Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
— Што праўда, то праўда, — па-гаспадарску ўладкоўваючыся за сталом, рагатнуў, выскаляючы жоўтыя зубы, Мікола, — нюхаўка — гэта барометр, чуе ці кулак, ці яе, радзімую. — Ён ухапіў бутэльку, але
наліваць не стаў, скасавурыўся прыплюснутым вокам на гаспадыню. — Васільеўна, дзела такое, пэўна, адной не абысціся?
— He твой клопат, — паблажліва азвалася жанчына і, абыякава махнуўшы рукой, дадала: — Пачынайце без мяне, я Ляльку пакармлю.
Пасля першай чаркі Петэрс не паспеў праглынуць скрылёк салёнага гурка, а Мікола зноў хуценька напоўніў, ваўкавата азірнуўся на дзверы, за якімі знікла жанчына.
— Ну, за ўсё добрае...
Ён каўтануў, Зондакс толькі прыгубіў. На нейкі момант запанавала цішыня. Цыганаваты, амаль не жуючы, праглынуў тое, што было ў талерках, разпораз кідаючы прагныя позіркі на напаўпустую бутэльку. Раптам ён, нешта ўзгадаўшы, спахапіўся, змахнуў далонню з вуснаў хлебныя крошкі, п'янавата ўсміхнуўся.
— Будзем знаёмыя — Мікалай, — цыганаваты працягнуў жылістую руку. Цяпер ён выглядаў добрым і лагодным, на шчоках і шыі праступілі ружовыя плямы, у глыбокіх зморшчынах на лбе бісерам блішчэлі кроплі поту.
— Петэрс, — стрымана паціснуў руку Зондакс.
— Нярускі, што лі? — шчыра здзівіўся Мікалай. Ая чую, гаворыш как-та не так.
— Рускі, — каб не ўвязвацца ў доўгія тлумачэнні, схлусіў Петэрс, — але нарадзіўся і жыў у Латвіі, a цяпер вось у Мінску.
Цыганаваты зноў напоўніў шклянкі, а дакладней, толькі сваю, і скоса зірнуў на Зондакса.
— Чаму не п'еш? Хворы? — I, не чакаючы адказу, зрабіў сваё тлумачэнне: — Ваш брат-электрык шануе гарэліцу. Мая хата на другім баку вуліцы, суседзі мы з Васільеўнай. У мінулым годзе праводку мяняў, дык змучылі электрыкі ўшчэнт, прапілі ўсё, што можна, а вось цябе не прыпомню.
— Новы я, месяц, як уладкаваўся...
— Яно і відаць, яшчэ не асвойтаўся, сумленне маеш, — Мікалай колькі часу памаўчаў, быццам збіраючыся здумкамі і шматзначна паглядзеўшы на Зондакса, з'едліва дадаў: — От надзелалі, так надзелалі!..
— Вы пра што?— не зразумеў Петэрс.
— А ўсё пра тое, — стукнуў сябе кулаком у грудзі цыганаваты, — дзяржаву без вайны зруйнавалі, рускаму чалавеку жыць негдзе...
— Ужо гатоў, сеў на любімага коніка, — упікнула Міколу нячутна ўвайшоўшая гаспадыня.
— Я праўду кажу! — ускіпеў цыганаваты і секануў рукой паветра, жалобна дзынкнула на стале шкло. — Чаму ўчастковы на цябе састаўляў пратаколы, не дазваляў Карпаву жыць без прапіскі? Ён жа таксама рускі, бежанец, толькі з Каўказа. Гэты, — ён кіўнуў на Зондакса, — уцёк з Прыбалтыкі, той — з Каўказа...
— Дзякуй Богу, што не прыжыўся твой Карпаў, — стомлена сядаючы на вольную табурэтку, цяжка ўздыхнула жанчына. — Наабяцаць — вы ўсе майстры, а як да справы — задаў лататы, толькі і бачылі.
— Эх, Васільеўна, — Мікола падміргнуў Зондаксу, — грэбуеш, чым я не гаспадар? I на што іншае яшчэ спатрэблюся... Быў час, не так пазірала. Памятаеш нашыя шуры-муры?..
— От пустабрэх, языком, як памялом! — незласліва буркнула гаспадыня. — Калі тое было дый ці было? А гаспадар з цябе, Мікалай, неважнецкі, сваё хазяйства прапіў і маё на вецер пусціш. Карпаву наконт гэтага ты не раўня.
— Выкінь яго з галавы, адрэзаны кусок...
Пачуўшы пра Карпава, Зондакс зразумеў, хто Вожык і каго трэба шукаць. Задача спрошчвалася, бо гэты чалавек трапляў ужо ў поле зроку міліцыі, няхай сабе і за парушэнне пашпартнага рэжыму. Больш Петэрса тут нічога не цікавіла, і ён, развітаўшыся, пакінуў хату з дзіўнаватай гаспадыняй, цыганаватым Міколам і, канечне, свіннёй, якую, пэўна, гэтая Васільеўна любіць больш, чым сённяшняга кавалера і ўчарашняга Карпава, разам узятых.
У той жа вечар Зондакс нагрузіў работай лейтэнанта Сушынскага, а праз два дні ўжо поўнасцю валодаў інфармацыяй пра Карпава. Раней неаднаразова судзімы Карпаў сапраўды меў мянушку Вожык. Ураджэнец і жыхар Мінска, праўда, мелася адзнака, што ён выпісаны са сталіцы да нейкай да-
лёкай сваячкі ў мястэчка Лужкі, што на Віцебшчыне. Вядома, у тых Лужках пра Карпава ніхто ніколі не чуў. Выходзіла, што Вожык — ніякі не бежанец, a чалавек без месца жыхарства, нелегал. Зондакс быў упэўнены, што вышук Карпава сам па сабе нічога не дасць, спадзяванне на тое, што "злодзей у законе" пралье святло на падзеі, звязаныя з забойствамі, выглядала смешным. I ўсё ж Петэрс папрасіў Сушынскага аб'явіць вышук. Карпаў — звяно паміж заказчыкамі забойства і выканаўцамі. А той факт, што ён сышоў, а дакладней, збег з хаты Малінінай, не прыхапіўшы нават асабістыя рэчы, прымушаў думаць пра прычыну. Але пасля чарговай сустрэчы з Сушынскім сітуацыя нечакана памянялася, і пошук Карпава давялося прыпыніць. Па фотаздымку, які перадаў Зондакс, лейтэнант усё ж адкапаў у картатэцы чалавека, якога забілі і пахавалі як капітана Бусла. Гэтая навіна акрыліла Зондакса, ён з цяжкасцю стрымліваў нецярпенне, хацелася хутчэй падзяліцца радасцю з Буслам. Сушынскі, убачыўшы, як засвяціліся вочы латышскага камісара, калі пачуў пра чалавека на фотаздымку, .іранічна ўсміхнуўся.
— Спадзяюся, што ў гэтым і сапраўды была пільная патрэба...
Зондакс зразумеў непрыхаваную іронію. Сышчык некалькі дзён перакладваў паперкі ў пыльны.м архіве, а ён разлічваў на актыўныя дзеянні, важныя аператыўныя заданні па раскрыцці забойства капітана Бусла.
— Вы зрабілі вельмі важную справу,— узнёсла выдыхнуў Зондакс. Ён хацеў дапоўніць, кінуцьяшчэ некалькі "важкіх" слоў, якія звычайна гаворацца ў такіх сітуацыях, але Сушынскі разкавата перапыніў:
— Петэрс Янавіч, не трэба, проста давярайце мне...
Зондакс зрабіў выгляд, што не пачуў апошнія словы. Ён бегла праглядзеў інфармацыю пра чалавека з фотаздымка і, хаваючы паперы ў кішэню, як ні ў чым не бывала, з сур'ёзным выглядам паставіў задачу Сушынскаму:
— Цяпер архіважнае: шукайце чалавека, які пакінуў адбіткі на прапаўшым з вашага стала фотаздымку. А на мяне не крыўдуйце, я і сапраўды шмат што замоўчваю. Але прыйдзе час, і вы пагодзіцеся: сённяшняя паслуга неацэнная.
Зондакс развітаўся з прыціхлым сышчыкам, які амаль паверыў у важнасць зробленага, і, паабяцаўшы праз дзень патэлефанаваць, таропка пакінуў аддзел міліцыі. Яму карцела хутчэй прынесці прыемную навіну Буслу, ён разумеў, што з гэтай хвіліны раскрыццё злачынства набывае іншы накірунак. Яны цяпер не падобныя да сляпых кацянят, ведаюць, што рабіць.
Бусел чакаў на суседняй вуліцы. Ён стаяў каля машыны і, размахваючы рукамі, нешта тлумачыў коратка стрыжанаму чалавеку ў тоўстым шэрым світэры. Трошкі наперадзе "Жыгулёў" мясцілася вялізная, доўгая фура і рытмічна гула, выплёўваючы ў паветра чорныя клубы дыму.
— Паедзеце прама, на другім святлафоры — налева, потым на скрыжаванні — направа, там і будзе вуліца Кнорына. Зразумела?
— Я, я, гут, — заківаў шафёр замежнай фуры і сур'ёзна па паперцы прачытаў: — Как ехат улнца Кнормньш, завод "Термопласт"?
— Цьфу ты, — узрушана прагаварыў Бусел, — пятый раз кажу...
— Шпрэхен зі дойч? — перапыніў сябра Зондакс.
— Я, я, — павесялела ўскрыкнуў немец і, стукнуўшы кулаком у грудзі, выскаліўся: — Дойчланд!
— Іх фарэ форнэ, — Зондакс па-дружбацку ляпнуў шафёра па плячы і прычыніў дзверцы "Жыгулёў". Немец сарваўся з месца і подбегам кінуўся да сваёй машыны, гундосячы на хаду: "Как проехат улмца Кнормньш?.."
— Што ты яму сказаў? — пацікавіўся Бусел. — Я з паўгадзіны тлумачыў, а ён сваё...
— Сказаў, каб ехаў за намі, мы праводзім, — патлумачыў Зондакс. Ён завёў машыну і, праязджаючы міма замежнай фуры, махнуў рукой. Бусел азірнуўся і, упэўніўшыся, што немец сунецца ўслед, нецярпліва спытаў:
— Чым парадуеш?
Зондакс важна, стрымліваючы ўсмешку, выцягнуў з кішэні складзеную ў некалькі разоў паперку, спісаную дробным почыркам, з прышчэпленым блакітнай пластмасавай зашчэпкай фотаздымкам.
— Як сказаў бы Астап Бэндар, "лёд скрануўся, панове прысяжныя засядацелі!".
Бусел таропка разгарнуў паперу, прачытаў напісанае і, углядаючыся ў фотаздымак, цяжка ўздыхнуў:
— Ён выратаваў мне жыццё.
— А гэта як паглялзець,— імгненна адрэагаваў Зондакс, якому ніколі не падабаўся песімістычны настрой сябрука.
— А як ні глядзі, — вёў сваё Бусел. — Я выконваў прафесійны абавязак, а чаму ён на гэта пайшоў?
— Няхай будзе па-твойму, — памаўчаўшы, пагадзіўся Зондакс, — толькі кінь гэтую звычку калупацца ў прычынах, чалавечая душа — пацёмкі... Ёсць факты, а яны сведчаць, што яшчэ невядома, хто каго выкарыстоўваў.
Бусел, як і не чуў, моўчкі глядзеў у акно, думаючы пра нешта сваё. Зондакс прыняў управа, рыпнулі тармазы, машына спынілася. Ён прачыніў дзверцы, высунуўся і, стоячы адной нагой на дарозе, махнуў рукой у бок доўгай завадской будыніны.
— "Тэрмапласт", — міжвольна крыкнуў Петэрс, быццам немец яго мог пачуць.
Зондакс у машыну не сеў, нечага чакаў. У наступны момант замежны госць, нацягваючы на галаву вязаную шапачку, падбег да яго.
— Айн мамент, — з загадкавай усмешкай, корпаючыся ў кішэнях, узнёсла прагаварыў ён і нарэшце выцягнуў тое, што шукаў — жвачку.
— Чаявыя, — пакаціўся ад смеху Бусел.
Зондакс ужо сядзеў у машыне і ўспрыняў усё сур'ёзна, як належнае. Ён узяў жвачку і, ускінуўшы ўказальны палец угору, узнёсла выдыхнуў:
— Айн мамент!
У наступны момант у далоні немца таксама апынуліся жвачкі, але не пачка, а дзве. 3 твару немца паволі сыходзіў блазенскі выгляд дабрадзея.
"Жыгулі" паволі скрануліся, і толькі цяпер Зондакс даў волю нясцерпнаму смеху.
12
Ядзя Купрэйчык усяго на якую хвіліну затрымалася на працы, як у кабінет без стуку ўваліўся паўнаваты чарнявы мужчына. Прыняўшы яго за аднаго з кірмашных гандляроў, Ядзя строга прагаварыла:
— Прыходзьце заўтра, мой працоўны дзень скончыўся.
Яна прыбрала ў стол паперы, замкнула шуфляды, вялікі сейф, дастала з шафы паліто. Чарнявы быццам і не чуў яе слоў. Ён упэўнена прайшоў да стала і па-гаспадарску ўладкаваўся ў мяккім скураным крэсле, наліў з графіна вады і няспешна выпіў.
Ядзіна сэрца здрыганулася, паводзіны невядомага выклікалі хутчэй не абурэнне, а незразумелы страх, які імгненна зрабіў ватнымі ногі, левае вейка, як заўсёды, калі хвалявалася, затузалася ў нервовым ціку.
"Хто такі? — пульсавала ў скронях. — Па нахабнасці і ўпэўненасці — мент, але ж не свой, не кірмашны..."
Яна накінула паліто і, стоячы каля расчыненай шафы, дастала касметычку. Ядзя, яшчэ і яшчэ бачачы ў люстэрку чалавека ў крэсле, сілілася ўзгадаць, ці не сустракалася з ім раней? Але не магла ўспомніць. Паўза зацягвалася, трэба было нешта вырашаць. Нечакана ў памяці ўсплыў Караленя.