Вяснянка
Апавяданні, вершы, казкі беларус. пісьменнікаў
Выдавец: Юнацтва
Памер: 383с.
Мінск 1999
...Глядзіць з прыжмурам кот Ванюша I пільна сочыць за табой.
БАРАВІКІ
Паказаўся зпад ялінкі, Над сабой прыўзняў сучок, I сядзіць ля бацькі сынку, Малады баравічок.
А таму спакойна смелы, Знаць не знаючы бяды: Бацька — важна загарэлы, Сын — бялявы, малады.
Лес задумлівы і ціхі.
Недзе булькае рака
I ніякае тут пыхі Ані ў бацькі, ні ў сынка.
Ды калі з палян вятрыска Расхіне гушчар тамсям, Травы кланяюцца нізка Гэтым двум баравікам...
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
(1908—1991)
КАМАРБРЫНКУН I ЖАБАКВАКУХА
У лясной было газеце — Жыў Камар на белым свеце... Ехаў лесам, полем, лугам На жучках брыклівых цугам. Было клопату нямала, Бо карэту падкідала, На выбоях вельмі трэсла, Куды ліха пана несла?.. А вяльможа, пан высокі, Надзімаў, пузырыў шчокі. Капялюш ён меў з кукардай I на ўсіх глядзеў з пагардай. У палацы ля балота Слугам выпала работа: Падмятаць пляцы, дарогі, Вымыць ганак і парогі I спаткаць пакорна пана. Мог прыехаць нечакана... 3за фіранкі Камарыха Тварык высунула ціха, I было усім вядома: He сядзелася ёй дома. Праз шырокае аконца
340
Паглядала супроць сонца. Служкі бегалі з трывогай, А было іх безліч, многа. «Едзе пан, Камар зялёны!» — Раскрычаліся вароны. «Едзе, едзе пан высокі!» — Раскрычаліся сарокі. «Едзе, едзе пан куслівы!» — Кажа бусел клапатлівы. Лёскат, крыкі і трывога, Шумам поўніцца дарога. Жаба квакае ў балоце, Перасохла ў яе ў роце, Выстаўляе яна вуха I пытаецца, квакуха: «Хто там? Хто там на памосце? Да каго імчацца госці?» Скача Жаба, аж спацела, Каля вываратня села I чакае, паглядае, Рот шырокі разяўляе.
А пасля яна як гляне,— Бачыць, мчацца паязджане, Праз выбоіны, ухабы Пралятаюць каля Жабы. Жаба з дзіву пазяхнула I карэту праглынула. Раскрычаліся сарокі: «Дзе падзеўся пан высокі?..» Раскрычаліся вароны: «Дзе падзеўся пан зялёны?..» Кажа Бусел клапатлівы: «Дзе падзеўся пан куслівы?..» Кажа слугам Камарыха: «Пэўна з панам стала ліха...» Жаба рот не разяўляе, Бо пра ўсё да кроплі знае.
341
Скача Жаба на балоце
3 Камаром зялёным ў роце. Паляцела вестка рэхам — Пан дадому не даехаў. Слугі рады. Пані плача.
Па балоце Жаба скача. I ў лясной было газеце — Жыў калісь Камар на свеце.
ГЕОРГІЙ ШЫЛОВІЧ
(нарадзіўся ў 1924 г.)
НАД СІНІМ МОРАМ
Незвычайна пачаўся гэты ўрок малявання. He так, як заўсёды, як прывыклі шасцікласнікі. Усе чакалі, што настаўнік зноў прапануе ім намаляваць нацюрморт. Прынясе ў клас гляк або талерку з яблыкамі, паставіць на стол і скажа:
— Сёння ў нас малюнак з натуры.
Так думаў і Коля Купава, загадзя рыхтуючыся да ўрока. Коля вельмі любіў маляваць. Яшчэ на перапынку ён праверыў алоўкі, некаторыя падвострыў тачылкай. Дастаў з партфеля ватманскую паперу і паклаў на парту.
Хлопчыку не цярпелася: хутчэй бы пачаўся ўрок.
I вось у клас увайшоў настаўнік Сцяпан Сямёнавіч. На хаду ветліва прывітаўся з вучнямі і спыніўся каля стала.
Але што гэта? У руках у настаўніка — ні гарлача, ні талеркі з яблыкамі, нічога такога, што ён звычайна прыносіць з сабой. Толькі кардонная папка пад пахай ды некалькі албўкаў у верхняй кішэньцы пінжака. «Відаць, ніякага нацюрморта сёння не будзе»,— расчаравана падумаў Коля.
343
Некалькі хвілін Сцяпан Сямёнавіч маўчаў, уважліва прыглядаўся да вучняў, потым падышоў да акна і ціха, але надзвычай выразна пачаў дэкламаваць:
Над сінім морам дуб зялёны;
На дубе залаты ланцуг: I днём і ноччу кот вучоны Па ланцугу вядзе свой круг...
Ад нечаканасці вучні так прыціхлі, што нават праз падвойныя рамы вокнаў у памяшканні стала чуваць, як на вуліцы размаўляюць дзве нейкія цёткі. Hi Коля, ні яго сусед па парце, Валік Карасікаў, ні іх сябры ў класе пакуль што нічога не разумелі. Можа, настаўнік перадумаў і вырашыў замест урока малявання правесці ўрок літаратуры?
Тым часам Сцяпан Сямёнавіч прачытаў яшчэ некалькі радкоў і спытаў:
— Чые гэта вершы? 3 якога твора?
— Пушкіна! — наперабой загаманілі шасцікласнікі.— 3 «Руслана і Людмілы»!
— Правільна. Гэта ўступ да паэмыказкі «Руслан і Людміла», якую напісаў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. Гэта вы ведаеце, чыталі,— і ён шматзначна паглядзеў на вучняў.— А як вы ўяўляеце сабе зялёны дуб, залаты ланцуг на ім, ката вучонага? Можа, хто паспрабуе адказаць?
Вось тут і пачалося самае цікавае. Вучні адразу сцямілі, чаму настаўнік пачаў урок такім чынам. He нацюрморт будзе ў іх сёння, не малюнак з натуры, а нешта больш складанае...
Казачны дуб уяўляўся ўсім магутным дрэвам з разгалістай кронай, увесь усыпаны жалудамі. He выклікаў асаблівых пярэчанняў і ланцуг. Праўда, спачатку некаторыя
344
думалі, што ён павінен быць тоненькім, бо, вядома, залаты, і нагадваць ланцужок кішзннага гадзінніка. Потым перадумалі і вырашылі, што такі ланцужок не адпавядае казачнаму царству. Ён таксама павінен быць незвычайных памераў, зіхацець і пералівацца на сонцы.
Затое кот выклікаў доўгія спрэчкі.
— Кот не звычайны,— горача гаварыў Валік,— а вучоны. Так? Дык я лічу, што на ім акуляры павінны быць. Ну, і барада, дарэчы, a то як жа?
— Выдумаў! — засмяяўся Коля.— Дзе ты бачыў ката з барадой? Гэта ж табе не казёл, можа?
Пасля такіх слоў нават Сцяпан Сямёнавіч не стрымаў усмешкі. Аднак ён не перабіваў вучняў і ўважліва сачыў за іх разважаннямі. Довад сябра не збянтэжыў Валіка. Ён стаяў на сваім:
— Згодзен, што ў сапраўднага ката не бывае барады. Але гэта ж казка. Разумееш? Казка... А як ты інакш перадасі яго вучонасць? Партфель на шыю пачэпіш, ці што?
— Анічога,— адказаў Коля,— намалюю звычайнага ката, і ўсё тут.
Валік не згаджаўся:
— Тады ён не будзе казачны.
Выказалі сваё і іншыя вучні. Нарэшце настаўнік сказаў:
— Няхай кожны з вас паспрабуе намаляваць на паперы ўсё так, як ён разумее, як уяўляе апісанае паэтам. Кожны самастойна. Дамовіліся?
Бадай што, ніколі ў шасцікласнікаў не было такога цікавага ўрока малявання, як гэты. I сапраўды, перад табой чысты ліст
345
паперы, алоўкі і ... вобразныя радкі паэта: «Над сінім морам дуб зялёны...» I больш нічога.
Коля ніяк не мог вырашыць, з чаго пачынаць. I так прыкіне, і гэтак. А на памяць міжвольна набягаюць вядомыя радкі:
Ідзе направа — спеў заводзіць, Налева — казку распачне, Там цуды скрозь: лясун там бродзіць, Русалка між галін мільгне...
— Русалка! — задуменна прашаптаў Коля.— Цікава, як яна выглядае?.. Дуб зялёны...
I раптам перад яго вачыма, нібы наяву, паўстала ліпка. He дуб, а чамусьці ліпка. Тая самая ліпка, якую ён мінулай восенню пасадзіў насупраць акон школы. А побач з ёю — бярозка, клёнік і іншыя маладыя дрэўцы абапал тратуара. Коля быццам бачыць, як дрыжыць на ветры іх першае кволае лісце, як гайдаюцца галінкі. Хлопчык не чуе павольных крокаў Сцяпана Сямёнавіча, не заўважае яго. У думках ён ужо далёка адсюль, на беразе Дняпра.
Прыгадваюцца нядаўні паход, рака. Дзесьці ўдалечыні цямнее зубчасты грэбень лесу. Разам з сябрамі ён крочыць з рукзаком за плячыма. Падарожнікі спяшаюцца. Наўздагон за імі імкліва сунецца цяжкая хмара. Трэба хутчэй выбраць месца прывалу, паспець схавацца ад дажджу. Хутчэй!.. Хутчэй!..
«Успомніў! — раптам ледзь не крыкнуў Коля.— Успомніў! Іменна такі дуб апісаны паэтам!»
Ён нібы ўбачыў купчастую зялёную шапку векавога дрэва, пад якім схаваліся тады
346
ад дажджу турысты. Дубасілак нават і не думаў гнуцца пад напорам ветру. Толькі нездаволена гудзеў голлем, быццам сварыўся з непагаддзю...
Коля зноў бярэцца за аловак. Цяпер яму нічога не трэба выдумляць. 3пад рукі надзіва лёгка кладуцца патрэбныя штрыхі, ствараючы прыгожы малюнак дуба. Хлопчык цалкам захоплены сваёй работай. А недзе там, на калідоры, ужо звініць званок на перапынак.
Шкада, аж крыўдна! Так хутка праляцеў гэты ўрок.
Пасля званка Сцяпан Сямёнавіч сказаў:
— Пачатую работу, сябры, будзем працягваць наступны раз. Памяркуйце, як больш маляўніча зрабіць сваю ілюстрацыю да казкі. Лепшыя малюнкі трапяць на школьную выстаўку.
Дома Коля адразу кінуўся да этажэркі, знайшоў паэму A. С. Пушкіна і, зазірнуўшы ў змест, адгарнуў патрэбную старонку. Цудоўная казка зноў захапіла ўяўленне хлопчыка.
Там на няведамых дарожках
Звяроў дзівосных след ляжыць...
У той вечар Коля так і не выйшаў пагуляць, як рабіў гэта звычайна. Ужо даўно былі падрыхтаваны ўсе ўрокі. Мама мыла бялізну, і Коля некалькі разоў прыносіў ёй ваду. Потым садзіўся зноў за стол.
— Ты чаму гэта не выйдзеш пагуляць? — спытала маці.— Можа, нездаровіцца?
— He,— весела адказаў Коля і пачаў расказваць пра сённяшні ўрок малявання. Потым паказаў ёй свой эскіз казачнага дуба
347
і паскардзіўся: — Вось ніяк не прыдумаю, як лепш ката намаляваць.
— Мне здаецца, ты дарэмна ламаеш галаву,— адказала маці.— Якім павінен быць кот? Самым звычайным.
— Як гэта звычайным? — здзівіўся Коля.— Ён жа казачны! Вучоны...
— А хіба наш Барсік не «вучоны»? — хітравата спытала маці і паклікала з кутка пушыстага шэрага ката.— Паглядзі, як ён зараз будзе мяне слухацца. Барсік, гоп! Гоп! — і яна паляпала далоняй па калене. Барсік паважна выгнуў спіну дугой, пацягнуўся, скочыў на канапу і замурлыкаў сваю няхітрую песеньку.— Бачыш? Вось ты і намалюй яго. Толькі вусы зрабі даўжэйшыя, вочы размалюй зялёнай фарбай, каб яны гарэлі казачным халодным святлом. А на шыі — раменьчык, залаты ланцуг. Зразумеў?
— Зразумеў, мама. Дзякуй! — узрадаваўся Коля.
Мінуў тыдзень. Кожны дзень у вольны ад заняткаў час Коля сядзеў над сваім малюнкам. Шчодра частаваў Барсіка вяндлінай і каўбасой, каб толькі той пазіраваў яму. Асабліва цяжка даваліся вочы Барсіка. Ніяк не хацелі яны загарацца тым казачна халодным святлом, пра якое гаварыла маці. Коля расказаў аб гэтым настаўніку, і той параіў побач з зялёнай фарбай зрабіць адзіндва чырвоныя мазкі. Эфект атрымаўся надзіва ўдалы. Вочы ката адразу хціва загарэліся, быццам у жывога.
— He вочы, а агеньчыкі! — здзівілася маці.
А калі на наступны ўрок малявання Коля прынёс сваю работу ў школу, сябры так
348
і ахнулі. I дуб, і вучоны кот, і залаты ланцуг атрымаліся ў Колі, нібы сапраўдныя, і ў той жа час — казачныя. Вось толькі сіняе мора хутчэй нагадвала звычайную лукавіну Дняпра. Валік першы так і сказаў.
— Ты правільна заўважыў,— сказаў на гэта Сцяпан Сямёнавіч.— Але гэта не бяда. Коля яшчэ не бачыў сапраўднага мора. Таму яно і нагадвае ў яго раку, якую ён добра ведае...