Вяртанне з апраметнай
Віктар Праўдзін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 2011
Ён узяў здымак, які кінуўся ў вочы Зондаксу, доўга разглядаў знаёмыя твары і, цяжка ўздыхнуўшы, зноў паклаў фотку пад шкло на стале, сеў на сваё працоўнае месца, выцягнуў з сейфа паперы, прачытаў некалькі старонак, але засяродзіцца на прачытаным не мог. Думкі настойліва круціліся вакол нечаканага наведвальніка і чамусьці фотаздымка, які прапаў так загадкава і таямніча. Менавіта праз гэтую прапажу Сушынскі адчуваў незразумелую віну перад капітанам Буслам. Ён добра памятаў, што апошні раз бачыў фотаздымак, калі вёў допыт кішэннага злодзея па мянушцы Лязо. Справа нецікавая, кішэнніка злавілі на гарачым, і той не махляваў, выкладваў усё, як было. Сушынскі ставіў пытанні, запісваў адказы і час ад часу з зайздрасцю пазіраў на фотаздымак, на капітана Бусла, які раскручваў таямнічае забойства. Потым у кабінет увайшлі маёр Валасевіч, падпалкоўнік Макрыцкі і невядомы лейтэнанту невысокі чарнявы чалавек у цывільным. Макрыцкі і той, другі, былі з упраўлення горада і праводзілі незапланаваную праверку "рэжыма сакрэтнасці". Сушынскі перапыніў допыт і павёў затрыманага кішэннага злодзея ў дзяжурку. Калі вярнуўся, праверка ішла, як кажуць, поўным ходам.
За нядоўгую службу лейтэнант паспеў прывыкнуць да ўсялякіх планавых і незапланаваных праверак, таму даволі спакойна чакаў, пакуль Макрыцкі ператрусіць паперы, папкі ў сейфе, а чалавек у цывільным — шуфляды стала. Ніякіх "грахоў" за сабой Сушынскі не адчуваў, таму спакойна ўсміхнуўся ў адказ на пагрозлівыя, шматабяцаючыя позіркі маёра Валасевіча. Падпалкоўнік Макрыцкі, відавочна, быў не ў гуморы. Настрой упраўленца з кожнай
хвілінай пагаршаўся, бо аніякіх зачэпак у дзейнасці самаўпэўненага лейтэнанта ён не знаходзіў, а такога проста не магло быць... I тут позірк падпалкоўніка зачапіўся за фотаздымкі, што туліліся навідавоку пад шклом на стале. Гэтага было дастаткова.
— Тут што, дзіцячы сад, фотаатэлье?! — адразу ўскіпеў Макрыцкі і, не стрымліваючыся, закрычаў: — Распусціліся, крымінальны вышук ператварылі чортведама ў што!..
Валасевіч пачырванеў, паспрабаваў нешта патлумачыць, але Макрыцкі не стаў слухаць. Ён рэзка ссунуў шкло, выхапіў фотаздымкі, затрос перад тварам зніякавелага маёра. У гэты момант зашыпела, шчоўкнула некалькі разоў запар радыё селектарнай сувязі, і дзяжурны таропка абвясціў: "Аператыўная група, на выезд!.." Гэта выратавала Сушынскага, які ў той дзень быў на дзяжурстве.
Праз некалькі гадзін лейтэнант вярнуўся ў кабінет і, рассоўваючы папкі з дакументамі на іх звычайныя месцы, заўважыў прапажу фотаздымка, якім цікавіўся Зондакс. Тады ён не надаў гэтаму належнай увагі, ні ў кога не пытаўся і не шукаў, бо першае, што прыйшло ў галаву, — гэта падпалкоўнік Макрыцкі. Пэўна, ён выкінуў фотку. Нейкі час Сушынскі хадзіў у чаканні загада аб пакаранні, але ніхто з начальства выпадка з фотаздымкамі не ўзгадваў, і лейтэнант супакоіўся, вырашыў, што Макрыцкі здаволіўся вуснай вымовай. А праз некалькі дзён прапаў капітан Бусел. Смерць настаўніка імгненна перакрэсліла дробныя нягоды і перажыванні, Сушынскі пасля пахавання зусім паіншаму, з адценнем пагарды, шчымлівага сораму ўзгадваў апошнюю праверку і свае хлапечыя перажыванні. 3 ім здарылася тое, што і павінна было здарыцца. У душы нешта зламалася, імгненна рассыпаліся, разляцеліся надробныя кавалкі прынцыпы, погляды, якімі ўчора яшчэ даражыў, адбылася пераацэнка каштоўнасцей. Са жменяй вільготнага халоднага пяску, якую кінуў на абсыпаную кветкамі труну Бусла, выпарыліся, зніклі хлапечая шчырасць і наіўнасць, ён раптам зразумеў, што наступным можабыць... Нарэшце Сушынскі зразумеў, адкуль ідзе трывога: тыя ж пачуцці, што доўга трымалі ў халодных абдымках пасля пахавання Бусла, зноў ускалыхнулі душу...
Каля трох гадзін у кабінет Сушынскага ўваліўся латышскі камісар, чым па-сапраўднаму здзівіў лейтэнанта. Яны другі раз за дзень паздароўкаліся за руку, і Сушынскі раптам злавіў сябе на тым, што чакаў сустрэчы з Зондаксам.
— Мо з добрымі навінамі ад маёра Астроўскага? — з цікавасцю разглядваючы Зондакса, спытаў Сушынскі.
Зондакс адказаў не адразу. Відавочна, ён спяшаўся і цяпер, цяжка дыхаючы, доўга ўладкоўваўся ў крэсле, расшпіліў верхнія гузікі кашулі, выцер далоняй спатнелы лоб. Ён таксама быў рады таму, што лейтэнант аказаўся на месцы. Каб поўнасцю супакоіцца ад хуткай хады, камісар пляснуў у шклянку вады з графіна і, зрабіўшы некалькі невялікіх глыткоў, весела выдыхнуў:
— Да Астроўскага не дашкандыбаў.
"А ён зусім не падобны на чалавека, які смуткуе па загінуўшым сябру", — раптам падумаў Сушынскі, а ўслых, стрымліваючы нецярпенне, сказаў:
— Мы дамаўляліся сустрэцца праз некалькі дзён...
— Патрэба прывяла, — роспачна ўздыхнуў Зондакс, — акрамя вас ды Сарокі, знаёмых няма.
— Чым змагу — дапамагу, — губляючыся ў здагадках, адказаў Сушынскі і, быццам між іншым, дадаў: — Але калі гэта тычыцца забойства капітана Бусла, дык лепш адразу да начальства...
— He, не, — замахаў рукамі Зондакс, — маю тэлефончык, хацелася б даведацца, хто гаспадар. Думаю, з-за такой драбязы не варта турбаваць кіраўніцтва адзела.
Напускная артыстычнасць, з якой Зондакс выпаліў сваю просьбу, насцярожыла Сушынскага. Ён адразу ўзгадаў ранішнія перажыванні і, унікаючы глядзець госцю ў вочы, напружана пагадзіўся:
— Гэта я мігам, давайце нумарок.
Зондакс борздка падхапіўся, выцягнуў з кішэні занатоўнік і, бегла гартаючы старонкі, падышоў да Сушынскага.
Вось, — ён паклаў запісную кніжку на стол і, тыцнуўшы пальцам у падкрэсленыя чырвоным алоўкам лічбы, неяк нясмела, быццам апраўдваючыся, патлумачыў:
— Можна было зрабіць афіцыйны запыт, але калі
я сам у Мінску, дык няма чаго пераводзіць паперу, дый колькі часу пройдзе. А так сёння ж патэлефаную хлопцам у Рыгу, і няхай працуюць.
— Правільна, — накручваючы тэлефонны дыск, — пагадзіўся Сушынскі. Ён доўга чакаў, пакуль на другім канцы здымуць слухаўку, і, калі нарэшце пачуў незадаволены жаночы голас, назваў код, прачытаў лічбы, пазначаныя Зондаксам.
— Пішыце прама ў маёй запісной кніжцы, — папрасіў Зондакс і адразу ўзгадаў Бусла, які быў катэгарычна супраць правядзення нейкіх мерапрыемстваў у адносінах Вожыка. А менавіта ягоным тэлефонным нумарам цікавіўся Сушынскі.
— Так, так, слухаю, — таропка прагаварыў лейтэнант і, плячом прыціснуўшы слухаўку да вуха, прытрымліваючы Зондаксаў занатоўнік, вольнай рукой хутка зрабіў запіс, зірнуў на камісара: — Mary выклікаць гэтага чалавека...
— He, не, — паспешліва адхрысціўся Зондакс і, хаваючы ў кішэню занатоўнік, папрасіў: — Лепш не ўзгадваць гэтай невялікай паслугі...
— Зразумела, — кіўнуў Сушынскі і, стрымліваючы хваляванне, стараючыся выглядаць спакойным і нават абыякавым, быццам між іншым дадаў: — He дае спакою ранішняя размова.
Што менавіта? — насцярожыўся Зондакс. Інтуітыўна ён адчуў, што цяпер самы час пагаварыць з лейтэнантам. Сушынскі спрасціў задачу, сам ідзе насустрач, прапаноўвае шчырую размову. Але...
— Фотаздымак, якім вы цікавіліся, ці, можа, мне здалося?
Зондакс улавіў схаваны падтэкст у пытанні і з задавальненнем ацаніў Сушынскага. Лейтэнант далікатна ставіў яго перад выбарам: гаварыць шчыра, адкрыта альбо развітацца.
— А вы назіральныя, — падбіраючы патрэбныя словы, усміхнуўся Зондакс. — Мяне і сапраўды вельмі цікавіць той фотаздымак, і гэта больш, чым звычайная цікаўнасць, бо ён можа прывесці да забойцаў капітана Бусла.
— Вы праводзіце расследаванне?! — заіскрыліся вочы Сушынскага.
Зондакс вагаўся, але трэба было рызыкаваць. Камісар прайшоўся па кабінеце, пераклаў з месца на
месца газеты на суседнім стале, нечакана крутнуўся і ўтаропіўся Сушынскаму ў вочы.
— He магу расказаць пра ўсё, — адганяючы прэч апошнія сумненні, сцішана і таямніча прагаварыў Зондакс..— Толькі да мяне трапіў фотаздымак, па ўсім, з вашага стала. А да гэтага ён быў у руках забойцаў Бусла, іх па той фотцы знаёмілі з Андрэем.
Сушынскага быццам токам падкінула на ногі.
— He можа быць! — узбуджана выдыхнуў ён. — 3 майго стала — ды ў рукі забойцаў?! Памылка?!
— Выключана, — разкавата прагаварыў Зондакс. Ён быў задаволены рэакцыяй лейтэнанта, усё гаварыла за тое, што Сушынскаму можна даверыцца.
— А маёр Астроўскі?
— Ён пра фотаздымак не ведае.
Сушынскі паволі апусціўся ў крэсла, непрыемныя і супярэчлівыя пачуцці прымусілі надоўга замаўчаць. Зондакс не прыспешваў, цярпліва чакаў, даючы магчымасць самому ва ўсім разабрацца.
— Значыць, чалавек, які сцібрыў з майго стала фотаздымак...
Сушынскі не дагаварыў. Ён узняў на Зондакса поўныя тугі і роспачы вочы.
— Вы маеце ўсе падставы падазраваць і мяне.
— Напачатку так і было, — прыхільна ўсміхнуўся Зондакс. — Яшчэ раніцай мы разлічвалі на дапамогу толькі Сарокі.
— Вы сказалі — мы?
— Так, я не адзін, а цяпер спадзяюся, калега, і на вашу падтрымку. Мы павінны знайсці чалавека ў міліцэйскіх пагонах, які звязаны з бандытамі.
— Я з ахвотай, — зноў ускочыў на ногі Сушынскі, — толькі ролі сваёй не ўяўляю.
— Усё значна прасцей, чым здаецца на першы погляд, — Зондакс вярнуўся да вольнага стала, апусціўся ў крэсла і задумліва працягваў: — Дакладна вядома, што забойцы капітана Бусла мелі пры сабе фотаздымак, які ляжаў на вашым стале, вось і застаецца высветліць, як ён да іх трапіў. Канечне, гэта ўскосны доказ, але менавіта ён выведзе на двурушніка, а потым і на забойцаў.
— Як? — міжволі вырвалася ў Сушынскага.
— Спярша мне хацелася б даведацца, пры якіх абставінах вы выявілі прапажу.
Сушынскі адчуваў сябе ніякавата, супярэчлівыя пачуцці насцярожвалі, адно за другім паўставалі пытанні.Толькі Зондакс не спяшаўся ўнесці яснасць, развеяць лейтэнантавы сумненні.
"Камісар упэўнены, што да забойства прыклаў руку супрацоўнік міліцыі, — разважаў Сушынскі. — Ён рызыкуе і ўсё ж даверыўся мне, разлічвае на дапамогу і падтрымку. Зондакс хітруе, відавочна, шмат пра што змоўчвае, недагаворвае, але цвёрда стаіць на тым, што менавіта фотаздымак з майго стала трымалі ў руках забойцы. Адкуль такая ўпэўненасць і, наогул, як да яго самога трапіла фота? Зрэшты, чаму ён раскрыўся мне, а не Астроўскаму?"
— Я разумею вашыя сумненні, — нечакана перапыніў разважанні Сушынскага Зондакс і, быццам прачытаўшы лейтэнантавы думкі, хітравата прыплюснуўшы вочы, дадаў: — Вы выпадаеце з абоймы здраднікаў па вельмі простай прычыне: у выпадку з Буслом адчуваецца рука вопытнага, закаранелага, з вялікімі паўнамоцтвамі ворага. А вы, прабачце за шчырасць, яшчэ рамантык, не паспелі зачарсцвець душой, але, галоўнае, абмежаваны займаемай пасадай. Канечне, перадаць здымак мог любы, нават прыбіралыігчыца, але толькі адзінкі ведалі, над чым працаваў Бусел. Даверыўшыся вам, я рызыкую, але будзе зусім кепска і непрадбачліва застацца без сумленных і надзейных памочнікаў.