Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Навічку на фармацэўтычную фабрыку дарога заказана. Маёру нічога не заставалася, як прымаць захады і вербаваць тых, хто там працаваў. Вось пра "актыўную" вярбовачную работу Астроўскі і дакладваў кіраўніцтву, наўмысна марнаваў час, ці, як кажуць, цягнуў ката за хвост. I да пэўнага моманту яму ўдавалася стрымліваць націск і пераконваць начальства ў сваёй актыўнасці. Нават палкоўнік Качан не ведаў усяго, але не перашкаджаў, зразумеў і прыняў гульню Астроўскага. Доўга так працягвацца не магло, воблакі над галавой Астроўскага хутка згушчаліся. Падліваў масла ў агонь падпалкоўнік Макрыцкі. На апошнім аператыўным пасяджэнні ён здзекліва заявіў, што Астроўскі "вырабатаўся", пара на пенсію, прыйшоў час саступіць дарогу маладым.
Астроўскі цярпліва зносіў, не адказваў на кпіны, хоць вельмі перажываў. Абражанае самалюбства неаднойчы падштурхоўвала абараніць свой гонар, расказаць і пра наркотыкі, што распаўсюджвала злачынная група, якая мела дачыненне да забойства Бусла, і пра шматлікія вымагальніцтвы, і пра сувязі з наркадзялкамі з паўднёвых рэгіёнаў былога Саюза, a больш за ўсё пра дачыненне пляменніка Макрыцкага да банды... Але ён маўчаў, маўчаў і чакаў, бо ведаў, што. калі стане пытанне аб ягоным адхіленні ад справы, палкоўнік Качан заступіцца і абароніць.
Ад гэтых цяжкіх дум адцягнуў увагу тэлефонны званок. Маёра запрашаў Качан.
Вечарэла. Прыцемкі хутка зашэрылі невялікі пакой. Астроўскі, не запальваючы святла, агледзеў сябе ў люстэрку, прымацаваным да дзверцаў шафы, прычасаўся, прыхапіў службовы занатоўнік. Прадчуваючы, аб чым пойдзе гаворка, цяжка ўздыхнуў: "Трэба было б яшчэ тыдзень таму арыштаваць кірмашную хеўру і працаваць тут. Глядзіш, нехта і раскалоўся б... He выходзячы з кабінета, разблытаў бы добры тузін злачынстваў, падцягнуў раскрываемасць горада працэнтаў на дваццаць... Ніхто б слова благога не сказаў, а то — "вырабатаўся"..."
Палкоўнік Качан, убачыўшы Астроўскага, затушыў цыгарэту ў попельніцы, перапоўненай недакуркамі, устаў насустрач з-за вялікага, ад. сцяны да сцяны паўколам, стала. Паспрабаваў усміхнуцца — не атрымалася, не тая сітуацыя. Ён толькі што гаварыў па тэлефоне з міністрам, дакладваў, як ідзе расследаванне забойства, і, канечне, прыйшлося выслухаць шматлікія папрокі і пагрозы.
— Пап'ём кавы? — кіўнуў Качан на чорны паліраваны столік, на якім у чырвоным разносе булькала кававарка, і, не чакаючы адказу, усеўся ў мяккае нізкаватае скураное крэсла, напоўніў кубачкі.
У пакоі вітаў пах кавы і дарагіх цыгарэт. Было душна, і Астроўскі з сумам паглядзеў на зачыненыя форткі. Качан улавіў гэты позірк і па-начальніцку дазволіў:
— Адчыняй.
Калі Астроўскі ўладкаваўся насупраць Качана, палкоўнік, унікаючы глядзець яму ў вочы, прагаварыў:
— Толя, я не магу больш цябе пакрываць... Больш
таго, не магу зразумець... Патапенка прапаноўвае забраць у цябе справу Бусла.
— Мне патрэбен час, — сурова секануў Астроўскі. — Я не магу, не маю права зноў дапусціць правалы.
— Усё я ды я! He надакучыла?.. Хочаш ці не, а я твой начальнік, а як сябра разлічваю на большы давер.
— Прабачце, Аляксей Фёдаравіч, — афіцыйным тонам прагаварыў Астроўскі, — мне трэба падрыхтавацца да заўтрашняга аператыўнага пасяджэння. Здагадваюся, што яно будзе прысвечана аднаму пытанню. Я там і прадстаўлю поўную інфармацыю аб расследаванні забойства капітана Бусла.
Гаворачы гэта, Астроўскі хутка напісаў у занатоўніку: "Аляксей, твой кабінет праслухоўваецца, сустрэнемся пасля працы і пагаворым".
Ад гэтых слоў, а хутчэй за ўсё ад прачытанага твар палкоўніка Качана імгненна пабіла ружовымі плямамі.
— Ты разумееш, што робіш?..
Качан не паспеў нічога больш сказаць, Астроўскі падхапіўся:
— Дазвольце ісці.
— Ідзі! — незадаволена рыкнуў палкоўнік і, свідруючы шырокую спіну Астроўскага, неяк разгублена паўтарыў: — Ідзіце!
Астроўскі і сапраўды ў гэты момант каторы раз пашкадаваў, што вымушаны ўтойваць ад Качана інфармацыю, і кіравала ім далёка не перасцярога.
"Качан не вольны ў сваіх дзеяннях, — разважаў маёр, — у яго няма "прыкрыцця", яму праколы не даруюцца..."
Менавіта ўпэўненасць у тым, што Качан, як бы ні склаліся абставіны, яго зразумее і падтрымае, падштурхоўвала Астроўскага праяўляць ініцыятыву і браць на сябе адказнасць. I ўсё ж сышчык адчуваў душэўны дыскамфорт, створаныя ім праблемы і асабліва тое, як ён іх спрабаваў вырашыць, прымушалі часцей і часцей пазбягаць пранізлівых, па-сяброўску лагодных вачэй палкоўніка. Астроўскі адчуваў сябе вінаватым, і толькі надзея, што сённяшняя праца ў хуткім часе дасць плён, апраўдвала прынятыя рашэнні і здзейсненыя ўчынкі.
Дваццаць хвілін таму Астроўскі рашыў: цяпер
слова за Качаном. Палкоўнік не прымусіў сябе доўга чакаць, менш як праз паўгадзіны дзынкнуў тэлефон, і Качан рэзкім, нечакана ўладарным голасам не папярэдзіў, а загадаў:
— Праз пятнаццаць хвілін сустрэнемся на выхадзе з упраўлення...
Пачуліся кароткія гудкі, Астроўскі паклаў трубку, усміхнуўся: "Цяпер нас будзе больш". Ен быў падрыхтаваны да размовы, і тое, што, зрэшты, падзеліць адказнасць з Качаном, а менавіта гэта павінна было адбыцца, нечакана супакоіла, знік цяжар штохвіліннай трывогі.
Сышчыкі ішлі плячо ў плячо, рослыя, плячыстыя, здалёк нечым падобныя, як браты. Праўда, Качан у шырокім, прамога пашыву чорным паліто здаваўся больш масіўны, грузны і таму старэйшы, хоць яны з Астроўскім былі аднагодкамі.
Вячэрні Мінск выглядаў сумным і слотным. Паветра, перанасычанае халоднай туманнай макрэддзю, прымушала пешаходаў, асабліва жанчын, выцягваць парасоны, але паратунку ад сыпучай імжы нідзе не было. Парывісты вецер налятаў знянацку, зласліва шкамутаў адзенне, скавытаў у падваротнях, рыпелі кроны дрэў, і гулі нябачныя правады. Непадалёк, на чыгуначнай станцыі, бразгаталі сходні падышоўшага цягніка, чулася рыпенне і скрыгат пагрузчыкаў.
Сышчыкі ўпарта маўчалі. Спусціліся на плошчу Мяснікова, мінулі Дом урада і, кіруючыся на праспект Скарыны, толькі кідалі адзін на аднаго дапытлівыя позіркі. Міма праносіліся машыны, над праспектам раптам загарэліся рознакаляровыя лямпачкі, што загадзя развешваліся да Новага года. I адразу настрой палепшыўся, святло лямпачак быццам праглынула і туман, і слоту, нават вецер цяпер, здавалася, абмінаў галоўную вуліцу сталіцы, нёсся вышэй дамоў разам з касматымі пунсовымі хмарамі.
— А ці не зайсці нам у якое цёплае і ціхае месца? — парушыў маўчанне Качан.
— Клопат пра падначаленых? — не стрымаўся, падкузьміў палкоўніка Астроўскі.
— Ды ўжо ж, вымушаны, — пагадзіўся Качан і шматзначна ўсміхнуўся: — Ты, пэўна, без загаду і чарачку не кульнеш?
Халадок у адносінах імгненна знік.
Невялікі рэстаранчык сустрэў хатняй утульнасцю і ціхай музыкай, якая лілася аднекуль зверху, ад прыцемненых люстраў.
Гаварылі доўга. Дакладней, расказваў Астроўскі. Качан толькі слухаў і смаліўадну за адной цыгаркі, быццам менавіта дыму і не хапала ягонаму арганізму, каб жыць. Перапыняліся толькі на нейкі момант, каб каўтануць па чарачцы каньяку, і праз хвіліну зноў кожны сваё.
Калі Астроўскі скончыў распове/Г, афіцыянтка замяніла пусты графін на поўны і, ацэньваючы, быццам праводзячы экспертызу, агледзела Астроўскага і Качана.
— Усё нармальна, дачушка, — усміхнуўся афіцыянтцы Качан і працягнуў руку да графіна.
— Спадзяюся, — незадаволена адказала яна і пагаспадарску замяніла поўную попельніцу на пустую з суседняга незанятага століка.
Астроўскі чакаў, што скажа Качан, як ацэніць ягоныя аператыўныя дзеянні. Ён прадчуваў рэакцыю палкоўніка і не памыліўся. Вочы Качана ў нейкі момант заіскрыліся нядобрым святлом, правая шчака затузалася ў нервовым ціку.
— Ты сумняваўся ўва мне? — прасіпеў Качан. Яму было цяжка дыхаць. Палкоўнік ірвануў гальштук, і ў фужэр Астроўскага з мінеральнай вадой дзынкнуў адарваны гузік. — Ты сумняваўся?! — Ён адчайна махнуў рукой, каўтануў каньяк і зноў напоўніў чарку.
— Правалы на фармацэўтычнай фабрыцы, — як мага спакойней прагаварыў Астроўскі, — і, асноўнае, замах на жыццё Вераб'я, лепшага майго агента, сведчаць, што інфармацыя прасачылася ці ад цябе, ці ад мяне. Я прыйшоўда высновы, што твой кабінет на праслухоўванні...
— Ты блёкату аб'еўся! — узбычыў галаву Качан. — Заўтра паклічу спецыялістаў, няхай пашукаюць "жучкі", і калі...
— А вось гэтага рабіць не трэба, — Астроўскі ўскінуў на Качана шэрыя вочы. — Цяпер ты ведаеш праўду, і трэба выкарыстаць шанц. Па-першае, твае "жучкі" выведуць на двурушніка, па-другое, і, пэўна, гэта галоўнае, будзем падкідваць тую інфармацыю, якая патрэбна нам. Упэўнены: гэты след таксама прывядзе да забойцаў капітана Бусла і
шмат да чаго іншага...
— Каго-небудзь падазраеш, акрамя Макрыцкага?
Астроўскі няспешна выпіў мінеральную ваду, страсянуў на далонь гузік. падаў Качану:
— Прышыеш... На пытанне адразу і не адкажаш, нешта незразумелае творыцца ва ўпраўленні.
— Гавары ясней.
— Куды ўжо ясней?.. Заўтра будзеце слухаць маю справаздачу аб раскрыцці забойства капітана Бусла, а рашэнне генерал прыме па цэнтральным гарадскім кірмашы. — Астроўскі прымоўк, але, убачыўшы здзіўленне на твары Качана, таропка патлумачыў: — Мінск перапоўнены цытрусавымі і гароднінай. Пастаўшчыкі — у асноўным з паўднёвых рэгіёнаў, трымаюць цвёрдую цану, і, каб іх прымусіць пайсці на папятную, кірмаш зачыняць. Санэпідэмстанцыя, дактары, а заадно і Патапенка будуць біць у званы, што ў горадзе выяўлена халера. Трох-чатырох дзён хопіць, каб зразумець, што гэта памылка. Але і пастаўшчыкі зразумеюць, што да чаго. Цана папаўзе ўніз, і мясцовая мафія будзе дыктаваць свае ўмовы. Вось і ўся бухгалтэрыя...
— Ты маеш компру на генерала Патапенку? — таропка спытаў Качан.
— Я шукаю забойцаў капітана Бусла, — ухіліўся ад адказу Астроўскі.
— Па-твойму, усе нітачкі цягнуцца ў нашае ведамства? — настойліва вёў сваё Качан.
— Факты — рэч упартая... — Астроўскі ўлавіў непрыхаваныя зласлівыя інтанацыі ў голасе Качана і паспяшаўся змяніць тэму: — Аляксей, мне патрэбна твая дапамога.
— Няўжо? — п'янавата і здзекліва ўсміхнуўся палкоўнік. — To ўсё сам — і раптам успомніў пра Качана... Пэўна, папросіш прыкрыць, каб Патапенка не забраў справу?
— Так, — не зважаючы на кпіны, пагадзіўся Астроўскі. — Я не мог...