс Калеснікавай "казырнай карты"...
Ядвіга Купрэйчык пасля бяссоннай ночы адчувала сябе кепска, душу раздзіралі сумненні і незадаволенасць. Што б ні рабіла, з кім ні размаўляла, ніяк не
магла засяродзіцца на рабоце, пазбавіцца наслання: у вачах стаяў Калеснік і зларадна пасміхаўся. Ядзя даўно звыклася з думкай, што ў любы момант ёй могуць зацікавіцца праваахоўчыя органы, неяк прызвычаілася, зжылася. Сустрэча з Караленяй міжвольна выбіла з каляіны, прымусіла часцей біцца прагнае да ласкі і кахання жаночае сэрца. У нейкі момант адчула, што не ўсё згублена, яна можа кахаць і быць каханай. Толькі... Так, мёнавіта быццам бы гэтае слова перашкаджала, было непераадольным, бо за ім стаяў Калеснік са сваёй хеўрай. А Караленя ёй падабаўся, нават вельмі, але ж цяпер гэта не мела аніякага значэння. I ўсё ж у глыбіні душы цеплілася надзея на сустрэчу. Ёй не хацелася, каб ён кепска думаў пра яе.