Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Сваім доўгім маналогам Зондакс падбадзёрыў Сушынскага і поўнасцю схіліў на свой бок, але менавіта ў гэты момант Петэрс прыняў рашэнне да канца не раскрываць Буславу таямніцу.
— Ніяк не магу паверыць, што хтосьці са сваіх здольны на такое, — напружана варухнуліся вусны Сушынскага.
— Факты — рэч упартая, — катэгарычна зазначыў Зондакс. Ён разумеў перажыванні маладога сышчыка і наўмысна даваў яму шанец сваім розумам дашукацца ісціны, раз і назаўсёды засвоіць, што праца сышчыка кожны дзень пад прыцэлам і часцяком ён нават не падазрае, з якога боку будзе нанесены ўдар. — На фотаздымку мноства адбіткаў пальцаў, — працягваў Зондакс, — але для ідэнтыфікацыі прыгодныя толькі тры. Яшчэ ў Рызе
я іх зафіксаваў, і цяпер з вашай дапамогай паспрабуем знайсці іх гаспадароў.
— Адбіткі будуць мае, забойцаў, і яшчэ з добры дзесятак чалавек трымалі фотку ў руках.
— Будзем правяраць усіх, — настойліва вёў сваю лінію Зондакс. — А цяпер аб прапажы фотаздымка. Магчыма, ёсць нейкія падазрэнні?
— Падазрэнняў у мяне няма, а вось нявыкрутка атрымалася, і якраз напярэдадні, за некалькі дзён да забойства капітана Бусла.
Зондакс уважліва выслухаў расповед Сушынскага пра інспектарскую праверку, падчас якой знік фотаздымак, пазначыў для сябе прозвішчы правяраючых і падвёў рысу ў размове:
— Будзем правяраць, — ён зрабіў паўзу, — і высокапастаўленых упраўленцаў таксама. Вы павінны ўзяць адбіткі пальцаў ва ўсіх сышчыкаў аддзела і, у першую чаргу, кіраўніцтва. Думаю, вучыць не трэба, як гэта зрабіць, каб ніхто нічога не западозрыў. I яшчэ. — Зондакс пакорпаўся ў кішэні, выцягнуў партманет, у якім ляжаў фотаздымак чалавека, якога забілі Філін і Прышч. Рашэнне падключыць да пошуку лейтэнанта прыйшло адразу. — Вось фотаздымак, і мне вельмі важна ведаць, хто на ім.
— Доўгая песня, — разгублена прамармытаў Сушынскі. Ён уяўляў сваю ролю зусім у іншым, а тут...
— А калі звузіць кола пошуку да раней судзімых? — не звяртаючы ўвагі на лейтэнантаву разгубленасць, прапанаваў камісар.
— Спатрэбіцца некалькі дзён, — чухаючы патыліцу, прамармытаў лейтэнант. — Але зробім.
— Вось і выдатна, — павесялеў Зондакс і хітравата дадаў: — Я і зайду праз пару дзён.
10
Калеснік, блазнавата пасміхаючыся, сядзеў за кухонным сталом і слухаў, як па калідоры шпарка працокала абцасамі былая каханка, як тужліва праскуголіў невясёлую песню рыпучы ліфт, як ад пад'езда ад'ехала машына. Ён правёў бяссонную ноч, але стомленасці не адчуваў, наадварот, выглядаў бадзёрым і ўпэўненым. Набліжаўся кульмінацыйны
момант у ягоных адносінах з Караленяй. Калеснік прадчуваў блізкасць перамогі. Ён цешыўся наперад толькі ад адной думкі, што праз некалькі хвілін убачыць, як ганарлівы, пыхлівы індык імгненна ператворыцца ў нікчэмнага, плаксівага слізняка. Караленя спіць і нават не здагадваецца, якое выпрабаванне яго чакае, што наканавана лёсам.
"А пры чым тут лёс? — пацягнуўся да бутэлькі з каньяком Калеснік. — Лёс — гэта я! Я вырашыў, спланаваў і спраўдзіў задумку, я так хачу, буду валадарыць і кіраваць пыхлівым індыком, буду яму загадваць і патрабаваць, лаяць і прыніжаць, а калі спатрэбіцца, сцяру ў пыл, і няхай толькі паспрабуе запярэчыць..."
Калеснік і сапраўды быў упэўнены, што асечкі з Караленяй не будзе, не першы раз даводзілася ставіць на калені гэткіх прадажных чыноўнікаў, ён ведаў іхняе гнілое нутро. Калеснік зрабіў невялікі глыток каньяку, паглядзеў на гадзіннік, бліскучыя стрэлкі застылі на палове пятай. Час прыспеў дзейнічаць, даводзіць да канца задуманае, але нешта стрымлівала, у душы раптам варухнуўся незразумелы пакутлівы жаль. Ён памятаў гэтае шчымлівае .пачуццё, якое апошні раз брала ў свае абдымкі яшчэ ў юнацкія гады. Але ж чаму сёння, што ўскалыхнула, здавалася, счарсцвелую душу? Позірк зачапіўся за бялюткую, крыху запэцканую памадай насоўку, якая ляжала на падлозе. Калеснік няспешна нахіліўся, двума пальцамі падняў хусцінку і, як толькі датыкнуўся да матэрыі, адразу зразумеў, адкуль гэтыя жаль і хваляванне. Ён, напэўна, ніколі не зможа забыць чарнявую гарэзлівую студэнтку Ядзю Купрэйчык. He, не сённяшнюю спрактыкаваную ў жыцці жанчыну, што хвіліну таму выцірала гэтай насоўкай праз сілу выціснутыя слёзы, а менавіта тую, далёкую, даверлівую і закаханую, што засталася ў мінулым, незваротным жыцці. Толькі апынуўшыся за кратамі, Калеснік зразумеў, што меў і што згубіў, і не проста страціў, а сваімі рукамі разбурыў не зусім трывалы падмурак кахання. I зусім не турма была вінаватая, усё рассыпалася ў тую хвіліну, калі ён вырашыў прыцягнуць дзяўчыну да сваіх махлярстваў. Пасля першай паспяхова праведзенай справы Калеснік звярнуў увагу на хваравіты бляск, якім
засвяціліся Ядзіны вочы, калі яна атрымала сваю долю. Тады, па маладосці, ён толькі рассмяяўся, успрыняў яе рэакцыю як належнае, але многа пазней, ацэньваючы пражытае, часцяком узгадваў пажадлівыя бліскавіцы ў вачах каханкі, толькі высновы рабіў ужо іншыя. Цяпер ён зразумеў, што ў тую самую хвіліну Ядзя ўбачыла ў ім не толькі каханка, але і партнёра-здабытчыка. А праз пэўны час той, другі, узяў верх над каханкам, а магло быць усё паіншаму... Толькі што цяпер пра гэта...
Па вуліцы загрукацеў трамвай, Калеснік зірнуў на гадзіннік і паспешліва падхапіўся на ногі. Ён узяў раскаркаваную бутэльку каньяку, талерку з тонка нарэзаным лімонам і накіраваўся ў спальню. Шчоўкнуў выключальнік, але Караленя нават не паварушыўся, па-ранейшаму салодка хроп, раскінуўшыся ўшыркі на ўсю канапу, і нечаму ў сне ўсміхаўся. Гэтая наіўная, бесклапотная ўсмешка чамусьці абурыла Калесніка. Ён рэзка адкінуў коўдру і моцна, нават занадта, ляпнуўшы рукой Караленю па плячы, крыкнуў:
— Пара ўставаць!
Караленя заварушыўся, няспешна сеў, расплюшчыў яшчэ асалавелыя п'яныя вочы.
— Дзе гэта я? — утаропіўся ён у Калесніка.
— Ну і ну! — рэзка і нядобра засмяяўся Калеснік, падышоў да акна і прачыніў дзверы на балкон. Ён быў задаволены, што менавіта так разгортваюцца падзеі. — Нельга шмат піць, калі памяць здае...
У пакой уварваўся халодны восеньскі вецер, сцішана зашамацеў, закратаў вісячы на сцяне каляндар з вялізнай сабачай мордай, і здалося, што восьвось гэтая морда кляцне зубамі і забрэша.
— Сяргей Мікалаевіч? — узрадавана і ўтой жа час запытальна ўскрыкнуў Караленя і прыхільна паглядзеў на Калесніка. — Вы тут, адзе Ядзя?.. — Караленя пацёр далонню лоб, было відавочна, што ён імгненна ўзгадаў усё, што з ім адбылося вечарам, ноччу, сонна пазяхнуў, пацягнуўся да хрусту ў касцях. У наступны момант узяў скамечаныя штаны, якія ляжалі ў крэсле. — Каторы час?
Калеснік шматзначна прамаўчаў, падхапіў бутэльку, наліў у шклянку каньяку і працягнуў Караленю.
— Выпіце, Іван Фёдаравіч, адразу ўчарашняе ўзгадаеце.
— Зрання п'юць толькі дэгенераты, — нацягваючы штаны, лагодна прабурчэў Караленя.
— Я на вашым месцы не спяшаўся б, нам ёсць пра што пагутарыць, — праглынуў непрыхаваны намёк Калеснік.
Караленя адразу насцярожыўся, кінуў халодньт позірк на суразмоўцу і, спрабуючы нешта ўзгадаць, сцішана запытаў:
— Што-небудзь было не так?
— Наадварот, — выскаляючыся, па-блазенску ўсміхнуўся Калеснік. — Вы ўсё зрабілі як трэба, нават лепей, чым я планаваў...
— Вы планавалі?! — здзівіўся Караленя і застыў, быццам манекен. Ён, відавочна, чакаў тлумачэнняў, але Калеснік не спяшаўся, цягнуў час і ажно свяціўся радасцю. Ён атрымоўваў асалоду ад напружанай псіхалагічнай гульні.
— Справа ў Ядзі... Ядвізе Станіславаўне? — дапытваўся Караленя.
— I не толькі, — Калеснік пераможна зірнуў, сеў у крэсла, паставіў бутэльку і недапіты фужэр на тумбачку, што тулілася ля канапы, і, сашчапіўшы рукі на грудзях, стомлена выцягнуў доўгія ногі. Усім сваім выглядам ён паказваў перавагу над суразмоўцам і адначасова пагарду. — Вы, Іван Фёдаравіч, сёння яшчэ лічыцеся ў камандзіроўцы, дакладней, толькі ўвечары павінны прыехаць з Масквы. Ваша жонка, Надзея Вітольдаўна, адпачывае ў санаторыі, дзеткі, сын Язэп шасці гадоў і дачка Ванда дзесяці, — у цешчы, па вуліцы Маякоўскага... Так што, шаноўны Іван Фёдаравіч, пагаворым, вам няма куды спяшацца.
Караленя, думаючы пра нешта сваё, павольна апусціўся на канапу.
— Значыць, Сяргей Мікалаевіч, вы — сутэнёр? — стрымліваючы хваляванне, не прамовіў, а ледзь выдыхнуў Караленя.
Калеснік не адказаў, ён уважліва сачыў за рэакцыяй Каралені і чакаў, што будзе далей.
— ! колькі ўсё гэта каштуе? — Караленя з ценем расчаравання агледзеў пакой і паляпаў далонню па мяккай канапе. — Колькі я павінен заплаціць за сённяшнюю ноч? Рублямі? Далярамі?..
Караленя інтуітыўна адчуў, што трапіў у нейкую
непрыемную гісторыю, але цешыў сябе надзеяй на лепшае, спадзяваўся адкупіцца.
Калеснікавы вусны скрывіліся грэблівай усмешкаю.
— Хіба я падобны на сутэнёра?
— Тады хто вы і што вам ад мяне трэба? — гнеўна спытаў Караленя. Ён перасіліў хвілінную разгубленасць, слабасць і цяпер быў самім сабой — жорсткім і непахісным начальнікам.
"Распусціў слюні, развесіў вушы і галаву ў зямлю, як той страус! — у думках вылаяў сябе Караленя. — Я так проста не здамся. Бач, разваліўся і лічыць, што ўжо закілзаў... He, дудкі, яшчэ паглядзім, хто каго!.."
"А гэты Іван Фёдаравіч не такі просты, як здаецца, відаць, моцны арэшак. Цікава, на колькі хопіць ягонай пыхі?" — падумаў Калеснік, а ўслых сказаў:
— Вось і добра, я чакаў, калі эмоцыі саступяць месца цвярсзаму разліку. Люблю дзелавых людзей.
— Давайце без эпітэтаў, — поўнасцю ўзяў сябе ў рукі Караленя. — Будзем лічыць, што ў нас дзелавая сустрэча, хоць даволі арыгінальная.
— Можна і так, — паблажліва пагадзіўся Калеснік.
— Толькі майце на ўвазе: супроць закону я не пайду, — рашуча перасцярог Караленя і адным глытком каўтануў каньяк з напоўненага Калеснікам фужэра.
— Мушу нагадаць народнае, даўнішняе, але муд-
рае: закон не дышла...
— Я так разумею, што вы, Сяргей Мікалаевіч, цяпер маеце на мяне кампрамат, — не зважаючы на словы Калесніка, трымаючыся абранай ролі, разважаў Караленя. — Калі думаеце шантажыраваць з дапамогай начной прастытуткі, нічога не атрымаецца: мой гаспадар на такія "шаласці" ўвагі не звяртае,
сам грэшны.
— А сям'я? — міжвольна вырвалася ў Калесніка.
— Сям'я? — здзіўлена перапытаў Караленя і іранічна паглядзеў Калесніку ў вочы. — Час камуністычнай маралі адышоў, так што пясочыць за амаральнасць няма каму. I потым, жонка добра разумее, дзе апынецца, калі мяне здымуць з работы. Вы самі зазначылі, што Надзея Вітольдаўна ў санаторыі, і, пэўна, ведаеце, у якой краіне. Дык san-