Вяртанне з апраметнай  Віктар Праўдзін

Вяртанне з апраметнай

Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
105.34 МБ
— Твае праблемы, — палагоднеў Калеснік. — Трэба браць каго за шафёра.
— Абыдуся без лішніх вачэй і здаравей буду, — упершыню падчас размовы ўсміхнуўся Гушча. — A наконт Пятроўскага ёсць задумка: мо адправіць вучыцца?
— У турму? — засмяяўся Калеснік.
— Наадварот, у акадэмію міліцыі.
На нейкі момант запанавала цішыня, Калесніку імпанавала Баксёрава дзелавітасць, ён думаў і жыў не толькі сённяшнім днём. Але зацыкленасць хаўрусніка на міліцэйскай акадэміі пачала здзіўляць і непакоіць.
— Колькі можна? Які год запар упіхваем туды сваіх людзей? — нязлобна запярэчыў Калеснік. — Мо лепш пашукаць табе замену?
— He зразумеў, — спахапіўся Гушча. — Ты што маеш на ўвазе?
— Я пра тое, што хоць твае судзімасці і пагашаныя, але ж былі, а да нашай справы трэба прыцягваць не толькі "чыстых", але і адукаваных людзей. Ты ж вучыцца не пойдзеш?
Гушча адвёў позірк, на нейкі момант задумаўся і, сядаючы на табурэтку, сур'ёзна зазначыў:
— Пятроўскі таксама не акадэмік, пару курсаў інстытута замежных моў у нашай справе не цягнуць да маіх турэмных універсітэтаў.
— Што ж, трэба вучыць яго і гэтаму, — Калеснік, прыжмурыўшыся, доўгім, нейкім адлучаным позіркам паглядзеў на Гушчу і, счакаўшы хвіліну, разважліва працягваў: — Хутка нам спатрэбіцца чысты перад законам чалавек, які будзе нашымі вачыма і вушамі пры вядомай табе асобе, — Калеснік зрабіў акцэнт на апошнім слове і зларадна ўсміхнуўся, прыгадаўшы Караленю. — Гэты Пятроўскі, відаць, не зломак, хлопец кручоны і розумам не абдзелены. Так што з сённяшняга дня бяры ў памочнікі, вучы, няхай прыглядаецца, што да чаго. Знаём з бухгалтэрыяй, і не толькі з афіцыйнай, а каб трымаць на прывязі, прадумай, як накінуць цугундзер, пажадана павязаць крывёй, так надзейней, а можа, і я што прыдумаю, але пра гэта пазней.
— Зноў крывёй?! — цяжка ўздыхнуў Гушча, але не запярэчыў, разумеў, што Калеснік правы.
11
Зондакс і Бусел пасля размовы з Сушынскім пэўны час калясілі па гарадскіх вуліцах, абмяркоўвалі, хто будзе тэлефанаваць Астроўскаму і што гаварыць. Пагадзіліся, што гэта зробіць Бусел. Канечне, пэўная рызыка была, але невялікая, бо сышчыкі, хоць і сустракаліся раней, але зналіся мала. Зондакс хацеў асабістай сустрэчы з маёрам, а па моўным акцэнце Астроўскі мог здагадацца, хто ёсць хто. Ужо добра-такі сцямнела, калі Петэрс спыніў машыну непадалёк ад філармоніі. Сябры дачакаліся, калі з тэлефоннай будкі выйдзе дзяўчына з велікаватай для яе росту гітарай, схаванай ад дажджу ў цэлафанавы мех. Бусел выслізнуў з машыны і, наставіўшы каўнер, хуценька джгануў у тэлефонную будку, шчыльней зачыніў дзверы. Але рабіць гэта не было аніякай патрэбы, бо шкла ў дзвярах не было, як не было яго і ў бакавых сценах. Петэрс толькі ўсміхнуўся, гледзячы на заклапочанага сябра, але прамаўчаў, не ўпікнуў, толькі бліжэй падышоў да дзвярэй, быццам стаў у чаргу.
Перш чым набраць патрэбны нумар, Бусел вы-
цягнуў з кішэні хустачку, зубамі прыкусіў матэрыю і, не выпускаючы яе з вуснаў, паспрабаваў штосьці гаварыць. Голас змяніўся да непазнавальнасці, і Зондакс, скалячыся, узняў вялікі палец угору.
Калі Астроўскі ўзяў трубку, Бусел, каб упэўніцца, што гаворыць менавіта з ім, перапытаў, хто яго слухае, і, пазнаўшы маёраў голас, няспешна, наўмысна трохі расцягваючы словы, паведаміў пра сваю кватэру, пра неабходнасць паўторнага вобыску, выказаў меркаванне, што кватэру капітана Бусла хтосьці праслухоўваў. Бусел адчуваў сябе вінаватым у тым, што ўтойваў праўду, але выйсця не было. Ён хуценька перапыніў размову, але праз секунду зноў падхапіў тэлефонную трубку і таропка набраў яшчэ адзін нумар. Пачуўшы дзіцячае "Хто там?", капітан трошкі памарудзіў, дачакаўся, калі той жа голас зноў перапытаў, і толькі пасля гэтага паклаў далонь на рычаг тэлефона.
— Каму другі званок? — прыцішана прашаптаў Зондакс і, сустрэўшыся з Буслам вачыма, падміргнуў: — Пэўна, ёй?!
— Ей, — згодна матлянуў галавой Бусел і няспешна выйшаў з тэлефоннай будкі. Ён адчуў нязвыклы халадок пад сэрцам, цяжка выдыхнуў: — Шкада, не пачуў Лідзін голас...
Андрэй пасля таго, як трапіў у пастку, шмат думаў пра гэтую жанчыну, пра свае адносіны да яе і ніяк не мог вызначыцца ў пачуццях. А тут быццам нейкая невядомая сіла прымусіла накруціць знаёмыя лічбы, нясцерпна захацелася пачуць голас жанчыны, якая ў ягоным жыцці ні на што не прэтэндавала. Пачуўшы голас Лідзінай дачкі з незвычайным імем Сняжана, душу Бусла імгненна агарнула незразумелая туга, наватадчай. Ён упершыню пашкадаваў, што не мае сям'і, дзяцей. Голас Сняжаны быў блізкі і родны. Імгненна нахлынуўшыя пачуцці перапаўнялі сэрца, ірваліся вонкі, хацелася крыкнуць на ўсю вуліцу, на ўвесь горад і свет, што ён, Андрэй Бусел, кахае ціхмяную, даверлівую Ліду. Ён хоча стаць ёй мужам, а Сняжане бацькам.
— Якія планы на всчар? — перапыніў Буславы запозненыя і неспадзяваныя перажыванні Зондакс і, скоса зірнуўшы на сябра, няўпэўнена прапанаваў: — Мо махнём у Ракаў, лазню выцеплім?
— He, не, — схамянуўся Бусел і, зірнуўшы на гадзіннік, папрасіў: — Падкінь да гатэля і едзь, сустрэнемся паслязаўтра.
Зондакс не адказаў. Пэўны час ехалі моўчкі, Петэрс засяроджана кіраваў машынай. Запрашаючы Бусла, ён наперад ведаў, што сябра адмовіцца, не паедзе, але абавязак ветлівасці прымушаў зрабіць прапанову. А калі быць шчырым, яму не хацелася пакідаць Бусла на адзіноце. Ён бачыў ягоную ўсхваляванасць і трывогу, якія неспадзяванымі ўчынкамі пагражалі сарваць аперацыю.
"Добра, што толькі патэлефанаваў, а калі захоча сустрэцца?" — думаў Зондакс, кідаючы касыя позіркі на заклапочанага Бусла.
— Ты сябе добра адчуваеш? — спыняючы машыну на чарговым святлафоры, спытаў Зондакс.
— Што-небудзь здарылася? — пытаннем на пытанне адказаў Бусел і змушана ўсміхнуўся. — He зважай, проста захацелася пачуць голас чалавека, які... — Ён доўга шукаў патрэбнае слова і, не знайшоўшы, паглядзеў Зондаксу ў вочы: — Адным словам, я дваццаць хвілін таму шчыра пазайздросціў табе. У цябе Вераніка, сын...
— У цябе ўсё наперадзе, — разумеючы, куды хіліць Бусел, прагаварыў Зондакс.
Пачуўся разкаваты, нецярплівы сігнал ад машыны, якая ўсутыч стаяла ззаду. Зондакс таропка ўключыў перадачу. Праз некалькі хвілін яны спыніліся каля гатэля.
На ўваходзе ў адной кашулі высіўся даўжэзны худы негр. Ён стаяў хістаючыся, убачыўшы Бусла, п'яна выскаліўшыся, ускінуў правую руку ўгору і крыкнуў:
— Рот фронт!
Бусел прыпыніўся і, шукаючы падтрымкі, азірнуўся на Петэрса. Выручыла маладзенькая, таксама распранутая дзяўчына, што невядома адкуль вынырнула і ўмомант павісла на працягнутай руцэ чорнага волата. Відаць, яны былі з адной кампаніі.
— Рот фронт, Вася! — весела засмяялася дзяўчына і, дрыгаючы нагамі, запішчала: — Зімна, хачу віскі!
Калі за неграм і дзяўчынай зачыніліся дзверы, Бусел заўважыў, што ён не адзін назіраў за сцэнай на ўваходзе. Непадалёк каля кустоў стаяла патрульная
міліцэйская машына. У цёмным салоне амаль адначасова ўспыхвалі некалькі чырвоных агеньчыкаў ад цыгарэт, яшчэ два міліцыянеры туліліся каля кустоў.
— Ну, дзякуй Богу, пайшоў, — з непрыхаванай палёгкай у голасе прагаварыў адзін. — He хапала яшчэ з іншаземцам звязвацца. — Ён прачыніў дзверцы машыны і ўладарна скамандаваў: — Лёня, далажы дзяжурнаму, што на гатэлі лжывы выклік. Ніякага п'янага негра не выяўлена.
Убачанае і асабліва пачутае рассмяшыла Бусла.
— Бач, як дыпламатычна яны пераадолелі міжнародны канфлікт, — весела засмяяўся за спінай Бусла Петэрс. — А пачалі б круціць п'янаму рукі?
— Гэтаму волату не закруціш. Мо і чакалі, пакуль сам змерзне? — жартаўліва азваўся Бусел. Гэтая нечаканая сцэна развеяла сумныя думкі. Жыццё працягвалася...
Зондакс таксама не планаваў сённяшнім вечарам парыцца дубовым венічкам у цесцевай лазні. Яшчэ ў той момант, калі Сушынскі пазначыў у занатоўніку адрас Вожыка, Петэрс прыняў рашэнне: ён употайкі ад Бусла зазірне да чалавека, які ведае, бачыў заказчыкаў забойства Бусла. Таму, калі сябра знік за вялікімі дзвярыма гатэля, Зондакс рашуча сеў за руль машыны і праз паўгадзіны быў у прыватным сектары, за некалькі дамоў ад таго, дзе жыў Вожык. Праўда, Сушынскі пазначыў, што тэлефон належыць нейкай Малінінай Веры Васільеўне, але і гэтага было дастаткова. Дождж, які цэлы дзень сыпаў золкай, халоднай макрэддзю, нарэшце скончыўся. ГІарывісты паўночны вецер раз'ятрана шкамутаў адзінокія дрэвы, што туліліся ўздоўж тратуараў, каля платоў, якія, быццам ваяры, пікамі-прывідамі ахоўвалі дамы ад старонніх, чужых прышэльцаў. I каб не зыркае святло, якое лілося на вуліцу з акон, Зондаксу было б цяжкавата асвойтацца. I ўсё ж ён не спяшаўся, пэўны час сядзеў у машыне, папярэдне выключыўшы фары, прывыкаў да цемнаты і незнаёмай мясцовасці, прадумваў план далейшых дзеянняў. Калі пад'язджаў, святло фар выхапіла на кутку крайняга дома шыльду "вул. Малахава, 1". Зондакс уключыў падсветку на гадзінніку. Малая стрэлка спынілася на васьмёрцы.
"Пазнавата, — у думках зазначыў Петэрс, — але для электрыка будзе самы раз".
Ён няспешна выйшаў з машыны, замкнуў дзверцы і, сутулячыся, пашкандыбаў у накірунку, дзе, па разліках, павінна знаходзіцца хата Малінінай. 3 кутняга акна невялікага доміка, схаванага сярод старых яблынь, лілося блакітнае святло.
"Глядзіць тэлевізар", — зазначыў Зондакс і нясмела некалькі разоў грукнуў кулаком у высакаватую брамку. Прыслухаўся, усё было ціха, толькі ў суседняй хаце надрывіста галасіла немаўля. Петэрс пашарыў далонніо па вільготных шурпатых дошках і крыху збоку натыкнуўся на прыбітую гуму, намацаў пад ёй кнопку званка. Ён адразу націснуў і доўга трымаў на кнопцы палец, ажно пакуль у хаце не запалілі святло і з асветленай веранды не пачуўся старэчы голас:
— Хто?
— Кантралёр, правяраю электрычныя лічыльнікі, — склаўшы далоні рупарам, крыкнуў Зондакс.
Дзверы бразнулі і адразу адчыніліся, у той жа момант над галавой Петэрса раз-другі мільганула лямпачка, і мітуслівае туманлівае святло выхапіла з цемры частку пафарбаванага ў зялёны колер плота, асфальтаваную сцяжынку, па якой порсценька шыбавала жанчына.
— Іду-у-у! — расцяжна, незадаволена і між тым гучна, каб пачуў няпрошаны госць, крыкнула гаспадыня, наблізіўшыся, падслепавата прыжмурыла вочы і ўгледзелася ў Зондаксаў твар. — Позна ходзіш дый крычыш, як у лесе, — крыху памякчэлым голасам буркнула жанчына і забразгатала ключамі, шукаючы патрэбны. — Раней прыходзіла маладзіца, — саступаючы месца на ўваходзе, прагаварыла яна і прыдзірліва, з галавы да пят, агледзела Зондакса.